Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/У 2018-м АБФФ выпхнула «Крумкачоў» з Д1 – выдумала «16-ю каманду» i «чорны пакет», зганьбiла рэальнага iнвестара. Усё – дзеля «Тарпеда», што знiкла сярод сезона

У 2018-м АБФФ выпхнула «Крумкачоў» з Д1 – выдумала «16-ю каманду» i «чорны пакет», зганьбiла рэальнага iнвестара. Усё – дзеля «Тарпеда», што знiкла сярод сезона

Крумкачы сутыкнуліся з сістэмай яшчэ чатыры гады таму.

Автор — Скай Волк
5 июня 2022, 11:00
У 2018-м АБФФ выпхнула «Крумкачоў» з Д1 – выдумала «16-ю каманду» i «чорны пакет», зганьбiла рэальнага iнвестара. Усё – дзеля «Тарпеда», што знiкла сярод сезона

Пра забойства клуба Шунто – з вуснаў яго прэс-сакратара.

У нядзелю, 5 чэрвеня, «Крумкачы» і «Тарпеда» згуляюць усяго трэці афіцыйны матч паміж камандамі (першыя два былi таксама ў Д3 у 2014-м). Але гэтае супрацьстаянне можна называць прынцыповым – ці нават дэрбі. Адносіны паміж заўзятарамі «Тарпеда» і «Крумкачоў» і да гэтага былі не тое каб добрымі – прычым у аднабаковым парадку. Шчыра кажучы, я не вельмі разумею, адкуль узялася тая нелюбоў «аўтазаводцаў». Магчыма, уся справа ў тым, што пра «Крумкачоў» казалі як пра самы «беларускі» клуб – дзякуючы беларускай назве і ўдзелу ў нацыянальных акцыях. Заўзятары «Тарпеда», частка якіх прынцыпова размаўляла па-беларуску (і сацсеткі клуб вёў на беларускай мове), маглі проста пакрыўдзіцца на гэта. Але гэта толькі здагадка – рэальных прычынаў нелюбові я не ведаю.

Затое я ведаю прычыны нелюбові да «Тарпеда» ў заўзятараў «Крумкачоў» з 2018 года – настолькі вялікай, што некаторыя з iх выпівалі па куфлі за кожную паразу «Тарпеда». І гэты тэкст – мае ўласныя ўспаміны пра тое, у чым непасрэдна я прымаў удзел.

Калі гэтая гісторыя пачалася? У сакавіку 2018-га, калі «Крумкачоў» канчаткова не пусцілі ў вышэйшую лігу? У лютым 2018-га, калі АБФФ правяла ганебнае лёсаванне з «шестнадцатой командой чемпионата»? У лістападзе 2017-га, калі «Тарпеда» не выйшла з першай лігi?

Мне падаецца, што ў верасні 2017-га. Тады ў адказ на чарговы ўкол старшынi АБФФ Сяргея Румаса заснавальнiк «Крумкачоў» Дзяніс Шунто «паставіў двойку» кіраўніцтву федэрацыi (а значыць, і намеснiку Румаса Сяргею Сафар’яну) за вядзенне справаў у вышэйшай лізе. Шунто, вядома, не ўзор футбольнага кіраўніка ва ўсім, што датычыцца фінансаў, але ён любіў футбол, а не сябе – гэта якраз тое, чаго не хапае АБФФ. Дзяніс пасля казаў, што публічна так заяўляць, вядома, не варта – але ад сваіх словаў не адмаўляўся.

Вядома, зараз на фоне палкоўніка Базанава і гаўляйтара Кавальчука тандэм Румас-Сафарʼян можа здацца геніяльным менеджментам. Але гэта тое ж самае, што радавацца: «Ого, а лайно з арэхамі». Дарэчы, пра арэхі. Распавядалі, што нядаўна хтосьці сустрэў Сафарʼяна ў горадзе, а той радасна пачаў пытацца: «Ну что, я оказался не худшим руководителем?». Асабіста я не разбіраюся ў гатунках лайна і не магу сказаць, якое з іх – армянскае або армейскае – горшае. Магу толькі сказаць, што абодва яшчэ прысядуць на лаву падсудных як мінімум за карупцыю.

Тагачасны фактычны кіраўнік АБФФ Сафарʼян – чалавек вельмі злапомны. Расійскі бізнесовец, якi валодаў «Тарпеда», Міхаіл Міраненкаў – чалавек вельмі дзелавы. У 2017-м яны знайшлі адзін аднаго. Калі «Тарпеда» прайграла вырашальны матч «Праменю» (гэты клуб да гульнi забяспечыў сабе месца ў элiце, але ж яго трэнер Iван Бiёнчык не хацеў аддаваць менавiта чэмпiёнства), прапусцiла «Смалявiчы» і не выйшла ў вышэйшую лігу, у Міраненкава ўжо быў план Б.

У лістападзе 2017-га пайшлі чуткі, што ў «Крумкачоў» зʼявіўся таямнічы інвестар. Потым – што «Крумкачы» і «Тарпеда» абʼяднаюцца ў адзін клуб, каб гуляць у вышэйшай лізе. Насамрэч, гэтыя чуткі – шматразова надуманы і перададзены кімсьці па сапсаваным тэлефоне план Міраненкава: «Крумкачы» павінны дажыць да канца сезона-2017 і не вылецець – а толькі потым ужо памерці ад фінансавых праблемаў, каб вакантнае месца ў вышэйшай лізе заняло «Тарпеда». Гэты «таямнічы інвестар, які не хоча сябе называць», нават дапамог клубу з арэндай стадыёна ў лістападзе.

Усё ішло роўна па ягоным плане. У канцы снежня 2017-га Шунто сустракаўся з Румасам, які проста сказаў, што «Крумкачы» могуць закрывацца. Шунто не здаваўся: перарэгістраваў клуб з Мінска ў Мінскі раён у спробах знайсці дзяржпадтрымку – і райвыканкам быў не супраць (у гэты момант «Іслач» вельмі напружылася).

У студзені «Крумкачы» выйшлі з адпачынку – без трэнера (Аляксей Кучук заставаўся в. а.) і з 17 гульцамі на кантракце, з якіх 11 – дублёры. Памятаю, тады я казаў сяброўцы, што на 99% клуба ўжо не будзе. «Але ж ёсць яшчэ адзін адсотак!» – запярэчыла яна. Я ўсміхнуўся. Але Шунто лічыў гэтак жа.

У лютым трэба было пачынаць працу над ліцэнзаваннем. 16 лютага быў дэдлайн для аплаты працэдур ліцэнзавання. У той дзень Дзяніс Шунто і Уладзіслаў Маяроўскі схадзілі ў банк і вярнуліся назад з чэкам пра аплату. У АБФФ пацвердзілі плацёж і сказалі, што далей можна працягваць дасылаць дакументы. Напрыклад, трэба было адправіць скан дыплома аб вышэйшай адукацыі прэс-сакратара – гэта значыць, мой. Яшчэ трэба было знайсці дзве дзіцячыя каманды ліцэнзійных узростаў. Першапачаткова ў клуба былі ўсе чатыры неабходныя ўзросты, але два з іх скрала «Тарпеда» – Міраненкаў рыхтаваўся да вышэйшай лігі.

Тым не менш, праца ішла, у АБФФ актыўна прымалі нашыя дакументы, адказвалі на пытанні, вярталі паперы з праўкамі і пазнакамі, што трэба яшчэ дарабіць, выправіць і даслаць.

А потым перасталі.

Вось гэта «перасталі» дзіўным чынам супала са зʼяўленнем у Мінску Ваге Марцірасяна. Спачатку я, як і ўсе, падумаў, што гэта чарговы трук Шунто – прыдумаць «інвестара», прадаць яго федэрацыі і атрымаць ліцэнзію на вышэйшую лігу. Але Ваге прыйшоў на трэніроўку, пазнаёміўся з гульцамі і проста на месцы аддаў ім частку пазык Дзяніса. У футбольным свеце чуткі разносяцца хутка. І ўжо літаральна на наступны дзень усе ведалі, што «Крумкачы» сапраўды знайшлі інвестара, які сапраўды вяртае пазыкі і гатовы ўкладацца ў клуб.

Выдатны план Міраненкава правальваўся. Ён нічога не мог з гэтым зрабіць. А вось федэрацыя ў асобах Румаса і Сафарʼяна – магла. Падкантрольны АБФФ «Прэсбол» (тады ў меншай ступені, чым цяпер) пачаў бамбаваць «Крумкачы» каментарыямі Сафарʼяна і клеркаў паменш наконт таго, што клуб не дапусцяць да вышэйшай лігі, што інвестар несапраўдны, што ўжо ёсць «Тарпеда», у якога выдатная 70-гадовая гісторыя, сапраўдны інвестар і вялізнае войска фанатаў. Карацей, «Тарпеда» ўпрыгожыць вышэйшую лігу, а ад «Крумкачоў» трэба пазбавіцца. Адначасова з гэтым у АБФФ спрабавалі дыскрэдытаваць «Крумкачоў» «чорным піярам». Але іх хворая фантазія і калгаснае выкананне прывяло толькі да таго, што над «чорным пакетам» усе проста пасмяяліся.

АБФФ казала: клуб не аплаціў унёсак, гэта зрабіла фізічная асоба Дзяніс Шунто. Калі Шунто адказаў: «Акей, тады вяртайце», – АБФФ нічога вяртаць не стала. Дарэчы, як і не аддала клубу грошы, што дасылала УЕФА. 

Да сакавіка 2018-га Ваге Марцірасян закрыў прыкладна 30% пазык. Астатнія ён збіраўся выплаціць пасля атрымання клубам ліцэнзіі. Гэтую паўзу ён узяў, бо да таго моманту ўжо сустрэўся з Сафарʼянам, якi таксама проста сказаў: у вышэйшай лізе «Крумкачы» гуляць не будуць ні пры якіх абставінах, нават калі Ваге закрые ўсе пазыкі.

23 лютага ў Доме футбола правялі лёсаванне новага сезона. У складзе клубаў вышэйшай лігі адсутнічалі «Крумкачы», замест якіх зʼявілася «шестнадцатая команда чемпионата». Ні да, ні пасля не было падобных прэцэдэнтаў, каб жывы і рэальна існуючы клуб замянілі на лёсаванні на безаблічную назву.

Гэтае лёсаванне стала яркім намёкам на тое, што ў вышэйшай лізе гуляць будзе менавіта «Тарпеда». Але АБФФ трэба было нешта прыдумаць – у 2017 годзе лукашысты яшчэ клапаціліся пра бачнасць законнасці. І яны прыдумалі: «Крумкачы» нібыта не паспелі падаць дакументы на ліцэнзаванне.

Ліцэнзія выглядае вось так.

Знаёмыя з гэтай працэдурай цудоўна ведаюць, як яна праходзіць. У 2016 годзе вышэйшая ліга стартавала 1 красавіка – брэсцкае «Дынама» ўсе дакументы перадало ажно 25 сакавіка, «Нафтан» і «Граніт» на пару дзён раней. Заяўлены дэдлайн 16 лютага выглядаў смешна для ўсяго футбольнага свету. І ўсе цудоўна разумелі, што «Крумкачы» топяць, бо АБФФ можа.

Калі перачытаць старую версію рэгламенту, можна знайсці згадку штрафных санкцый за несвоечасова пададзеныя дакументы: гэта штраф або зняцце ачкоў. Ні пра які нядопуск да ліцэнзавання гаворка не ішла. Пра гэта заявіў клуб – і ведаеце, што зрабіла АБФФ? Правільна, яна задняй датай змяніла рэгламент.

А пазней АБФФ пачала ў прэсе перамяшчаць акцэнты на тое, што клуб не дапускаецца нібыта з-за праблемаў з грашыма. Сафарʼян, які казаў Марцірасяну, што «хоть все долги погаси, «Крумкачы» играть не будут», пазней абражаў яго, заяўляў, што не было ніякага інвестара і што «Крумкачы» не згуляюць у вышэйшай лізе толькі з-за пазык – а АБФФ тут ні пры чым.

Каб вы разумелі, наколькі ўсё было вырашана з самага пачатку: перад кожным сезонам клубы вышэйшай лігі атрымліваюць мячы ад АБФФ (на грошы УЕФА) – перад сезонам-2018 яшчэ да рашэння па ліцэнзіі «Крумкачоў» мячы адразу перадалі «Тарпеда».

Менавіта АБФФ не дапусціла «Крумкачоў» да ліцэнзавання. Праз гэта клуб не меў шанцаў гуляць у вышэйшай лізе. Марцірасян цікавіўся клубам вышэйшай лігі. Ён зразумеў, што яго грошы праблемы не вырашаць, і сышоў. Пасля гэтага сафарʼяны пачалі казаць: «А вот если бы долги погасили…».

А калі б Саша Івулін не выходзіў на праезную частку, ён быў бы на волі.

А калі б Лена Леўчанка ўдзельнічала ў «санкцыянаваных» мерапрыемствах, яна б не правяла 15 сутак за кратамі.

А калі б Аляксандр Тарайкоўскі не «аказваў супраціўленне», яго б не забілі сілавікі.

Разумееце сувязь, так?

Усе апеляцыі, якія падаваліся супраць АБФФ, разглядаліся самой АБФФ. З заканамерным вынікам. Пасля апошняй такой мы прыехалі ў офіс і прыкладна паўгадзіны моўчкі глядзелі – хто на столь, хто ў сценку, хто на падлогу. А пасля вырашылі, што «Крумкачы» будуць і далей жыць – хаця б у другой лізе.

«Аўтазаводцам» вышэйшая ліга асаблівага шчасця не прынесла: апроч скандалу з дэвізам СС на абанементах яны запомніліся хіба што ганебнай смерцю пасярод сезона-2019 і антырэкордам чэмпіянатаў Беларусі па набраных за першы круг ачках. Антырэкорд за сезон паставіць не атрымалася, бо «Тарпеда» знялося з чэмпіянату. Як і ў 2000-х, Міраненкаў зноў пакінуў «Тарпеда» (толькі ўжо мінскае, а не жодзінскае), не выплаціўшы нават заробкі за апошнія месяцы.

Чалавек, які распавядаў пра «аўтазаводскі дух» і іншыя прыемныя для вушэй фразы, кінуў каманду, таму што не атрымалася піліць грошы на «Мінск-Арэне». Праз футбольны клуб вышэйшай лігі (першая не падыходзіла) ён спадзяваўся атрымаць дзяржпадтрымку і магчымасць забудаваць частку горада ў выгодных месцах. Не атрымалася – і «Тарпеда» раптоўна знікла.

Гісторыя супрацьстаяння «Крумкачоў» і АБФФ узімку-увесну 2018-га – гэта тыповая сітуацыя ў беларускіх «судах»: несправядлівасць становіцца законам, а закон становіцца інструментам знішчэння ўсяго непадкантрольнага дзяржаве.

І вось зараз «Крумкачы» зноў гуляюць супраць «Тарпеда» – праўда, не ў кабінетах АБФФ, а на полі. Гэта толькі трэці афіцыйны матч паміж камандамі, але ў гэтага дэрбі ўжо ёсць гісторыя.

Другие посты блога

Все посты