Все новости

Андрэй Краўчанка: «Памятаю, як у дзень затрымання вялі людзей у турму, абзывалі фашыстамі. Тады я зразумеў, што наша ўлада – д’ябал»

3 июля 2022, 23:50

Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2008 у мнагаборстве Андрэй Краўчанка распавёў «Нашай Ніве» пра адносіны з некаторымі беларускімі спартоўцамі.

- Вы некалі расказвалі, што пасля пачатку вайны беларускія спартсмены прасілі ў вас дапамогі з выездам з краіны. Чым скончылася тая гісторыя?

– Вырашыў нікому не дапамагаць, нават калі і прыйдзецца пасля гэтага парваць зносіны з людзьмі. Прайшло два гады пасля выбараў і ніхто нічым не цікавіўся, а зараз раптам захваляваліся. Калі нас саджалі і звальнялі з працы, усім было пляваць, а тут людзі пажадалі нешта змяніць у жыцці, дык няхай спрабуюць самі.

Для мяне гэта балючая тэма. У мяне ёсць сябры-спартсмены, з якімі пазнаёміўся ў 2020 годзе, мы з імі аднолькава глядзім на рэчы і аднолькава думаем, гэтым людзям я давяраю, а ўсё астатняе для мяне — бутафорыя.

Ёсць тыя, хто падпісаў наш ліст вольных спартсменаў, але потым скарыліся і зараз спакойна выступаюць на спаборніцтвах, у іх нібыта ўсё добра. Але для мяне гэта пустыя людзі. Нехта кажа, маўляў, гэта спартсмены, ім жа трэба спаборнічаць, але ва Украіне жывыя людзі, якія пакутуюць. Вось з гэтага трэба пачынаць, а не са свайго камфорту, стыпендый ды турніраў.

- Расчараваліся ў кімсьці з пачаткам вайны?

– Так, у тым ліку нават у некаторых найлепшых сябрах, з кім усё жыццё быў блізкі. Старыя знаёмствы сыходзяць, але з’яўляюцца новыя, усё непатрэбнае знікае.

- Рэч у розных поглядах?

– Так. Некаторыя мне проста кажуць, маўляў, што табе не падабаецца ў Беларусі, усё ж добра. Спытаўся ў аднаго з такіх людзей, найлепшага сябра: а чаму ты тады ў Маскве працуеш, калі ў Беларусі ўсё добра? Адказаў, што не можа ў Беларусі знайсці сабе працу. Памятаю, што бачыў на мітынгах у 2020 годзе, колькі было светлых, класных людзей. Гэта дарагога вартае. Быў уражаны, што мы так падняліся.

- А што здарылася з намі потым?

– Думаю, не хапіла рашучасці. Мы хутчэй мірныя людзі, і гэтым скарысталася ўлада, усіх задушыла. У дзень, калі затрымалі мяне, арыштавалі таксама больш за дзве тысячы чалавек. Памятаю, як яны вялі нас у турму, як абзывалі немцамі, фашыстамі, прымушалі поўзаць на карачках. Тады я зразумеў, што наша ўлада – гэта страшна, гэта д’ябал. Тое, як наша ўлада ставіцца да мірных жыхароў, ніколі нельга прабачыць, і я лічу, што гэтыя людзі заслугоўваюць самага строгага пакарання, – сказаў Краўчанка.