Tribuna/Футбол/Блоги/Беларусский футбол/У РПЛ не пусцілі самую беларускую каманду Расіі – праблема ў замалым стадыёне, на якi раней закрывалi вочы (клуб думаў, гэта зробяць зноў)

У РПЛ не пусцілі самую беларускую каманду Расіі – праблема ў замалым стадыёне, на якi раней закрывалi вочы (клуб думаў, гэта зробяць зноў)

Самаўпраўнасць або літара закона?

Автор — Алесь Коваль
23 мая 2021, 16:00
5
У РПЛ не пусцілі самую беларускую каманду Расіі – праблема ў замалым стадыёне, на якi раней закрывалi вочы (клуб думаў, гэта зробяць зноў)

Літара закону.

«Арэнбург», што мінулы сезон правёў у ФНЛ, можна назваць самай беларускай камандай Расіі. У гэтым клубе можна знайсці не толькі нашых футбалістаў, але і трэнераў з гульцамі, якія раней паспелі засвяціцца ў белфутболе.

Летам 2020-га «Арэнбург» вылецеў з РПЛ і меў поўны намер вярнуцца ў эліту за адзін год. Па выніку сезона ў ФНЛ каманда стала другой, прайграўшы ўсяго ў чатырох матчах з 42-х. Больш ачкоў набралі толькі «Крылы Саветаў». Аднак калі самарцаў мы ўбачым у РПЛ-2021/22, то «Арэнбурга» там не будзе, хоць другое месца дае прамую пуцёўку ў Д1. Месца каманды ў прэм’ер-лізе зойме трэцяя каманда ФНЛ «Ніжні Ноўгарад».

Што здарылася

Каменем спатыкнення «Арэнбурга» на шляху ў эліту стаў уласны стадыён «Газавік». Арэну адкрылі ў жніўні 2002 года. З тых часоў стадыён па сілах бюджэта клуба і рэгіёна ўдасканалілі: павялічылі ўмяшчальнасць трыбун з першапачатковых 4,8 тысячы чалавек да 7,5 тысячы, паклалі штучнае поле з падагрэвам, зрабiлі дах над трыбунамі.

Аднак для патрабаванняў да стадыёнаў РПЛ гэтага мала. Мінімальная ўмяшчальнасць арэны павінна быць дзесяць тысяч гледачоў. «Арэнбург» раней дапускалi ў РПЛ, рабiўшы выключэнне, а з боку клуба былi абяцаннi пачаць рэканструкцыю з мэтай павелічэння колькасцi месцаў на стадыёне. Але работы так і не пачаліся – а зараз выключэнняў рабiць не сталi. Гуляць хатнiя сустрэчы на iншай арэне цяпер немагчыма – у рэгламент унеслi пункт, якi забараняе рабiць гэта па-за межамi рэгiёна, а патрэбнага стадыёна ў Арэнбургскай вобласцi няма.

У такой жа сітуацыі апынулася «Аланія» – чацвёртая каманда па выніках ФНЛ, у якой адпаведны нормам стадыён пакуль на рэканструкцыi. Апеляцыi абодвух клубаў адхiлiлi i ў РПЛ, i ў РФС – з-за гэтага федэрацыя вырашыла, што не адбудуцца стыкавыя матчы, дзе з прадстаўнікамі Д2 гуляюць 13-ы і 14-ы клубы Д1. Гэты факт абурыў заўзятара і юрыста з Арэнбурга Арцёма Сіманенку. Мужчына падаў у суд, патлумачыўшы свае дзеянні парушэннем РФС свайго ж рэгламенту.

Прэзідэнт «Арэнбурга» Васіль Ярамякін спачатку гаварыў, што разлiчвае на чарговае выключэнне з боку РФС. Калi гэтага не адбылося, абурэнню функцыянера не было межаў.

«Мы двойчы былі ў РПЛ: сярэдняя наведвальнасць стадыёна на матчах прэм’ер-лігі складала 4 995 чалавек. Пытанне ў тым, што эканоміка павінна быць эканомнай. Гэта яшчэ Леанід Ільіч Брэжнеў сказаў на 25-м з’ездзе партыі. Кожнае пустое месца на стадыёне каштуе грошай. Дык хто гэта [мiнiмум у 10 тысяч] прыдумаў? Хто гэта лічыў? Хто рабіў тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні? Дзе лічбы для горада ў 500 тысяч жыхароў, для мільённіка, для агламерацыі, дзе пражывае пяць мільёнаў чалавек? Для чаго гэта трэба, хай растлумачаць мне, простаму чалавеку?! Калі хоць хтосьці зможа пераканаць мяне ў тым, што «Арэнбургу» патрэбны 10-тысячны стадыён, тады я пагаджуся з гэтай пастановай», – выказваўся кiраўнiк. Акрамя таго, ён заявiў, што «РФС прымушае клубы будаваць велiзарныя стадыёны ў вёсках», – мабыць, 500-тысячнаму Арэнбургу магло быць крыўдна.

Дайшло да таго, што клубная прэс-служба зняла 10-хвілінную экскурсію па стадыёне, у якім паказала ўнутранае ўбранне «Газавіка».

«Арэнбург» не збіраецца здавацца

Аднак у «Арэнбурга» яшчэ застаецца шанец летам 2021-га апынуцца ў РПЛ. Расiйскі клуб збіраецца звярнуцца са сваёй праблемай у міжнародныя органы. Зараз юрысты «Арэнбурга» рыхтуюць дакументы для падачы ў Спартыўны арбітражны суд. Матывацыйная частка будуецца на тым, што клуб раней без заўваг двойчы атрымліваў ліцэнзію УЕФА. Але ж у каментарах балельшчыкi пiшуць, што грошы, неабходныя для звароту ў CAS, лепш было выдаткаваць на рэканструкцыю.

Акрамя юрыдычнай працы, «Арэнбург» прыдумаў мерч па тэме і спытаў у заўзятараў, ці запускаць у вытворчасць падобныя майкі.

Чаму каманда самая беларуская

У «Арэнбургу» сабралася вялікая колькасць футбольных людзей, звязаных з Беларуссю, у розных статусах. Пачынаем лічыць.

Андрэй Клімовіч, брамнік, 32 гады

У жніўні 2019 года, вылецеўшы разам з «Шахцёрам» з Лігі Еўропы пасля бітвы з «Тарына» (0:5, 1:1), галкіпер ужо праз два тыдні дэбютаваў за «Арэнбург» у РПЛ. За беларуса расійскі клуб адправіў у Салігорск каля 280 тысяч еўра.

У тым сезоне Клімовіч быў першым нумарам «Арэнбурга», правёўшы ў РПЛ 20 матчаў і прапусціўшы 32 мячы. Здараліся і ляпы ў выкананні брамніка. Да прыкладу, вось такі гол здарыўся ўжо на 25-й секундзе кубкавага паядынку супраць «Хімак» (1:2) (таймкод 0:43).

Часам Андрэй атрымліваў рэспект не толькі за свае сэйвы. 22 кастрычніка 2019 года, у дзень 90-годдзя Льва Яшына, беларус выйшаў на поле ў чорным свiтары і кепцы ў гонар легендарнага брамніка.

Вылецеўшы з камандай у ФНЛ, там Клімовіч згуляў у 35 сустрэчах з агульных 42. Сапернікам удалося толькі 26 разоў засмуціць галкіпера, ён аформіў 16 сухіх матчаў. Усяго за сязон Андрэй зрабіў роўна сотню сэйваў – гэта дзявяты паказчык у лізе.

У чэрвені ў Клімовіча заканчваецца кантракт з «Арэнбургам», таму яшчэ не факт, што наступны сязон брамнік пачне там жа.

Міхаіл Сівакоў, абаронца, 33 гады

Хай у «Арэнбург» беларус перабраўся з «Амкара» толькі ў ліпені 2018 года, але ўжо лічыцца там старажылам – даўжэй тут гуляе толькі абаронца Андрэй Малых (са студзеня 2010 года). Нядзіўна, што пасля расіяніна Мiхаiл атрымаў статус віцэ-капітана каманды.

Сівакоў правёў у сіняй футболцы два сезоны ў РПЛ (41 матч, 1 гол) і не памяняў колер пасля вылету ў ФНЛ. У Д2 цэнтрдэф згуляў у 37 матчах, у якіх забіў два мячы пасля стандартаў, атрымаў дзве чырвоныя карткі і ўвосень перахварэў на каранавірус. Калі браць статыстычныя паказчыкі Сівакова, то варта вылучыць, што за сезон той заблакаваў 26 удараў (3-й па лізе) і здзейсніў 231 перахоп (9-й па лізе).

Пагадненне абаронцы з «Арэнбургам» таксама заканчваецца будучым летам.

Джоэл Фамее, нападаючы, 24 гады

На паўтара месяцы раней за Клімовіча ў Арэнбург з Беларусі пераехаў форвард з Ганы. Фамее расстаўся з брэсцкім «Дынама», якое iшло за чэмпіёнствам, дзеля гульні ў РПЛ. Трансфер Джоэла пацягнуў на 150 тысяч еўра. Можна сказаць, што гэтыя грошы футбаліст ужо адпрацаваў: у РПЛ аформіў 7 галоў у 23 матчах, у ФНЛ – 12 у 35. Пасля некаторых мячоў Фамейе станавіўся на адно калена, падтрымліваючы рух Black Lives Matter. 

Усё ідзе да таго, што і наступны сезон форвард правядзе ў «Арэнбургу» – кантракт дзейнічае да лета 2022-га.

Аляксандр Наёк, паўабаронца, 29 гадоў

Украінцы ў чэмпіянаце Расеі атрымліваюць тлустую порцыю крытыкі на Радзіме. Аднак яе не спалохаўся Наёк, калі ў пачатку 2021-га пераходзіў з брэсцкага «Дынама» ў «Арэнбург». Цікава, што футбаліст страціў не толькі ў зарплаце, але і магчымасць выступаць за зборную Беларусі, пра якую сам казаў у канцы мінулага года.

Апорніку ўдалося паказаць сваю «гармату» ўжо ў адным з першых матчаў за «Арэнбург». Пасля магутнага стрэлу са штрафнога пацярпела «Балтыка» (2:1). Вось толькі мяч запісалі на брамніка «балтыйцаў» Яўгена Латышонка, таму ў Наёка 14 матчаў і 0 галоў.

Кантракт паўабаронцы з «Арэнбургам» дзейнічае яшчэ сезон.

Кірыл Капленка, паўабаронца, 21 год

У «Арэнбургу» ёсць нават адказнік-беларус. Малодшы брат Мікіты Капленкi гуляў за юнацкія каманды мінскага «Дынама» і БАТЭ, а пазней перабраўся ў акадэмію «Краснадара». Неўзабаве Кірыл апынуўся ў «Зеніце», дзе спадабаўся самому Раберта Манчыні. Італьянец не толькі прыцягваў цэнтральнага паўабаронцу да трэніровак у аснове, але і выпускаў на поле ў РПЛ – на рахунку хлопца тры гульні за «сіне-бела-блакітных».

Затым адбыўся скандал з-за адмовы ад выступаў за беларускія зборныя, цяжкая траўма і доўгае аднаўленне. Капленка адправілі ў «Зеніт-2», а ў лютым 2020-га дамовіліся аб арэндзе з «Арэнбургам», якую падаўжалі яшчэ на сезон. За паўтара гады Кірыл правёў за каманду 29 матчаў і забіў 1 мяч. На рахунку паўабаронцы ў ФНЛ 69% паспяховых абводак (3-й па лізе) і 79% дакладных перадач у апошнюю траціну поля (9-й па лізе).

Будучым летам у «Зеніта» і Капленка заканчваецца працоўная дамова, таму, можа, новы сезон футбаліст пачне як паўнавартасны гулец «Арэнбурга».

Мікалай Пруднікаў, паўабаронца, 23 гады

Калі вы думаеце, што на гэтым спіс экс-беларусаў у «Арэнбургу» заканчваецца, то памыляецеся. У камандзе знайшлося месца маладому ўраджэнцу Шклова. У 15 гадоў Пруднікаў пакінуў магілёўскі «Днепр» і перабраўся ў Маскву, дзе пачаў трэніравацца ў акадэміі «Чартанава». Там зямляк Лукашэнкi вырашыў парваць з беларускімі футбольнымі каранямі і выступаць за юнацкія зборныя Расіі. Улетку 2017-га форварда за 170 тысяч еўра падпісаў «Зеніт», дзе Мікалая таксама запрыкмеціў Манчыні. Коуч браў форварда на зборы, але далей гэтага справа не дайшла.

У жніўні 2020-га ў Пруднікава скончыўся кантракт з «Зенітам», таму футбаліст на правах свабоднага агента перайшоў у «Арэнбург». Тут футбаліста пачалі перавучваць з нападніка ў левага паўабаронцу. У цэлым эксперымент можна назваць паспяховым: у сярэднім гуляючы па 40 хвілін за матч, Мікалай забіў 8 мячоў у 34 сустрэчах.

Галоў магло быць і дзевяць, калі б не дзіўныя паводзіны Фамее у кастрычніцкай гульні супраць «Велеса» (1:1). У сярэдзіне другога тайма Пруднікава вывелі адзін на адзін з брамнікам. Мікалай спакойна пакаціў міма кіпера, але мяч з лініі чамусьці вырашыў дабіць афрыканскі нападаючы. Суддзя з-за афсайду адмяніў гол, які каштаваў «Арэнбургу» перамогі.

Марцэл Лічка, галоўны трэнер, 43 гады

«Арэнбург» пачынаў сезон без зацверджанага галоўнага трэнера. Толькі да шостага тура каманда здабыла коуча, якім стаў чэшскі спецыяліст. Пры гэтым каб прызначыць замежнага трэнера, клубнаму кіраўніцтву прыйшлося сур’ёзна папрацаваць. Справа ў тым, што кіраўніцтва «Газпрама» (генеральны спонсар «Арэнбурга») не разумела, навошта запрашаць спецыяліста-легіянера, хай і з досведам перапынення чэмпіёнскай гегемоніі БАТЭ ў чэмпіянаце Беларусі-2019.

Але сваёй працай Личка адмёў усе сумненні скептыкаў. Пад яго кіраўніцтвам «Арэнбург» правёў 37 матчаў у ФНЛ, 24 з якіх завяршыў перамогай. І што самае галоўнае, выканаў задачу заваяваць прамую пуцёўку ў РПЛ.

Пітэр Лівен, трэнер, 37 гадоў

Узімку Лічка прывёў у свой штаб трэнера, з якім паспяхова працаваў у брэсцкім «Дынама». У Беларусі шатландскі спецыяліст аб’явіўся ў пачатку 2018-га і на першым часе працаваў з камандамі «бела-сініх» старэйшых ліцэнзійных узростаў, а таксама кансультаваў трэнераў з дубля. Аднак ужо летам спецыяліст увайшоў у штаб галоўнай каманды, разам з якой за паўтара гады заваяваў Суперкубак Беларусі і стаў чэмпіёнам краіны.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты