Tribuna/Футбол/Блоги/Будзьма беларусамі!/«За «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг мне часам псавалі аўто». Гісторыя брамніка «Крумкачоў»

«За «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг мне часам псавалі аўто». Гісторыя брамніка «Крумкачоў»

Брамнік ФК “Крумкачы” Яўген Касцюкевіч распавядае “Байцоўскаму гену” пра свой няпросты шлях у футболе з сыходамі і вяртаннямі, пра працоўнае турнэ па гарадах і вёсках Расіі і пра тое, як ён зноў палюбіў сваю Радзіму.

Автор — Budzma Razam
8 августа 2016, 12:20
14
«За «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг мне часам псавалі аўто». Гісторыя брамніка «Крумкачоў»

Брамнік ФК “Крумкачы” Яўген Касцюкевіч распавядае “Байцоўскаму гену” пра свой няпросты шлях у футболе з сыходамі і вяртаннямі, пра працоўнае турнэ па гарадах і вёсках Расіі і пра тое, як ён зноў палюбіў сваю Радзіму.

Гэтая гісторыя пачалася шмат гадоў таму, калі просты жодзінскі хлопчык захварэў на футбол. Яго кар’ера магла скласціся па звычайным футбольным сцэнары: замежныя клубы, добрыя заробкі, увага прэсы і сяброўкі-мадэлькі. Але замест гэтага ён праз праблемы з сэрцам быў вымушаны ў 19 гадоў сысці са спорту і даглядаць  футбольныя палі. Кожны дзень ён бачыў, як іншыя гульцы ажыццяўляюць яго мару. А потым былі неабсяжныя абшары Расіі, дзе ён разам з напарнікам здымаў школьнае відэа для вучняў, вяртанне на радзіму і пошукі сябе. Тое, што наш герой зноў паспяхова вяртаецца ў футбол, — цуд нават для яго самога. Як і само стварэнне  ФК “Крумкачы”, які сваімі гучнымі перамогамі над прафесійнымі камандамі даказаў, што шанец ёсць заўсёды, калі ты па-сапраўднаму адданы сваёй мары.

“Сакрэт поспеху “Крумкачоў” у тым, што наша каманда складаецца з людзей з нерэалізаванымі магчымасцямі”

Нашы перамогі былі б немагчымымі без стваральніка каманды Дзяніса Шунто, які робіць сваю справу насуперак усяму. Ён заўсёды ў нас верыў. Летась Дзяніс казаў нам: “Мы выйдзем у вышэйшую лігу!” Тады ў гэта слаба верылася, бо мы пляліся недзе ў канцы турнірнай табліцы. І цуд здарыўся! Дзяніс верыць у цуды, а разам з ім у іх паверылі не толькі мы, але і нашы шматлікія заўзятары. У мінулым годзе ў клуба былі фінансавыя цяжкасці. Пасля трэніровак і гульняў кожны з нас быў вымушаны ехаць на іншую працу. Гэта вельмі цяжка як фізічна, так і маральна. Усе думкі занятыя футболам, а ты мусіш круціцца яшчэ недзе, каб зарабіць грошы на існаванне.

З’яўленне “Крумкачоў” ускалыхнула футбольныя колы краіны. Асабліва тое, што да нас у вялікай колькасці пацягнуліся заўзятары. “Крумкачы” — гэта казка пра простых хлапцоў, што паспяхова гуляюць у футбол, а людзі любяць казкі. Яны ўбачылі, што звычайныя пацаны гуляюць за ідэю і пры гэтым абыгрываюць тых, хто прафесійна займаецца футболам і ім жа зарабляе. Казкі вельмі патрэбныя сучасным людзям, бо нам так не стае герояў з народу, у якіх бы хацелася верыць, на якіх бы хацелася раўняцца. Сакрэт поспеху “Крумкачоў” перш за ўсё ў тым, што наша каманда складаецца з людзей з нерэалізаванымі магчымасцямі. Пачынаючы ад нашага трэнера, які нідзе дагэтуль не працаваў галоўным трэнерам, прыйшоў у непрафесійную каманду і зрабіў з яе суперпрафесійную.

“Крумкачы заўсёды “наведваюць” нашы гульні”

Люблю крумкачоў. Гэта вельмі цікавыя і разумныя птушкі. Вось і з нас атрымалася сапраўдная “крумкачыная зграя”, у якой кожны трымаецца адзін аднаго і падтрымлівае. Крумкачы — гэта гучыць моцна. Нашы гульні наведваюць людзі самых розных узростаў і заняткаў. Кранальна бачыць маленькіх дзетак у майках з нашай эмблемай. Не ведаю, дзе яны іх на замову вырабляюць, але гэта так прыемна! Кожную гульню цябе сустракае столькі заўзятараў, якія гучна апладзіруюць і абдымаюцца з табою, і неістотна, выйграў ты сёння альбо не, яны проста хочуць цябе падтрымаць. Гэта супер! Адзін наш сталы заўзятар з Піцера нават арганізаваў там фан-клуб. І на ўсе гульні ён ходзіць у асаблівай экіпіроўцы з эмблемай “Крумкі”. Пасля таго як мы выйшлі ў вышэйшую лігу, ён падараваў мне  арыгінальны набор драўляных падставак з нашай эмблемай. Самае цікавае, што крумкачы таксама заўсёды “наведваюць” нашы гульні. Зразумела, што гэта не сапраўдныя лясныя крумкачы, а іх найбліжэйшыя суродзічы — гарадскія вароны. Наш клубны фатограф пастаянна фатаграфуе іх на нашым полі ці як яны кружацца над ім і часам пакідаюць своеасаблівы талісман у выглядзе пер’я. Чамусьці вароны заўсёды побач з “Крумкай”. Мабыць, адчуваюць сваіх і падтрымліваюць.

“Танцора вальса з мяне не атрымалася”

Мой шлях у спорт быў досыць празаічным. Пачынаў, як і многія, з дваровага футбола, ды і бацька калісьці таксама быў брамнікам у аматарскай камандзе. Потым пайшоў у футбольную секцыю, а паралельна наведваў бальныя танцы. Так было амаль два гады. Але так склалася, што ўсе прыгожыя дзяўчаты былі ў парах з іншымі хлопчыкамі, а мне мая партнёрка не вельмі падабалася. Мабыць, таму танцы мяне асабліва і не чаплялі. Я разумеў, што нешта раблю не так, гэта не маё. І ў выніку канчаткова з імі расстаўся. Танцора вальса з мяне не атрымалася.

“Быў раённым каралём фішак і налепак”

Усе, у каго, як і ў мяне, дзяцінства прыпала на 90-я, памятаюць татальную моду на альбомы з налепкамі і фішкі. На перапынках школьнікі актыўна абменьвалі іх альбо ладзілі спаборніцтвы праз гульню “Камень, нажніцы, папера, калодзеж”. Дык вось, я быў раённым каралём фішак і налепак. Я мог перамагчы любога. У маёй калекцыі было больш за 5000 (!) налепак, а фішак — і не злічыць. Потым я пачаў выменьваць іх на нейкія цікавыя дробязі. Напрыклад, за фішкі атрымаў хакейную клюшку, якая мне была зусім не патрэбная. Яна і дагэтуль недзе ляжыць у мяне як напамін пра тыя вясёлыя гады.

“Гібель маленькай дзяўчынкі стала самай моцнай прышчэпкай ад алкаголю”

А насамрэч дзяцінства мне, на жаль, запомнілася нейкімі трагічнымі ўспамінамі. І калі я зараз вам пра гэта кажу, у галаве адразу ўсплывае мой двор. Мы гуляем з пацанамі ў футбол. Побач стаіць шматпавярховік, я падымаю вочы ўверх і бачу, як адтуль з дзявятага паверха падае маленькая дзяўчынка. Нават сёння я не магу спакойна праходзіць каля гэтага дома, бачыць карані дрэва, на якія яна ўпала. Гэты трагічны выпадак пакінуў сур’ёзны  адбітак на маім светапоглядзе, стаўшы самай моцнай прышчэпкай ад алкаголю, тытуню і іншых дрэнных рэчаў. Бо бацькі гэтай дзяўчынкі моцна пілі, ім было напляваць, дзе іх дзіця. Потым маці на ўвесь двор галасіла, а праз тыдзень пасля пахавання разам з мужам зноўку ўзялася за старое…

А курыць мяне адвучыў бацька, які сам шмат гадоў курыў. Мы з сябрамі  дзеля цікавасці збіралі па двары бычкі і спрабавалі іх раскурыць. І калі я аднойчы прыйшоў дадому з моцным пахам тытуню ад бычкоў, бацька вельмі жорстка адвучыў мяне гэта рабіць: прымусіў узяць у рот шмат цыгарэт і разам іх усе падпаліць. Мяне званітавала. З тых часоў больш ніколі не хацелася. Ды і па медыцынскіх паказальніках мне катэгарычна забароненыя тытунь і алкаголь.

“Пакуль цэны на алкаголь і тытунь нізкія, смешна казаць пра барацьбу дзяржавы са шкоднымі звычкамі”

Некалькі гадоў таму ў мяне была моцная слоўная заруба з найлепшым сябрам і кампаньёнам па бізнесе наконт алкагалізму. Ён мне даказваў, што ў нас людзі п’юць, бо ім няма чым заняцца і сумна жыць у сваіх маленькіх шэрых гарадках і вёсках.  Я ж лічу, што справа — у глабальным. Пакуль цэны на алкаголь і тытунь нізкія, смешна казаць пра барацьбу дзяржавы са шкоднымі звычкамі.  Гэта, выбачайце,  ідыятызм: забараняць і саджаць за марыхуану на шмат гадоў і пры гэтым дазваляць распаўсюд танных алкагольных напояў, якія выклікаюць не меншыя, а можа, нават і большыя  разбуральныя наступствы для здароўя і асобы чалавека.

А мог бы стаць… святаром

Я на сем гадоў наведваў нядзельную школу пры праваслаўным храме ў Жодзіне і ніколі не саромеўся гэтага і не шкадаваў. Там быў адзін суцэльны пазітыў. У нядзельную школу сапраўды хацелася ісці, бо яе наведвалі твае сябры, усе адно аднаму усміхаліся, а пасля заняткаў збіраліся за традыцыйнай гарбатай з цукеркамі. Па сканчэнні нядзельнай школы кожны з нас здаваў адпаведныя экзамены. Мне далі дыплом, дзякуючы якому я магу паступаць у духоўную семінарыю ў Жыровічах. Пасля я нават прыходзіў у нядзельную школу і некалькі разоў вёў заняткі.  Цяпер я нячаста наведваю царкву, бо змянілася маё ўспрыманне рэлігіі. Я не лічу, што, каб быць вернікам, трэба абавязкова рэгулярна гэта рабіць.

“Прагляд у ЦСКА паставіў крыж на маёй кар’еры”

Мая футбольная кар’ера спачатку складвалася досыць паспяхова. Мяне запрасілі ў дублюючы склад ФК “Тарпеда-Жодзіна”. Там я сутыкнуўся з новым узроўнем футболу, дзе ўсе старэйшыя за цябе, пануе канкурэнцыя і на цябе глядзяць не як на калегу, а як на суперніка. У маладым узросце гэта можа агаломшыць. Тады ж я з’ездзіў на прагляд у маскоўскі ЦСКА, дзе мне пасля грунтоўнага абследавання сказалі, што я праз праблемы з сэрцам не магу прафесійна гуляць у футбол. Гэта паставіла крыж на маёй кар’еры. Я вярнуўся ў Жодзіна ў свой клуб, але і там замест мяне ўжо ўзялі іншага гульца. Вось так мне давялося скончыць з футболам у 19… Гэта быў такі моцны ўдар, што я думаў, усё — канец. У клубе прапанавалі, што, калі я хачу там застацца, магу даглядаць футбольныя палі. Паўтара года я касіў траву і ведаю пра газоны ўсё.

“Усё ў гэтым жыцці — па справядлівасці”

Не зламацца мне дапамог час. Ты проста кожны дзень прачынаешся і разумееш, што мінулае жыццё скончылася, але штосьці трэба рабіць. Час і падтрымка родных канчаткова вылечылі мяне.  Усё ў гэтым жыцці — па справядлівасці.  Калі ты сумленна рабіў сваю справу, то ў любым выпадку да цябе гэта вернецца, неістотна, у якой форме, але гэта абавязкова адбудзецца, як у маім выпадку. Пасля вяртання з заробкаў у Расіі я пачаў рабіць для “Крумкачоў” розныя відэа, здымаць гульні, а часам нават трэніраваў брамнікаў. І ў мінулым годзе аднойчы так здарылася, што ў заяўцы мусіў абавязкова быць брамнік, а ўзяць не было каго. Прапанавалі мне, і я пагадзіўся. Я пасядзеў на замене тады, а потым пачаў трэніравацца  і злавіў эмоцыі, якіх мне так не хапала ўсе 6 гадоў, што я адсутнічаў у футболе. І на гэтых эмоцыях у мяне ўсё пачало атрымлівацца. Я адыграў большую частку чэмпіянату першым брамнікам, і мы выйшлі ў вышэйшую лігу.

Я заўсёды імкнуўся падтрымліваць сябе ў форме. Пры гэтым ніколі сябе не бярог, і мяне не хвалюе да чаго гэта можа прывесці. Гэта вам пацвердзяць усе, хто мяне ведае. Мне не патрэбнае жыццё без эмоцый, у цяплічных умовах. Кожны з нас нечым рызыкуе і траціць сваё здароўе.

“На жаль, наша краіна коціцца ў тым жа кірунку, што і Расія”

Дзе я толькі не працаваў у Расіі! Здымаў разам з напарнікам відэа ў школах. Адпрацавалі адзін горад, паехалі ў іншы. Некалькі гадоў вёў такі вандроўны лад жыцця. Мяне туды больш не цягне. На жаль, наша краіна коціцца ў тым жа кірунку, што і Расія.  Там досыць суровыя і злосныя стасункі паміж людзьмі. Рытм жыцця вельмі паскораны, і ім не хапае часу на простыя радасці жыцця. Ва ўсіх праблемы, крэдыты, усім трэба нешта паспець вырваць. Нават калі чалавеку тупа дапамагаеш на дарозе, табе адразу пачынаюць за гэта сунуць грошы. Яны не разумеюць, што можна камусьці дапамагчы за так. Іншая культура цісне, асабліва калі разумееш, што не збіраешся там жыць, але трэба з нечым мірыцца і трываць. Гэта вельмі цяжка.

“За “Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг часам псавалі аўто”

Лепш за ўсё мне жывецца на радзіме — у родным Жодзіне. Мая самасвядомасць як беларуса пачалася з атачэння, якое цікавілася рэчамі, на якія я раней ніколі не звяртаў асаблівай увагі: гісторыя Беларусі, музыка, нацыянальныя сімвалы. У маёй машыне са мною заўсёды гліняная выява “Пагоні” і бел-чырвона-белы сцяг. За гэта часам псавалі аўто, пакідалі розныя абразлівыя надпісы, шыны праколвалі, але я ад свайго не адступіўся. Чым больш я паглыбляюся ў беларускі асяродак, тым больш  разумею, што мне ёсць чым ганарыцца: у мяне ёсць самае галоўнае — Радзіма. А раней я казаў, што, калі прыйдзе вайна,  збяру свае рэчы і звалю, так мне тут усё не падабалася. А цяпер ніколі так не скажу, бо мне ёсць за што змагацца, зубамі буду ўгрызацца ў зямлю, каб адстаяць яе незалежнасць. Бо хачу жыць тут, а не дзесьці на чужыне.

“Сваіх сталых кліентаў я ўжо ведаю ў твар”

Не так даўно разам з напарнікам, з якім разам яшчэ ў Расіі працавалі, адкрылі ў Жодзіне краму разліўнога піва. Мы доўга выношвалі наш бізнес-план. Спачатку нічога не атрымлівалася, было шмат перашкод, у тым ліку фінансавых. Але цяпер усё нармальна. Мы абралі добрае месца для нашай крамы: тут шмат людзей любіць гуляць, плюс побач прахадная “БелАЗа”. Гандляваць звычайным півам — занадта банальна для нас: мы імкнемся прывозіць у Жодзіна эксклюзіўную прадукцыю з прыватных бровараў, якой не набудзеш у суседняй краме за рогам. І людзі пачалі прыходзіць да нас менавіта за сваім любімым гатункам піва. Сваіх сталых кліентаў я ўжо ведаю ў твар. Многім з іх падабаецца, што я футбаліст, і яны цяпер з задавальненнем заўзеюць за “Крумку”.

“Жонка зразумела мой выбар”

Мая жонка спачатку не была футбольнай заўзятаркай, але пасля таго як наведала наш матч, стала ёю і імкнецца быць на кожнай гульні. Памятаю, аднойчы здарылася вельмі смешная гісторыя. Жонка неяк узяла з сабою нашу чатырохгадовую дачку. А тая ўпершыню ўбачыла мяне на полі. Ідзе матч. А яна крычыць з трыбуны: “Тата, ты хочаш піць?” Я, зразумела, увесь у гульні і нічога не адказваю. Яна зноўку крычыць: “Тата, ты што, дурань? Не разумееш, што я кажу? Ты хочаш піць альбо не?”

Я вельмі рады, што жонка зразумела і прыняла мой выбар. Яна бачыць, што я займаюся тым, да чаго ішоў усё жыццё. Сёлета я прайшоў поўны медагляд. Ніякіх сур’ёзных праблем з сэрцам не было выяўлена. Мабыць, станоўча адбіўся перапынак у 6 гадоў і мая вялікая прага зноў быць на полі.

Ліна Мілаш

Фота Уладзіміра Грыбаедава

 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты