Tribuna/Биатлон/Блоги/Бляшаны барабан/Што азначаюць прозвішчы беларусіх алімпійцаў. Цвярозы погляд

Што азначаюць прозвішчы беларусіх алімпійцаў. Цвярозы погляд

Блог «Бляшаны барабан» уступіў у завочную палеміку з дэканам гістарычнага факультэта БДПУ Мікалаем Забаўскім адносна паходжання прозвішчаў беларускіх спартсменаў.

20 февраля 2014, 01:37
6

Колькі год таму пасля адной навуковай канферэнцыі я і мае знаёмыя з Літвы пайшлі ў кавярню перакуліць па куфлі піва. Па традыцыі, калі беларусы і літоўцы знаходзяцца ў адной кампаніі, ненарокам закранаецца тэма: «дык чыя ж Вільня?». З кожнага боку сыпецца процьма ўсялякіх аргументаў, але сярод іх варта фільтраваць праўдзівыя. Так, літоўцы мне даказвалі, што летапісы ВКЛ пісаліся па-літоўску, што кірыліцы там і блізка не было і г.д.  Зразумела, што пасля такой «заявачкі» я больш з імі не хацеў спрачацца. Бо гэта папросту сведчыла пра тое, што людзі не абазнаныя ў пэўнай сферы і ім лепш маўчаць. Але пра што гэта я?

Надоечы мой калега Вадзім Кнырко падрыхтаваў для Tribuna.com матэрыял . З просьбай аб дапамозе ў тлумачэнні прозвішчаў беларускіх спартсменаў, якія зараз на Алімпіядзе ў Сочы, журналіст звярнуўся да дэкана гістарычнага факультэта БДПУ Мікалая Забаўскага.

Шчыра кажучы, я не ведаю, у якой канкрэтна галіне паважаны эксперт з'яўляецца спецыялістам, але відавочна, што антрапаніміка – не яго справа. Згодна з тлумачэннямі Забаўскага, ледзь не ўсе прозвішчы нашых спартсменаў – выключна рускія. Ну, і яшчэ частка – яўрэйскія. Вядома, што з пэўнымі яго дэфініцыямі я пагаджаюся, хаця наконт яшчэ некаторых «рускіх» прозвішчаў можна было б паспрачацца. Але пакінем гэта, бо там хаця б тлумачэнне было адэкватнае.

Увогуле стала крыўдна, што чалавек, які займаецца гісторыяй, хуценька ўсё згроб у бок «старэйшага брата». Прычым бяздоказна. Аўтар не знаёмы з азамі словаўтварэння нават на пачатковым узроўні. Мяркую, такое «даследаванне» нельга пакідаць без увагі. Як той казаў, трэба ж некаму бараніць сваё.

Таму, давайце паспрабуем высветліць, адкуль насамрэч паходзяць некаторыя прозвішчы нашых спартсменаў, якія зараз адстойваюць гонар краіны ў Сочы, а таксама дадзім ім тлумачэнні.

Адразу папярэджу, што грунтоўным аналізам прозвішчаў я не займаўся, бо вытлумачэнне паходжання кожнага патрабуе асобнага даследавання. Але працы М. Бірылы, Ул. Дубоўкі, Ул. Юрэвіча, а таксама ТСБМ без увагі не пакінў. Наперад!

Абраменка (біятлон). Сапраўды, прозвішча пайшло ад біблейскага імя Абрам. Але варта дадаць, што, хутчэй за ўсё, форма Абрам прыйшла да нас і ва Ўкраіну з Польшчы, а ўжо пасля з'явілася ў Расіі. Хаця цалкам такі факт выключаць нельга. Прынамсі, такое меркаванне выказвае Бірыла.

Далідовіч (лыжы). Беларускае прозвішча, якое ўзнікла на нашай тэрыторыі ў 16-18 ст. Дойлід – цясляр, будаўнік. Пры выпадзенні «й» і ўтварылся прозвішча Далідовіч. Як варыянт, прозвішча можа браць свае карані з літоўскай мовы: літ. dailide – цясляр. Адпаведна, прозвішча Далід адносіцца да так званых «прафесійных» найменняў, якія паказваюць на род заняткаў продка. Характэрны суфікс -овіч дадаткова ўказвае на беларускае паходжанне прозвішча.

Такім чынам, трактоўка Забаўскага «Долидович – это вариант написания еврейского Давидович. Во времена Советского Союза «ав» могло превратиться в «ол» – цалкам абсурдная! Прычым аўтар настойвае, што другі варыянт, які датычыцца яўрэйскага паходжання, – больш верагодны.

Дарожка (біятлон). Беларускае прозвішча. На тутэйшыя землі прозвішча прыйшло ў прамежку з 12 па 17 стст. «Пасяліўся чалавек пры дарозе або на хутары, куды вяла дарожка, атрымаў адпаведную гэтаму мянушку. А яшчэ давалі і чалавеку, народжанаму ў дарозе». (Ул. Юрэвіч).

Ніякага дачынення да «святого Дорофея», як нам кажа гісторык Забаўскі, прозвішча не мае. А ўкраінскім прозвішчам (варыянт не выключаю, магло з’явіцца адначасова), як мне падаецца, дэкан гістарычнага факультэта назваў яго толькі па прычыне заканчэння на «о» ў рускім правапісе.

Лазуткін (лыжы). Лазута параўн. рус. Лазутка – лаз у агароджы. На нашай тэрыторыі з’явілася ў 17 ст. Якім бокам прозвішча адносіцца да «святога Лазара» (пав. Забаўскага)? Тут варта мець хаця б базавыя веды ў словаўтварэнні.

Лядаў (біятлон). Ляда – дзялянка высечанага лесу; высечка, месца, высечанае пад сяўбу або сенажаць (ТСБМ).

Ніякага дачынення да «яўрэйскага народу» (пав. Забаўскага) гэтае прозвішча не мае! Ці адкуль падставы яго называць рускім? На нашай тэрыторыі сустракаецца ў летапісах з 17 стагоддзя.

Новікаў (біятлон). Гісторык Забаўскі кажа, што «на Руси Новиками называлі людей …». Чаму адразу на Русі? Ці ён мае на ўвазе Кіеўскую Русь?

Новікі, Навікі, Новікавы з’явіліся на тэрыторыі Беларусі аж у 16-18 стст. Навічок – новы чалавек у сяле, новы член сям’і. Рус. Новик – «усе новае, свежае» (Даль). Укр. Новик (аб месяцы) «маладзік». Вось менавіта каб разабрацца з гэтым прозвішчам, варта ведаць адкуль паходзяць продкі нашага біятланіста.

Саннікава (лыжы). Саннік – майстар, які робіць сані. Спадар Забаўскі кажа, што гэта «опять же русская фамилия». Але ж гэтае прозвішча на нашай тэрыторі згадваецца ў 16 ст., а ў Расіі яно з’явілася толькі праз 100 год (17 ст.).

Чапелін (біятлон). З тлумачэннем, якое даў нам гісторык варта пагадзіцца. Адзінае, што можна адзначыць: прозвішча з’явілася на нашай тэрыторыі ў 17 стагоддзі.

ДАДАТАК

Надзея Скардзіна распавядае пра сваё прозвішча і карані

«У мяне ўвогуле італьянскае прозвішча: у таты італьянскія і нямецкія карані. Дарэчы, ад адной з бабуль у мяне яшчэ ёсць і французкія карані. Бабуля і дзядуля мае жылі ў Ленінградзе. Таму калі браць ад таго часу, то можна сказаць, што я карэнная ленінградка. У маёй мамы да замуства было прозвішча Кібер – яно, вядома, нямецкае. Так што шмат усяго намешана».

(Паводле Забаўскага: Скардино. Загадочная фамилия. Русская. Было два похожих рода – Скарда и Скардина. Возможные родственники нашего самого крутого снайпера – помещики).

Ала Цупер колькі слоў пра сваё прозвіша

«Адкуль паходзіць маё прозвішча? Мой бацька нарадзіўся ў Чэхаславакіі. Мае карані ідуць адтуль, але больш я і сама не ведаю…»

Такім чынам, як мы маглі заўважыць, далёка не ўсе прозвішчы нашых удзельнікаў Алімпіяды з'яўляюцца рускімі або яўрэйскімі. Безумоўна, тэма спрэчная і адназначны варыянт знайсці складана. Варта таксама адзначыць, што паходжанне прозвішча вывучаецца з улікам і пазалінгвістычных фактараў: адкуль паходзяць продкі, напрыклад. Такія асобы, як Данілачкін, Лазуткін, Гуськова – трэба ведаць, калі яны з’явіліся ў Беларусі. Але дакладна можна сцвярджаць, што з дэфініцыямі такіх прозвішчаў як Лядаў, Дарожка і Лазуткін Забаўскі памыліўся. Гэта факт.

Сябры, будзьце кемлівыя. Беражыце сваё, тутэйшае, але не забывайцеся і на гістарычную праўду. Усё грэбці пад сябе не трэба, але і аддаваць чужым таксама не варта.

P.S. Дзякуй за дапамогу ў пошуках літаратуры кандыдату філалагічных навук дацэнту Кулеш Ганне Іванаўне.

Другие посты блога

Blank title. Fix it!
27 марта 2015, 08:09
Все посты