Все новости

ІП Азаранка

17 февраля 2013, 19:16
69

Вікторыя Азаранка неяк прывезла ў Мінск першую ракетку свету Каралін Вазняцкі. Вікторыя Азаранка з«яўляецца сусветнай зоркай, але яе амаль нічога не звязвае з Беларуссю. Чаму яна ніколі нічога не кажа пра радзіму і адмаўляе ў інтэрв»ю айчынным журналістам? Чаму пры гэтым прывезла ў Мінск першую ракетку свету Каралін Вазняцкі і згуляла ў тэніс з Аляксандрам Лукашэнкам? Чаму дзяржава ўспомніла аб ёй, калі яна стала адной з лепшых? Алег Гаруновіч разважае аб гэтым і тлумачыць, чаму не лічыць Азаранку беларускай тэнісісткай. Мне не шкада, што Вікторыя Азаранка прайграла ў фінале выніковага турніру года ў Стамбуле. Але не таму, што я жадаў ёй няўдачы. Проста не ўспрымаю Азаранку як беларускую тэнісістку. Пастараюся растлумачыць чаму, хаця гэта цяжка зрабіць. Бо Азаранка — гераіня. У свае 22 яна выступае на топ-узроўні. Віка шмат што перажыла перад тым, як дабіцца поспеху. Адных толькі траўм, з-за якіх яна здымалася з турніраў, не злічыць. На фоне суперніц Азаранка выглядае хударлявай, але які магутны тэніс паказвае і як пры гэтым крычыць! У Беларусі мала падставаў для радасці. Больш за тое, у нас усё вельмі хрэнова. Але трэба неяк падымаць сабе настрой. Трэба кімсьці ганарыцца. Прычым ганарыцца кімсьці з беларусаў (ціпа, мы таксама можам). Спартоўцы тут вельмі дарэчы. А Віка Азаранка — дарэчы ўдвая. Яе поспехі смакуюць газеты, парталы, тэлебачанне. Бо прыемна сказаць/напісаць: «беларуска перамагла», «беларуская тэнісістка выйшла ў наступны раўнд». Наша аўдыторыя любіць Азаранку, хаця і вельмі мала пра яе ведае. Мне падаецца, што Вікторыі «лайкі» беларусаў да ліхтара. Давайце для пачатку паглядзім, як яна прысутнічае ў нашай медыяпрасторы. Ёсць інфармацыя пра яе выступы, бываюць нейкія каментары з турніраў. На гэтым — усё. Прычым у інтэрв’ю замежным СМІ вы амаль не знойдзеце нейкіх мэсыджаў для Беларусі. А з беларускімі журналістамі Азаранка ўвогуле не размаўляе. Беларускія журналісты, якія амаль не пішуць пра тэніс, неяк усё ж пакрыўдзілі дзяўчыну. Яна не давала суайчыннікам каментароў на Алімпіядзе ў Пекіне. Ігнаравала тых, хто дабіраўся на US Open. Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што Вікторыя паказвала свае зубкі і замежнікам, але на турнірах за такія фортэлі штрафуюць (і нашу суайчынніцу ўжо штрафавалі). Хтосьці можа прыгадаць, як год таму Азаранка прыехала ў Менск з першай ракеткай свету Каралін Вазняцкі і правяла дабрачынны матч у Палацы спорту. Нібыта выпадковае з’яўленне на корце Аляксандра Лукашэнкі, які нават згуляў з тэнісісткамі, пакінула ўражанне, што гэта было не проста так. Увогуле, беларускія тэнісісты ўмеюць сябраваць з уладай. Гэта добра бачна па Максу Мірнаму. Вядома, спартоўцы маюць свае рэзоны. Яны добра зарабляюць (тая ж Азаранка за сезон «нагуляла» амаль тры мільёны даляраў), грошы трэба кудысьці ўкладаць. Без сувязяў гэта зрабіць цяжка. Мірны атрымаў зямлю пад спарткомплекс, памяшканні пад кавярню і рэстаран. Таму і Азаранцы добрае знаёмства можа спатрэбіцца. А беларусы… Яны тут ні пры чым. У гёрлфрэнд Сяргея Бубкі-малодшага хапае падставаў, каб роўна дыхаць да сваёй радзімы. Дзіцячыя ўспаміны вырашаюць. А дзяцінства ў Вікі было не вельмі простае. Як і ў іншых нашых юных талентаў. Некалькі гадоў таму гутарыў з мамай Вікторыі. Ала — так яна прасіла яе называць — тады яшчэ не адмаўлялася ад сустрэч з журналістамі made in Belarus. Жанчына працавала ў Цэнтры тэніса на праспекце Машэрава, там жа да ад’езду ў ЗША трэніравалася яе дачка. Віка тады была нумарам адзін сярод юніёрак, перамагала на турніры за турнірам. А Ала Азаранка распавядала, як усё пачыналася. Пра тое, як шукалі грошы, каб дабрацца на спаборніцтвы ў Маскву. Як бралі з сабой бутэрброды, каб не было выдаткаў на ежу. Як спалі ў адным ложку, бо арганізатары забяспечвалі жытлом толькі спартсменак, але не бацькоў. Сям’я тэнісісткі неяк круцілася. Верылі ў зорку дачкі, укладвалі ў яе свае сродкі, шукалі спонсараў, каб адправіць яе па тэнісную навуку ў ЗША. Гэта была вялікая рызыка. Можа, нават большая, чым у казіно. Бо колькі перспектыўных ламаецца, знікае — аднаму толькі Богу вядома. А дзяржава… Яна звярнула ўвагу на Азаранку, толькі калі стала відавочна — з дзяўчыны будзе плён. Самыя складаныя часы Вікторыя перажыла з сям’ёй, а таксама з надзеяй на сябе. І менавіта сабе яна можа падзякаваць за тое, што чагосьці дасягнула, а не абстрактнай радзіме. Для Беларусі гэта нармальна. Бо нашая сістэма спорту збольшага разлічана на тое, што спартоўцы павінны выжываць. Прабівацца выключна самастойна. Хто выжыў — малайчынка, хто не здолеў — ну і чорт з ім. Не бяда. Дзяржава любіць толькі паспяховых. Тых, у каго ўжо ёсць вынік. Можа, гэта і правільна, але застаецца асадак. Спартоўцы — самі за сябе, а не за Беларусь. Ну, можа, толькі на словах за Беларусь, але не на справе (за рэдкім выключэннем). Асабліва гэта тычыцца тых, хто дасягае поспеху ў папулярных відах спорту. У тым жа тэнісе або футболе. Шмат хто зазначаў, што Аляксандр Глеб у свае найлепшыя гады не так ярка гуляў у зборнай, як у клубе (дарэчы, Азаранка часцяком увогуле адмаўляецца выступаць у Кубку Федэрацый за зборную). Было і такое, што футбаліст увогуле не рыхтаваўся да матчаў нацыянальнай каманды: загараў, рыбу вудзіў, дзесьці танчыў — карацей, насычана праводзіў адпачынак. І чым яго можна папракнуць? Саня, маўляў, краіна на цябе спадзяецца? Дык а што яму? Глеб можа распавесці, як у дзяцінстве займаўся на асфальце. На ім да гэтага часу трэніруюцца выхаванцы сталічнай СДзЮШАР-5 — адной з найлепшых школ у краіне. Настаўнікі з жахам распавядаюць, як дзеці робяць на асфальце падкаты. Зазначаюць, што такое пакрыццё вельмі кепска адбіваецца на каленях (а ці не з-за гэтага Глеба сёння даймаюць траўмы?). Аляксандр вытрымаў, прарваўся да «Арсенала» і «Барсы». Ён напэўна ведае, чыя гэта заслуга. Добра, што Глеб увогуле гуляе за зборную. Арцём Мілеўскі — дык нават змяніў грамадзянства. Цяпер яго абзываюць «сабакам» і «прастытуткай». За што? Бо хлопцу не падабалася гуляць у ірваных буцах і ў форме а-ля лахманы ў школе «Змена»? Бо ў Кіеве змаглі ацаніць яго талент і прапанаваць годны кантракт? Сёння радзіма прадаецца. Гэта факт. І гэта азначае толькі тое, што радзіма павінна паварушыць задам, каб захаваць сваіх таленавітых сыноў і дачок. Увогуле, большасць зорных беларускіх спартоўцаў — гэта індывідуальныя прадпрымальнікі. Такія паводзіны закладаюцца з маленства. Яны самі будуюць сваю кар’еру, самі ідуць да поспеху. Яны робяць самі сябе. Усё астатняе — сантыменты. У тым ліку і заўзятары, якія дзесьці ў Беларусі радуюцца іх дасягненням.

З беларускімі журналістамі Азаранка ўвогуле не размаўляе.

А дзяржава… Яна звярнула ўвагу на Азаранку, толькі калі стала відавочна — з дзяўчыны будзе плён.

Увогуле, большасць зорных беларускіх спартоўцаў — гэта індывідуальныя прадпрымальнікі. Такія паводзіны закладаюцца з маленства.

Показать еще 69