Tribuna/Футбол/Блоги/Футбол паўсюль/Неверагодная развязка АПЛ

Неверагодная развязка АПЛ

Чэмпіёнская гонка. 90 хвілін. Манчэстар і Ліверпуль. Пачатак сустрэч а 18:00 па Менску.

Автор — Paulo
23 мая 2022, 00:10
Неверагодная развязка АПЛ

Чэмпіёнская гонка. 90 хвілін. Манчэстар і Ліверпуль. Пачатак сустрэч а 18:00 па Менску.

Астан Вілла забіла першым сваім ударам у плошчу варот Эдэрсана на 37-й хвіліне, калі хуткая атака левым краем, завершылася добрым навесам у цэнтр штрафной ад Дзіня, дзе ўсіх апярэдзіў Кэш і забіў ударам галавой з-пад Кансэлу.

“Віліаны” спакойна давялі першую палову да перапынку з патрэбным ім лікам, яны перамагалі на полі ў адной з лепшых каманд лігі.

Другая палова праходзіла падобна першай, “сіці” ніяк не мог сапраўды патурбаваць Ольсэна, добра працавалі абаронцы і дзе трэба — брамнік. А на 69-й хвіліне адбылося тое, што агаломшыла ўвесь “блакітны” Манчэстар. Атака, якая пачалася з вынаса ад варот Ольсана, завершылася голам Каўціньё. Брамнік выбіў мяч на чужую палову поля, дзе верхавы мяч пракінуў на Каўціньёў Ўоткінс, а бразілец адным рухам падпрацаваў мяч для ўдару і тэхнічна прабіў у супрацьход Эдэрсану з-пад Лапорта, які не паспеў за хуткімі рухамі Каўціньё. Гэтая простая атака, цягнулася ўсяго 8 секунд і склала 4 дотыкі.

Манчэстар Сіці прайграваў 0–2 Астан Вілле і на 75-й хвіліне, гэта выглядала як параза. Але, пры гэтым “мяшчане” заставаліся на першым месцы з-за лепшай розніцы мячоў, бо Ліверпуль не мог узламаць абарону Вулвэргэмптана 1–1.

Ліверпуль прапусціў ужо на 3-й хвіліне, калі пасля вынасу брамніка Са, пазіцыйна памыліўся Канатэ і Рауль Хіменэз працягнуў мяч да штрафной пляцоўкі ды выкаціў яго на пустыя вароты, дзе далёкую стойку замкнуў Нету.

Ліверпуль прайграваў, на Эціхад была яшчэ нічыя і ў Ліверпуля ўзніклі праблемы, бо толькі перамога магла гарантаваць ім тытул, калі МанСіці губляў бы пункты. “Чырвоныя” кінуліся ў атаку і змаглі стварыць некалькі небяспечныя моманты, былі гострыя заходы ў штрафную, але “ваўкі” адбіваліся. Але на 24-й хвіліне, абарона дала збой, калі тонкі пас ад Алькантары пяткай, зруйнаваў пабудову абарончай лініі і Манэ выйшаў сам насам з брамнікам і спакойна перагуляў тога. 1–1, палову справы гаспадары зрабілі.

На Эціхад панавала напруга, заўзятары болей глядзелі ў бок Энфілда, ці ўтрымаюць “ваўкі” нічыю, бо “сіці” ніяк сябе не праяўляў у атацы, каманда Джэрарда без асаблівых праблем адбівалася ад падыходаў гаспадароў. Але складана было разлічваць, што Ліверпуль згубіць такую мажлівасць, каб абысці Манчэстар Сіці.

І вось на 76-й хвіліне грымнула і гэта было пачуццё таго, што хутка пачнецца самая сапраўдная навальніца. Зацяжная атака “мяшчан” прывяла мяч на правы бок да Сцерлінга, які рыўком адарваўся ад абаронцы і змог зрабіць навес у штрафную, дзе добра выбраў пазіцыю Гюндаган, які і загнаў мяч з блізкай адлегласці галавой.

1–2 і “сіці” адчулі сваіх заўзятараў, адчулі гэтыя эмоцыі, каманда атрымала імпульс упэўненасці. І яны пайшлі наперад.

Калі Родры на 78-й хвіліне зраўняў рахунак, пасля выдатнага праходу Зінчанкі, які зручна выкаціў мяч пад удар, адчувалася, што гэта непазбежна, тое, што яшчэ тры хвіліны таму мроілася як цуд, зараз было рэальнасцю — перамога МанСіці. І на 81-й хвіліне ўсё спраўдзілася, Гюндаган робіць дубль і на трыбунах ды і на полі пачынаецца шаленства. Усе разумеюць, што адбываецца штосьці казачнае, гэта тое, аб чым будуць казаць заўжды. “Сіці” зрабілі позняе вяртанне, каб ізноў трымаць усё ў сваіх руках, 3–2.

А ў Ліверпулі, на гэты момант, усё яшчэ была нічыя і твары заўзятараў на трыбунах казалі самі за сябе. Яны не маглі паверыць, што гэта не жарт, што “мяшчане” ужо выйграюць. Футбалісты ж, усё ніяк не маглі ўзламаць абарону Вулвэргэмптана. Каманда дзейнічала не лепшым чынам, ёй цяжка даваліся гострыя моманты і нават небяспечныя падыходы да варот.

На дапамогу прыйшоў стандарт. Ліверпуль зарабіў вуглавы, пасля выканання якога, небяспечна прабіваў Маціп, мяч з варот адбіў нападнік Хіменас, але ў куламесе, якая завязалася пасля гэтага, Маціп, ізноў жа галавой, скінуў мяч на Салаха, які незаўважным дотыкам праштуўхнуў мяч у вароты.

Гульцы ў чырвоных футболках пабеглі эмацыйна святкаваць гэтае ўзяцце, магчыма, яны не ведалі, што адбываецца на Эціхад у Манчэстары.

Трэці гол, які забіў Робертсан на 89-й хвіліне, ужо быў успрыняты больш спакойна, бо МанСіці спакойна даводзіў сваю перамогу над Астан Вілай да фінальнага свістка.

Лунае свісток. Матчы завершаныя. У Манчэстары свята, у Ліверпулі расчараванне. Гэта была шыкоўная гонка за тытул, пераможцам з яе выйшла каманда Гвардыёлы. Яны здзейснілі штосьці асаблівае, позні камбэк, тры галы за пяць з паловай хвілін, у такім становішчы, ці гэта не паказчык характару?

На полі былі заўзятары, яны з шалам адзначалі чацвёртае чэмпіёнства за пяць сезонаў. Гвардыёла, ужо назваў, гэтую каманду - легендарнай.

Пакуль у Ліверпулі не маглі паверыць, што гэта сапраўды так, ім ізноў не хапіла ўсяго крышачку, каб перагуляць “сіці”, то на Эціхад ужо пала першая брама.)

Гэта была выключная гонка і яна пачалася з самага пачатку сезона. Як тут не ўзгадаць паратунак ад Родры, калі ўвосень 2021 года, ён пры ліку 2–2 на Энфілдзе ўратаваў для сваёй каманды нічыю. Як не ўзгадаць два вяртанні Ліверпуля, калі яны адгуляліся на Эціхад у другім коле. Гэта былі дзве роўныя каманды і дзесьці вырашыла пэўная дробязь на доўгай дыстанцыі.

“Сіці” святкуе сваё чарговае чэмпіёнства, а Ліверпуль рыхтуецца да фіналу Лігі Чэмпіёнаў, супраць Рэал Мадрыд. Так, квадрупл, які, так часта згадваўся апошнія месяццы ў прывязцы да Ліверпуля, ужо недасяжны, але ёсць шанец узяць чарговы трафей Лігі Чэмпіёнаў і запісаць у свой актыў кубкавы трэбл.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты