Tribuna/Прочие/Блоги/«Порою блажь великая»/Дэградацыя як яна ёсць. Баскаў можа дазволіць сабе тое, чаго не можа футбольнае «Дынама», і прайграе ад гэтага футбол

Дэградацыя як яна ёсць. Баскаў можа дазволіць сабе тое, чаго не можа футбольнае «Дынама», і прайграе ад гэтага футбол

Алег Гаруновіч – пра звальненне невялікага чалавека.

3 мая 2021, 16:41
4
Дэградацыя як яна ёсць. Баскаў можа дазволіць сабе тое, чаго не можа футбольнае «Дынама», і прайграе ад гэтага футбол

Алег Гаруновіч – пра звальненне невялікага чалавека.

Узяць добрага супрацоўніка, які адданы праекту, які працуе за дваіх, а то і за траіх, прыбраць за няправільнасць поглядаў, згубіць праз гэта яшчэ людзей, а на вызваленае месца наняць кагосьці менш кампетэнтнага, затое, магчыма, на большыя грошы. Вось так выглядае паступовая кадравая дэградацыя сістэмы. Калі раней у Беларусі і так многае будавалася, вобразна кажучы, каб нікога не пакрыўдзіць, з гаўна і палак, то зараз курс такі, што палкі не надта і патрэбныя, іх можна даставаць і адкідаць убок.

Прыбраць выбітнага доктара Максіма Ачарэтняга, таму што ён падпісаўся за вылучэнне Бабарыкі ў прэзідэнты, – не праблема, і пофіг на дэфіцыт кадраў у медыцыне і на тое, што ў Мінску без дапамогі гэтага моцнага дзіцячага рэаніматолага няхай не глабальна, амаль незаўважна па агульнай статыстыцы, але ўзрасце смяротнаць. Ідэолагаў гэта мала хвалюе, як і тое, хто працуе ў нашых музеях, хто сочыць за бяспекай тэхналагічных працэсаў на «Гродна Азоце» і гэтак далей. Неяк выграбем, а вы валіце.

Вы самі бачыце, хто зараз кіруе беларускім футболам наверсе, і можаце параўнаць гэтых, так бы мовіць, менеджараў з папярэднікамі, якія таксама не выклікалі захаплення, але тым не менш. Унізе ідуць такія ж працэсы. Там дасталі палачку, там каменьчык – здаецца, канструкцыя стаіць, але ўсё больш асядае ды расплываецца.

Мне як рэдактару не вельмі падабалася працаваць з прэс-сакратаром мінскага «Дынама» Аляксандрам Строкам. Калі ён пісаў або тэлефанаваў, гэта не зычыла нічога добрага. Значыць, ізноў мы неяк пакрыўдзілі клуб. Нешта не тое, па меркаванні футбольнага офіса, напісалі. Папрокі, тлумачэнні, прэтэнзіі і ўсякае такое – нічога прыемнага, карацей. Умее Саша даставаць кішкі.

Але я разумею, што гэта – частка работы прэс-сакратара. І Строк яе выконваў добра, ажно з залішнім імпэтам, бо «Дынама» для яго было не проста працоўным месцам, а сапраўднай страсцю. Штосьці такое літарка «Д» на грудзях для яго сапраўды значыла і значыць. Мяркую, калі раптам Строку прапануюць перайсці ў БАТЭ, ён можа не тое, што пакрыўдзіцца, але і ў вока даць. Жыццё, канешне, любога можа прыперцi да сцяны, але для гэтага чалавека пераезд пасля «Дынама» ў Барысаў будзе куды цяжэйшым у маральным і экзістэнцыяльным плане, чым для большасці гульцоў, якія ў футболе бачаць толькі бізнес. Але пра гульцоў пагаворым крыху ніжэй, бо яны і тут змаглі здзівіць.

У канцы мінулага тыдня «Дынама» і Строк разышліся па згодзе бакоў, пры гэтым, наколькі ведаю, па сваёй ініцыятыве прэс-сакаратар нікуды не збіраўся. Здаецца, так сабе птушка, не самая значная постаць, але не скажыце. Такія людзі – адданыя, захопленыя – і ёсць аснова любой кампаніі. Строк многа і добра працаваў – рабіў фота, відэа, прыдумляў сюжэты для ролікаў, штосьці пісаў, праводзіў прэс-канферэнцыі і гэтак далей. І тут раптам стаў непатрэбны. Чаму?

Бакі пакуль маўчаць, але шэпт ідзе пра подпіс. Строк адзін з тых, хто ў жніўні мінулага года падтрымаў зварот спартыўнай грамадскасці супраць гвалту і за чэсныя выбары. Самі разумееце, якое ў Беларусі Лукашэнкі гэта злачынства. Можна толькі здагадвацца, чаму менавіта зараз супрацоўніка папрасілі з клуба і ўвогуле ці хацеў клуб гэтага сам (яго бос падпісаўся за Лукашэнку) або атрымаў настойлівую рэкамендацыю, напрыклад, ад міністра спорту Сяргея Кавальчука, у якога за «Дынама» на словах вельмі баліць сэрца.

І вось што дзіўна. «Дынама» падарвалася і зрабіла. Зрабіла сабе горш. А Дзмітрыя Баскава, бадай галоўнага адэпта Лукашэнкі ў белспорце, подпіс падначаленых за чэсныя выбары не так ужо і бянтэжыць. У федэрацыі хакея працягваюць працаваць і такія людзі, яны робяць сайт hockey.by, і іх не звальняюць, бо гэтыя аўтары рэальна прафесіяналы, сапраўдныя знаўцы і аматары беларускага хакея. І калі іх звольніць, то ўзровень праекту абрынецца, як абрынуўся ўзровень «Прэсбола», адкуль сышлі найбольш моцныя і сумленныя супрацоўнікі, а на іх месца набралі тых, каго б яшчэ год таму да газеты не падпусцілі на гарматны стрэл. Савецкія загалоўкі, поўная адсутнасць цікавых інтэрв’ю і вострых тэм – быў «Прэсбол», а атрымалася «Спартыўная панарама-2». Тут і да прымусова-ведамаснай падпіскі недалёка. Або для вас гэта стане навіной?

Мне здаецца, што з hockey.by людзі хутчэй пачнуць бегчы ад ядавітага чырвона-зялёнага атачэння, чым іх звольняць за палітычныя погляды, бо існуе ў нашым свеце такі парадокс: чым бліжэйшы чалавек да ўлады, тым большага ліберала ён можа з сябе строіць. Бізнесовец Зайцаў і бос «Беларуськалію» Галаваты ігнаруюць праўладны ліст спартсменаў, абавязковы астатнім для падпісання, але што дазволена Юпітэру, не дазволена быку.

Строка з «Дынама» звольнілі. Спецыяліст па маркетынгу Аляксей Селiвончык, яшчэ адзін падпісант не за Лукашэнку, таксама сышоў. Фатограф Рэдзін у знак салідарнсаці адмовіўся працаваць на матчах «Дынама». Ці стала ад гэтага лепей беларускаму футболу? Ці стаў ад гэтага клуб мацнейшым? Ці шмат на рынку спецыялістаў, якія гатовыя прыйсці ў дынамаўскую прэс-службу і ці пагодзяцца яны ў святле апошніх падзей на гэта? Будзе цікава паназіраць за тым, як офіс вырашае гэтае пытанне. Так, быццам бы абмяркоўваецца кандыдатура Каці Антонавай, тэлевядучай з БТ, але што яна ўмее? Якім бокам яна да футбола? Мяркуючы па інстаграме, дзяўчына мае добры густ на сукенкi і любіць баляваць са сваім мужам, таталітарна правільным экс-дэпутатам Багдановічам. У нейкім сэнсе, гэта сапраўды спартыўная сувязь, але не зусім пра футбол.

І яшчэ разок да футбалістаў. Калі ўжо пачынаеш думаць, што яны наўрад ці цябе неяк здзівяць, яны ўмудрацца гэта зрабiць. Ладна Кучук, які жыве ў сваім космасе. Магчыма, ён нават і не ведае, хто такі Строк, таму што мэтр можа сказаць? Але яго падначаленыя… Рэакцыя дынамаўскіх гульцоў на зыход чалавека, які ледзьве не дуў ім у азадак, які іх бараніў перад журналістамі, які, упэўнены, скідваў фотачкі і відосікі за проста так, які імкнуўся як мага лепш падаць футбалістаў, каб пазабавіць балельшчыкаў – дык вось, рэакцыя амаль нулявая. На цёплыя словы ў публічнай прасторы рашчодрыліся Хвашчынскі ды Шыкаўка, а таксама былы дынамавец Рудзянок. А што іншыя? А што сам клуб? Гуляй, Вася, вось і ўсё. І пасля такога ў гульцоў хочацца запытаць: вы хто? Вы і не грамадзяне, і не ўдзячныя людзі. Няўжо проста бабланоіды? Няўжо прыстойныя грошы так масава вядуць да слепаты і глухаты?

Упэўнены, што пасля такіх пытанняў Строк паспрабуе мне пазваніць. Пазваніць, каб па старой звычцы абараніць дынамаўскіх футбалістаў. Але, Саша, нават не спрабуй. Я проста не вазьму слухаўку. Мне цікава, як на такія паводзіны адрэагуюць балельшчыкі, і ці змогуць яны надалей падтрымліваць такі клуб.

Другие посты блога

Все посты