Все новости

Бацька Герасименi пра сваё затрыманне: «Было маральнае прыніжэнне, стаўленне да людзей як да напаўжывёлін нейкіх»

3 ноября 2020, 17:46

60-гадовы бацька славутай плыўчыхі Аляксандры Герасімені Віктар распавёў пра сваё затрыманне і суд.

«Мяне затрымалі ў нядзелю каля 14-й гадзіны. Я ішоў па тратуары каля гадзіннікавага завода. Вакол было шмат людзей, я бачыў, што едуць сілавікі… Але я ішоў па тратуары, на праезную частку не выходзіў, нічога не парушаў. Наблізіся таніраваныя бусы, з іх высыпалі людзі ў чорным.

Але я не ўцякаў, ішоў па тратуары, лічыў, што не павінна быць пытанняў, я ж не парушаю нічога. І тут да мяне падышлі двое ў чорным, узялі пад рукі. Я не супраціўляўся.

Было маральнае прыніжэнне, стаўленне да людзей як да напаўжывёлін нейкіх. Мы ж не злачынцы, суда ж не было. Мы проста грамадзяне. А нас саджаюць у аўтазак, камандуюць: сеў, апусціў галаву, рукі на калені, далоні ўверх, ехаць моўчкі. Калі высаджваюць: бягом, галаву ўніз! Але я заўсёды лічыў сябе годным человекам, а тут я проста нейкі злачынец.

Раней я ніколі не быў пад вартай ці за кратамі, такое здарылася ўпершыню ў жыцці. Страшна не было. Было непрыемна. 18 чалавек запхалі ў камеру без матрацаў. У камеры — 8 спальных месцаў. А ўжо было гадзіны дзве ночы, людзі стаміліся, падаюць з ног — і спалі хто дзе. Хто на стале, хто на падлозе. Дыхаць няма чым. Было, мякка кажучы, некамфортна. Але людзі былі дружныя, падтрымлівалі адзін аднаго. Гэта было прыемна. Людзі розныя, ад 18 да 60. Адукаваныя, нармальныя, адэкватныя, шмат у каго свой бізнэс. Сама міліцыя пыталася: у вас жа ў жыцці ўсё добра, так куды вы лезеце?

Раніцай каля 7-й гадзіны далі трохі кашы. Я не стаў есці. Выпілі чай, вады трохі. У суд не везлі, ён быў на месцы. Завялі ў памяшканне, там суддзя з памочнікам. Адваката з папярэдняй дамовай у мяне не было, але дачка занялася гэтым пытаннем, калі даведалася, што я затрыманы. І да суда адвакат у мяне з’явіўся.

Але для суда з адвакатам, як мне сказала суддзя, трэба адкласці справу, і мне б прыйшлося правесці яшчэ суткі ў камеры. Таму я сказаў, што адваката чакаць не будзем. Тым больш я ўжо думаў, што мне дадуць 15 сутак, а будзе адвакат ці не — ужо нічога не вырашыць.

[Пал час суда] сведак не было, зачыталі толькі іх паказанні: я нібыта супраціўляўся, штурхаўся, спрабаваў уцячы. Я сказаў суддзю: я ж не хлопчык, я былы спартовец. Хацеў бы ўцячы — прыйшлося б ім мяне заламваць, адпаведна ў мяне засталіся б сляды барацьбы. Іх у мяне няма, магу распрануцца, калі хочаце, паказаць.

Але для суда мае паказанні — нішто. Вартыя ўвагі толькі словы міліцыі.

Я прыняў сітуацыю як ёсць. У выніку мне далі штраф 5 базавых. Суддзя сама сказала, што ўлічыла і тое, што я не меў судзімасцяў і парушэнняў раней, і мой узрост. Тут жа далі паперку з інфармацыяй, куды плаціць, і ўсё — наступны. А за мной ужо чарга ў калідоры: тварам да сцяны, рукі за спінай. Так чакаюць суда.

Мой суд заняў хвілін 5 напэўна. Не больш», – расказаў Герасiменя.