Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Глеб стаяў у праходзе, бо не хапіла месца, будучы спонсар закахаўся ў клуб, у фанатаў былі свае разборкі. Помніце, як «Крумкачы» раскаталі «Дынама» 4:1?

Глеб стаяў у праходзе, бо не хапіла месца, будучы спонсар закахаўся ў клуб, у фанатаў былі свае разборкі. Помніце, як «Крумкачы» раскаталі «Дынама» 4:1?

Автор — Скай Волк
17 мая 2022, 20:30
1
Глеб стаяў у праходзе, бо не хапіла месца, будучы спонсар закахаўся ў клуб, у фанатаў былі свае разборкі. Помніце, як «Крумкачы» раскаталі «Дынама» 4:1?

Чысты аншлаг без аўтазака.

Сёння ўначы раптоўна ўзгадаў, што 17 траўня спаўняецца шэсць гадоў адной з, магчыма, самых гучных перамог «Крумкачоў».

Калі глядзець з 2022 года, то гэта быў нейкі дзіўны свет. TUT.BY на банерах, фанаты на сектары, за футболкі з нумарам 25 не затрымліваюць, Івулін працуе на гульні, Дулуб працуе ў Менску, на матчы «Крумак» няма аўтазакаў, «Трыбуну» можна чытаць без VPN.

А пасля ўсе сталі «экстрэмістамі».

Вядома, у Беларусі былі матчы са значна большай наведвальнасцю, былі і іншыя разгромы. Але гэтая гульня выдзяляецца сярод іншых яшчэ і тым, што маладыя і дзёрзкія давіды, пра якіх мала хто ведаў год таму, выйшлі супраць галіяфаў – і не проста перамаглі, а зрабілі гэта разгромна.

Тут трэба нагадаць кантэкст. У 2015 годзе «Крумкачы» выйшлі з першай лігі ў вышэйшую, прычым у вырашальнай гульні перамаглі магілёўскі «Дняпро» (бюджэты камандаў – 0,14 млн даляраў супраць 1,14 млн) – па сутнасці, «бітва за вышку» зрабіла «Крумкачоў» вядомымі для ўсяго беларускага футбольнага свету. У тым сезоне шмат хто з заўзятараў «Дынама» прыходзіў на гульні «Крумак»: хтосьці – бо асабіста ведаў заўзятара «Дынама» са стажам і аднаго з заснавальнікаў «Крумкачоў» Дзяніса Шунто, хтосьці – бо вельмі прыемна было прыходзіць на САК «Алімпійскі» і глядзець на прыгожую гульню каманды Алега Дулуба. І ў той самай «бітве за вышку» шмат хто з «дынамаўцаў» падтрымліваў менавіта «Крумкачоў».

Але ўсё пачало змяняцца ўзімку-ўвесну 2016-га. Для «Дынама» гэта быў цяжкі час: сыходзіў Бечырай, каманда дрэнна пачала сезон, праз затрыманне Чыжа было невядома, што будзе з клубам. «Крумкачы» ж, наадварот, падпісалі спонсараў «Крыніцу» ды «Куфар» – цалкам па рынкавых коштах. Клуб не хаваў сумы кантрактаў (85 і 30 тысяч даляраў у год), бо намагаўся быць вельмі адкрытым для заўзятараў, журналістаў і проста ўсіх навокал. Калі ўсе кажуць, якія «Крумкачы» цудоўныя, а пра «Дынама» распавядаюць скандалы ды тое, што невядома, што будзе з клубам – хаця я не згодны з такім падыходам, тут магу зразумець эмоцыі заўзятараў, якія пачалі ненавідзець «Крумкачоў».

Смалы ў агонь падлівала яшчэ і тое, што па выніках вясны наведвальнасць «Крумкачоў» перавышала наведвальнасць «Дынама». Забягаючы наперад: гульня 17 траўня на «Камвольшчыку» збярэ па пратаколе 3100 чалавек (стадыён умяшчае 3000). У другім коле, выпадкова ці не, у пратаколе гульні «Дынама» – «Крумкачы» на «Трактары» напішуць 3500.

Абураныя фанаты «Дынама», у якіх на вачах забіралі ледзве не апошні тытул (самая папулярная каманда сталіцы), пачалі сваю агітацыю прыходзіць на гульню. Вось якія надпісы з’яўляліся ў горадзе.

Цікава, што да абмеркавання гульні фанаты падключылі нават Юрыя Габоўду – і ён выдаў пра клубы мемнае «что-то модно, что-то вечно». З такім лозунгам дынамаўскія фаны і прыходзілі на гульню. Упэўненасці ім дадавала таварыская гульня зімой, калі дынамаўцы раскаталі «Крумкачоў» 5:0. Гутар, Бангура, Наёк, Адамавіч, Жукоўскі – гульцоў такога ўзроўня «Крумкачы» не мелі. Хіба што Слава Глеб, якому на той момант было 33 і яго ўсе лічылі «збітым лётнікам».

Пры ліку 0:0 гасцявы фан-сектар (а гэта дзве супрацьлеглыя трыбуны на стадыёне) скандаваў «что-то модно, что-то вечно». Пры ліку 3:0 гэта ўжо скандавала трыбуна «Крумкачоў» – заўзятары кпілі з пафаснага слогана, які аказаўся вельмі несвоечасовым.

А скандавалі ў той вечар шмат чаго. Фанаты «Дынама» спрабавалі рабіць пераклічкі, але найлепшая пераклічка адбылася паміж імі і заўзятарамі «Крумак» пры ліку 3:0:

– Отсоси у бело-синих!

– Это очень некрасиво!

«Верым! Можам! Пераможам!» таксама лунала над трыбунамі.

Пра тое, што адбыўся аншлаг, я ўжо напісаў. Але трэба ўдакладніць – гэта сапраўдны-сапраўдны аншлаг. У пратакол спачатку ўнеслі 2800 чалавек, але абурэнне было такім вялікім, што пасля АБФФ выправіла на 3100 – шчыра кажучы, я не памятаю больш такіх выпадкаў. І яшчэ момант пра той аншлаг: гэта быў аўторак. Аўторак! І людзі ўсё роўна забілі стадыён, бо так «разагрэлі» гэтую гульню ў сацсетках.

Людзі былі паўсюль: стаялі ў праходах, на прыступках, занялі ўсе магчымыя месцы за плотам, адкуль было бачна поле. Мае сябры прыехалі на гульню за 45 хвілінаў, каб заняць месцы для нашай кампаніі, бо квіткі былі без месцаў. Чарга на стадыён была такой вялікай, што апошні чалавек прыйшоў толькі на 30-й хвіліне. Уявіце яго здзіўленне, калі ён зірнуў на табло і ўбачыў там лік 2:0 на карысць «Крумкачоў»!

Аляксандр Глеб, на той момант гулец «Генчлербірлігі», проста стаяў у праходзе, бо яму не знайшлося месца. Тады ён яшчэ не зашкварыўся тусоўкамі з прапагандыстамі, таму да яго шмат хто падыходзіў з просьбай пра фота. Заўзятары казалі, што на пытанне «а вы за каго заўзееце?» ён адказваў «сёння за «Крумкачоў». Гэта не дзіўна, бо за «Крумак» гуляў яго малодшы брат. Які таксама на той момант яшчэ не зашкварыўся.

Ну і трэба сказаць пра атмасферу (адразу ўдакладню, што з пункту гледжання заўзятара «Крумкачоў»). У Мадрыдзе такое называюць «чароўны вечар». Можна яшчэ параўнаць з пражскім дэрбі – там фанаты абедзвюх камандаў літаральна ненавідзяць адно аднаго, але на цэнтральных трыбунах сядзяць заўзятары і «Славіі», і «Спарты».

Сапраўды быў чароўны вечар, бо адбылося штосьці надзвычайнае: каманда з невялікім бюджэтам і «спісанымі» гульцамі і трэнерам разграміла славутае «Дынама». Цікава, як гэтая гульня паўплывала на далейшую гісторыю «Крумкачоў»: на матчы ўпершыню быў Андрэй Касцевіч, які натуральна палюбіў гэтую каманду і пасля стаў адным са спонсараў клуба.

«Крумкачы» яшчэ не раз і не два перамогуць больш статуснага суперніка, але для каманды Дулуба гэта быў у нейкім сэнсе пік. Пасля восьмага тура клуб узняўся ажно на другое месца і трымаўся ў топ-3 да 16 тура, пасля чаго казка скончылася. Для «Дынама» лёс склаўся значна лепш: клуб заняў трэцяе месца і выйшаў у еўракубкі.

Але галоўнае, што зрабілі тыя «Крумкачы» – гэта не перамога і не месца ў табліцы. Яны прыцягнулі на футбол людзей, якія раней ніколі не хадзілі на чэмпіянат Беларусі. Шмат хто з тых «неафітаў» дагэтуль заўзее на трыбунах. Шмат хто перастаў быць «афутбольным» – як шмат беларусаў перасталі быць апалітычнымі ў 2020 годзе.

А я зараз гляджу на фоткі з сябрамі з той гульні і адзначаю для сябе: гэты сядзіць, гэтая сядзіць, гэты з’ехаў, гэтага затрымлівалі і ён з’ехаў, гэтага затрымлівалі, але ён застаўся. Нібыта нейкі іншы сусвет існаваў у 2016-м.

Што тут яшчэ дадаць? Дзякуй за гульню – як заўсёды казалі на матчах «Крумкачоў».

Фота: «Крумкачы»

 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты