Tribuna/Бокс/Блоги/Будзьма беларусамі!/«Мару запісаць альбом рэпу па-беларуску». Вельмі незвычайны баксёр рыхтуецца да Рыа

«Мару запісаць альбом рэпу па-беларуску». Вельмі незвычайны баксёр рыхтуецца да Рыа

20-гадовы ўраджэнец Маладзечна будзе баксёрам, які сёлета прадставіць нашу краіну на Алімпійскіх гульнях у Рыа. Нягледзячы на малады ўзрост, Дзмітрый Асанаў стала заваёўвае ўзнагароды на прэстыжных сусветных першынствах. На перспектыўнага баксёра з Беларусі звярнула ўвагу нават прамоўтарская кампанія легендарнага Майка Тайсана і прапаноўвала супрацоўніцтва.

Автор — Budzma Razam
4 июля 2016, 17:39
3
«Мару запісаць альбом рэпу па-беларуску». Вельмі незвычайны баксёр рыхтуецца да Рыа

Сучасны бокс, як вядома, зарадзіўся ў Англіі і стаў улюбёным заняткам тутэйшых джэнтльменаў. Калі ўпершыню бачыш Дзмітрыя Асанава, здаецца, што ён прышэлец з тых часоў: у яго вельмі далікатныя, інтэлігентныя манеры, якія цяжка звязаць з тым, чым так славіцца бокс, — моцай і агрэсіяй. Пазнаёміўшыся бліжэй з яго біяграфіяй, цяжка ўстрымацца ад аналогій з вядомым беларускім паэтам-рамантыкам Максімам Багдановічам, бо Дзмітрый таксама шмат часу ў дзяцінстве правёў у Расіі, а цяпер спрабуе пісаць вершы на беларускай мове, якія часам трансфармуюцца ў рэп. Нешматслоўны, ён поўны таямніц і менавіта гэтым небяспечны для сваіх сапернікаў на рынгу.

“Раней такая туса была ў Маладзечне, а цяпер усе раз’ехаліся”

Калі сказаць слова “радзіма”, то першае, што мне згадваецца, — гэта Маладзечна, горад майго дзяцінства і юнацтва. Ён такі ціхі, утульны, родны. Я ведаю тут кожны завулак, кожны дом. А як лёгка па ім перасоўвацца! А Мінск — ён вялікі. Трэба пастаянна падстройвацца пад расклад грамадскага транспарту, лёгка згубіцца сярод яго вялізных дамоў. Гэта цяпер у мяне машына, што вельмі зручна, калі трэба з трэніровак альбо тэрміновых справаў у сталіцы вяртацца дадому. Вельмі ганаруся, што на яе зарабіў сам, таму выбіраў звычайны аўтамабіль, без пантоў. Я і так самадастатковая асоба.

Раней такая туса была ў Маладзечне — сябры, знаёмыя, а цяпер усе раз’ехаліся, жыццё ўжо не так бурліць… Добра, калі сустрэнешся з двума-трыма сябрамі ў кавярні. Але кожны раз прыемна вяртацца ў Маладзечна, бо тут мой сапраўдны дом.

“Людзі-камп’ютары — гэта ж страшна!”

Я шчаслівы, што ў мяне разам з сябрамі было нармальнае дзяцінства. Мы цэлымі днямі ганялі ў двары ў футбол, а ўзімку абавязкова каталіся на лыжах, гулялі ў хакей, снежкі. У мяне мабільны тэлефон з’явіўся толькі класе ў дзявятым.  А цяпер я прыходжу на трэніроўку і бачу новае пакаленне баксёраў, якія не паспелі яшчэ як след пераапрануцца, а ўжо сядзяць у тэлефонах. Іх асабістыя мары і памкненні не сягаюць далей за новы прышпільны гаджэт на дзень народзінаў… Людзі-камп’ютары — гэта ж страшна! Я пытаюся ў іх: “А вы ведаеце, што такое даміно, шахматы?” У адказ маўчанне. Пра што з імі можна гутарыць? Ім нават цяжка з табою размаўляць, бо прасцей напісаць паведамленне праз сацсеткі. Трэнеры ўжо нават і не здзіўляюцца, што ў новага пакалення сур’ёзныя праблемы з каардынацыяй, ім цяжка ўспрымаць элементарныя словы. Ты яму кажаш “павярніся ўправа”, а ён паварочваецца ўлева, не ведае, якой рукой трэба ўдар наносіць… Я ўжо маўчу, як у іх праз празмернае захапленне гаджэтамі псуецца зрок, выправа.

“На тэлебачанні зашмат “чарнухі”

Маладое пакаленне часта папракаюць у залішняй пасіўнасці. І мне цяжка з гэтым не пагадзіцца. Адну з прычын гэтага я бачу ў тым, што нам паказваюць па тэлебачанні. Ты прыходзіш са школы дадому, хочаш крыху расслабіцца, уключаеш тэлевізар, а там суцэльны негатыў: бойкі, разборкі, забойствы, канфлікты, цкаванне. Паглядзіш — і страшна на двор выходзіць, страшна жыць, нічога не хочацца. Маладое пакаленне не бачыць сябе ў тэлевізары. Так мала цікавых праграм для моладзі, нечага светлага, пазітыўнага, што натхняла б рухацца далей, ствараць, перамагаць.

“Не ўяўляю свайго жыцця без Беларусі”

Мне крыху складана свабодна размаўляць на беларускай мове, чаго я вельмі саромеюся, бо ў дзяцінстве шмат часу праводзіў на радзіме бацькі ў Чалябінскай вобласці. Можа, таму я ўвесь час імкнуся неяк удасканальваць свае веды. Выпускныя экзамены ў гімназіі здаваў на  беларускай мове. Вучыўся я заўсёды добра, сярэдні бал атэстата — 8,2, таму з лёгкасцю паступіў ва ўніверсітэт. Я не ўяўляю свайго жыцця без Беларусі, мне тут камфортней за ўсё. За мяжой ужо не тая атмасфера, нават калі я прыязджаю на спаборніцтвы ў Расію. У нас больш культурная краіна, а там жыццё вельмі суровае…

У маёй сям’і склаліся свае прафесійныя дынастыі. З боку маці ўсе звязаныя з медыцынай, а з боку бацькі — з боксам. Ён і сам — вядомы трэнер, суддзя міжнароднай катэгорыі, майстар спорту СССР. Вось і я больш за 10 гадоў займаюся боксам.

Мару запісаць з сябрам альбом беларускамоўнага рэпу

Мой найлепшы сябар вельмі любіць беларускую мову і культуру і гэтым моцна ўплывае  на мяне. Мы разам пішам рэп. Нават гэтым вядомыя ў пэўных колах. Цяпер марым запісаць альбом беларускамоўнага рэпу, але, на жаль, пакуль няма часу: у мяне спаборніцтвы і падрыхтоўка да Алімпіяды, а ў яго — вучоба. Жывем у розных гарадах і зрэдку можам сустракацца.

“Я —  неБрус Уіліс, але сусвет выратаваў бы”

Такой зоркай-зоркай, каб мяне пазнавалі на вуліцы, я пакуль не стаў. Але мне дастаткова, што мяне добра ведаюць на прэстыжных сусветных першынствах. Школа беларускага боксу даўно добра сябе зарэкамендавала на міжнароднай арэне. Таму калі бачаць на тваёй форме надпіс “Belarus”, ніхто не пытаецца: “А што гэта?” Вельмі прыемна пастаянна чуць пазітыўныя водгукі пра нашу краіну і яе спартоўцаў.

Я —  не Брус Уіліс, але сусвет выратаваў бы, нават цаной свайго жыцця, калі б мне сказалі, што толькі я магу зрабіць гэта. Важна жыць не толькі дзеля сябе, а і для іншых. Раз жывеш — не марнуй часу, прынось карысць гэтаму свету! З задавальненнем бы паўдзельнічаў і ў мерапрыемствах па папулярызацыі нашай мовы і культуры, каб больш людзей успомніла пра сваю спадчыну.

“З дзяцінства марыў наведаць Бразілію”

З дзяцінства марыў наведаць Бразілію, бо захапляўся бразільскім футболам. Вельмі чакаю сваёй першай сустрэчы з гэтай экзатычнай краінай. Хоць мне там будзе не да забаўлянак. Цяпер усе мае сілы сканцэнтраваныя на падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Рыа, каб выйсці да жніўня на пік формы і прадэманстраваць усё, на што здольны.  Штосьці загадзя загадваць не хачу, бо спорт і перамога — гэта заўжды латарэя: лёсаванне, элементарнае шанцаванне, ды яшчэ шмат фактараў, якія могуць паўплываць на канчатковы вынік. Настрой у мяне толькі адзін — паказаць прыгожы бокс, каб мяне ацанілі мінімум на медаль. Выдатна, калі ён будзе залаты.

У свой час мне прапаноўвала супрацоўніцтва прамоўтарская кампанія Майка Тайсана. Але пакуль да Рыа я пра гэта нават не думаю. Натуральна, хацелася б паспрабаваць сябе і ў прафесійным боксе, але гэта іншы спорт, дзе ўсё больш жорстка, затое і перспектывы там больш яскравыя.

“Перад боем чытаю Рэмарка і слухаю музыку”

Калі перад боем баксёры пачынаць “вайну” позіркамі, для мяне гэта звычайнае шоў. У мяне гульнявая манера на рынгу: “азвярыну” ад мяне не дачакаецеся. Перад боем я настройваюся з дапамогай музыкі і кніг. Мне гэта вельмі дапамагае, асабліва люблю Рэмарка, але планую бліжэй пазнаёміцца і з сучаснай беларускай літаратурай. Тым больш што сябры пастаянна раяць пачытаць Віктара Марціновіча ці Святлану Алексіевіч.

“Самае складанае —  змагацца з сабою”

Я шчыра малюся перад кожнай сваёй вандроўкай на спаборніцтвы. Сярод баксёраў ёсць людзі самых розных веравызнанняў: ад хрысціян і мусульман да паганцаў і тых, хто верыць у свае сілы. Нават амулеты Тора хтосьці носіць. Аляксандр Паветкін — самы вядомы паганец у сусветным боксе. У што верыць і ці верыць наогул — гэта асабістая справа кожнага. Галоўнае, каб чалавек заставаўся чалавекам і нікому не рабіў дрэннага.

Самае складанае — змагацца з сабою, перамагчы свае негатыўна-дэпрэсіўныя думкі. Часам спартовец выдатна падрыхтаваны і сапернік яму па зубах, але ён пачынае сам сябе накручваць, і панеслася… Гэта вельмі тонкія псіхалагічныя нюансы. Мне, наадварот, даспадобы змагацца з мацнейшымі, бо тады атрымліваецца прыгожы і відовішчны бой, а тваё майстэрства расце.

“Перамагае не цвет скуры, а майстэрства байца”

Прайшлі часы, калі на рынгу дамінавалі выключна чарнаскурыя баксёры. Так, у іх лепш развітая мускулатура, якая адказвае за хуткасць, за кошт гэтага яны шпарчэй рухаюцца на рынгу, хутчэй наносяць удары. У  нас затое лепш развітая трываласць. Калі мы можам сябе перамагчы, перацярпець, то ім гэта складаней зрабіць. Перамагае не цвет скуры, а майстэрства байца. У свой час я перамагаў цемнаскурых сапернікаў і саступаў белым. Таму ўсё вельмі адносна на рынгу.

“Балюча бывае толькі пасля бою”

Перад выхадам на рынг я не адчуваю страху, толькі пачуццё трывогі ахоплівае часам, што магу прайграць. А каб баяўся, што мне надаюць люляў, — такога няма. Бо калі страшна, можна наогул на рынг не выходзіць. Гледачам можа падацца, што мы адзін аднаго моцна б’ем і мусім адчуваць жудасны боль, але на адрэналіне гэтага не адчуваеш. Балюча бывае толькі пасля бою. Часам пераглядаеш свае баі і сам здзіўляешся, як там усё жорстка было, а потым зноўку ідзеш на трэніроўку і працуеш над тым, каб не прапусціць ніводнага ўдару…

Пра пластычныя аперацыі пакуль, дзякуй Богу, не задумваўся. Галоўнае — не дапусціць на рынгу такога, каб потым давялося іх рабіць.

“У яго алімпійская ліцэнзія ў кішэні, а ён трапляецца на… наркотыках”

Трэба заўсёды мець галаву на плячах. Многіх таленавітых маладых спартоўцаў губіць нават не допінг, а наркотыкі. У яго алімпійская ліцэнзія ў кішэні, а ён трапляецца на… наркотыках. Бо захацелася расслабіцца пасля цяжкіх трэніровак. Я не ведаю, што трэба зрабіць, каб эфектыўна супрацьстаяць распаўсюду наркатычных сродкаў сярод моладзі. Кожны робіць свой выбар сам… Мабыць, калі ўнутры пустата, калі няма мэтаў, мараў, чалавек шукае самае простае выйсце, чым яе запоўніць.

“Вера ў тое, што ты непераможны, да дабра не давядзе”

Многіх спартыўных заўзятараў здзіўляе: як так? Такой моцнай асобай быў іх кумір і раптам зламаўся. Бо ў яго была бліскучая спартовая кар’ера, поспех, усеагульнае прызнанне. І нават самы сціплы чалавек можа пасля гэтага паверыць, што так будзе заўсёды, што ён — непераможны. Гады мінаюць, час завяршаць кар’еру, а ён усё верыць, што яшчэ адзін бой, яшчэ адна перамога… Вера ў тое, што ты непераможны, да дабра не давядзе. Трэба спакойна ўспрымаць паразы і своечасова сыходзіць, каб застацца Чалавекам з вялікай літары і паспець яшчэ зрабіць шмат добрых спраў. Жыццё ж заўсёды большае за спорт! Твае перамогі з часам забудуць, а якім ты быў чалавекам  — не.

 

Ліна Мілаш, budzma.by

Фота Аляксандра Ждановіча

Другие посты блога

Все посты