Tribuna/Футбол/Блоги/Ашмяны-БДУФК/Пра Віцебск і Еўропу, “здзекі” ад Стасевіча і вярблюдаў на полі. Інтэрв'ю з Сяргеем Мельнікам

Пра Віцебск і Еўропу, “здзекі” ад Стасевіча і вярблюдаў на полі. Інтэрв'ю з Сяргеем Мельнікам

26 июня 2020, 18:05
1
Пра Віцебск і Еўропу, “здзекі” ад Стасевіча і вярблюдаў на полі. Інтэрв'ю з Сяргеем Мельнікам

Сяргей, добры дзень. Першае і самае галоўнае пытанне – чаму футбол?

- Футбол, як і ўсё, выбіраў не сам. Бацька вельмі любіў футбол, калісьці спрабаваў свае сілы ў гэтым спорце, але не атрымалася. Таму вырашыў увасобіць свае мары цераз мяне. Так я трапіў да свайго першага трэнера Шчуку Сяргея Міхайлавіча.

На якой пазіцыі пачынаў сваю футбольную кар'еру?

- Адзіная пазіцыя, на якой я не гуляў, – гэта брамнік.

Хто з сусветных зорак футбола для цябе ідал?

- Усё па бразільскай сістэме, як у “Ералашы”, (смяецца) – Дані Алвес. Маё меркаванне – гэта лепшы крайні абаронца, якога можна ставіць усім у прыклад. Таксама вельмі круты Гатуза, які выклікаў у мяне сімпатыі за сваю гульню на полі.

Добры густ у цябе да майстроў вялікага футбола. Ёсць, на каго раўняцца. Але вернемся да тваёй кар'еры. Ты з'яўляешся выхаванцам ФК Мінск. Чаму клуб не ўбачыў у табе патэнцыял?

- Так, усё верна, выхаванец ФК Мінск. Пачынаў свой шлях з другой каманды, якая тады выступала ў першай лізе. Калі каманда распалася, нам сказалі, што мы дубль перараслі, і клуб прыгожа нас папрасіў выйсці на вуліцу. Нават не гледзячы на тое, што я з'яўляюся выхаванцам клуба.

Па нашай інфармацыі ў цябе быў варыянт зайграць у Мазырскай Славіі?

- Юрый Іосіфавіч Пунтус запрасіў да сябе ў Мазыр. Трэніруюся з камандай, усё добра, рыхтуемся да чэмпіянату. У Славіі я знаходжуся 3 месяцы, а потым мне паведамляюць: «Вы ведаеце, мы вас аддамо ў арэнду». Вельмі непрыемная сітуацыя.

Беларускі футбол, такія рэаліі. Ты з'яжджаеш у Віцебск. На “Славянскім базары” пабываў?

- (Смяецца) Гэта смешна. Так, у Віцебск трапіў дзякуючы Тараканаву перад самым пачаткам сезона. Гэта было за 4 дні да старту першага тура. У чацвёртым я трапіў у склад, і мой дэбют супраць Дынама Мінск завяршыўся ў нічыю 0:0.

У Віцебску пасля дэбюту з Дынама ты пачынаеш трапляць у стартавы склад. За клуб правёў 13 матчаў і аддаў галявую перадачу ў гульні супраць Тарпеда БелАЗ. Чаму не затрымаўся ў камандзе?

- З-за майго дурнога рашэння паспрабаваць свае сілы ў Еўропе. Мне проста сказалі, што ёсць варыянты. Я як наіўны хлопчык вельмі гарэў тым, каб паспрабаваць свае сілы дзесьці ў іншым месцы, але, на жаль, не атрымалася.

Як ацэніш Вышэйшую лігу?

- Мне 19 год. Гэта нешта было з вобласці космасу. Я гуляў і проста атрымліваў асалоду ад таго, што для мяне ёсць футбол. Калі ты доўга працуеш над тым, каб атрымаўся вынік.

Мы ведаем вельмі цікавую гісторыю пра “заключэнне” з табой кантракту Тарпеда БелАЗ.

- (Смяецца) Так, была такая гісторыя. Клікалі ў адну з каманд, але ў мяне былі планы заваяваць Еўропу. Прайшоў, калі памяць не падводзіць, тыдзень, і мне зноў тэлефануюць з гэтага клуба і кажуць: «Сяргей, як табе не сорамна? Ты нам гаворыш адно, а на самай справе ўсё па-іншаму. Бярэш і падпісваеш кантракт з Тарпеда Жодзіна. Я ўвогуле не зразумеў, пра што ідзе гаворка. Пачынаю шукаць у сацыяльных сетках інфармацыю. «Тарпеда Жодзіна падпісала Мельніка Сяргея». Я вельмі здзівіўся. Падумаў пра сябе і сказаў: «Нармальна, сяджу дома, а тут ужо ў Тарпеда». Праўда, праз пару дзён усё праяснілася. Сяргеем Мельнікам апынуўся гулец з Украіны. Самае цікавае, што мы з ім пагулялі разам. Нас называлі ў камандзе Мельнік старэйшы і Мельнік малодшы.

Ты перанёс траўму і выбыў на 1,5 года. Што значыць не гуляць такі працяглы тэрмін? Чым займаўся ў гэты перыяд?

- Няпросты перыяд у маім жыцці. Гэта вельмі цяжка для маладога спартсмена. Але ёсць такі чалавек выдатны, Таццяна Анатольеўна Лавец. Чалавек, які ўратаваў. Яна мяне падняла на ногі. Гэтаму чалавеку перадаю велізарнае прывітанне. Таццяна Анатольеўна дала мне свежы глыток паветра. Я зараз у футболе дзякуючы ёй.

Ты аднаўляешся і разумееш, што нікому не патрэбны. Трэба пачынаць з нуля і даказваць, што ты яшчэ нешта можаш. І з'яжджаеш у Баранавічы...

- Так, разумеў, што, калі хачу гуляць, трэба даказваць для пачатку самому сабе. Бо футбол для мяне – гэта ўсё. Таму паехаў у Баранавічы.

Раскажы гісторыю пра вярблюдаў.

- (Усміхаецца) Раніцай ідзем на трэніроўку, падыходзім да стадыёна, а там вярблюды стаяць на полі. Як гаворыцца, цырк прыехаў. Сардэчна запрашаем. Клуб спрабаваў усімі сіламі неяк зарабіць.

Ці ёсць на тваёй памяці нападаючыя, якія табе дастаўлялі нязручнасці?

- Назаўжды запомню матч на Барысаў-Арэне. Віцебск паехаў у госці да БАТЭ. У першым тайме Ігар Стасевіч і Філіп Младэнавіч “глуміліся” з мяне. Мяне “адвазілі” так, што я зайшоў у распранальню без сіл. Мне здавалася, што я не згуляю другі тайм. Мы прайгралі 4:0, але гэты матч я добра запомніў.

Тады пытанне пра Ігара Стасевіча. Як ты думаеш, Стасевіч мог бы замацавацца ў Еўропе, як Аляксандр Глеб?

- Думаю, так. Два выдатных футбаліста. Сучасная гісторыя беларускага футбола. Не ведаю, чаму Ігар не паспрабаваў свае сілы ў Еўропе, але думаю, што ў яго ўсё атрымалася б. Спартсмен з добрымі дадзенымі і футбольнымі мазгамі, а гэтага ў сучаснай гульні многім і не хапае, каб раскрыцца.

БАТЭ – машына?

- Так, яркі прыклад для ўсяго беларускага футбола. Кожны клуб павінен імкнуцца да таго, каб быць падобным на барысаўскі клуб і даваць вынік, які паказвае ён.

У тваёй кар'еры з'явілася новая гісторыя – футбольны клуб Ашмяны-БДУФК. Ты замацаваўся ў асноўным складзе. Паказваеш добрую гульню. Камандзе не хапае чагосьці? Выкажы сваё меркаванне на гэты конт, калі ласка.

- У каманды не хапае веры ў самога сябе. У калектыве сабраныя таленавітыя гульцы, кожны павінен раскрывацца і паказваць, на што здольны. Бо час ідзе, а шанцаў шмат не даюць. Яны любяць футбол, гуляюць, але не хапае веры ў свае сілы, таму няма жаданага выніку.

Як табе гэты малады, амбіцыйны клуб у цэлым? Якія задачы ў цябе з клубам?

- Добры клуб і трэнерскі штаб. Аднак, каб клуб развіваўся і рос, патрэбныя фінансавыя патокі. У гэтага клуба будзе будучыня, але для гэтага патрэбныя прыватныя, я лічу, уліванні, каб атрымаўся толк. Задача ў мяне адна – прыносіць карысць клубу і набіраць ачкі. Усё, што ад мяне залежыць на полі, я зраблю. Дзякуй усім, хто верыць у мяне і дае шанец гуляць.

У цябе расце сын. Па слядах бацькі ў футбол?

- Думаю, так. З жонкай прыязджае на матчы па меры магчымасцяў. Таму будзем старацца, каб у нашай сям'і з'явіўся яшчэ адзін футбаліст.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты