Палітолаг Карбалевіч: «Нельга лічыць неверагодным, што беларускі спорт на пэўны час увогуле будзе выключаны з міжнародных спаборніцтваў проста з тэхнічных прычын»

Палітолаг Валер Карбалевіч выказаўся наконт апошніх падзей у Беларусі.

«Закрыццё паветраных зносін Беларусі з Еўропай азначае пераход да нейкай новай якасці міжнароднага становішча краіны.

Дасюль развагі пра міжнародную ізаляцыю Беларусі, пра краіну-ізгоя выглядалі больш як нейкая метафара. Цяпер гэта становіцца суровай рэальнасцю. Такі варыянт «жалезнай заслоны» ў постіндустрыяльную эпоху.

Якія могуць быць наступствы гэтай паветранай ізаляцыі? Іх шмат.

Найперш, прамыя эканамічныя. Навідавоку немалыя страты бюджэту ад рашэння еўрапейскіх авіякампаній не лётаць у Беларусь. У складанай сытуацыі апынецца нацыянальны перавозчык «Белавія». Значныя страты панясе менскі аэрапорт. Вось прыйшло паведамленне, што абрынуліся цэны на беларускія еўрабонды.

Моцны ўдар нанесены па ўязным турызьме. Памятаеце, якія вялікія высілкі апошнімі гадамі рабілі ўлады, каб прыцягнуць замежных турыстаў? Быў уведзены 30-дзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 74 краін (амаль уся Еўропа), якія прылятаюць самалётам праз менскі аэрапорт. Радасна рапартавалі, як шмат прыяжджае турыстаў. Цяпер гэты кірунак атрымання валюты будзе зведзены на нішто.

Ну, а ўскосныя нэгатыўныя наступствы цяжка падлічыць. Хто захоча інвэставаць у краіну-ізгоя? Пачнецца адток капіталу, як замежнага, так і беларускага. Парвецца шмат кантактаў: навуковых, культурных, спартовых.

Дарэчы, пра спорт. Якія міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі, калі самалёты не лётаюць? І як беларускія зборныя змогуць удзельнічаць у турнірах не на тэрыторыі Беларусі? Як, напрыклад, футбольныя клубы будуць удзельнічаць у еўракубках? Наўрад ці хто захоча ехаць у Менск за тысячы кіламетраў аўтобусам ці цягніком.

Нельга лічыць неверагодным, што беларускі спорт на пэўны час увогуле будзе выключаны з міжнародных спаборніцтваў проста з тэхнічных прычын: немагчымасць паветранага трансферу. А памятаеце, як некаторыя футбалісты і хакеісты мінулым годам казалі: нас палітыка не цікавіць? Вось цяпер палітыка зацікавілася імі.

Таксама гэты вялізны ўдар па кантактах паміж людзьмі. Цяпер, каб трапіць у Еўропу, давядзецца ляцець праз Маскву, Стамбул ці яшчэ неяк. І каго будуць лаяць людзі, якія апынуліся ў складаным становішчы?

І зноў пра турызм. Як цяпер з адпачынкам беларусаў на Кіпры? А таксама ў Чарнагорыі і Альбаніі? Хоць гэтыя краіны і не чальцы Еўразвязу, а толькі кандыдаты, але звычайна яны далучаюцца да ўсіх санкцый.

Словам, вітаем у новай рэальнасці», – напісаў Карбалевіч у сваім тэлеграм-канале.

Нагадаем, 23 мая адбылася прымусовая пасадка ў Мінску самалёта, які выконваў рэйс па маршруце Афіны – Вільнюс. З борта на тэрыторыі Беларусі быў зняты журналіст Раман Пратасевіч. Ён быў змешчаны ў СІЗА, праваабаронцамі прызнаны палітвязьнем.

Парень, из-за которого посадили самолет, искренне топит за «Крумкачы»: пробивал выезды с «Погоней», работал в прямом эфире и помог собрать зрителей на невероятный матч

Популярные комментарии
Ulasen
0
нічога, выжывем і без міжнароднага спорту
Написать комментарий
Реклама 18+