Все новости

Сяргей Далідовіч: «Калі ты не апалітычны, сумленны чалавек, вельмі цяжка заставацца абыякавым да сённяшніх падзей. Раю ўсім: ганяйце ва ўсю моц!»

23 декабря 2020, 16:34

Лыжнік Сяргей Далідовіч параіў усім займацца спортам.

— Памятаю, як некаторыя беларусы былі ўпэўненыя ў тым, што Лукашэнка пакіне пасаду неўзабаве пасля першых гучных і масавых маршаў. Вы верылі ў падобны сцэнар?

— Не. Разумеў, што калі гэты чалавек столькі гадоў трымаецца пры ўладзе, скансалідаваў вакол сябе пэўную групу грамадства, паспяхова лавіраваў у разнастайных палітычных напрамках, хутка сваю пасаду не пакіне. І я не ведаю, калі гэта адбудзецца. Зразумела, калі б усё залежала толькі ад нас, то ўсё б змянілася. Але трэба глядзець шырэй. У нашай краіне сапраўды ёсць людзі, якія яго падтрымліваюць.

— Заўважыў, што многія зараз знаходзяцца ў пэўнай апатыі і ў расчараванні ад таго, што нічога кардынальна не адбылося. Ці змяніўся ваш настрой і запал з часоў пачатку пратэсту?

— Панурым я дакладна не стаў. Стараюся заўжды заставацца аптымістам і веру ў добрае. Але калі ты не апалітычны, сумленны чалавек, які можа крытычна аналізаваць і разважаць, вельмі цяжка заставацца абыякавым да сённяшніх падзей. Наогул не разумею, як можна выставіць шчыт і хавацца за ім ад таго, што адбываецца навокал. Мяне, напэўна, выратоўвае праца, на якой атрымліваецца адцягнуць увагу. Раю ўсім: ганяйце ва ўсю моц! Спорт здымае стрэс, і пасля трэніровак неяк прасцей становіцца. Акрамя таго, скажу шчыра, стаў больш ужываць алкаголю ў параўнанні з тым, што было раней. Ёсць яшчэ заспакаяльныя таблеткі, аднак у маім выпадку прасцей выпіць келіх віна, – сказаў Далідовіч.