Все новости

Алег Гаруновіч: «Ну як можна заўзець за спартсмэна, які згодны з гвалтам? За яго будуць заўзець толькі тыя, хто таксама падтрымлівае гвалт, або тыя, хто вельмі добра заплюшчыў вочы»

1 июня 2021, 08:28

Галоўны рэдактар Tribuna.com Алег Гаруновіч для «Рыдыё Свабода» падзяліўся меркаваннем аб тым, што некаторыя спартоўцы пасьля жніўня 2020 года пачалі выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

– Спартоўцы маўчалі даволі доўга, хоць палітычна актыўныя людзі прасілі іх выказаць сваю пазыцыю даволі даўно. Што адбылося зь імі ў 2020 годзе, чаму «прарвала»?

– Прарвала ня толькі спартоўцаў, а ўсё беларускае грамадзтва. Людзі з самых розных сфэраў пачалі гаварыць, пачалі артыкуляваць сваю незадаволенасьць уладамі. Дастаткова ўзгадаць стрымы Ціханоўскага, дзе да мікрафона сьмела падыходзілі прадстаўнікі самых розных слаёў грамадзтва. Таму ня дзіўна, што неабыякавыя людзі знайшліся ў спорце. Спартоўцы — гэта далёка не заўжды тупні, як некаторыя іх зусім недарэчна бачаць. Сярод спартоўцаў хапае разумных людзей, годных людзей, у якіх сэрца сапраўды баліць за сваю краіну і за свой народ.

– Цяпер многія беларусы найперш ацэньваюць грамадзянскую пазыцыю спартоўца, і толькі потым — ягоны ўзровень спартовых дасягненьняў. Ці правільна гэта, ці гэта проста адбітак нашых надзвычайных падзеяў гэтага году? Ці такое стаўленьне павінна быць заўсёды, і да спартоўцаў варта ставіцца як да прадстаўнікоў любых іншых сфэр дзейнасьці — найперш чалавечыя і грамадзянскія якасьці, а ня толькі перамогі і галы?

– Ведаеце, гэта зусім ненатуральнае становішча, калі хтосьці кажа сваім суайчыньнікам: ну так, вас катуюць, забіваюць, але мне пофіг, я па-за палітыкай. Гэта непрымальна, таму што гаворка пра нейкія базавыя рэчы. Гэта гаворка пра каштоўнасьць жыцьця, пра недатыкальнасьць асобы, пра права выбару.

Дзіўна, што некаторыя прадстаўнікі нашага грамадзтва лічаць такія пытаньні неістотнымі. Але калі яны займаюць такую пазыцыю, яны павінны быць падрыхтаванымі да таго, што астатняя частка грамадзтва зьменіць да іх сваё стаўленьне. Да гэтага павінны быць падрыхтаваныя палітыкі, бізнэсмэны і спартсмэны ў тым ліку.

Яшчэ раз паўтару: пляваць на свой народ – гэта супрацьнатуральна. Пры такім раскладзе ня можа быць падтрымкі. І такое становішча будзе захоўвацца да таго часу, пакуль сытуацыя ня вырашыцца і грамадзтва ня прыйдзе да нейкага кансэнсусу.

Ну як можна заўзець за спартсмэна, які згодны з гвалтам? За яго будуць заўзець толькі тыя, хто таксама падтрымлівае гвалт, або тыя, хто вельмі добра заплюшчыў вочы. Для цяперашняга часу гэта цалкам нармальна. Але я спадзяюся, што мы прыйдзем да таго, што беларусы будуць адрозьнівацца ў нюансах, а не ў пытаньні, ці можна чалавека проста так зьбіваць на горкі яблык, фальсыфікаваць выбары і гэтак далей, – кажа Гаруновіч.