Tribuna/Футбол/Блоги/Ашмяны-БДУФК/Пра ФК Мінск, юнацкую Лігу чэмпіёнаў, тэкбол і жаночы футбол. Інтэрв’ю з Аляксеем Нікуліным

Пра ФК Мінск, юнацкую Лігу чэмпіёнаў, тэкбол і жаночы футбол. Інтэрв’ю з Аляксеем Нікуліным

18 июля 2020, 22:40
1
Пра ФК Мінск, юнацкую Лігу чэмпіёнаў, тэкбол і жаночы футбол. Інтэрв’ю з Аляксеем Нікуліным

Добры дзень, Аляксей. Усе мы родам з дзяцінства. Як пачаўся твой шлях у футбольным сусвеце?

- Гісторыя такая. Калі мне было 8 гадоў, памёр мой бацька. Уся сям’я вельмі балюча гэта перажывала, і я ў тым ліку. Родныя бачылі, што мне вельмі няпроста, хоць асаблівага выгляду не падаваў.

Прыкладна праз 4 месяцы мама праз працу арганізавала мне пуцёўку ў лагер «Зубраня». Пад канец змены я захапіўся гульнёй у футбол. У бацькоўскі дзень займаўся з мячом, спрабаваў набіваць і трапіць ім ў дрэва. У гэты дзень прыехаў мой першы трэнер Кірыенка Уладзімір Рыгоравіч. Ён ездзіў па лагерах і школам, набіраў хлопцаў у каманду. Убачыў мяне, падышоў да мамы і сказаў, што яна можа аддаць сына ў футбольную школу. Мама спытала маё меркаванне, і я пагадзіўся. Так патрапіў у «Змену» (цяпер ФК «Мінск»). Гэта была лепшая дзіцяча-юнацкая школа па футболе ў краіне. Лічу, яна да гэтага часу застаецца такой. На першай трэніроўцы здавалі тэсты. Я здзівіў трэнера сваімі паказчыкамі, і ён захацеў, каб я працягнуў займацца. Што я і зрабіў.

Мы шмат ездзілі на розныя турніры. У многіх краінах заваёўвалі медалі (залатых больш, чым іншых). Самая запамінальная футбольная база, якую я бачыў у жыцці, была база «Шэрыфа» (Малдова).

Самая ж запамінальная паездка была ў Францыю. Жылі ў сем’ях па два чалавекі, на той момант гэта было вельмі распаўсюджана ў Еўропе. Мы з маім напарнікам па пражыванні не валодалі ангельскай наогул, але час прайшоў весела. У турніры ўдзельнічала мноства каманд (каля 70), па 2-3 гульні ў дзень. У адзін з дзён мы згулялі 2 гульні, і да наступнай было каля 3 гадзін. Некаторыя сем’і, у якіх мы гасцявалі, забралі хлопцаў па дамах, перакусіць і адпачыць. А, прыкладна, палова хлопцаў засталася ў спартыўным комплексе. І раптам аб’яўляюць, што мы павінны выходзіць на поле. Наш трэнер запанікаваў, пабег па ўсіх палях збіраць тых, хто застаўся. У выніку знайшоў роўна 11 чалавек. Гульня была з вельмі моцным супернікам – французскім Рэнам. Пачалі мы не асноўным складам, але па ходзе гульні вярталіся тыя, якія з’ехалі, і мы выйгралі 2:1.

Твае старанні ў спартыўнай школе не прайшлі незаўважанымі. Табе выпаў гонар абараняць колеры зборнай каманды краіны.

- Дакладна так, у юнацкую зборную я трапіў у 15 гадоў. Трэніраваў нас Юрый Аляксеевіч Хамко, крыху пазней яго памочнікам стаў Міхаіл Міхайлавіч Мархель (зараз трэніруе нацыянальную зборную). Таксама ездзілі на мноства турніраў у розных краінах. Запомніўся турнір 4-х зборных у Мінску (Казахстан, Расія, Украіна і Беларусь). Мы занялі другое месца, па пенальці абыграўшы Расію. Быў складаны матч – град, моцны дождж – у выніку нічыя і серыя пенальці. Дарэчы, сваю спробу не рэалізаваў. Але ў матчах супраць Украіны і Казахстана адзначаўся са штрафных.

Падрыхтоўку да адборачнага раўнда чэмпіянату Еўропы пачыналі за 2 гады. Спаборніцтвы праходзілі ў Албаніі. У нашай групе былі Фінляндыя, Румынія і самі гаспадары. Першую гульню з паўночнымі хлопцамі выйгралі 1:0 у меншасці, бо у сярэдзіне першага тайма выдалілі брамніка. Другая гульня была з вельмі спецыфічнай камандай Албаніі. Старанна разбіралі іх стыль, але па ходзе матчу прайгравалі 1:0. І вось збіваюць нашага нападаючага – штрафны. У тыя юныя гады я вельмі добра выконваў стандарты, не ведаю куды цяпер гэта сышло (смяецца). Разыграў з нашым капітанам мяч і закруціў у далёкую дзевятку. У рамцы ў Албаніі на той момант стаяў трэці брамнік з асноўнай каманды «Тарына» (Італія). Як бы нясціпла гэта не гучала, удар быў настолькі добры, што ў галкіпера проста не было шанцаў. Лічу, гэта лепшы мой гол за ўсю кар’еру. Запомніўся на ўсё жыццё – эмоцыі перапаўнялі, унутры такая колькасць адрэналіну... Але ў выніку албанцы забілі другі гол на 83-й хвіліне, і мы прайгралі 2:1. Потым гульня з Румыніяй, якая прыехала зладжанай камандай аднаго клуба. Таму заканамерны пройгрыш 2:0 і вылет з групы.

Твая прафесійная кар’ера пачалася, прыкладна, у гэты ж час? Г.зн. у досыць юным узросце?

- Так, можна сказаць, што больш дарослы футбол пачаўся, калі я быў у 10 класе. Пасля гульні з мінскім Дынама (за ліцэнзію) мне паведамілі, што наступная мая трэніроўка будзе ў трэнера дубля Пышніка Андрэя Юр’евіча. Так я трапіў у дубль ФК Мінск. Уліцца было нескладана ў калектыў, многіх хлопцаў ужо ведаў на той момант. Ды і двое хлопцаў з маёй каманды ўжо даволі працяглы час трэніраваліся там. Прыкладна праз паўгода я падпісаў свой першы прафесійны кантракт на 3 гады.

За дубль «Мінска» я гуляў гады 3-4. Два разы станавіўся чэмпіёнам краіны, у агульнай колькасці больш за 100 матчаў правёў. Некаторы час трэніраваўся з асновай камандай ФК Мінск і дэбютаваў за яе ў 2017 годзе ў матчы 1/16 фіналу кубка Беларусі супраць «Валны» (Пінск). На жаль, шанцу згуляць у афіцыйным матчы чэмпіянату так і не атрымаў. Былі перыяды, калі даводзілася гуляць на тры «фронты» – дубль, ліцэнзія і трэніроўкі ў асноўнай камандзе. Паралельна з гэтай досыць цяжкай нагрузкай яшчэ праходзіў службу ў войску з 2015 па 2018 гг. Кожны год па паўтара-два месяцы адпраўляўся на зборы. Толькі набіраеш форму, а тут ізноў у войска. Пасля было цяжкавата аднаўляцца.

У 2015 годзе мы выйгралі лігу ліцэнзавання і сталі удзельнікам юнацкай Лігі чэмпіёнаў. На жараб’ёўцы нам трапілася каманда Віітарул (Румынія). Першая гульня праходзіла ў Мінску. Вялі з лікам 2:0, у выніку скончылі 2:2. У гульні ў адказ выйграем 0:1 пасля першага тайма, у другім – у нас два выдаленні і канчатковы лік 5:1. Вельмі крыўднае паражэнне.

У выніку ў ФК Мінск ты не замацаваўся. Якія былі варыянты працягу кар’еры?

- У канцы 2017 года ФК Мінск не працягнуў са мной кантракт. Пачаліся пошукі новай каманды. З’ездзіў у «Белшыну», месяц трэніраваўся, але не падышоў. Патэлефанаваў трэнер «Смаргоні» і запрасіў да сябе. Я пагадзіўся і ўвесь 2018 год гуляў за іх. У другім крузе зноў сыходзіў у войска, таму сезон апынуўся трохі змазаны.

І вось пасля «Смаргоні» паступіла запрашэнне ад Майорава Антуана Іванавіча, майго цяперашняга трэнера. Ашмяны тады гулялі ў другой лізе, але перад клубам была задача выйсці ў першую. Мне гэта падалося цікавым, і я пачаў выступаць за Ашмяны-БДУФК. Як ні дзіўна, не думаў, што ў другой лізе ёсць каманды, якія дадуць бой. Аднак такія апынуліся, некаторыя каманды нават вельмі былі добрыя для другой лігі. Задачу па выхадзе ў першую лігу мы выканалі. І ў канцы сезона Антуан Іванавіч спытаў, ці не хачу я застацца. Я пагадзіўся не разважаючы, хацеў паглядзець, як мы будзем глядзецца ў лізе класам вышэй.

Мы ведаем, што ты таленавіты малады чалавек і маеш вопыт гульні не толькі ў футбол. Якія віды спорту табе скарыліся?

- Я раней вельмі захапляўся фрыстайлам. А ў лістападзе 2019 года добрыя знаёмыя прапанавалі з’ездзіць на чэмпіянат свету па тэкболу. Гэта круты від спорту для развіцця тэхнікі, спрыту і хуткасці мыслення. Думаю, чытачы змогуць знайсці інфармацыю аб гэтым спорце, але сцісла растлумачу. Гуляюць у тэкбол на стале, падобным на тэнісны, толькі выгнуты. Матчы праводзяцца ў фармаце «сам-насам» або ў пары. Перабіваць мяч можна любой часткай цела, акрамя рук, але два разы запар адной часткай цела працаваць нельга.

У снежні 2019 паляцелі ў Будапешт, патрэніраваўшыся крыху больш за месяц. Гэта быў другі чэмпіянат свету па гэтым відзе спорту. Удзельнічала каля 50 краін. Запрошанымі зоркамі футбола былі Раналдзіньё, Галас, Сімао, Нуну Гомеш, Пуёль. Мы заявіліся ў парным разрадзе і патрапілі ў групу з Германіяй, Тога, Сенегалам і Джыбуці. Але Тога і Сенегал не даляцелі на турнір, і мы сыгралі толькі два матчы ў групе. Германіі прайгралі з лікам 20:11. Скажу шчыра, калі б мы яшчэ пару тыдняў патрэніраваліся, думаю, абыгралі б іх. А Джыбуці мы разнеслі ў пух і прах 20:4 і выйшлі далей на Чарнагорыю (леташні чэмпіён свету). Яны чакана разарвалі нас (лік называць не буду). У выніку Чарнагорыя заняла другое месца, а Венгрыя – першае. Дзве гэтыя краіны ў тэкболе пакуль у лідэрах, ім няма роўных. Але іншыя паволі пачынаюць наступаць ім на пяткі. У нашай краіне паволі развіваецца тэкбол. Думаю, праз пару гадоў у Беларусі гэта будзе папулярны від спорту. Чуў, што яго хочуць уключыць у алімпійскую праграму.

Ты маеш уласнае стаўленне і некаторае дачыненне да жаночага футбола. Патлумач, калі ласка, як так атрымалася?

- (Смяецца) У мяне ёсць сяброўка, якая прафесійна гуляе ў футбол за ФК Мінск. У снежні 2017 яна паклікала мяне схадзіць з ёй на тэлеканал Беларусь-2. Эфір быў менавіта пра жаночы футбол і стаўленне хлопцаў да яго. Атрымалася вельмі смешная праграма. Я прыйшоў з рондалем (па сцэнары). Гэта было метафарай таго, што нібыта дзяўчаты павінны за плітой стаяць і баршчы варыць, а не бегаць па полі. Было шмат пытанняў і бурная дыскусія. Мне спадабалася, было цікава выказаць сваё меркаванне з нагоды жаночага футбола. У праграме разам з намі ўдзельнічала маладая 17-гадовая пара. Хлопец быў супраць, каб яго дзяўчына пачынала ў футбол гуляць. Я яго падтрымаў. Лічу, што ў 17 гадоў ужо позна пачынаць займацца футболам каму б там ні было.

У цяперашні момант ты ўжо другі год працягваеш гуляць за ФК Ашмяны-БДУФК. Як змяніўся калектыў? Якія прафесійныя праблемы стаяць перад вамі?

- Калектыў мне падабаецца, вельмі згуртаваны. З мінулага года асабліва склад не памяняўся. Ёсць новыя людзі, наладжваем сувязі. Я лічу, што нам не хапае апошняга паса і дакладнага завяршэння атак. Наколькі я ведаю, мы ўваходзім у топ 3 па нерэалізаваным момантах. Але нічога страшнага, будзем працаваць. Думаю, другі круг будзе больш паспяховым, чым першы.

Дзякуй за інтэрв’ю і ўдачы ў гульні!

Другие посты блога

Все посты