Все новости

Далідовіч пра ад’езд з Беларусі: «Краіна ад гэтага дакладна не выйграла. Наша нацыя губляе людзей, якія маглі б яе праслаўляць»

9 июня 2022, 15:56

Знакаміты беларускі лыжнік і ўдзельнік сямі Алімпійскіх гульняў Сяргей Далідовіч лічыць, што Беларусь не выйграла ад ягонага ад’езду з краіны. 

«У мой адрас гучалі пажаданні ад «добразычліўцаў», каб я перастаў даваць інтэрв’ю, бо інакш «мне будзе горш». І мы прынялі рашэнне не чакаць іншага папярэджання. Добра, што ў Беларусі засталіся неабыякавыя людзі, якія перадалі мне інфармацыю пра небяспеку. Я заўсёды выказваўся ў сваіх інтэрв’ю акуратна і стараўся нікога не абразіць, проста казаў тое, што ёсць. Але, на жаль, цяпер нельга гэта.

Хутчэй за ўсё, мяне вымусіла з’ехаць менавіта дыскваліфікацыя дачкі, тое, як усё гэта было праведзена – за спінай, без тлумачэнняў. Пісалі пра яе няпраўду – маўляў, што яна ледзьве не разарвала дзяржаўны сцяг.

Не ведаю, каму стала добра ад таго, што я з усёй сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Краіна ад гэтага дакладна не выйграла, як і ад ад’езду шматлікіх іншых беларусаў. Проста наша нацыя губляе маладых, здаровых людзей, якія маглі б яе праслаўляць, і не абавязкова ў спорце, нараджаць дзяцей. Як іх усіх замяніць? Для любой краіны страціць столькі людзей, якія маглі б прыносіць ёй карысць, – гэта шлях у нікуды.

Пакуль я знаходзіўся ў Беларусі, то спрабаваў наладзіць дыялог з беларускімі чыноўнікамі наконт дыскваліфікацыі дачкі (Дар’я магла б палепшыць рэйтынг зборнай), але ж не ўсё атрымлівалася: спачатку маглі камунікаваць з імі тэт-а-тэт, а пазней ужо абменьваліся лістамі. З цягам часу людзі, якія за ўсё гэта адказныя, увогуле перасталі выходзіць на сувязь. Магчыма, саромеліся ці думалі, што я ніжэйшы за іх па рангу, і таму мы не можам абмеркаваць з імі нейкія пытанні. Гэта іх справа.

Часам у людзей ёсць рычагі, і яны могуць неяк паўплываць на сітуацыю, я ж ніякіх рычагоў не меў. Мог толькі з’ехаць і даць шанс сябе рэалізаваць як Дар’і, так і Злаце, сваёй малодшай дачцэ, якой цяпер шэсць гадоў. Невядома, ці быў бы ў яе такі шанс, калі ў Беларусі і далей застанецца тая ж улада, якая там сёння.

Не маю ніякай крыўды на тых людзей, якія вымусілі нас з’ехаць. Ужо выкрасліў іх са свайго жыцця, ды і ўвогуле астыў. Нават не цікаўлюся тым, што адбываецца ў беларускім спорце», – сказаў Далідовіч.