Пра жывапіс і мастацтва футбаліста на полі, сыход і вяртанне ў «Ашмяны-БДУФК». Інтэрв’ю з Арсенем Канцадайлавым

Арсень, вітаем. Нашы заўзятары просяць нас у сацыяльных сетках, каб мы расказалі пра вас. Давайце пачнем нашае інтэрв’ю.

– (усміхаецца) Так, я гатовы.

📍 Раскажыце пра сябе? Дзе нарадзіліся і як апынуліся ў Беларусі.

– Я нарадзіўся ў Калінінградзе. Мае бацькі вучыліся ў Мінску ў адной групе ў мастацкай ВНУ. Калі надыходзіў момант майго нараджэння, мама сказала, што будзе нараджаць у Калінінградзе. Вось так я з’явіўся на свет.

📍 Твае бацькі – мастакі. Як атрымалася, што ты не пайшоў па іх слядах, а апынуўся ў футболе?

– Тата мне распавядаў, што, калі я быў маленькі, то былі спробы маляваць, але калі я пазнаёміўся з футболам, алоўкі сышлі на задні план.

📍 Тата перашкаджаў твайму захапленню?

– Не, ні ў якім разе, наадварот, ён бачыў, што мне падабаецца футбол, і выходзіў гуляць са мной на двор. Наогул, гэта ён першапачаткова прышчапіў мне любоў да спорту, бо сам любіць гэтую справу. Ды і чаго далёка хадзіць, яго лепшы сябар Алег Захарэвіч, былы футбаліст, ён мяне навучыў шматлікім рэчам. Быў выпадак (мне было гады тры) – я дома стаяў і біў мячом у сценку. Алег ужо тады сказаў, што ў мяне пастаўлены ўдар, але варта трэніраваць слабую нагу.

📍 Як пачынаўся твой шлях у футболе?

– На вуліцы гуляў з хлопцамі ўсё дзяцінства. На раёне была каманда ФК «Матор», пачынаў там. Гуляў за 3 узросты. У 11 гадоў апынуўся ў ФК «Мінск».

📍 З ФК «Мінск» ты быў на шматлікіх дзіцячых турнірах. Раскажы, дзе пабываў і што ўразіла?

– Запомніліся два турніры. Адзін праходзіў у Славакіі, а другі ў Малдове. У Славакіі турнір быў вельмі цікавым, прыехала шмат каманд з Еўропы. Шкада, што не атрымалася выйсці з групы. Цікавы той факт, што хлопцы з Славакіі былі фізічна лепш падрыхтаваныя. У Малдове гулялі на базе ФК «Шэрыф». База велізарная. Манеж, палі, басейн. Узровень, вядома, высокі. Уразіла.

📍ФК «Мінск» славіцца сваімі выхаванцамі. Калі пачаў разумець, што ўсё ідзе па плане? Вось вось з’явіцца шанец выйсці на поле за асноўную каманду?

– Памятаю, як дэбютаваў у вышцы, была выязная гульня з «Нёманам». Прайгравалі 2:0, і мяне выпусцілі на 86 хвіліне. Матч скончыўся з лікам 2:2. Гэта не тая гісторыя, дзе я выйшаў, забіў 2 мяча і выратаваў гульню, але неяк атрымалася звесці амаль прайграны матч да нічыёй. Добры атрымаўся дэбют.

📍 Што сказаў трэнер у распранальні?

– Павіншаваў з першай гульнёй і адзначыў, што па выніку дэбют атрымаўся.

📍 Некалькі матчаў у вышэйшай лізе і пераход у ФК «Ашмяны-БДУФК». Як адбыўся пераход і чаму менавіта ў гэты клуб?

– У Мінску прайшоў усё перадсезонне, але трэнер сказаў, што трэба ісці гуляць у Першую лігу, набірацца вопыту. Я, вядома, гэта разумеў, але ўсё роўна спрабаваў трапіць у каманды вышэйшай лігі. Аднак было ўжо занадта позна. Прапанавалі варыянт з ФК «Ашмяны-БДУФК». Прыехаў на прагляд, варыянт мяне задаволіў, і я застаўся ў камандзе.

📍 За 13 гульняў у цябе было 6 галоў і 12 асістаў. Клуб даў табе шанец і гульнявую практыку. Што можаш сказаць на гэты конт?

– Згодзен, дзякуй трэнеру. Я набіраў абароты і разумеў, што магу больш.

📍 Ты апынуўся з новымі сіламі ў вышэйшай лізе, і ў ФК «РЦАР БДУ» (Энергетык) у цябе з’яўляецца шанец заявіць пра сябе. Раскажы пра гэта.

– Першы час прывыкаў да патрабаванняў трэнераў, і стараўся ўсё выконваць. На тым жа тыдні, як трапіў у «Энергетык», была кубкавая гульня супраць «Іслачы». Я выйшаў у старце, і першыя 10 хвілін пасля хуткасцяў 2 лігі было складана перастроіцца. Але потым адчуў упэўненасць і правёў добрую гульню.

📍 У цябе 10 гульняў у складзе «Энергетыка». Як лічыш, што не атрымалася і чаму не замацаваўся ў камандзе?

– Лічу, што нашмат важней тое, што я атрымаў на трэніроўках. За паўгода даведаўся пра вельмі многае, чаго не ведаў раней, зразумеў як трэба працаваць на трэніроўках, і што наогул такое сапраўдныя трэніроўкі. Я шчыраваў і адчуваў, як дадаваў, і ўсё гэта яшчэ падмацоўвалася гульнявым часам у вышэйшай лізе.

Самае галоўная выснова для мяне – магу і павінен гуляць на такім узроўні. Анатоль Іванавіч Юрэвіч сказаў, што майстэрства для чэмпіянату Беларусі хапае з лішкам, трэба толькі падцягнуць фізічныя кандыцыі.

📍 Але чаму не замацаваўся?

– Чаму сышоў з «Энергетыка»? Справа была так. Я трэніраваўся і быў гульцом абоймы. Мы засталіся ў вышэйшай лізе, усё было выдатна. Пачалося перадсезонне, не самы просты час у гэтай камандзе, але я спраўляўся. Каманда змянялася ў гэты час, хтосьці сыходзіў, нехта прыходзіў. Мы працавалі кожны дзень у двухразовым рэжыме, і нагрузка, вядома, назапашвалася. На нейкай гульні было цяжка бегаць, ледзь не задыхнуўся, з-за гэтага былі адныя страты. Але пасля гульні аднавіўся і працягнуў набіраць форму.

Быццам бы ўсё было нармальна. Затым Федэрацыя вырашыла змяніць ліміт легіянераў, каб мінімум 5 беларусаў знаходзілася на полі. А я ж грамадзянін Расіі, як бы і не легіянер, але і не беларус. Таму канкурую з легіянерамі. А ў «Энергетыку», як вы ведаеце, хлопцаў з іншых краін даволі шмат. Анатоль Іванавіч Юрэвіч патлумачыў мне, што гуляць буду мала, і што лепш для мяне будзе пайсці ў Першую лігу, знайсці каманду, у якой раскрыюцца мае лідэрскія якасці. Не паслухаць яго я не мог, бо вельмі яго паважаю і давяраю ягоным словам.

Але сказаць, што мяне прыбіў ліміт, таксама нельга. Калі б я быў на галаву мацней за іншых замежнікаў, вядома, мяне б пакінулі, я гэта разумею, і азіраючыся назад, усведамляю, што трэба было працаваць яшчэ больш.

📍 Ты вяртаешся назад у клуб, які даў табе шанец заявіць пра сябе, каб трапіць у вышэйшую лігу. Што змянілася ў ФК «Ашмяны-БДУФК» за час тваёй адсутнасці?

– Так, я вярнуўся туды, дзе ў мяне верылі і дзе дапамаглі мне ў той час, калі я меў патрэбу ў гэтым. Каманда не змянілася, застаўся касцяк, але і з’явіліся новыя людзі.

📍 Ты вяртаешся ў каманду, у якой дэманстраваў добрую гульню. Зараз, здаецца, усё наадварот – адчуваецца спад? Што можаш патлумачыць з гэтай нагоды?

– У нейкіх момантах вы маеце рацыю. Выдалі добры старт у першым матчы з Арсеналам, а потым нешта пайшло не так. Ёсць гульня, але гэта не тое, што я хачу і магу. Спрабую перастроіцца, але пакуль не атрымліваецца. Я ведаю свае памылкі і імкнуся да лепшага.

📍 Якія мэты ў цябе на гэты сезон?

– Калі браць мэты камандныя, то, вядома, апынуцца як мага вышэй у табліцы. Што тычыцца асабістых мэт – адчуць сваю гульню, атрымаць вопыт і максімальна дапамагчы камандзе сваімі галявымі дзеяннямі.

📍 Абмяркоўваеш з бацькамі свае гульні?

– Тата разбіраецца ў футболе, з ім абмяркоўваю часта, а маме толькі галы паказваю і кажу лік😁

📍 Бацькі зрабілі падарунак у выглядзе тваёй карціны ў футбольнай форме?

– (усміхаецца) Не, на жаль, але абавязкова папрашу.

📍 Арсень, цяпер спрабуеш свае сілы ў маляванні?

– Калі шчыра, маляваць не вельмі цягне, я звычайна ўсім адказваю, што малюю на полі.

📍 Жадаем вам быць выдатным мастаком на футбольным полі. І добрага сезона.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Ашмяны-БДУФК
+22
Реклама 18+
Популярные комментарии
Сиреневый Кит
+1
Цікавы хлопец, хай усё атрымаецца!
Написать комментарий
Реклама 18+