Tribuna/Хоккей/Блоги/«Порою блажь великая»/Рабства мільянераў. Глеб і Домрачава ў той жа пастцы, што і звычайныя рабацягі, хоць і маюць значна больш грошай

Рабства мільянераў. Глеб і Домрачава ў той жа пастцы, што і звычайныя рабацягі, хоць і маюць значна больш грошай

А Лукашэнка – бы той Галандзец Міхель.

12 мая 2021, 15:15
32
Рабства мільянераў. Глеб і Домрачава ў той жа пастцы, што і звычайныя рабацягі, хоць і маюць значна больш грошай

А Лукашэнка – бы той Галандзец Міхель.

Той, хто кпіць з Аляксандра Глеба, хто смяецца са славутага футбаліста праз тое, у якой кампаніі ён правёў 9 мая, не заўважае галоўнага: адчайнай смеласці, амаль што гераічнасці, якую нават падчас Вялікай Айчыннай дэманстраваў далёка не кожны (прыміце гэта, ветэраны). Малады мільянер, бацька дзвюх маленькіх дачок, муж жонкі-інстаблогеркі і неверагодны танцор дыска не збаяўся прыйсці на свята да чалавека, на якога палюе ледзьве не ўвесь свет. Нік і Майк, ФБР і ЦРУ, філолаг і адвакат, расійскія алігархі і польскія лялькаводы – навокал спрэс небяспека. Замах і смерць настолькі блізка, што з гэтай нагоды выдадзены спецыяльны дэкрэт – пра тое, што будзе апасля.

І вось у такіх драматычных абставінах на плошчы Перамогі дзесьці паблізу Аляксандра «Пабедзіцеля» Лукашэнкi з’яўляецца Глеб. Ну хіба не так выглядае мужнасць? Ты ведаеш, як усё небяспечна. З-пад Вільні даносіцца дзікі роў рухавікоў – гэта кулямётчыкі на джыпах рыхтуюцца да прарыву мяжы. Сапёры каля цябе рыюцца ў газоне, шукаюць выбухоўкі. Але, нягледзячы на гэта, ты тут, ты побач, стаіш і рызыкуеш сабой.

Ёсць такое традыцыйнае філасофскае пытанне: навошта вам грошы? І вельмі часта ў адказ на яго кажуць: для свабоды. Чым больш грошай, тым больш свабоды. Але, мне здаецца, у Беларусі гэта формула не надта добра працуе. Сістэма збудавана так, што маеш ты зусім сціплыя грошы або маеш непрыстойна вялікія, але свабоды ад гэтага больш не становіцца, калі ты да яе сам не імкнешся. Вось жа парадокс: рабацягі з МТЗ і мільянеры са спорту – у нашай краіне яны мала чым адрозніваюцца, ну хіба што ў магчымасці спажываць, але не ў тым, што датычыць вольнасці чалавечай.

 Згодна прапагандзе, мары звычайных людзей у дзяржаўным сектары надзвычай простыя – каб было па пяцьсот. І тут мы назіраем дзіўнаватую з’яву. Бачна імкненне сфарміраваць такое ўражанне, што свой заробак працаўнікі не тое каб зарабляюць. Атрыманыя імі грошы – гэта не іх безумоўная заслуга, не проста вынік іх укладу ў вытворчы працэс. Не. За заробак трэба дзякаваць і быць удзячным, вельмі ўдзячным. Вы можаце штосьці рабіць, можаце старацца, але колькі рублёў і капеек у рэшце рэшт прыйдзе на вашу картку – гэта пытанне па-за межамі эканомікі. Ваша прадпрыемства можа быць стратным, але вы атрымаеце такі ж заробак, які б атрымалі, калі ваша прадпрыемства было б прыбытковым. Тут няма логікі. Ёсць воля аднаго чалавека. Ёсць быццам бы яго ласка, якая корміць і на якой стаіць свет.

Лукашэнка – бы той Галандзец Міхель. Можа, хто бачыў і помніць савецкі фільм «Казка, расказаная ўначы».

Там пераплецена некалькі гісторый. У адной з іх Галандзец Міхель здзяйсняе жаданні сялян у нейкай вёсачцы. Хочаш, каб заўжды шанцавала, – калі ласка. Хочаш умоўныя па пяцьсот – будзе па пяцьсот. Але трэба ўзамен аддаць адну «драбязу» – сваё сэрца. І атрымаеце тое, што патрабуеце. Нічога не нагадвае?

У беларускіх рабочых за пяцьсот купляюць іх галасы, купляюць іх слепату, купляюць іх маўчанне. Купляюць пачуцці – каб іх увогуле не было, ну ці ў крайнім выпадку каб пачуцці трымаліся пры сабе і нідзе не вытыркаліся. Гэта сістэма непразрыстасці, сістэма сваволля, сістэма абясцэньвання. Нават тым, хто аддана і шчыра лупцуе і катуе бяззбройных беларусаў, ці не кожны дзень нагадваюць: па-за межамі сістэмы вы нікому не патрэбныя.

 Міхель-Лукашэнка стварыў павуцінне, якое аплятае і многіх спартсменаў-мільянераў. Іх сэрцы каштуюць даражэй, але і яны ўжо ляжаць-трымцяць у баначках. Вочы заплюшчаныя, вушы заціснутыя. За дзяржаўны кошт, без асабістых выдаткаў, можна аказаць многа прыемных паслуг, якія цяжка вымераць грашыма.

Ды, уласна кажучы, грошай ад вядомых персон ніхто і не хоча. Плацяць яны па-іншаму. Ля абеліска пастаяць у пэўны момант – вось самае яно. Дрыгва засмоктвае віпаў паступова. Непразрыстыя працэдуры развязваюць рукі для чорнай магіі. Камусьці далі зямлю пад дом, а камусьці пад бізнес, для кагосьці зрабілі ільготныя падаткі. Дапамаглі выблытацца з непрыемнай гісторыі з турэмнай перспектывай. І што ты пасля гэтага можаш сказаць? 

Прычым нашыя багачы дастаткова пажылі на Захадзе, каб усведамляць, у чым перавага тамашняй прававой сістэмы. Мне цікава: ці звяртаўся Глеб, калі набываў свой нямецкі дамок, да Шродара, Меркель або хто там быў канцлерам Германіі на той момант? А Грабоўскі, каб вырашыць спрэчку з суседзямі наконт межаў свайго надзела, магчыма, пісаў канадскаму прэм’еру? Міхаіл да таго, як вярнуцца на Радзіму, паспеў пажыць у канадскім асабняку, і ў яго ж напэўна былі суседзі. Як ён з імі стасаваўся без заступніцтва зверху? Пры гэтым, атрымаўшы траўму і завяршыўшы кар’еру, Грабоўскі працягваў атрымлiваць грошы з НХЛ, прычым без усялякіх дэкрэтаў і спецуказаў. Напэўна, былы хакеіст разумее, як здорава, калі цябе абараняе моцны незалежны прафесійны саюз.

А ці ўяўляе Домрачава такую магчымасць, што дом яе мужа Б’ёрндалена ў аўстрыйскім Аберцілiаху мясцовыя ўлады возьмуць ды забяруць, таму што яны сям’ёй прагаласавалі не за таго кіраўніка камуны, напрыклад? Калі не ўяўляе, хай распавядзе пры нагодзе Герасімені, што такога проста не можа быць. А калі адмаўчацца нават пры збіцці роднага брата, то зямлю не забяруць і ў Лапаровічах пад Мінскам. Так?

Пры гэтым, трэба прызнаць, у заможных спартсменаў магчымасцей для свабоды ўсё ж такі больш, чым у рабацяг. Яны могуць плаціць па рынкавым кошце. Могуць адказваць перад законам, як і ўсе. Могуць рабіць бізнес па тых жа правілах, па якіх робяць усе астатнія. Могуць нават з’ехаць з краіны, каб застацца ў ладзе з сабой.

Але, напэўна, проста няма пільнай патрэбы быць свабодным, быць шэраговым грамадзянінам у ідэалістычным значэнні, тым больш што фармальна ўсё па законе. Прасцей папрасіць. Прасцей падпісаць або прыбраць допіс. Прасцей прыехаць і пастаяць. Не заўжды вялікія грошы змяняюць менталітэт. І не заўжды хочацца, каб панаваў закон, нават калі ты пажыў у асяроддзі, дзе закон пануе. Еўрапейцы і амерыканцы, бывае, выбіраюцца ў краіны трэцяга свету, каб атрымаць доступ да непаўналетнiх прастытутак, наркотыкаў ды іншых крымінальных уцех. А некаторыя нашы спартсмены часам вяртаюцца дадому, каб рабіць тут тое, што ім нават не прыходзіла ў галаву рабіць па месцы сваёй працы. Гэта іх унёсак у ператварэнне Беларусі ў краіну трэцяга свету. Тут больш жорстка з наркотыкамі ды астатнім, але ў кожнага свае густы.

Ну а ў Галандца Міхеля ўсе даўгі запісаныя. І ён, як узнікае патрэба, спаганяе іх і з рабацяг, і з тых, хто ўжо даўно забыўся на тое, што такое нэндза і галеча.

Другие посты блога

Все посты