Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Бачылі сцяг па схеме БЧБ на фінале ЛЧ? Яго разгарнуў сын Румаса, чый бацька фатаграфаваўся на фоне рэкорднага мiтынгу пасля выбараў

Бачылі сцяг па схеме БЧБ на фінале ЛЧ? Яго разгарнуў сын Румаса, чый бацька фатаграфаваўся на фоне рэкорднага мiтынгу пасля выбараў

Хадзiлi чуткi, што пасля iм цiкавiўся КДБ.

Автор — Алесь Коваль
31 мая 2021, 05:28
6
Бачылі сцяг па схеме БЧБ на фінале ЛЧ? Яго разгарнуў сын Румаса, чый бацька фатаграфаваўся на фоне рэкорднага мiтынгу пасля выбараў

Прыхільнікі «Чэлсi» радуюцца. Іх улюбёнцы другі раз у гісторыі выйгралі Лігу чэмпіёнаў. У вырашальным матчы «пенсіянеры» абыгралі «Манчэстэр Сіці» з лікам 1:0.

Цікава, што ў святкаванні тытула, здабытага ў Партугаліі, быў беларускі след. На трыбунах у першых шэрагах насупраць футбалiстаў заўзятары «Чэлсі» разгарнулі свой сцяг – ён зроблены па схеме БЧБ з некалькiмi вiдамi нацыянальных арнаментаў.

Хто разгарнуў БЧБ

Як даведалася «Трыбуна», мужчына ў сіняй майцы і паднятымі рукамі на фота – Валерый Румас. Не, гэта не проста цёзка па прозвiшчы былога прэм’ер-міністра Беларусі і экс-старшыні АБФФ, а яго старэйшы з чатырох сыноў.

 

А вось і фота паблізу, дзе не застаецца сумневаў (Валерый па цэнтры).

Чым займаецца Валерый

Старэйшы сын Румаса скончыў эканамічны факультэт БДУ, а затым разам з жонкай Настай паехаў вучыцца ў прэстыжную Cass Business School, якая ўваходзiць у структуру Лонданскага гарадскога ўнiверсiтэта. Пасля атрымання дыпломаў Валерый і яго жонка вярнуліся ў Беларусь. Тут хлопец узначаліў фан-клуб заўзятараў «Чэлсі», які існуе ўжо восем гадоў. Арганiзацыя афiцыйна прызнаная з боку «Чэлсi». На 2016 год у ёй было 63 члены. Цяпер фан-клуб узначальвае мінчанін Віталь Валовіч. 

У Мінску Валерый працаваў у інвестыцыйна-кансалтынгавай кампаніі Uniter. Аднак з часам сын экс-прэм’ера вярнуўся ў Вялікабрытанію. Цяпер Румас жыве ў Лондане, дзе займае пасаду памочніка дырэктара ў брытанскім філіяле расейскай інвестыцыйнай кампаніі VTB Capital.

У адным са сваіх інтэрв’ю Сяргей Румас распавядаў, што старэйшы сын спартыўны хлопец і нядрэнна гуляе ў тэніс. Таксама Валерый добра плавае і гуляе ў футбол з аднагодкамі.

Не першае перасячэнне Румасаў з БЧБ

Фiнал ЛЧ – не першы раз, калi «Румас» i «БЧБ» сустракаюцца ў адным загалоўку. 16 жніўня 2020 года на Facebook жонка былога прэм’ер-міністра Жанна Румас выклала палітпікантнае фота з мужам. Яны стаялі на даху Банка развіцця ў Мінску – а на фоне была прастора ля стэлы, дзе збiраўся самы вялiкi ў гiсторыi Беларусi мiтынг за чэсныя выбары ды супраць гвалту з небывалай колькасцю БЧБ-флагаў. Аднак неўзабаве пасля публікацыі Жанна выдаліла пост.

 

Таксама АБФФ, якой кіраваў Румас, заступалася за фанатаў, якiя на сустрэчу ў Барысаве зборных Беларусі і Паўночнай Македоніі прыйшлi ў шалiках з «Пагоняй» i былi затрыманыя. АБФФ падкрэслiвала, што такая сiмволiка не забароненая. Аднак МУС тады проста заявіў, што прычына затрымання ў iншым.

Чым займаецца Румас пасля футбола

Сяргей Румас пакінуў АБФФ пасля васьмі гадоў працы ў пачатку 2019 года з-за занятасці на пасадзе прэм’ер-міністра Беларусі. Тут чыноўнік прабыў да чэрвеня 2020 года, пасля чаго разам са сваім кабінетам быў адпраўлены ў адстаўку. Аляксандр Лукашэнка патлумачыў рашэнне жаданнем Румаса заняцца бізнесам.

Экс-кіраўнік белфутбола ніяк не каментаваў сітуацыю ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. А ў лютым 2021 года з’явілася інфармацыя, што Румаса быццам затрымалі супрацоўнікі КДБ. У самім ведамстве не абвяргалі навіну, а жонка чыноўніка адказвала, што той «у ад’ездзе за межамі Беларусі».

Румас выйшаў на сувязь праз пяць дзён. Як аказалася, былы прэм’ер знаходзіўся ў Лондане – якраз у гасцях у Валерыя, святкаваўшы яго дзень нараджэння.

«Я не буду даваць ніякіх каментароў, прабачце. Вы пачулі, што я жывы, не арыштаваны, але нічога каментаваць не буду. Дзякуй, што хвалюецеся», – сказаў Румас.

У гэты час у Беларусі затрымлівалі людзей з атачэння экс-чыноўніка. Паведамлялася, што справы завялі на выконваючага абавязкі дырэктара ААТ «Беларуская лясная кампанія», экс-кіраўніка «Белінвестбанка» Генадзя Сысоева, кіраўніка і сузаснавальніка Тураўскага малочнага камбіната Ігара Чарняўскага і шэрагу топаў «Белаграпрамбанка». Пры гэтым сам Румас не спяшаўся вяртацца ў Менск, дзе, па чутках, у яго доме правялі ператрус. Пасля навіны аб сваім затрыманні той месяц жыў у Кіеве. У той жа час паведамлялі, што Румаса прызначылі ў назіральны савет «Рассельгасбанка», што ўзгаднілі яшчэ восенню 2020-га. Аднак экс-прэм’ер усё не вылятаў у Маскву, што некаторыя СМІ тлумачылі бояззю затрымання на тэрыторыі Расiі. Тым не менш, у красавіку Румаса зацвердзілі ў набсавеце, дзе беларус значыўся як прадстаўнік Расійскай Федэрацыі.

У другой палове траўня з’явілася інфармацыя, што Румас на некалькі дзён прыязджаў у Мінск. Не стаў адмаўляць гэта і сам экс-чыноўнік, не знайшоўшы ў гэтым нагоды здзiўляцца.

«Пытанні да мяне з боку праваахоўных органаў выдумляюць журналісты. Іх не было і няма. На наступным тыдні зноў збіраюся ў Кіеў, у мяне там праект», – заявiў экс-прэм’ер.

Другие посты блога

Все посты