Tribuna/Футбол/Блоги/Железный дровосек/«Трыбуны сустракалі яго апладысментамі». Гісторыя чалавека, які зрабіў Маладзечна футбольным горадам

«Трыбуны сустракалі яго апладысментамі». Гісторыя чалавека, які зрабіў Маладзечна футбольным горадам

Жыццё Генадзя Карпенкі.

Автор — Тарас Щирый
28 октября 2016, 23:26
22
«Трыбуны сустракалі яго апладысментамі». Гісторыя чалавека, які зрабіў Маладзечна футбольным горадам

Той сакавіцкі дзень 1999 года яго блізкія запомнілі назаўжды. Звычайны аўторак абярнуўся нечаканай трагедыяй. Вядомы беларускі палітык Генадзь Карпенка сустрэўся з журналісткай Людмілай Асінскай. Праз пэўны час адчуў сябе блага. Яго даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі, дзе пратрымалі суткі, а пасля перавялі ў нейрахірургію. Але гэта стан здароўя Карпенкі не палепшыла.  Праз тыдзень ён памёр. Афіцыйная версія – інсульт. Але што стала яго прычынай, невядома. Раптоўная смерць Карпенкі пакінула мноства пытанняў, якія і дагэтуль застаюцца без адказаў. Так скончылася жыццё палітыка-апазіцыянера, якога лічылі рэальным прэтэндэнтам на прэзідэнцкае крэсла, функцыянера, які за некалькі гадоў зрабіў з Маладзечна сапраўдны футбольны, культурны і эканамічны цэнтр. Гэты аповед – пра ягоны лёс.  

«Прашчур Карпенкі кіраваў браневіком Леніна»

Пасляваенныя гады даліся Беларусі няпроста. Падчас Другой сусветнай былі знішчаны і разрабаваны 209 з 270 беларускіх гарадоў і райцэнтраў. Але жыццё з яго прыемнымі дробязямі працягвалася нават у такіх складаных умовах. Вера Розум толькі-толькі вярнулася з нямецкага палону ў родныя Смалявічы, вучылася жыць па-новаму. Аднойчы сяброўка запрасіла яе ў Калодзішчы на танцы. Дзяўчына пагадзілася. Аднак у той дзень ніякай вечарыны не было. І, напэўна, добра, што не было. Дзяўчаты пайшлі ў вайсковую часць, дзе Вера сустрэла Дзмітрыя, мужчыну, які цалкам змяніў усё яе наступнае жыццё. Маладыя пабраліся шлюбам. Пэўны час жылі ў Смалявічах, а пасля пераехалі ў Мінск. Тут і нарадзіўся 17 верасня 1949 года хлопчык, якога назвалі Генадзем.

Відаць, яму было наканавана стаць публічным чалавекам. Валерый Костка, сябар і блізкі паплечнік Карпенкі, расказвае, што ў далёкім 1917 годзе Арсень Папковіч, Генадзеў прашчур, патрапіў у самы гушчар палітычнага жыцця Расіі. Не, ён не быў прамоўцам. Ён кіраваў браневіком, з якога ў Петраградзе выступаў сам Уладзімір Ленін. На гэты конт спадар Генадзь часта жартаваў: «Каб прашчур быў разумнейшы, усе пытанні з будучым камуністычным лідарам вырашыў бы адразу».

Арганізатарскія здольнасці ў маленькім Гене праявіліся рана – яшчэ у школьным узросце. Суседка неяк падарыла яму і брату Сашу фільмаскоп, пасля чаго хлопчык пачаў праводзіць хатнія сеансы коштам па 5-10 капеек. Як прызнаваўся пасля Аляксандр Карпенка, расклад сеансаў у іх хаце ведала ўся вуліца.

Што цікава, у ВНУ Генадзь Карпенка паступіў толькі з другой спробы. Але гэтая акалічнасць ніяк не паўплывала на будучую навуковую кар’еру. Пасля заканчэння політэхнічнага інстытута ён 15 гадоў аддаў Акадэміі навук. Пачынаў стажорам-даследчыкам, а скончыў працу загадчыкам аддзела Беларускага НДІ парашковай металургіі. Карпенка напісаў манаграфію і стаў аўтарам 40 вынаходніцтваў, некаторыя з іх выкарыстоўвалі нават пры стварэнні касмічнай тэхнікі. У 1990-м ён стаў доктарам навук, а пасля таемным галасаваннем быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Але Карпенка вядомы не толькі навуковай дзейнасцю. У 1987-м ён узначаліў Маладзечанскі завод парашковай металургіі, адзін з нешматлікіх на ўвесь Савецкі Саюз. А праз чатыры гады спадар Генадзь стаў старшынёй Маладзечанскага гарвыканкама.

З гарадской плошчы хацеў прыбраць помнік Леніну

Для Карпенкі-мэра Маладзечна было цудоўнай пляцоўкай для ажыццяўлення разнастайных задум. Яго добра помнілі як дзейнага кіраўніка завода, які ўзняў прадпрыемства на новы ўзровень, а таму многія ініцыятывы старшыні, нават радыкальныя для савецкай ментальнасці, людзі віталі. І калі Карпенка вырашыў дэкамунізаваць горад і прыбраць савецкія назвы вуліц, яго падтрымала тамтэйшая інтэлігенцыя. Не пагаджаліся толькі камуністы і ветэраны, але і з імі неяк знайшлі паразуменне.

– Карпенка падключыў да справы перайменавання Акадэмію навук. Была створана тапанімічная камісія, якую папоўнілі вядомыя мясцовыя гісторыкі Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч, – прыгадвае Валер Костка, які працаваў кіраўніком спраў гарвыканкама. – У выніку Маладзечна стаў першым беларускім горадам, у якім знішчылі савецкія назвы. На гарадскіх шыльдах з’явіўся Вялікі Гасцінец, вуліцы Забэйды-Суміцкага і Вольная, Віленская і Лібава-Роменская. Горад проста пачаў дыхаць вольным паветрам.

Кажуць, Карпенка нават хацеў прыбраць помнік Леніну з галоўнай плошчы горада, аднак той аказаўся пад абаронай дзяржавы.

На гэтым спадар Генадзь не спыніўся. Пры ім у Маладзечне стварылі тэатральны фэст «Маладзечанская сакавіца», пачалі праводзіць нацыянальны фестываль песні і паэзіі. Можна і не паверыць, аднак тут па-беларуску спявала Ліка Ялінская, якая яшчэ не была Анжалікай Агурбаш. Пераможца першага конкурса маладых выканаўцаў, дарэчы, атрымала «ВАЗ-2109».

Праекты Карпенкі мастацтвам не абмяжоўваліся. На пачатку 1990-х у Маладзечне былі добрыя ўмовы для развіцця эканомікі. На пэўны час для прадпрымальнікаў скасавалі падаткі. Сюды рэгістравацца прыязджалі кіраўнікі буйных сталічных кампаній. Літаральна за адзін год гарадскі бюджэт па даходах вырас у тры разы. І грошы, па слова Косткі, не знікалі, а ішлі на рамонт і будаўніцтва дамоў ветэранаў, настаўнікаў, медыкаў, на асфальтаванне вуліц.

Але ў спадара Генадзя была яшчэ адна ідэя – стварэнне футбольнай каманды, якая б магла выступаць у чэмпіянаце Савецкага Саюза.

«Такія суддзі заўжды каціраваліся на Захадзе»

У футбол ён гуляў з дзяцінства, але больш сур’ёзна заняўся ім падчас студэнцтва, калі пачаў працаваць суддзёй.

– Генадзь быў дужым, высокім хлопцам. Як суддзя выглядаў эфектна. Такія заўжды былі запатрабаваныя на Захадзе, – прыгадвае Аляксандр Пазняк, былы трэнер жодзінскага “Тарпеда”, сустрэчы якога ў першынстве БССР судзіў Карпенка. –  Я, праўда, не памятаю, ці часта ён раздаваў футбалістам чырвоныя і жоўтыя карткі, але, на мой погляд, выконваў сваю працу якасна. 

Прабіцца на вышэйшы ўсесаюзны ўзровень было вельмі складана. Судзейская квота на нашу рэспубліку была невялічкая, але Карпенка ўсё ж такі крыху пасудзіў матчы каманд другой лігі. Эдуард Ціхановіч, які ў свой час узначальваў аналаг сённяшнага Дэпартамента судзейства і інспектаванн БФФ, характарызуе Карпенку-суддзю як «арбітра, які кваліфікавана выконваў сваю справу ў патрэбных рамках». Зрабіць паспяховую судзейскую кар’еру ў яго не атрымалася. Затое ў якасці футбольнага функцыянера ён дасягнуў многага.

«На футболе гатавалі шашлыкі і прадавалі піва»

У футбол у Маладзечне гуляюць здаўна. Мясцовыя каманды пастаянна ўдзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, але да прыхода Карпенкі калектыў апошні раз перамагала ў чэмпіянаце БССР у 1960-х.

– Калі ён стаў дырэктарам завода, мы якраз выйшлі ў другую лігу БССР, нанова стваралі каманду, якая складалася цалкам з мясцовых хлопцаў, – прыгадвае Уладзімір Галубко, адзін з маладзечанскіх футбольных старажылаў. – Карпенка пра нас ведаў. І неяк запрасіў мяне да сябе на размову (я на той момант сумяшчаў футбол з працай у ДзЮСШ) і сказаў, што хоча пры заводзе стварыць сур’ёзную каманду. На нашым стадыёне дублёры«Дынама» некаторы час прымалі сваіх сапернікаў па чэмпіянаце Саюза. І падчас аднаго з матчаў ён прадставіў мне Сяргея Бароўскага як будучага трэнера нашай каманды.

Што цікава, знаёмства Карпенкі і Бароўскага выпадковым не было. Яны ведалі адзін аднаго з самага дзяцінства. Абодва жылі ў раёне велазавода, на якім працаваў начальнікам цэха Карпенкаў бацька, часта разам ганялі мяч. І гэта нягледзячы на тое, што Сяргей быў маладзейшы за астатніх хлопцаў. Так у дваравых баталіях і нарадзілася знаёмства футбаліста і функцыянера, якое працягнулася да смерці спадара Генадзя.

У 1987-м Бароўскі, які ўсю кар’еру правёў у мінскім «Дынама», з-за траўмы (непакоілі ахілы) з футболам завязаў, і на прапанову ўзначаліць каманду адгукнуўся станоўча.

– Задачы ставіліся даволі сур’ёзныя. Мяне гэта прывабіла, – прыгадвае спадар Сяргей. – Мінская вобласць не прадстаўляла сваю каманду на ўсесаюзным узроўні, і наш «Металург» павінен быў стаць такім калектывам – за два гады праз «Кубак мільёнаў», турнір калектываў фізкультуры, выйсці ў другую лігу.

Карпенка дапамагаў калектыву, як мог. Напачатку каманда не мела прафесійнага статусу, гуляла на першынстве Беларусі сярод вытворчых калектываў. Гульцоў вырашылі аформіць спартсменамі-інструктарамі на заводзе пры эксперыментальным ФК «Металург». З часам футбалістам пачалі выдзяляць кватэры, дапамагалі набыць аўто. Многія гульцы жылі ў Маладзечне, а астатнія прыязджалі на трэніроўкі з Мінска. Ну а калі на стадыёне запрацавала гасцініца, каманда засялялася ў яе напярэдадні сустрэч. «Металург» праводзіў таварыскія матчы з польскімі, чэхаславацкімі, французскімі клубамі. А ў 1991-м у Маладзечна наогул завітаў англійскі «Брайтан», які зараз выступае ў Чэмпіёншыпе. Перамогу з лікам 1:0 тады атрымалі гаспадары.

Пытанні з трэніровачнымі зборамі таксама не ўзнікалі. Усё было на ўзроўні прафесійных каманд.

–  Напярэдадні фінальнай сустрэчы «Кубка мільёнаў» «Металург» правёў трэніровачны збор у Адлеры, – кажа Сяргей Бароўскі. – Каманды вытворчых калектываў звычайна ездзілі у Раўбічы і Стайкі, а мы паехалі трэніравацца на чарнаморскае ўзбярэжжа. Гэта было нешта неверагоднае! Карпенка вырашаў усе нашыя пытанні. Тое, што рабілася для «Металурга», другім нават не снілася.

– Па інфраструктуры, заробках, прэміяльных каманда імкнулася да ўзроўню беларускіх клубаў другой саюзнай лігі, – узгадвае нападаючы Аляксандр Вяжэвіч, які прыйшоў у «Металург» у 1989-м годзе. – На той момант у арганізацыйным складніку мы ўжо былі вышэйшыя за каманды, якія выступалі ў першынстве БССР.

«Мэр арганізаваў чартарны рэйс за 16 тысяч долараў»

З камплектаваннем складу таксама не было праблем. Кандыдатуры футбалістаў, якіх запрашаў Бароўскі, Карпенка пераважна падтрымліваў. У выніку перад стартам у «Кубку мільёнаў» у 1991-м у «Металурга» склалася даволі баездольная дружына: Аляксандр Кісцень, Леанід Кучук, Алег Кубараў, Аляксандр Вяжэвіч, Ігар Кавалевіч...

– Ігар быў добрым «сабакам», – прыгадвае Уладзімір Галубко, які быў капітанам каманды. – Калі нехта супраць нашых хлопцаў гуляў брудна, подла, ён разам з Сашам Лебедзевым, яшчэ адным абаронцам, сустракаў іх на полі даволі жорстка, каб не карцела.

На шляху да другой лігі «Металургу» трэба было прайсці сапраўдны квэст: па чарзе ў Кубку мільёнаў перайграць пяць калектываў з Расіі, Малдовы, Украіны і Азербайджана. Ленінградскую “Змену”, “Крышталь” з Фалештаў беларусы прайшлі спакойна, а вось у 1/4 фіналу на шляху металургаў аказаўся няпросты сапернік – «Тарпеда» (Арзамас).

У гэтым турніры даволі часта ўсё вырашалі суддзі. Сяргей Бароўскі  спецыяльна выходзіў на Паўла Казакова, кіраўніка ўсесаюзнай калегіі суддзяў, з адной толькі просьбай – каб чэсна судзілі беларусаў. Акрамя таго на кожны матч трэнер вазіў з сабой відэакамеру, папярэджваў арбітраў аб тым, што ўсе іх памылкі будуць запісаны і накіраваны ў судзейскі камітэт. Але паўторны матч з камандай з Арзамаса і без судзейскіх памылак для беларусаў складваўся драматычна.

Пасля хатніх 2:0 хлопцы Бароўскага першымі забілі ў гасцях, разняволіліся – і літаральна за паўгадзіны атрымалі чатыры галы ў свае вароты. Сітуацыя кардынальна змянілася. Цяпер забіваць трэба было «Металургу». Аднак сапернік, якога гнаў наперад запоўнены стадыён, сам гуляў нядрэнна. Маладзечанцам прыходзілася абараняцца. І тут за дзесяць хвілін да канца сустрэчы Алег Кубараў па мянушцы «Бэст» выканаў цудоўную дыяганальную перадачу на Аляксандра Вяжэвіча, які прабіў дакладна і зрабіў патрэбную розніцу для беларусаў – 4:2. Трыбуны сціхлі.  А на полі, як узгадваюць гульцы «Металурга», пачаўся сапраўдны тэатр. Футбалісты «Тарпеда» біліся адзін аб аднаго, падалі ў штрафной пляцоўцы і вымольвалі пенальці. Беларусам прыходзілася проста адбягаць ад супернікаў, каб нават выпадкова да каго не дакрануцца. Так і датрывалі да канца.

Ну а ў фінале, які мусіў прайсці ў азербайджанскім Сумгаіце, «Металург» чакаў мясцовы «Памбыгчы». Генадзь Карпенка нават арганізаваў для каманды чартар, які на той час каштаваў 16-17 тысяч долараў. У Баку куратар «Металурга», які наведваў усе хатнія гульні маладзечанскай каманды, паляцеў разам з «Металургам» і нават прайграў у паветры тэлевізар у спрэчцы з Вяжэвічам.

– У Карпенкі быў дзень народзінаў. Падчас пералёту у Баку ён сказаў мне, што калі двойчы заб’ю «Памбыгчы», падорыць мне тэлевізар, – прыгадвае Аляксандр. – Хто ведае, можа, ён не думаў, што зраблю гэта. Але я двойчы паразіў вароты. І Карпенка сваё абяцанне выканаў. Тэлевізар, дарэчы, быў добры – з пультам. За такім паўгода трэба было ў чарзе стаяць.

«На футбол прыходзіла ўсё кіраўніцтва горада і бізнесмэны»

«Памбыгчы», з якім прыйшлося аспрэчваць трафей, – каманда не вельмі высокага ўзроўню. Але атмасфера і арганізацыя матчу добрай падрыхтоўцы не спрыялі. Беларусаў пасялілі ў гасцініцу без святла. З харчаваннем  былі праблемы. Рэстараны не працавалі. На прылаўках было пуста. Акрамя сасісак, кансерваў і каньяку нічога не прадавалася. Усё гэта рабіла шанцы каманд прыкладна роўнымі. Але нягледзячы на ўсе перашкоды, маладзечанцы перамаглі «Памбыгчы» з лікам 2:1. Крайнімі ў паражэнні азербайджанцы зрабілі суддзяў, якіх яшчэ падчас гульні пачалі закідваць камянямі. Дасталося і беларусам. Запасному варатару «Металурга» Андрэю Буглаку па дарозе ў падртыбуннае памяшканне нехта з мясцовых футбалістаў разбіў твар. Міліцыя бяздзейнічала. Пакідаць стадыён маладзечанцам прыйшлося аператыўна.

На той момант гэта быў сапраўдны поспех. Беларуская каманда ўпершыню заваявала «Кубак мільёнаў». Гульцы атрымалі па каляровым тэлевізары, ім былі прысвоены званні кандыдатаў у майстры спорту.

Да кубка маладзечанцы дадалі залатыя медалі першынства БССР. Калектыў быў на ўздыме. Усе чакалі дэбюта «Металурга» ў другой лізе, але 25 снежня 1991 года Савецкі Саюз распаўся на 15 незалежных краін. Ідэя Карпенкі так і засталася нерэалізаваная.

У той час у горадзе быў сапраўдны футбольны бум. На стадыён, які змяшчаў 5,5 тысяч гледачоў, прыходзіла 8 тысяч. А тыя, каму не хапала месцаў, стаялі вакол поля. Падчас матчаў «Металурга» прадавалі гарбату, піва, гатавалі шашлыкі. І ніякіх канфліктаў, як узгадвае Уладзімір Галубко, на стадыёне не было.

– Карпенку людзі паважалі, – працягвае спадар Уладзімір. – Пры ім Маладзечна ачуняў. Усё кіраўніцтва горада, бізнесмэны, якія дапамагалі клубу, пастаянна хадзілі на нашы матчы. Ну а калі міма трыбуны ішоў Генадзь Карпенка, заўзятары сустракалі яго апладысментамі.

«Металург» (пасля клуб называўся проста «Маладзечна») пачаў выступаць у чэмпіянаце незалежнай Беларусі і у першым туры нават згуляў унічыю з мінскім «Дынама».

 

Праз пэўны час Карпенка пачаў працаваць у Вярхоўным Савеце. На футбол часу заставалася няшмат, але ён усё роўна кантраляваў справы каманды, сустракаўся з Бароўскім у Доме ўраду. Праўда, пасля таго, як Карпенка пакінуў пасаду старшыні гарвыканкама, у мясцовым футболе пачаўся рэгрэс. Клуб «Маладзечна» павольна апускаўся ў табліцы, і ў 2000-м годзе каманда пакінула першы дывізіён. Зараз клуб выступае ў другой лізе. Аб вышэйшай прыходзіцца толькі марыць. Цяпер у Маладзечне галоўная спартыўная забава – хакей, які раней у горадзе ніколі на добрым узроўні не развівалі.

Дарэчы, многія маладыя футбалісты з таго карпенкаўскага «Металурга» зрабілі добрыя кар’еры. Ігар Кавалевіч пагуляў за «Прамень» з Уладзівастока, цюменскі «Дынама-Газавік», «Белшыну» і «Нёман». Два Алегі – Кубараў і Дулуб – сталі вядомымі футбольнымі трэнерамі. А Аляксандр Вяжэвіч забіваў у вышэйшай лізе Расіі за новарасійскі «Чарнаморац», гуляў за кіпрскую «Неа Саламіну». Пры гэтым час, праведзены ў «Металургу», ён усё роўна лічыць лепшым у спартыўнай біяграфіі.

– Шчыра кажучы, цудоўныя гадзіны, дні, праведзеныя з камандай, я б з асалодай перажыў яшчэ б раз, – з настальгіяй кажа Вяжэвіч. – Толькі тыя імгненні назад ужо не вернеш.

Тая каманда не толькі добра гуляла, але магла і нядрэнна павесяліцца. Галоўным жартаўніком быў варатар Мікалай Абрамовіч. Вось вам гісторыя пра яго. «Маладзечна» вярталася самалётам з малдаўскага горада Фалешты пасля матчу Кубка мільёнаў, і старэнькі бухгалтар вялікую каністру з віном даручыў Мікалаю. Відаць, не ведаў, не здагадаваўся, які лёс чакае ягоны падарунак. Падчас палёту футбалісты па прапанове Абрамовіча ўпотай выпілі па шклянцы віна, а назад залілі крыху вады.

– Калі мы вярталіся ў Маладзечна на аўтобусе з аэрапорта, наш бухгалтар, шчодрая душа, вырашыў пачаставаць хлопцаў добрым віном, – з усмешкай узгадвае Вяжэвіч. – Першы кубачак наліў сабе, праглынуў і… пахмурнеў. А пасля вымавіў: “Якія ж гэтыя малдаване… Здаецца, добрыя, усмешлівыя людзі, але адным віном пачаставалі, а ў каністру другое налілі”.

Кубак мільёнаў, між іншым, і дагэтуль знаходзіцца ў Маладзечне – у кватэры Уладзіміра Галубко. На пачатку 90-х трафей хацеў забраць Вячаслаў Каласкоў, тагачасны старшыняю Расійскага футбольнага саюза, аднак Аляксандр Ракіцкі, начальнік «Металурга», пайшоў на падман, сказаў, што ніякага кубка ў Маладзечне няма. Каласкоў адчапіўся, а галоўны трафей у гісторыі маладзечанскага футбола назаўсёды застаўся ў горадзе.

«Ягоныя амбіцыя распасціраліся далей футбольнай федэрацыі»

Працуючы ў Маладзечне, Генадзь Карпенка быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яго палітычная кар’ера паступова развівалася. На спорт заставалася няшмат часу, але ён стараўся наведваць матчы, падтрымліваў каманду, футбольную федэрацыю.

– Яму, дарэчы, прапаноўвалі ўзначаліць федэрацыю, аднак ён адмовіўся, – прыгадвае Сяргей Бароўскі. – Проста ягоныя амбіцыі распасціраліся далей.

У 1994-м Генадзь Карпенка вырашыў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Акрамя яго свае ініцыятыўныя групы тады зарэгістравалі досыць вядомыя палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк і малады Аляксандр Лукашэнка. Каб прыняць удзел у выбарах, кандыдат мусіў сабраць 100 тысяч подпісаў ад выбаршчыкаў альбо не менш за 70 – ад дэпутатаў Вярхоўнага Савета. У асобе Карпенкі, які меў аўтарытэт сярод інтэлігенцыі, спартсменаў, эканамістаў, другіх мэраў, прагрэсіўных наменклатуршчыкаў, бачылі аднаго з патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкае крэсла. Але са 108 сабраных толькі 93 тысячы подпісаў Цэнтрвыбаркам палічыў сапраўднымі. Было спадзяванне на дэпутацкія галасы, аднак адбылося самае непрыемнае. Карпенка спачатку сабраў неабходную колькасць подпісаў, а сацыял-дэмакраты Шушкевіча нечакана адмовіліся ад першапачатковага выбару. З 78 аўтографаў засталося толькі 64. Генадзь Карпенка сам зняў сваю кандыдатуру.

– Ідэальным варыянтам быў бы фінал выбараў, у якім сустрэліся б Зянон Пазняк і Генадзь Карпенка, – лічыць Валер Костка. – У такім разе да ўлады дакладна прыйшоў бы беларускі кандыдат. А склалася так, што за пасаду прэзідэнта змагаліся Вячаслаў Кебіч і Аляксандр Лукашэнка. У выніку на выбарах усе галасавалі за Лукашэнку, каб не бачыць кіраўніком краіны бюракрата Кебіча. Людзі проста не ведалі, што таталітарны рэжым можа быць горшы за бюракратыю.

Каб не быць «пад Лукашэнкам», Карпенка сышоў з пасады мэра Маладзечна і засяродзіўся на дзейнасці ў Вярхоўным савеце. Гісторыю з галасамі, як кажа Костка, ён успрыняў адэкватна, але балюча перажываў здраду, як здавалася, былых паплечнікаў.

Спадар Генадзь не выключаўся з палітычнай барацьбы. Ён паступова рыхтаваў сябе да прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, хацеў убачыць Беларусь вольнай еўрапейскай краінай. За ім быў вялікі аўтарытэт, яго лічылі адным з лідараў апазіцыі, але смерць палітыка ў росквіце сіл усё перакрэсліла. Карпенку было 49.

Афіцыйнае заключэнне дактароў, як мы пісалі, – інсульт. Але калі рабілі трэпанацыю чэрапа, заўважылі буйное кровазліццё, разрывы сасудаў.

Вось што пра смерць сябра расказаў Валерый Костка.

– Я сустракаўся з ім, ягоным братам Сашам раніцай 30 сакавіка. Генадзь выглядаў добра, бадзёра. Нішто не прадвяшчала бяды. Але ўвечары з ім здарыўся інсульт. Пасля смерці я сустрэўся і пагутарыў з усімі, хто бачыў у гэты дзень Карпенку. Мяне не цікавяць ніякія версіі наконт таго, што адбылося. Я ведаю праўду. Але час абвясціць яе пакуль не наспеў.

Жонка Людміла, з якой спадар Генадзь быў знаёмы з політэхнічнага інстытута, з сынам і дачкой пераехала ў Германію. Гадуе ўнукаў. Збіралася напісаць кнігу ўспамінаў пра мужа, але неяк прызналася, што справа ідзе марудна.

У памяці Валерыя Косткі, бліжэйшага сябра, Карпенка застаўся аматарам беларушчыны, які сябраваў з пісьменнікамі, любіў пагутарыць з журналістамі, захапляўся талентам Стэфаніі Станюты. Але перад усім – надзейным і шчырым чалавекам, якому можна было давяраць.  А футбалісты і заўзятары дагэтуль называюць яго сапраўдным спартыўным фанатам. І хто ведае, што было б з нашым футболам, калі б краіну ўзначаліў чалавек, які па-сапраўднаму яго любіў.

 

Фота:з уласнага архіва Уладзіміра Галубко, svaboda.org, udf.by, gazetaby.com, notodictator.com, ciwr.org

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты