Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Як паслухаеш функцыянераў белспорту, дык у іх душа баліць за дзяцей і балельшчыкаў. Але паверыць у гэта цяжка

Як паслухаеш функцыянераў белспорту, дык у іх душа баліць за дзяцей і балельшчыкаў. Але паверыць у гэта цяжка

Алег Гаруновіч дзеліцца сумневамі.

23 мая 2021, 08:00
5
Як паслухаеш функцыянераў белспорту, дык у іх душа баліць за дзяцей і балельшчыкаў. Але паверыць у гэта цяжка

Алег Гаруновіч дзеліцца сумневамі.

Як толькі ў Беларусі забралі этап Кубка свету па біятлоне, я пачаў чакаць: ну хто на гэты раз? Хто зараз будзе пакутваць ад такой несправядлівасці?

Калі Мінск застаўся без свайго кавалка чэмпіянату свету па хакеі, у якасці пацярпелых праходзілі дзеці. Імі сароміў Фонд спартыўнай салідарнасці гаспадар федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў (не далі малым паглядзець на зорак, здраднікі!). Яго калега па ФХБ і проста пацешны лыжнік Андрэй Башко таксама гаварыў тады пра дзяцей і іх куміраў – мы назіралі фантастычны збег думак.

Здаецца, біятлонная турбацыя не моцна шыбанула па дзецях – ну і то дзякуй Богу. Увогуле, падалося, што рашэнне Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) крыху агаломшыла беларускі бок. «Трыбуна» спрабавала пагутарыць з трэнерамі і прадстаўнікамі федэрацыі, але ўсе адмаўляліся закранаць тэму. Нават звычайна дзёрзкія тэлевізіёншчыкі-прапагандысты быццам не заўважылі такой поўхі. Можа, хацелі зрабіць выгляд, што нічога не адбылося, што такім і быў план, але праз чатыры дні пісьмо ў IBU накатаў міністр спорту Кавальчук – і стала відавочна, што чарговы адменены турнір усё ж такі ўзрушыў чыноўніка. Спачатку ён напісаў, што праз «палітыку падвойных стандартаў» церпяць «шматлікія балельшчыкі», ну а праз пару дзён і да дзяцей дабраўся (куды ж без іх, гэтых абстрактных няшчасных дзяцей).

Ну, пра падвойныя стандарты нават спрачацца не варта. Гэта вядомая еўрапейская забаўка – кінь у турму тых, хто хоча ўдзельнічаць у выбарах, не пускай на выбарчыя ўчасткі назіральнікаў, а ў выбарчыя камісіі – тых, хто не з праўладных структур. Пасля выбараў не вывешвай на ўчастках вынікі галасавання, бей выбаршчыкаў дручкамі, кідай іх за краты. Больш амапаўцаў, спецназаўцаў і светлашумавых гранат! Больш крымінальных спраў супраць тых, хто хадзіў і пляскаў у ладкі! Гэтым усім нам надзьмула з Еўропы – ад немцаў, французаў і іншых скандалістаў. Тут не будзем спрачацца са спадаром міністрам.

Але пра пакуты балельшчыкаў хочацца зрабіць рэмарку, а пасля яшчэ і пра дзяцей.

Цікава, а ці падпадаюць пад міністэрскае вызначэнне слова «балельшчыкі» людзі, якія не прапусцілі ніводнага матча сваёй каманды за сезон? 19-гадовыя прыхільнікі пінскай «Хвалi» Алег Рубец і Даніла Богнат маюць на сваіх рахунках такое дасягненне. Дык вось магу сказаць, што з-за скасавання біятлоннага Кубка свету яны сто адсоткаў не пакутуюць. У хлопцаў хапае іншых праблем. Сябрукі атрымалі велізарныя тэрміны за быццам бы актыўны ўдзел у беспарадках пасля выбараў. Таму, калі можна, спадар міністр, замоўце для іх які этап на 2026 год. Можа, да таго часу выйдуць на волю.

А вось з Мікітай Крыўцовым, вядомым маладзечненскім фанатам, спартыўныя планы можна не ўзгадняць. Пасля выбараў пры вельмі дзіўных абставінах хлопца знайшлі павешаным. Па словах сяброў, гэта быў балельшчык напоўніцу. Больш Мікіты з намі няма. Няма яго і з дачкой. Затое ў вязніцах хапае футбольных паплечнікаў Крыўцова. Ну вядома ж, там аніякай палітыкі, адна толькі крымінальшчына, якой столькі развялося пасля выбараў.

У спадарства з федэрацыі хакея, што так клапоціцца пра дзяцей, я б запытаўся пра Вольгу Залатар са Ждановічаў. Маці пяцярых дзяцей, магістр сацыялогіі, ужо два месяцы як знаходзіцца ў СІЗА – у МУС распавялі, што яна нахабна піла гарбату з суседзямі, на жанчыну завялі крымінальную справу. Розныя ТГ-каналы паведамлялі, што ў няволі яе збівалі (але ніхто, вядома, не паверыў у гэтыя правакацыі). Вось рэальна шкада, што адмянілі хакейны чэмпіянат свету. Ад Ждановічаў да «Мінск-Арэны» рукой дастаць. Глядзіш, дзеці Залатар і кінулі б думаць пра маму, бо на пляцоўцы маглі б пабачыць зорак сусветнага маштабу, ага. У Пінску пасля васьмі месяцаў у СІЗА атрымала трохгадовы прысуд Алена Маўшук, маці траіх дзяцей – акурат па годзіку на кожнага. Кажа, што некалькі разоў ударыла па міліцэйскіх шчытах пасля таго, як атрымала дубінкай. Суцешыць дзяцей і гэтай жанчыны напэўна дапамог бы хакей. Ну або біятлон.

Гэта толькі некаторыя выпадкі з нашай рэчаіснасці. Толькі іх маленечкая частка. Але няўжо гэта нагода, каб не любіць афіцыйны Мінск?

Адзін з нямногіх, хто адрэагаваў на біятлонны казус – галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Альберс. Вось яго пранікнёныя словы: «Гэта бязмежжа! Па нейкіх надуманых там прычынах… «У сувязі з абстаноўкай у краіне»? Якая абстаноўка ў краіне? Вы прыязджайце і паглядзіце на абстаноўку ў краіне, і ўсё самі пабачыце. Гэта нейкая чыста палітычная замова!»

У гэтым спічы я б замяніў «там» на «тут»: па нейкіх надуманых тут прычынах. Яшчэ нядаўна ў Беларусі абсалютна легальна працаваў вельмі папулярны інфармацыйны партал – TUT.BY. Між іншым, вельмі многа пісаў пра біятлон, бо ёсць там/тут у спартыўным аддзеле дзяўчына, якая вельмі любіць біятлон. Перазнаёмілася і перагаварыла, здаецца, з усёй зборнай – ад Алімбекавай да Кручынкіных, ад Домрачавай да таго самага абуранага Альберса.

Што адбылося на днях з TUT.BY, вы ведаеце. І ёсць адчуванне, што пра біятлон у бліжэйшы час там/тут будзе не вельмі многа. А так абстаноўка ў краіне сапраўды нармалёвая. Амаль 400 палітвязняў – гэта не праблема, а наадварот, гарантыя, што ўсё пройдзе спакойненька, без эксцэсаў.

Калі грамілі калег-тутбаеўцаў, мне было цікава, а ці прыляціць рэакцыя хоць ад кагосьці з біятланістаў. Можа, хаця б хтосьці абазначыць, што бачыць тое, што адбываецца. А не, не прыляцела і не абазначылі.

Значыць, некаторыя рэчы ў нашым хаатычным жыцці яшчэ можна прадказаць. Ну а дзеці – гэта, вядома, святое. І спорт, вядома, для балельшчыкаў, а не кагосьці там яшчэ.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты