Все новости

Далідовіч пра беларускіх спартоўцаў: «Амаль два гады таму ўсе казалі, маўляў палітыкай я не цікаўлюся, спаборнічаю. Даспаборнічалі, што мы цяпер маем на сваёй тэрыторыі войскі расейскія»

9 апреля 2022, 21:04

Знакаміты беларускі лыжнік і ўдзельнік 7 Алімпійскіх гульняў Сяргей Далідовіч пракаментаваў маўчанне беларускіх і расейскіх спартоўцаў, а таксама іх адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў. Нагадаем, што такое рашэнне прынялі шматлікія міжнародныя спартовыя арганізацыі і федэрацыі, з нагоды ўварвання Расіі ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Сяргей Далідовіч з’ехаў з Беларусі ў Польшчу праз ціск беларускай лыжнай федэрацыі на яго, ягоную дачку Дар’ю і яшчэ адну выхаванку Святлану Андрыюк, якім ануліравалі FIS-коды, з-за чаго абедзве лыжніцы не маглі прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах.

«Спорт у Беларусі, як і ў Расеі, быў суцэльна падпарадкаваны дзяржаве. Настолькі, што жахі, якія адбываюцца ва Украіне, моцна закрылі рот спартоўцам, суцэльна залежным ад уладаў. Я пераймаюся, вядома, за атлетаў, у тым ліку і расейскіх. І ў душы я яшчэ застаўся спартоўцам і цудоўна разумею таго ж лідара лыжных гонак апошніх трох гадоў, галоўную зорку Расеі Аляксандра Бальшунова, якога ў ліку іншых адхілілі ад спаборніцтваў. Праз гэта скасавалася шматгадовая бітва лыжных гігантаў: Расеі і Нарвегіі, якія дамінуюць ува ўсім свеце. Але будзем сумленнымі: ніякай русафобіі там няма. Я шмат разоў быў удзельнікам этапаў Кубка свету, якія праводзіліся ў Нарвегіі. Паверце, там заўсёды нармальна ставіліся да расейцаў і ўспрымалі іх як адно цэлае ў лыжнай сям’і. Яны наймацнейшыя, іх прымалі добра. Ніякага ўціску нават не праглядалася.

Але ж цяпер сапраўды перайшлі, відаць, такую рысу, якую аніяк нельга апраўдаць. Проста ёсць нармальныя чалавечыя каштоўнасці, якія ва ўсім свеце стаяць на першым месцы: спачатку каштоўнасці чалавечыя, а потым спорт. І ніяк не наадварот. А апраўдвацца выразам «спорт па-за палітыкаю» тут абсалютна недарэчна. Гэта зразумела ўсім, не зразумела толькі расейцам.

Калі ўвесь свет кажа пра тое, што, маўляў, «вы штосьці робіце не тое», то да гэтага трэба прыслухацца, а не апускацца да знявагі паважаных спартовых функцыянераў і міжнародных федэрацыяў. Чаму гэта адбываецца? Напэўна, таму, што спартоўцы – закладнікі гэтай таталітарнай сістэмы. І яны павінныя набрацца мужнасці і вызначыцца, хаця б проста выказаць сваё стаўленне да дзеянняў уладаў.

Цяпер проста нельга адмоўчвацца. У нас гэта было амаль два гады таму. Усе казалі, маўляў, палітыкай я не цікаўлюся, бегаю, спаборнічаю. Вось і даспаборнічалі, што мы цяпер маем на сваёй тэрыторыі войскі расейскія, і як бы ні апраўдваліся, што мы ні пры чым, што нашая ўлада мае абавязкі перад саюзнаю дзяржаваю, гэта зачапіла і спартоўцаў. Паставілі на ізаляцыю. Каго тут вінаваціць? Міжнародныя федэрацыі? Там толькі здаровы сэнс. І ніякага жадання прыціснуць менавіта беларусаў і расейцаў толькі за тое, што яны цярпяць свае аўтакратычныя рэжымы шмат гадоў.

Вайна ўсё змяніла. Цяпер не можа быць аніякіх спасылак на тое, што «спорт па-за палітыкаю». Нельга засунуць галаву ў пясок і спадзявацца, што гэта нейкім чынам міне. Але ў Расеі ды Беларусі тыя, хто выказваецца, адначасова прыраўноўваюцца да здраднікаў радзімы.

Тут не трэба шукаць нейкую чорную котку ў тым, што Міжнародная лыжная федэрацыя хоча адштурхнуць моцную расейскую школу. Там наадварот зацікаўленыя, каб была здаровая канкурэнцыя, каб гонкі былі больш відовішчнымі. Але расейцы выбралі для сябе маўчанне і боязь сваіх уладаў», – сказаў Далідовіч.