Все новости

Асоль Слівец: «Вырашыла выступаць за Расію, каб атрымаць алімпійскі медаль»

29 декабря 2019, 16:57

Экс-фрыстайлістка Асоль Слівец расказала «Нашай Ніве», чаму вырашыла не выступаць за Беларусь.

«Пасля таго, як спартыўная кар’ера скончылася, я вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Тут я таксама магу займацца тым, што люблю і ўмею. Да таго ж, тут бацькі. А калі ёсць надзейны тыл з бабуль, гэта многае значыць. У мяне было шмат прапаноў працаваць у іншых краінах, але я падумала пра дзяцей. Пачатковую адукацыю ў нас хваляць, музычная школа — лепшая, дзіцячыя спартыўныя трэнеры выдатныя. Я не магла вырваць адсюль дзяцей толькі дзеля таго, каб задаволіць уласныя амбіцыі. Што яшчэ для мяне важна, што ў Беларусі бяспечна. Я не баюся адпускаць дзяцей адных на вуліцу, не баюся, што знойдзецца нейкі вар’ят, які адкрые страляніну ў школе», — кажа Асоль.

Чаму ж тады, у 2011, выбрала Расію, Асоль тлумачыць так:

«Была мэта. Алімпійскі медаль. Вырашыла з’язджаць, таму што ў Расіі было іншае бачанне фрыстайла. Беларуская школа фрыстайла — гэта класічная школа, а спорт рухаецца. У Беларусі рыхтуюць універсальных спартсменаў, за мяжой — вузка накіраваных. У Расіі ў мяне была магчымасць працаваць з амерыканскімі трэнерамі. І гэта можна параўнаць з кіраваннем аўтамабілем. Можна ім проста кіраваць, а можна разбірацца, як у машыне ўсё ўладкавана», — кажа Асоль.

Аднак, на Алімпіядзе 2014 года Асоль стала толькі 12-ай. У яе адшпілілася лыжа.

«Ніхто ў гэтым не вінаваты. Так адбылося. Значыць, нехта зверху так распарадзіўся», — разважае Асоль Слівец.

Асоль Слівец прызнаецца, што пасля таго, як яна прыняла рашэнне з’язджаць у Расію, не аднойчы чула ў свй адрас, што яна здрадніца.

«Называлі здрадніцай, не хаваю. Але ніхто не казаў пра гэта ў вочы. Ды і я была не маленькая дзяўчынка, каб прыслухоўвацца да меркавання старонніх людзей. Сышоў мой трэнер, чалавек, катораму я давярала абсалютна. Без яго ў зборнай Беларусі сэнсу заставацца не было», — адказвае Асоль.