Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Мільянер набыў у Літве баскетбольны клуб і хоча прасоўваць яго ў Беларусі – тут ёсць сувязь з былым кіраўніком з белфутбола, які хімічыў з коштамі на лекі і ўцёк з краіны

Мільянер набыў у Літве баскетбольны клуб і хоча прасоўваць яго ў Беларусі – тут ёсць сувязь з былым кіраўніком з белфутбола, які хімічыў з коштамі на лекі і ўцёк з краіны

Автор — Скай Волк
21 июня 2022, 13:31
Мільянер набыў у Літве баскетбольны клуб і хоча прасоўваць яго ў Беларусі – тут ёсць сувязь з былым кіраўніком з белфутбола, які хімічыў з коштамі на лекі і ўцёк з краіны

У Літве разгараецца баскетбольны скандал, звязаны з тым, што мясцовы мільянер набыў клуб. Апынулася, што сваю ролю ў гэтай гiсторыi адыгрывае і рэжым Лукашэнкі.

Пра што ідзе гаворка?

Гедымінас Жамяліс (на фота) уваходзіць у топ-3 найбагацейшых літоўцаў. Яго багацце складае каля 800 млн еўра, а галоўны актыў мільянера – Avia Solutions Group. Гэты холдынг займаецца абслугоўваннем і рамонтам самалётаў, будаўніцтвам аэрапортаў і гэтак далей.

Жамяліс нейкі час укладаўся ў баскетбольны «Прэнай», але пазней вырашыў інвеставаць у сталічны баскетбол. «Вільнюс Рытас» адмовіліся ад яго дапамогі – і ён захацеў стварыць іншую каманду ў Вільні. Дзеля гэтага мільянер праз Basketball Holding Company (BHC) выкупіў «Дзукію» з Алітуса. Нядаўна ўсплыла прэзентацыя новага клуба для партнёраў, згодна з якой, новая вільнюская каманда да 2026 года павінна палову матчаў праводзіць у Лондане, а ў 2029 годзе цалкам пераехаць у сталіцу Вялікабрытаніі. Гэта абурыла літоўцаў.

А яшчэ ў гэтай прэзентацыі гаворыцца, што новы клуб таксама плануе цесна супрацоўнічаць з некалькімі краінамі, у тым ліку з Беларуссю, таму што «ў яго ёсць доступ да найбуйнейшага бізнесу краіны».

На гэтым месцы варта расказаць падрабязней пра бізнес мільянера, які звязаны не толькі з рэжымам Лукашэнкі, але і з Крамлём.

Хто такі Жамялiс і чым займаецца?

Гедымінас Жамяліс – сын дэпутата літоўскага Сейма і адзін з самых маладых літоўскіх мільянераў. У 2005 годзе ён стварыў холдынг Avia Solutions Group на базе прыватызаваных «Літоўскіх авіяліній». Мясцовая авіякампанія знікла праз чатыры гады, але пакінула добрую спадчыну.

Цяпер кампанія Baltic Ground Service, якая ўваходзіць у холдынг, абслугоўвае 15 аэрапортаў ва Усходняй Еўропе, уключаючы ўсе літоўскія і чатыры ўкраінскія. Прычым кантракт з украінскімі аэрапортамі (Жуляны, Барыспаль, Адэса і Львоў) быў выйграны пры дзіўных абставінах – у ASG нават не было тэхнікі і абсталявання ва Украіне, але ўкраінскія чыноўнікі вырашылі, што гэта самая выгадная прапанова.

Кампанія Helisota займаецца рамонтам верталётаў – і кантракт з ёй стаў прычынай звальнення камандуючага ВПС Літвы, калі высветлілася, што адным з пастаўшчыкоў паслугаў на рамонт верталётаў НАТО апынуўся Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі.

Яшчэ ў ASG ёсць кампанія, якая займаецца лізінгам самалётаў. Яны здавалі ў лізінг 13 самалётаў «Аэрафлота» і «Трансаэра». Пасля пачатку вайны еўрапейскія кампаніі адклікалі самалёты з лізінгу, але Расія адмовілася іх вярнуць, фактычна проста скраўшы. Хаця ёсць iнфармацыя, што самалёты проста сталі аплачваць па «шэрых схемах» у абыход санкцый.

Ну і самы яркі эпізод: ASG сумесна з «Растэхам» пабудавала аэрапорт у падмаскоўным Жукоўскім (дарэчы, адтуль адразу ж пачалі лятаць самалёты ў Мінск – і гэта штрышок да падтрымкі Жамяліса рэжымам).

Адкрыццё аэрапорта «Жукоўскі»: на фота разам з Жамялісам гендырэктар кіраўнік «Растэха» Сяргей Чэмезаў, Дзмітрый Мядзведзеў, Дзмітрый Рагозін і іншыя набліжаныя да Пуціна людзі

«Растэх» – дзяржкарпарацыя, якая валодае «Калашнікавым», «Верталётамі Расіі», Расабаронэкспартам і іншымі прадпрыемствамі ваенна-прамысловага комплексу. Генеральны дырэктар «Растэха» Сяргей Чэмезаў быў агентам КДБ у ГДР і суседам Пуціна ў Дрэздэне. Урэшце, адным з дзелавых партнёраў Жамяліса з’яўляецца сямʼя Рагімава, аднакласніка і сябра Пуціна. Але Жамяліс не бачыць нічога дрэннага ў працы з імі – на ўсе пытанні ён адказвае добра знаёмае беларусам «я па-за палітыкай».

Усё гэта робіць яго холдынг нядобранадзейным у вачах літоўцаў. Напрыклад, у сакавіку 2021 года ўрад Літвы не дазволіў Avia Solutions Group пашырацца ў Віленскім аэрапорце. Літва не забараняе Жамялісу весці бізнес, але больш не дазваляе лезці ў стратэгічна важныя для абароны краіны галіны. А ў чэрвені 2022, дзякуючы актывістам, канцэрт украінскiх пераможцаў «Еўрабачання» Kalush Orchestra быў перанесены з Avia Solutions Group Arena ў Каўнас – таму што Жамяліс цесна звязаны з рэжымамі ў РФ і РБ.

Што ў Жамяліса ў Беларусi?

Жамяліс прызнаваўся, што наконт Беларусі яго турбуюць толькi праблемы для бізнеса. Вось што ён расказваў літоўскаму парталу Delfi:

– А Беларусь?

– Дзе ёсць санкцыі – не будзем працаваць, дзе няма санкцый – будзем працаваць.

– Вы фактычна выбіраеце рэжымы – Беларусь і Расія.

– Што такое рэжым? Мы пабудавалі фармацэўтычны завод у Беларусі. Сярод акцыянераў – Natco Pharma, кампанія, якая каціруецца на Мумбайскай фондавай біржы. Гэта мільярдная кампанія з заводам у Амерыцы і мясцовымі партнёрамі з фармсектара, звычайнымі фармдыстрыбутарамі, якія зарэгістраваныя ў Славакіі. Які тут рэжым?

– Пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. Вы не збіраецеся рабіць нічога з-за дзеянняў рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў і мігранцкага крызісу, які ён развязаў?

– Сітуацыя ў Беларусі мяне турбуе. Гэта выяўляе рызыку для нашага бізнеса, я не ведаю, што адбудзецца. Ёсць праграма абароны інвестыцый, як у Літве, мы вывучылі гэтыя законы. Калі нацыяналізуюць нашую фабрыку, мы звернемся да міжнародных арганізацый па кампенсацыю шкоды. Я спадзяюся, што гэтага не здарыцца.

Ні слова асуджэння фальсiфiкацый i катаванняў, толькі страх перад санкцыямі і магчымай нацыяналізацыяй.

Дык за які бізнес у Беларусі ён перажывае?

У 2015 годзе разам з партнёрамі Жамяліс заснаваў прадпрыемства Nativita і за 8,4 млн еўра пабудаваў фармацэўтычны завод у Бешанковічах. Адным з партнёраў завода з’яўляецца расійская кампанія біятэхналогій Biocad, якую звязваюць з Раманам Абрамовічам.

А правадніком Жамяліса ў Беларусь стаў Аляксей Сычоў, які кіраваў федэрацыяй пляжнага футбола Беларусі на працягу 10 гадоў. Ён уладальнік кампаніі «ВітВар» – у яе Жамяліс таксама ўклаўся і атрымаў сваю долю.

Іх сумесны бізнес выглядаў перспектыўным: Лукашэнка абвясціў курс на імпартазамяшчэнне лекаў – у беларускіх аптэках мінімум палова лекаў павінна была вырабляцца ў Беларусі. Nativita Жамяліса хутка стала лідарам продажаў у анкалагічным сегменце і ўвайшла ў топ-5 фірмаў бальнічнага сегмента.

Адзін з галоўных прэпаратаў фірмы – «Тразустумаб». Гэта супрацьракавы прэпарат, які дзяржава (у асобе «Белфармацыі») закупляла па 1819 рублёў за штуку. Чыноўнікі радасна давалі справаздачу пра тое, што ў Беларусі нарэшце асвоілі вытворчасць уласных супрацьракавых прэпаратаў.

Аднак у 2020 годзе журналісты «Белсата» правялі расследаванне працы Nativita – i высветлілася, што праца завода фактычна заключалася ў пераклейванні бірак: у Бешанковічы прыязджалі лекі ад расійскай Biocad, іх «пераапраналі» ў беларускія скрынкі і прадавалі дзяржаве ў некалькі разоў даражэй. Чыноўнікі не дапускалі на рынак замежныя кампаніі, бо ёсць «свой» вырабнік – i за 5 гадоў Nativita, па сутнасці, з паветра атрымала звышпрыбытак у памеры 38 млн рублёў.

Сертыфікат адпаведнасці вытворчасці, якой насамрэч не было, падпісаў цяперашні міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Пасля таго, як расследаванне «Белсата» выйшла ў свет, Міністэрства аховы здароўя на запыт журналістаў адказала, што цягам 5 гадоў цана на тавары знізілася на 50%. Пра тое, што першапачаткова яна была вышэйшая ў 7-10 разоў, міністэрства сціпла прамаўчала.

І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо, паводле звестак журналістаў, у гэтай згодзе быў замешаны на той момант міністр аховы здароўя Васіль Жарко (прэса называе яго хросным бацькам Колі Лукашэнкі), а пытанні з сілавымі структурамі вырашаў Сяргей Круцікаў, былы кіраўнік разведкі КДБ.

Аляксей Сычоў

Палітзняволены журналіст Сяргей Сацук, які займаўся тэмай тэндараў на пастаўку медыцынскага абсталявання і медыкаментаў, лічыць, што «справа лекараў» і змена міністраў нічога не памянялі ў Міністэрстве аховы здароўя: «Гэтая сістэма стваралася вялікай колькасцю зацікаўленых асобаў: бізнесменамі, чыноўнікамі, Міністэрствам аховы здароўя, Цэнтрам экспертызы і выпрабаванняў. КДБ узяло, так бы мовіць, самых нявінных парушальнікаў. Галоўныя ўсе засталіся, як і сама схема».

Яшчэ да выбараў-2020 Аляксей Сычоў, на якога ў межах справы па карупцыі ў МАЗ была яшчэ i «крымiналка» (якую дзiўным чынам прыпынiлi, але ж заўжды маглi распацаць нанова), з’ехаў з Беларусі, яшчэ нейкi час фармальна пабыўшы на пасадзе кіраўніка федэрацыі пляжнага футбола (змянiлi на Мiхаiла Ботнiкава яго толькi ў канцы 2020-га). У Avia Solutions Group на запыт журналістаў адказалі, што Гедымінас Жамяліс нібыта не мае дачынення да Nativita. Аднак нават праз два гады ён працягвае выхваляцца сувязямі з «найбуйнейшым беларускім бізнесам».

Нядзіўна, улічваючы, што найбуйнейшы беларускі бізнес – гэта рэжым Лукашэнкі.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты