Все новости

Аляксандра Раманоўская: «Не ведаю, што мяне чакае. Ведаю, што некаторым намякалі: будзеце паводзіць сябе добра – вам, магчыма, дадуць шанец вярнуцца»

19 декабря 2020, 14:54

Фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская распавяла, як змянілася яе жыццё ў 2020-м годзе.

«Я, безумоўна, не магла ўявіць, што выбары так моцна паўплываюць на маё жыццё. Ды і на жыццё краіны ў цэлым. Але я дакладна ні пра што не шкадую: няма правільнага ці няправільнага выбару. Ёсць проста выбар, які робім.

У сітуацыі з гвалтам я не магла паступіць інакш, прамаўчаць. Шкада, вядома, што гэта прывяло да такіх наступстваў. Але ўсё ж куды важней, што я жыву ў гармоніі з сабой і сваім сумленнем. Часам, вядома, на мяне накатвае «ўпадніцкі» настрой, пачуццё безвыходнасці. Як і на ўсіх беларусаў, у прынцыпе. Але я імкнуся з гэтым змагацца.

У любым выпадку ў 2020-м я моцна перагледзела свае каштоўнасці: калі раней галоўнай марай былі, напрыклад, спартовыя дасягненні, кар’ерны рост, то пасля падзей у сям’і я стала больш часу прысвячаць родным. Пасля падзей у краіне — больш цікавіцца навінамі, сачыць за тым, што адбываецца, імкнуцца ўсімі магчымымі для сябе спосабамі браць удзел у сённяшніх падзеях і рабіць свой унёсак у перамены. Таму што хочацца, каб яны адбыліся.

Я ведаю, што шмат якіх нашых спартсменаў шантажавалі і адразу звальнялі за іх пазіцыю. Але мой загад пра звальненне страціў сваю юрыдычную сілу. Калі выйду з бальнічнага, кіраўніцтву, калі захоча, давядзецца рабіць новы, з новымі датамі. Не ведаю, што мяне чакае. Ведаю, што некаторым намякалі: будзеце паводзіць сябе добра — вам, магчыма, дадуць шанец вярнуцца. Падтрымлівае тое, што я заўсёды магу разлічваць на падтрымку Свабоднага аб’яднання, нават калі мяне канчатковага пазбавяць грошай РЦАП і Міністэрства спорту. Само разуменне, што ты не адзін, дае сіл», – сказала Раманоўская.