Tribuna/Футбол/Блоги/Будзьма беларусамі!/«Людзі, якія хаваюць сваю краіну і саромяцца яе, – слабакі». Гулец СКА – пра Беларусь і сябе

«Людзі, якія хаваюць сваю краіну і саромяцца яе, – слабакі». Гулец СКА – пра Беларусь і сябе

Зямляк Караткевіча і Талай, гулец гандбольнага клуба “СКА-Мінск” Аляксей Хадкевіч распавёў “Будзьме”, чаму беларусы павінныя падтрымліваць адно аднаго і не выракацца каранёў, а таксама пра сваё асабістае жыццё і заробкі.

Автор — Budzma Razam
16 апреля 2016, 17:02
5
«Людзі, якія хаваюць сваю краіну і саромяцца яе, – слабакі». Гулец СКА – пра Беларусь і сябе

“Ніколі не разумеў людзей, якія хаваюць сваё паходжанне за мяжой”

Нядаўна пачуў, што ў Вялікім Княстве Літоўскім існаваў славуты магнацкі род Хадкевічаў. У мяне шляхецкае прозвішча? Што і казаць — крута. Але я ніколі аб гэтым асабліва не задумваўся. Я лічу, што трэба ганарыцца сваімі продкамі, краінай і заўсёды прытрымлівацца аднаго пункту гледжання: так бы мовіць, не быць і нашым і вашым. Ніколі не разумеў людзей, якія хаваюць сваё паходжанне за мяжой, каб сябе больш выгадна падаць. Скажам, у ЗША ці Еўропе некаторыя беларусы кажуць, што яны з Расіі ці Польшчы. Маўляў, хто ж там ведае Беларусь. Але калі ты сам хаваеш сваю краіну, саромеешся, то чаму іншыя павінныя ведаць пра яе? Такіх людзей мне толькі шкада. Яны — слабакі. Трэба гнуць сваю лінію да канца.

“Калі кожны будзе рабіць сваю справу добра, мы будзем жыць у іншай краіне”

Калі я як гулец нацыянальнай зборнай перад матчам спяваю наш беларускі гімн, у мяне ажно мурашкі па скуры бягуць. Так, я не Пугачова і не Лепс, каб дакладна ўсё па нотах спяваць, але мяне ахоплівае гонар, што я магу прадстаўляць сваю краіну за мяжой. У мяне душа спявае. Я беларус і гэтым ганаруся: прозвішча гаворыць само за сябе. У мяне ніколі не было комплексаў наконт сваёй нацыянальнасці, бо мы ні ў якім выпадку не горшыя за іншыя нацыі. У нас на генетычным узроўні закладзеная цягавітасць. Мы ж сялянская нацыя: на сваім гарбе і зямлю аралі, і бульбу саджалі, і праз ліхалецці розныя праходзілі і выжывалі. А яшчэ мне вельмі падабаецца наша душэўная сціпласць — у нас няма каменя за пазухай.

Год таму я перанёс аперацыю на калене ў Нямеччыне. Дагэтуль я два гады не мог нармальна трэніравацца. І тады я зразумеў, што ва ўсіх праблемах тыкаць пальцам у кагосьці і крычаць: “А гэта ён вінаваты!” — лёс слабых. У першую чаргу ты павінен адказваць за сябе. Зрабі добра і якасна тое, што залежыць ад цябе, і калі ўсе так пачнуць разважаць і так рабіць, мы будзем жыць у іншай краіне. Памятаеце стары лозунг “Купляйце беларускае”? Колькі крытыкі на яго прагучала! А што ў ім дрэннага? Што ты набываеш тавары айчыннай вытворчасці і тым самым падтрымліваеш сваіх суайчыннікаў, якія змогуць зарабіць больш і з’явяцца новыя працоўныя месцы? Зразумела, што і айчынныя вытворцы таксама павінныя імкнуцца вырабляць якасныя тавары і паслугі і па адэкватных цэнах. Беларусы павінныя падтрымліваць адно аднаго, дзе б яны ні апынуліся. На жаль, нам гэтага бракуе. Між іншым, у свеце жыве шмат нацыянальнасцяў, якія выжылі менавіта таму, што падтрымлівалі адно аднаго. Ёсць над чым паразважаць…

“У правінцыі дзяцінства цікавейшае”

У мінскіх падлеткаў няма таго, што ёсць у іх аднагодкаў з перыферыі. Праходжу я часам каля розных папулярных у моладзі кавярняў і бачу групы падлеткаў, якія бессэнсоўна сядзяць у сваіх мабілках і перапісваюцца. Яны нават паміж сабою амаль не кантактуюць.  І такое гэта ўсё нейкае штучнае, што аж сумна робіцца: яны ж крадуць у саміх сябе свой час, сваё жыццё… Я сваё дзяцінства заўсёды згадваю з вялікай пяшчотай. У правінцыі яно значна цікавейшае, чым у вялікім горадзе. Нам з пацанамі было ў кайф паганяць мячык на дварэ, паплаваць у сажалцы ці пайсці зімою на замерзлае балота і пагуляць там у хованкі, даганялкі. А сучасных сталічных дзяцей гэта не прываблівае — ім цікавей бясконца фоткаць сябе ў розных ракурсах і выкладваць усё гэта ў сацсеткі. Няма ў іх “басаногага” дзяцінства, калі ты сам-насам з прыродай. Мы з імі на розных узроўнях.

“Дзеля гандбола гатовы быў цярпець і ваенную муштру, і шалёны рытм сталіцы”

Я чатыры гады адвучыўся ў Сувораўскім вучылішчы, бо пры ім быў створаны добры гандбольны клас. Калі толькі прыехаў у Мінск пасля Оршы, мне было цяжка прызвычаіцца да гэтага бясконцага руху і шалёнага рытму сталіцы. У Сувораўскім нас адразу пастрыглі, выдалі карткі БРСМ і вучылішча. Яны ў мяне дагэтуль захоўваюцца, там такія фоткі смешныя: я лысы, увесь у прышчах. Першыя тыдні еў у сталоўцы суп, абліваючыся слязьмі: адарвалі хлопчыка ад дома, ад мамкі. Бясконцая муштра, трэніроўкі, вучоба. Але дарогі назад не было. Дзеля любімага гандбола я быў гатовы цярпець усё гэта.

“Пакуль грошы не граюць для мяне істотнай ролі”

Маіх спартовых заробкаў хапае на нармальнае жыццё. Дзякуй Богу, не жабрую. Пакуль грошы не граюць для мяне істотнай ролі. Але калі хочаш добра зарабляць, то трэба граць за БГК імя Мяшкова ці за замежны клуб. У СКА жа ты можаш добра расці як спартовец. А для мяне гэта асноўнае як для маладога гульца. Я мушу максімальна вырасці ў прафесійным плане, каб потым можна было разлічваць на больш выгадныя кантракты. Я вельмі ўдзячны свайму клубу за ўмовы, што там створаныя для гульцоў: выдатная зала, якасная экіпіроўка, добрыя трэнеры і кіраўніцтва — толькі бяры і развівайся.

Паралельна са спартыўнай кар’ерай я атрымліваю вышэйшую адукацыю ў БНТУ. Вучуся на транспартнай лагістыцы. Сувораўскае вучылішча я скончыў з сярэднім балам 8,7. Калі б не спорт, можа, і лепш вучыўся б, бо прадметы даваліся лёгка. Але зараз я разумею, што адзнакі не галоўнае:  трэба выхоўваць у сабе асобу і рыхтавацца да дарослага жыцця. Быць класічным батанікам, а потым не ведаць, дзе свае веды прымяніць? Не, гэта не па мне. Паглядзім, што ўрэшце атрымаецца з маёй вучобы, але, спадзяюся, Божанька дасць здароўе, і я яшчэ гадоў 10 буду гуляць.

Адзінае, чаго нам не хапае, — сур’ёзнай канкурэнцыі ў чэмпіянаце краіны. Калі яна будзе, то будзе вышэйшы і ўзровень. Нельга абыгрываць слабыя каманды і заставацца самому моцным. Каб у нас было 10 такіх каманд, як БГК ці СКА, то айчынны гандбол быў бы больш моцным.

“У якасці “абярэга” на маёй старонцы ў сацсетцы вісіць партрэт маёй дзяўчыны”

Хатнія справы — дакладна не маё, я лічу, што мужчына павінен зарабляць грошы і забяспечваць сям’ю, а жанчына — даглядаць дом. Кожны мусіць займацца сваёй справай: я па браме мячыкам біць, а мой каханы чалавек — ствараць дабрабыт.

Мая любімая бабуля Людміла Міхайлаўна сваім уласным прыкладам паказала мне, якой мусіць быць сапраўдная гаспадыня. Усё сваё жыццё яна прапрацавала фельчарам у нашым мясцовым аршанскім тубдыспансеры. Праца была не з лёгкіх, можа, таму яна заўчасна пайшла з жыцця. Я быў яе першым унукам, і яна мяне вельмі любіла. Бацькі распавядалі мне, што калі бабуля аўдавела, яна яшчэ спакойна магла стварыць новую сям’ю, але яна выбрала нас і аддавала нам усё. Як і ўсе вясковыя жанчыны, яна бясхітрасна разважала: “Яшчэ чаго! Нейкі мужык будзе сядзець за маім сталом і есці кавалак лепшы за маіх дзяцей?!”

У якасці “абярэга” на маёй старонцы ў сацсетцы вісіць партрэт маёй дзяўчыны, каб розныя гламурныя дзяўчаты, што палююць на спартоўцаў, не чапляліся да мяне. Я шмат часу баўлю дома, бо мне гэта сапраўды падабаецца. Калі вы знайшлі сябе дзяўчыну ў клубе, наўрад ці гэта ўсур’ёз і надоўга. Больш шансаў сустрэць сапраўднае пачуццё проста на вуліцы зімою, калі дзяўчынка так кранальна ідзе, заматаная ў шалік, у сваім тоўстым пухавічку. У вас пачынаюцца прыгожыя стасункі, калі вы пакрысе адкрываеце адно аднаго. Але ўсё залежыць ад чалавека, што ён канкрэтна чакае ў дадзены момант ад сваіх стасункаў. Чаму я ўпэўнены ў сваёй Крысціне? Бо я імкнуся быць найлепшым для яе. Каб яна кахала мяне не за тое, хто я ёсць, а за маё стаўленне да яе. Тое ж самае яна робіць і для мяне. Крысціна — не з спартовага асяродку і працуе ў кол-цэнтры. Мы вучыліся ў адной групе на завочным аддзяленні. І толькі праз тры гады, калі разам святкавалі медыум, па-іншаму глянулі адно на аднаго і закахаліся.

У нас грамадзянскі шлюб. Бо я лічу, што мы яшчэ занадта маладыя для афіцыйнага. Каханне — гэта добра, але я мушу забяспечваць сваю сям’ю і будучых дзетак. Для пачатку я павінен стварыць для іх нармальныя жыллёвыя ўмовы. Я лічу, што, калі афіцыйна пабраліся шлюбам, то адразу павінна хутка з’явіцца і немаўля. А калі дзіця будзе жыць разам з намі на здымнай кватэры — гэта несур’ёзна. Я малады, і галава крыху забіта іншымі клопатамі. Я не магу проста зрабіць дзіця і казаць: “Ваў, супер, я малады бацька!” У першую чаргу я мушу нешта яму даць, клапаціцца пра яго і развіваць, як фізічна, так і духоўна.

“Трэба імкнуцца несці дабрыню ў свет”

Калі б мне раптам паведамілі, што гэта апошні дзень у маім жыцці, я б паглядзеў на сябе ў люстэрка і заплакаў: я не магу памерці такім маладым і прыгожым. Жартую. А насамрэч я не ведаю, што зрабіў бы, мабыць, патэлефанаваў бы маці і сказаў, што вельмі яе люблю і яна ў мяне найлепшая. А потым стаў бы тэлефанаваць усім блізкім мне людзям, каб падзякаваць, што былі побач са мною ўвесь гэты час.

Чалавек пры любых абставінах павінен  заставацца чалавекам, несці дабрыню ў гэты свет. Калі цябе гэта складана зрабіць, проста не рабі крыўды іншым людзям, жыві па сумленні. Я веру ў эфект бумеранга. І чым болей ты зробіш годных спраў, тым больш дабрыні потым да цябе вернецца. Я памятаю, як да мяне ў Оршы падышоў мужык і наўпрост сказаў: “Я нядаўна “адкінуўся” з зоны, калі не шкада, дай мне крыху грошай на цыгарэты”. І я даў. Бо ў чалавека нічога няма, ён і так жыццём пакрыўджаны. Для мяне гэтыя грошы нічога не зменяць, а гэтаму мужчыну яны, можа, не дадуць канчаткова страціць веру ў лепшае, у дабрыню, у людзей… Хто ведае, можа ён і сам зменіцца да лепшага?

Ліна Мілаш, budzma.by

Фота Аляксандра Ждановіча

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты