Сяргей Далідовіч: «Што здарылася з сілавікімі, калі яны здзяйсняюць такі жах, не разумею. Наколькі ж на іх моцна ўздзейнічае прапаганда»

Лыжнік Сяргей Далідовіч распавёў аб тым, якая з паслявыбарчых гісторый яго ўразіла.

— Якая з паслявыбарчых гісторый вас уразіла асаблівым чынам?

— Шмат бачыў рознага, але мяне вельмі закранула жорсткае затрыманне роднага брата Дар’і Домрачавай. Спачатку ўбачыў відэа, а пасля даведаўся, што пацярпелым з’яўляецца Мікіта. Жорсткасць сілавікоў часам пераходзіць ўсе межы. Я наогул не разумею, як чалавека, які стаіць на каленях, можна збіваць дручкамі і пры гэтым цэліць яму ў галаву. Калі б яму нанеслі яшчэ адзін дакладны ўдар, то яго магло б ужо і не быць. Адразу прыгадаў шок-гісторыю, якая калісьці здарылася з сынам напарніцы маёй маці па працы. Я ж гадаваўся ў Оршы, у такім горадзе, дзе ў свой час было прынята біцца раён на раён. Перад адной са «стрэлак» хлопцы дамовіліся, што будуць вырашаць адносіны на кулаках — без арматуры. Бойка распачалася. І калі сын матчынай знаёмай паваліўся на зямлю, па ім пачалі скакаць. Па галаве. Ну, а як яму яшчэ можна было зрабіць балюча, калі ў руках не было жалеза? У выніку чалавек памёр. У маладым узросце. Пасля гэтага пасадзілі дваіх хлопцаў з майго дома. Аднаму далі чатырнаццаць гадоў, другому — дванаццаць, і пасля гэтага бойкі спыніліся. Я тады адчуваў падобны шок да таго, што адчуваю зараз, калі бачу, як збіваюць людзей.

Толькі не разумею, што не так з хлопцамі, якія збіваюць? Тады, у 1980-х, людзі не ведалі, як яшчэ можна выліць сваю злосць. А што здарылася з сілавікімі, калі яны здзяйсняюць такі жах, не разумею. Наколькі ж на іх моцна ўздзейнічае прапаганда. Падаецца, што яны наогул жывуць у іншым свеце. Зараз некаторыя людзі публікуюць у фэйсбуку свае звароты да сілавікоў з просьбай перайсці на бок народа. На мой погляд, гэта дарэмна. Мне здаецца, гэтыя людзі ўжо не змогуць змяніць свае погляды.

— Сітуацыя з братам Домрачавай уразіла тым, што Дар’я прамаўчала і не здолела публічна выказацца супраць зверства людзей у балаклавах?

— Не, уразіла менавіта жорсткасць. А якія пытанні да Дар’і, на якую многія накінуліся? Так, напэўна, я б зрабіў інакш, але ж я не Даша, у якой зусім іншы ўзровень адносінаў з уладай. Вось і ўсё. Выказвацца ці не — справа кожнага, і Домрачава паступіла вось так.

— Ведаю, што смерць Рамана Бандарэнкі таксама адгукнулася ў вашай душы і вы ўшанавалі яго памяць запаленай свечкай.

— Так зрабілі многія беларусы. Чалавека не стала проста так у росквіце сіл… З часам многае будзе згладжвацца, але такую смерць нельга забыць. Дараваць падобнае немагчыма, – сказаў Далідовіч.

Источник: Наша ніва
Популярные комментарии
Jeniaman
0
Тут просто ежедневно послушать Соловья 2 часа, и то перепутаешь боб с горохом. А народ военный ежечасно под бомбардировкой пропагандистов находится - тут и в черта лысого поверишь.
Написать комментарий
Реклама 18+