Все новости

Аляксандр Апейкін: «Чыноўнікі не разумеюць, што ёсьць беларускі народ. У такіх рэжымаў, як рэжым Лукашэнкі, няма ідэалягічнай будучыні»

15 июля 2022, 22:37

Кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін падзяліўся меркаваннем пра цяперашнюю ўладу і расказаў пра дзейнасць фонду.

– Яшчэ ў жніўні 2020 году я разумеў, што перамены ў Беларусі пачнуць адбывацца няхутка, і гэта зойме працяглы час — 3, 5, 7 гадоў і гэтак далей. Але для гісторыі гэта пшык. Самае галоўнае, што гэтыя гістарычныя трэнды ўжо запушчаныя. Іх зьмяніць вельмі складана. Усё магчыма, але гэтага ўжо не павінна адбыцца. Калі назіраеш за ўсім з пункту гледжаньня гістарычных працэсаў, то гэта ўсё цікава. Цікава, як я сам магу ўплываць на ўсё гэта. Напрыклад, наш Фонд — унікальны праект. У гісторыі ніводнай краіны сьвету няма такога, каб спартоўцы паўсталі супраць улады адзінай плыньню, толькі ў Беларусі такое здарылася, – сказаў Апейкін.

Апейкін мяркуе, што сёньняшні сьвет дазваляе ствараць паралельную Беларусь і паралельнае грамадзтва, якія будуць больш сучаснымі і пэрспэктыўнымі, чым Беларусь Лукашэнкі.

– Можна ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, седзячы на Мадагаскары. Гэта футурыстычны погляд, але я ўсё ж такі стаўлюся аптымістычна да таго, што адбываецца. Мне цяжка лягічна абгрунтаваць свае адчуваньні, гэта хутчэй інтуіцыя. Але я бачу, што ў такіх рэжымаў, як рэжым Лукашэнкі, няма ідэалягічнай будучыні. Гаворачы моладзевым слэнгам, лукашызм крынжовы. Ён непрывабны. Гэтыя людзі (улада) самі здрадзілі і дзяржаве, і спорту.  Для іх увесь спорт належыць асабіста ім альбо асабіста Лукашэнку. Ён пра гэта ў інтэрвію Салаўёву гаварыў. Крыўдзіўся, што спартоўцы здрадзілі яму асабіста. Чыноўнікі не разумеюць, што ёсьць беларускі народ. Што гэта акурат сілавікі, чыноўнікі, Лукашэнка здрадзілі беларускаму народу. Яны парушылі Канстытуцыю — гэта і ёсьць здрада народу. А мы змагаемся з тымі, хто парушыў Канстытуцыю, – дадаў Апейкін.