Все новости

Аляксандр Апейкін: «Спорт застаўся адзінай галіной, у якой беларусы і ўкраінцы захавалі добрыя зносіны. Працуем дзеля перамогі Украіны, што дае шанц перамозе Беларусі»

26 июня 2022, 17:13

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандр Апейкін запрасіў людзей прыняць удзел у аўкцыёнах, каб падтрымаць Украіну.

– Давайце пакуль адкладзем дзіцячыя дыскусіі пра беларусаў і ўкраінцаў ды пяройдзем да дарослых спраў. Магчыма, нехта здзівіцца, але спорт застаўся той адзінай галіной, у якой беларусы і ўкраінцы захавалі добрыя зносіны і ўзаемную падтрымку. Мы не спрачаемся, мы працуем дзеля перамогі Украіны, што дае шанц перамозе Беларусі. Гэта відавочна, тут няма пра што спрачацца. Міжнародную Антываенную дэкларацыю спартсменаў падпісваюць як украінцы, так і беларусы, ніхто нікога не цураецца.

Зараз без лішніх слоў. Да мяне ўласна і да BSSF ляціць вельмі шмат запытаў на дапамогу. Асабліва ў апошні час. Рэсурсаў вельмі бракуе, а адступаць нельга. Запытваюць простыя неабходныя рэчы: дроны, каскі, бронікі, машыны. На вайне гэта расходнікі, але дзякуючы ім трымаецца абарона. Нашыя прыярытэты: Узброеныя сiлы Украiны, валанцёры, беларускія добраахвотнікі з палка «Пагоня».

Зараз мы праводзім аўкцыён WORLD SPORTS FOR UKRAINE. Там багата лотаў ад зорак спорту, але ўласна для мяне ёсць два асаблівых, бо гэта медалі. Звычайнаму чалавеку часам цяжка зразумець, што такое медаль з топ-турніра для спартсмена. Часцяком гэта мэта ўсяго жыцця, дзясяткі тысяч гадзін трэніровак, неверагодныя нагрузкі, шлях ад роспачы да перамогі даўжынёй у дзесяцігоддзі. У гэтым іх галоўная каштоўнасць.

Гэта беларускі і ўкраінскі медалі.

Сярэбраны медаль чэмпіянату свету-2017 беларускага кікбаксера, мужнага і адкрытага спартсмена Івана Ганіна. Сваім медалём Іван вырашыў падтрымаць украінскі народ у гэты складаны час.

Літаральна тры дні засталіся да сканчэння аўкцыёнаў па гэтых цудоўных лотах. Я запрашаю ўсіх прыняць удзел і разам падтрымаць Украіну. Выказаць падтрымку можна таксама, зрабіўшы рэпост гэтага допісу.

Працуем, не спыняемся! – напісаў Апейкін.