Все новости

Музыка Аракелян: «Са жніўня закінуў працу фітнес-трэнера: навокал катуюць і забіваюць, а тут людзі працягваюць качаць попы і біцэпсы, як быццам нічога і не было»

30 августа 2021, 21:43

Музыка Павел Аракелян распавёў аб тым, што спыніў працу фітнес-трэнера.

«Я заўжды трымаў дыстанцыю ад сістэмы, прызвычаіўся да існавання ў контркультуры, асабліва за час забароненай «Крамбамбулі». Першае затрыманне за музыку было ў 2019-м. Разам з Лявонам Вольскім, ягонаю жонкаю Мар’янай, Ігарам Варашкевічам і Змітром Вайцюшкевічам нас узялі, калі мы збіраліся трошкі пайграць у гістарычным цэнтры Мінску ў гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР. Тады абышлося пратаколам.

Калі пачалася перадвыбарчая кампанія 2020-га, я не меў ілюзіяў: захаплення кандыдатамі на прэзідэнцтва не было, прадчуваў, што ўсё скончыцца як заўжды, то бок дрэнна. Тым не менш песімізм не замінаў мне падтрымліваць альтэрнатыўных кандыдатаў і 9 жніўня зрабіць усё, што ад мяне залежала як грамадзяніна. Зрабіў у першую чаргу для сябе, каб далей адчуваць сябе чалавекам.

Мяне бянтэжыла і бянтэжыць да сёння: чаму столькі людзей прыстасоўвалася, маўчала і не цікавілася палітыкаю да вясны – лета 2020-га? Мы ж цудоўна ведаем, што жорсткія затрыманні і катаванні ў турмах – тая ж хлёрка, катаванні марозам і голадам, збіццё – былі і да 2020 года. Хамства, саўковасць, заігрыванне з Расіяй былі з пачатку. Чамусьці гэта шмат для каго стала навіною толькі нядаўна. Дзе ж вы былі раней? Рэжым жа быў заўсёды, з ім трэба і можна было змагацца раней, гэта магло б прынесці лепшы вынік.

Пасля 9 жніўня, як і многім, жыць ранейшым жыццём стала немагчыма. Па-іншаму глядзіш на рэчы. Са жніўня закінуў працу фітнес-трэнера: навокал катуюць і забіваюць, а тут людзі працягваюць качаць попы і біцэпсы, як быццам нічога і не было. Дый час пачаў сыходзіць на іншае», – сказаў Аракелян.