Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Ціманоўская і гвалтаўнікі. Мы ўбачылі, як разбэшчваюць спартоўцаў у Беларусі

Ціманоўская і гвалтаўнікі. Мы ўбачылі, як разбэшчваюць спартоўцаў у Беларусі

Не трэба супраціўляцца. Давайце зробім гэта па-хуткаму.

3 августа 2021, 16:40
3
Ціманоўская і гвалтаўнікі. Мы ўбачылі, як разбэшчваюць спартоўцаў у Беларусі

Не трэба супраціўляцца. Давайце зробім гэта па-хуткаму.

Калі б Крысціна Ціманоўская вярнулася пад прымусам у Беларусь, яе не пасадзілі б у турму. Вельмі наўрад ці. Хутчэй яе проста паклалі б на абследванне ў Навінкі на тыдзень-другі (для пачатку), і гэта было б так па-лёгкаатлетычнаму! Пабачыў бос федэрацыі Вадзім Дзевятоўскі адваротны бок сістэмы – калі ласка на працэдуры, каб аднавіць душэўную раўнавагу. А пад Ціманоўскую як раз і падводзілі адпаведную базу.

Нацыянальны алімпійскі камітэт прыдумаў нейкае заключэнне лекараў (хтосьці яго бачыў?), якія паставілі пад сумнеў эмацыянальна-псіхалагічны стан спрынтэркi. Пра гэта ж для дзяржпрапагандыстаў плёў галоўны трэнер беларускіх лёгкаатлетаў Юрый Маісевіч, хаця калі пераконваў падначаленую вярнуцца дадому не пад камерамі, прапаноўваў спасылацца на неісную траўму – адразу бачны чэсны чалавек!

Поп-скакуха Анастасія Мірончык-Іванова таксама наводзіла цень на пляцень. Распавядала, што каманда назірала ў Ціманоўскай нейкае хваляванне і хаатычныя рухі, але пры гэтым тая паводзіла сябе ціха і спакойна. Бачыце, якая каварная? Быццам бы і з’ехала з глузду або знаходзілася на мяжы, але пры гэтым выгляду не падавала, і толькі пільныя вочы таварышаў па камандзе дазволілі заўважыць драматычныя змены. У такіх выпадках толькі уціхамірвальная кашуля і дапамагае. Хаця, дарэчы, Мірончык-Іванову псіхіятры і саму даўно маглі б западозрыць у схільнасці да лёгкага эксгібіцыянізму. За лёгкі эксгібіцыянізм з Алімпіяды не высылаюць, а калі б і выслалі, то страта не была б адчувальнай, бо поп-скакуха ў Токіа выступіла пасрэдна і таму вельмі дзіўна, што ўвогуле гаворыць пра кагосьці яшчэ акрамя сябе. А можа, так зараз выглядае выкупленне віны?

Хаця, чаго спрачацца, Ціманоўская – вар’ятка. Шмат хто ў гэтым цвёрда ўпэўнены. Бо так наўпрост крытыкаваць рэжым (а зараз слова супраць любога, нават самага касячнага функцыянера – гэта слова супраць рэжыму), калі ён знаходзіцца ў такім шызоідным стане, можа толькі вар’ятка. Што да майго меркавання, то спрынтэрка проста не змяніла сабе. У Ціманоўскай, якая яшчэ выступае ў амплуа інстаблогеркі, і раней ужо было такое, што яна рубіла, не звяртаючы ўвагі на акалічнасці. Да той жа Мірончык-Івановай прыкладалася па-сур’ёзнаму. Абуралася дзеяннямі сілавікоў пасля выбараў. Але зараз часы зусім ужо небяспечныя, таму без наступстваў выкрывальныя сторыс не маглі абысціся.

На шчасце, бягуху выратавала нястрыманасць лукашэнкаўскага рэжыму, палкае імкненне караць адразу, не адкладаючы на потым. У сваёй рашучасці помсціць рэжым не лічыцца з наступствамі, і таму браты-санітары Ціманоўскую не атрымаюць, хаця варта было пачакаць усяго пару дзён – даць выступіць на двухсотметроўцы, адзаявіць з няпрофільнай эстафеты (сама ж не хацела там бегчы!) і пасадзіць у самалёт. Аднак гэта сумна, не па-заліхвацку, таму ўвесь свет пабачыў чарговае самаразбуральнае шоу ад дыктатарскай шапіто-трупы.

Для мяне асноўная дзеючая асоба гэтай такійскай гісторыі не Ціманоўская. То было б занадта проста і відавочна. Галоўныя асобы – гэта тыя, чыімі рукамі рэжым ажыццяўляе зло. З іх жа дапамогай (толькі ў іншых абліччах) фальсіфікуюць выбары, звальняюць нязгодных, пераконваюць незадаволеных у тым, што яны – дуракі.

Такія людзі кажуць, што не ратуюць свой азадак, аднак жа толькі гэтым і займаюцца. Яны быццам бы клапоцяцца пра агульную карысць, але гатовыя ахвяраваць любым па загадзе зверху. Яны гатовыя скарыстацца поўным арсеналам маніпуляцый (ціснуць на узрост, клясціся дзецьмі і гэтак далей), толькі каб заслужыць плюсік ад начальства, пры гэтым ім пляваць, што будзе з чалавекам далей – рэальным жывым чалавекам, якога могуць расціснуць і размазаць. Яны не лічаць патрэбным дамаўляцца са спартоўцам, каб той выступіў у няпрофільнай дысцыпліне, затое добра помняць пра 150 долараў, за якія трэба даць справаздачу ў міністэрстве – бо грошы могуць спагнаць з іх саміх (але так, ніякага клопату пра свой азадак)!

Мы пачулі, як рыпяць шасцярэнькі рэжыму. І іх рыпенне абуджае агіду.

Галоўны трэнер лёгкаатлетаў Маісевіч і яго памочнік Шумак учынілі згвалтаванне, няхай псіхалагічнае, але згвалтаванне. І гэта злачынства супраць асобы патрапіла на аўдыязапіс. Добрыя бацькі, добрыя дзядулі! Гм, дакладна?..

Яны акцэтнуюць увагу на сваім сталым узросце і пры гэтым паводзяць сябе як маральныя разбэшчвальнікі, бо іх сапраўдная мэта – апаганіць душу 24-гадовай спартсменкі. Пераканаць, што дрэнна казаць тое, што думаеш. Што яна «дура» (так людзі быццам бы скажуць), прычым «дура», чыё «глупства» ламае лёсы іншых (пры гэтым касякі іншых нічые лёсы не ламаюць, вядома). Яны нават лексіку выкарыстоўваюць адпаведную: трэба падпарадкавацца і зрабіць так, як патрабуе дадзеная сітуацыя і дадзеныя абставіны. Не трэба супраціўляцца. Давай зробім гэта па-хуткаму. Нікому нічога не распавядай. Маўчы – і ўсё пройдзе.

Гэтыя думкі дзядзькі-настаўнікі паўтарылі неаднаразова. Яны спрабавалі загіпнатызаваць дзяўчыну і зламаць яе волю. Упэўніць, што праблема ў ёй. Карацей, добрая нагода задумацца над тым, хто і як працуе з найлепшымі спартсменамі Беларусі, і чаму найлепшыя спартсмены Беларусі часта не маюць меркавання па досыць важных для краіны пытаннях, а калі маюць, то баяцца агучыць, а калі не баяцца – то нярэдка робяць гэта словамі сваіх трэнераў, якія заадно выконваюць функцыі палітрукоў. І гэта не лёгкаатлетычнае ноу-хау. Наколькі ведаю, іншадумства не вітаецца ў мастацкай гімнастыцы (Лепарская), у веславаннi на байдарках і каноэ (Шантаровіч), у батуце (Уласава). Там рэй вядуць аўтарытарныя настаўнікі, якія прывыклі думаць і за сябе, і за іншых.

Увогуле, мы ўжо неяк змірыліся з тым, што розум беларускім спартоўцам патрэбны толькі для дасягнення вынікаў на пляцоўках, а ўсё астатняе – справа не абавязковая і хутчэй нават нежаданая. Ім ствараюць умовы, каб займаліся, плацяць грошы (часам прыстойныя), але быццам пры ўмове – каб не думалі, бо нават адукацыю шмат хто са спартоўцаў атрымлівае для птушачкі, з вялікім дысконтам у тым, што тычыцца патрабаванняў да ведаў. Хаця амерыканскія і еўрапейскія атлеты часта паралельна са спортам паспяваюць атрымаць добрую адукацыю. У сваіх коледжах яны рэальна вучацца і таму маюць менш патрэбы, каб хтосьці думаў і вырашаў за іх. Адукацыя – гэта добрая абарона ад размоў з шумакамі, маісевічамі, кавальчукамі і іншымі выбітнымі мысліцелямі-сучаснікамі.

Махровая дзедаўчшына – гэта тое, што ўласціва спорту, але ў Беларусі яна зараз мае яшчэ і палітычны складнік. Ціск на Ціманоўскую – чым не дзедаўшчына? Дзясяткі, калі не сотні непаўнагадовых падпісантаў за рэжым – таксама дзедаўшчына. А каго ў футбольных камандах выстаўляюць наперад, калі трэба падтрымаць Лукашэнку? Ізноў жа, самых маладых і недасведчаных, а за іх спінамі хаваюцца дзядзькі, якія не хочуць пэцкацца ў бруднай справе. Якія быццам бы захавалі годнасць, але насамрэч яшчэ больш страцілі яе. Так часткова павялі сябе ў БАТЭ, мінскім «Дынама» ды іншых клубах. Гэта цалкам труслівыя і ганебныя паводзіны, якія да таго ж траўмуюць іншых. Мужыкоў накшталт Віталя Гайдучыка і Дзмітрыя Байдука, здольных пад ціскам захаваць годнасць, амаль няма. Малодшых прывучаюць да крывадушнасці. Да таго, што лепей адсядзецца, а не дзейнічаць. Паказваюць, як пазбягаць адказнасці і выбару ў складаных сітуацыях.

Гэта яшчэ адна форма разбэшчвання маладых грамадзян Беларусі.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты