Все новости

Былы дэпутат Мінгарсавета: «Спартсмены не маглі нагнаць Лукашэнку на трасе, а мой памідор нагнаў»

21 апреля 2021, 12:40
4

Былы дэпутат Мінгарсавета Сяргей Лапцеў распавёў, як у 2001 годзе кінуў у Аляксандра Лукашэнку памідор. Тады, 3 ліпеня, на сённяшнім праспекце Незалежнасці праходзіла спартыўная эстафета.

«Я стаяў насупраць КДБ, дзе цяпер кавярня «Валошкі». Там тады разгарнулі выносны гандаль з ежай і напоямі. Перад тым, як на ролікавых лыжах павінен быў праехаць Лукашэнка, там і машыны-палівалачкі прайшлі, і са шчотачкамі тэхніка, уздоўж бардзюраў людзі з венікамі старанна збіралі недакуркі. І вось дыктар анансаваў: «Набліжаецца прэзідэнт!» Усе спартсмены, канечне, нагнаць яго не маглі на трасе. Толькі мой памідор нагнаў. Я загадзя закупіў парачку ў прадаўца таго самага выноснага гандлю, і, калі Лукашэнка прабягаў міма, — кінуў адзін у яго бок.

У аддзяленні мяне пасадзілі ў клетку разам з відавочнымі заўсёднікамі тых мясцін. Спачатку не давалі тэлефанаваць жонцы, аргументуючы тым, што тут не ЗША, але пасля дазволілі паведаміць сям’і пра затрыманне.

Было недзе каля 18 гадзін, сонца свяціла вельмі ярка. Начальнік сядзеў у сваім кабінеце за сталом. Устаў і працягнуў мне руку, каб яе паціснуць. Я ачмурэў. Ëн сказаў мне, што наш прэзідэнт — добры чалавек і нібыта злітаваўся нада мной. Не ведаю, як было насамрэч, але мяне адпусцілі — без пратакола, без пастановы суда. Вярнулі мой пейджар, шнуркі і сказалі ісці дадому. Я пасля разважаў: можа, начальніку спадабаўся мой учынак, таму ён сябе так павёў? Але, мне здаецца, тут завязаны ўсё ж Рыгоравіч. Ëн — галоўны над усімі законамі, па адным званку можа вырашыць любое пытанне», – згадвае Лапцеў.