Пра атмасферу ў ФК «Ашмяны-БДУФК», армянскія пейзажы, адданых фанатаў. Інтэрв’ю з Паўлам Дзямідчыкам

Як думаеце, праз колькі поціскай рук Павел «знаёмы» з Жазэ Маўрынью? А таксама пра шмат чаго цікавага, публічнага і асабістага з жыцця футбаліста чытайце ніжэй.

***

📍Добры дзень, Павел, віншуем вас з забітымі галамі ў кубкавым матчы супраць ФК Горкі. Гэта ваш першы дубль у кар’еры?

- Добры дзень. Дзякуй. Не, першым дублем адзначыўся ў 2018 годзе, калі гуляў за ФК Смаргонь у выязным матчам супраць ФК Чысць.

📍Што сказаў пасля кубкавана матчу трэнер Антуан Майораў у распранальні?

- Антуан Іванавіч павіншаваў з выхадам у наступны раўнд, падзякаваў за гульню. І адзначыў некаторыя памылкі на полі, якія папрасіў не паўтараць.

📍Як лічыш, чаго не хапае камандзе Антуана Майорава? Ашмяны паказваюць добрыя футбол, і кожны супернік, які трапляе ў «абдымкі», разумее, што не так лёгка гуляць з гэтай камандай.

- Так, згодны. Супрацьстаяць нам нялёгка. Каманда, якая гуляла ў мінулым годзе класам ніжэй, выдатна разумее, што ўзровень першай лігі адрозніваецца ад другой. Хлопцы стараюцца, кожны ўсведамляе, што патрэбны вынік прыйдзе толькі з працай, як на трэніроўцы, так і на полі. Бо дасягнуць перамогі цяжка.

📍Давай успомнім твае першыя крокі ў спорце. Чаму футбол?

- Мае першыя крокі – гэта гульня ў двары з хлопцамі. Іншых забаў асабліва не было. Старэйшыя таварышы запісалі мяне ў капыльскую ДЮСШ. Мой першы трэнер – Камяк Сяргей Васільевіч – выдатны чалавек.

📍Каму ў дзяцінстве ты больш за ўсіх сімпатызаваў з зорак сусветнага футбола?

- Як гэта бывае ў многіх – чыю майку першую купілі, той і спадабаўся. Я стаў уладальнікам футболкі Шаўчэнкі, таму мае сімпатыі былі да гульні Андрэя.

📍Атрымліваецца, што ў нейкай ступені ты пераймаў стыль Андрэя Шаўчэнкі?

- Я быў яшчэ малы, калі ён быў на піку кар’еры. Больш уважліва я ўжо сачыў за гульнёй Торэса.

📍Ты апынуўся 14-гадовым хлапцом у юніёрскай камандзе салігорскага Шахцёра. Свой першы матч для прагляда памятаеш?

- Так, вядома. Першая бяссонная ноч. Гулялі з бабруйскай Белшынай. Вельмі моцна хваляваўся, але забіў гол і стала лягчэй. Пасля гульні мне паведамілі, што я магу працягнуць гуляць у футбол у салігорскай камандзе.

📍За дубль Шахцёра ты сыграў 64 матчы і забіў 10 галоў. У той момант ты разумеў, што вялікі футбол побач?

- На той час я дакладна вырашыў, што футбол у мяне на першым месцы. І буду аддаваць гэтаму ўсе сілы.

📍Пасля Салігорска ты з’яжджаеш у Слуцк. Як сустрэлі на новым месцы?

- У той момант у асноўны склад Салігорска я не трапляў, і з’явіўся варыянт з арэндай у ФК Слуцк. Сыходзіў у каманду як гулец дублюючага складу, але разумеў, што ў мяне ёсць шанец замацавацца ў асноўнай камандзе. Месяц працы ў рэзерве – і мае старанні заўважыў Вячаслаў Грыгараў.

📍Твой дэбют у Вышэйшай лізе адбыўся супраць ФК Крумкачы. Аднак свой першы гол ты забіў у матчы з ФК Мінск, дзе вы прайгралі 5:2. Раскажы нам пра гэта.

- Памятаю дэбют вельмі добра. Выпусцілі за пяць хвілін да канца матчу, але набегаўся так, што, здавалася, адыграў 120 хвілін (усміхаецца). Свой дэбютны гол у вароты ФК Мінск часта ўспамінаю. Мы прайгравалі 4:1, і трэнер даў мне магчымасць згуляць. Мае старанні былі недарэмнымі – забіў гол.

📍Што сказаў трэнер пасля матчу?

- Ён быў засмучаны вынікам, але пра мяне не забыўся і павіншаваў з першым голам.

📍Затым у тваёй кар’еры з’яўляецца Першай ліга. Смаргонь, Смалявічы, зноў Смаргонь...

- Хацелася б, па-першае, развеяць стэрэатып, які склаўся вакол Смаргоні на той момант. У камандзе маецца ўсё для таго, каб працаваць, – поле, трэнажорная зала. Мне там было камфортна. Пасля першага круга паступіла прапанова пагуляць за ФК Смалявічы, які ўзначальваў Молаш Дзмітрый Васільевіч, вельмі добры спецыяліст. Чалавек пакінуў пазітыўныя ўражанні пра сябе. Задача была выйсці ў Вышэйшую лігу – мы яе выканалі, але кіраўніцтва прыняло іншае рашэнне.

📍Пасля гэтага ты з’яжджаеш у Арменію. Як адбыўся твой вельмі нечаканы пераход у ФК Ерэван?

- Выпадкова выйшла. Прапанавалі прыехаць на прагляд. Усё за свой кошт. Паехаў, праявіў сябе і падпісаў кантракт.

📍Як цябе сустрэла Арменія?

- Уразіла сваёй прыродай. Горы – гэта нешта асаблівае... Хадзіў з адкрытым ротам. Памятаю выезд на першую гасцявую гульню. Адлегласць да месца матчу складала 80 кіламетраў. Выехалі за 5 гадзін. Мяне гэта вельмі моцна здзівіла, але калі ўбачыў пейзаж, праз які ідзе наш маршрут (горы, серпантын) – усё стала на свае месцы.

📍Разам з табой у камандзе трэніраваўся Эліяс Алвес. Раскажы пра яго – як ніяк ён трэніраваўся ў Порту.

- Так, вельмі дасведчаны гулец. Кожны раз у распранальні распавядаў нешта незвычайнае са свайго футбольнага жыцця. Але самае цікавае, што ён трэніраваўся пад кіраўніцтвам Жазэ Маўрынью ў ФК Порту.

📍Ці можна параўноўваць Чэмпіянат Беларусі і Чэмпіянат Арменіі?

- Наш чэмпіянат, мне здаецца, мацнейшы, ён больш сілавы. У Арменіі ж пераважае адкрыты футбол.

📍Ты выклікаўся ў зборную U-19. Памятаеш свой дэбют?

- Афіцыйная гульня з Люксембургам, такое забыць немагчыма. У дзяцінстве я марыў пра гэта, а тут на мне майка зборнай. Калі шчыра, то ў момант выканання гімна зведваеш незвычайныя адчуванні і эмоцыі, усведамляеш, што нясеш вялікую адказнасць.

📍Ці ёсць у вас асаблівы рытуал або забабоны, перш чым вы адпраўляецеся на футбольнае поле?

- Няма ніякіх забабонаў і рытуалаў. У адным матчы можна згуляць удала, а ў іншым нешта пойдзе не так. Шукаць прычыну, чаму не спрацаваў рытуал? Не хачу займацца такім.

📍Зараз ты гуляеш за ФК Ашмяны-БДУФК. Як табе каманда?

- Тут вельмі камфортна, вельмі круты калектыў, трэнерскі штаб – у камандзе выдатная атмасфера. Я задаволены, хачу развівацца і станавіцца лепш.

📍Калі забіў першы гол у вароты ФК Ліда, з кім падзяліўся гэтай радасцю?

- Заўсёды пасля ўдалых гульняў тэлефаную свайму першаму трэнеру Камяку Сяргею Васільевічу.

📍У цябе ёсць адданыя фанаты?

- Вядома! Гэта мае любімыя бабулі. Яны за ўсім сочаць, усё чытаюць, яны ёсць ва ўсіх сацыяльных сетках, ва ўсім разбіраюцца. Зараз яны чытаюць і гэтае інтэрв’ю, так што, бабулі, перадаю вам прывітаньне, люблю вас.

📍Па нашай інфармацыі ў цябе ёсць яшчэ адзін адданы фанат са школьных часоў. І гэта твая дзяўчына Ганна. Калі можна будзе павіншаваць з жаніцьбай?

- Ад вас складана ўтаіць што-небудзь...(усміхаецца). Так, мы знаёмыя са школы і яна заўсёды са мною. За гэта ёй вялікі дзякуй. Што тычыцца вясельнага пытання...(усміхаецца). Усё на стадыі прыняцця рашэння.

📍Калі не паступіць ніякіх прапаноў ад іншых клубаў, ты застанешся ў Ашмянах?

- Так, але я не люблю загадваць наперад. На дадзены момант я гулец ФК Ашмяны-БДУФК і мне тут усё падабаецца. З такім калектывам можна і за высокія месцы пазмагацца. Нам усё па сілах.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Ашмяны-БДУФК
+14
Реклама 18+
Популярные комментарии
Сиреневый Кит
+1
Ого! Здаецца, Ашмяны сабралі добрую і маладую каманду!
Фк-Ашмяны Бдуфк
0
дзякуй, стараемся :)
Ответ на комментарий Сиреневый Кит
Ого! Здаецца, Ашмяны сабралі добрую і маладую каманду!
Написать комментарий
Реклама 18+