Все новости

«Мы дамовіліся аб стварэнні працоўнай групы для ўзаемадзеяння з нацыянальнымі федэрацыямі для барацьбы з дыскрымінацыяй беларускіх спартсменаў». БФСС аб сустрэчы з міністрам спорту Польшчы Бортнічукам.

13 апреля 2022, 19:40

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці правёў сустрэчу з міністрам спорту і турызму Польшчы Камілем Бортнічукам. 

«Прадстаўнікі фонду праінфармавалі дэлегацыю міністэрства аб антыдыскрымінацыйнай працы, якая праводзіцца БФСС, а таксама накіраванні канкрэтных кейсаў па дыскрымінацыі беларусаў у федэрацыі па адпаведных відах спорту. 

Міністру таксама была прадстаўлена інфармацыя аб выніках сустрэчы і дамоўленасцях з кіраўніцтвам НАК Польшчы. БФСС катэгарычна настаяў аб недапушчэнні забарон на выступленне ў дзіцячым, масавым і аматарскім спорце.

Таксама былі ўнесены на разгляд прапановы аб механізмах верыфікацыі прафесійных беларускіх спартсменаў, якія адкрыта выступаюць супраць дыктатуры Лукашэнкі.

Абмеркаваны пытанні адзінага тлумачэння забарон міжнародных спартыўных федэрацый, распрацоўкі эфектыўных механізмаў рэалізацыі санкцый у дачыненні да спартсменаў і функцыянераў, якія адкрыта падтрымліваюць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі і яго дапамогу ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Прадстаўнікі БФСС ініцыявалі правядзенне трохбаковай сустрэчы з афіцыйнымі асобамі МЗС для працягу дыялогу аб ануляванні і забароне на атрыманне віз такім спартоўцам і функцыянерам.

Дасягнута дамоўленасць аб стварэнні працоўнай групы ў Міністэрстве спорту і турызму Польшчы для ўзаемадзеяння з нацыянальнымі спартыўнымі федэрацыямі і дзяржаўнымі органамі па пытаннях барацьбы з дыскрымінацыяй беларускіх спартсменаў і рэалізацыі санкцыйнай палітыкі.  У склад гэтай групы будуць уключаны прадстаўнікі БФСС.

Міністр у сваю чаргу праінфармаваў аб механізмах узаемадзеяння па пытаннях прымянення санкцый адносна расійскіх і беларускіх спартсменаў з міністрамі спорту краін ЕС і Вялікабрытаніі і аб тым, што некаторыя прапановы БФСС будуць разгледжаны на гэтым узроўні», – паведамляе БФСС.