Tribuna/Гандбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Вы хочаце, каб Недасекаў стаў вашым суседам? Рэжым сапсаваў спартоўцаў «на выданнi» – і цяпер незразумела, хто іх возьме

Вы хочаце, каб Недасекаў стаў вашым суседам? Рэжым сапсаваў спартоўцаў «на выданнi» – і цяпер незразумела, хто іх возьме

Складаная сітуацыя, у якой аказаўся бізнес.

17 ноября 2021, 14:41
1
Вы хочаце, каб Недасекаў стаў вашым суседам? Рэжым сапсаваў спартоўцаў «на выданнi» – і цяпер незразумела, хто іх возьме

Складаная сітуацыя, у якой аказаўся бізнес.

Пасля Алімпіяды ў Токіа мінула ажно тры месяцы, а я ўсё чакаю – ну калі? Калі ўжо рэкламадаўцы наляцяць на нашых спартоўцаў? Канешне, можна зрабіць слушную заўвагу, што і раней спартыўныя поспехі не выклікалі энтузіязму ў бізнесу, а на што разлічваць пасля правальных, антырэкордных Гульняў. Але ж можна кіравацца і іншай логікай: чым горш увогуле, тым лепей для тых, хто не схібіў. Уладальнікі ўзнагарод прыцягваюць да сябе ўвагу як промні хоць нейкага святла. У рэшце рэшт, іх не вельмі складана запомніць, што спрыяе пазнавальнасці. Аднак нікога не завуць нават на раздачу ў «Макдональдс». Пра іншыя рэкламныя актыўнасці таксама не чуваць. Хіба што рэжым Лукашэнкі ўжо атрымаў пэўны профіт са сплачаных прызавых – наляпаў чырвона-зялёных плакатаў з некаторымі алімпійцамі і вывесіў у Мінску.

Ну а чаго чакаюць астатнія?

Калі прыглядзецца да нешматлікіх медалістаў, то выбар у бізнесменаў аказваецца яшчэ бяднейшым, чым можна падумаць адразу. Рэпутацыя, медыйны вобраз – тут усё вельмі складана з улікам паслявыбарных абставін. Людзі, што падпісалiся за Лукашэнку і атрымалi ад яго зарад бадзёрасці, якія «прадстаўляюць не народ» або заяўляюць пра сваю абыякавасць да пакут суайчыннікаў, бо iх гэта не закранула, тыя, хто не ведае, навошта беларусам свая мова, – вось і паспрабуй тут выбраць, каму даверыць свой брэнд. Права першай шлюбнай ночы з паспяховымі спартоўцамі мае прапаганда. Ну а бізнесу застаецца сапсаваны тавар, нібыта малако з-пад Брагіна або Хойнікаў, вельмі небяспечны для выкарыстання.

Калі дзейнічаць цынічна, то прыналежнасць спартоўцаў да рэжымнага лагера можна прыняць, але якую выгаду гэта дае? На якую аўдыторыю праз такіх амбасадараў можна выйсці? На пешчаных “сенатараў” і стомленых мужчын з выканкамаў у танных гарнітурах. На маўклівых бюджэтнікаў, якіх лёгкім шантажом звозяць на імпрэзы «За Беларусь!» На сілавікоў-інтэлектуалаў, чый дзіўны свет мы спазнаём дзякуючы кіберпартызанам. На вітальнікаў АМАПу, якія на станцыі метро «Уручча» добраслаўлялі куміраў на новыя злачынствы. Не сказаць, што гэта зусім ужо неістотная частка беларускага грамадства (даследчыкі кажуць, што ажно 15-20 адсоткаў ядраных прыхільнікаў), але нейкая занадта стракатая. Хочацца чагосьці больш лаканічнага і зразумелага. Сярэдні клас. Айцішнікі. Іпэшнікі. Творчая інтэлігенцыя.

Але тады пры чым тут такійскія медалісты?

Вельмі да месца ў такой сітуацыі была б умоўная Герасіменя, але ж нельга, і вельмі шкада, што так. Нават калі адкінуць у бок палітычны складнік, можна канстатаваць, што сёння ў спорце дэфіцыт асоб, здольных прынесці карысць буйному бізнесу, таму што асобы гэтыя проста нецікавыя. Такое адчуванне, што дазволеных зорак цікавіць выключна спажыванне і побыт. Іх паталок – рэкламаваць павільёны з будаўнічага рынку, пакуль робяць рамонт у доме, ды забягалаўкі ў гандлёвых цэнтрах, куды ходзяць, каб спускаць грошы. Ну і яшчэ касметыку для сябровак-дурнiц.

Цікавасць да гісторыі, уласная пазіцыя па сацыяльных праблемах (нават не палітычных) – нічога такога. Дастаткова прыгадаць, хто з правільных спартоўцаў выказаўся на тэму масачнага рэжыму. Хто прызваў суграмадзян паклапаціцца пра сябе. Здаецца, ніхто. Яны не адчуваюць сябе трэндсэтэрамі. У іх няма на гэта або смеласці, або цікавасці, або проста розуму.

Герасіменя і да таго, як аказалася ў апазіцыі да Лукашэнкі, яшчэ калі з Лукашэнкам, так бы мовіць, сябравала, мела меркаванне па розных пытаннях. Таму кантракт ад «Беларусбанка» яна атрымала не толькі па вышэйшым загадзе як бонус да прызавых. Думаю, банкіры тады аддавалі грошы з адносна лёгкім сэрцам і бачылі хаця б нейкі сэнс у супрацы.

Спартоўцы, здаецца, добра разумеюць сваю нулявую рынкавую прывабнасць і да выпраўлення сітуацыі зусім не імкнуцца – вельмі гэта рызыкоўна. Прычым не імкнуцца нават тыя, хто пры іншай эканамічнай мадэлі напэўна быў бы ў плюсе праз спонсарскія кантракты. Але не, прасцей сядзець у адной лодцы з чыноўнікамі, якія пры іншай эканамічнай мадэлі атрымалі б хіба што выспятка пад зад – не болей.

Вельмі ўрэзалася ў памяць, як на так званым жаночым форуме за Лукашэнку спартоўка са Слуцку Анастасія Пракапенка з захапленнем распавядала аўдыторыі пра тое, што дзякуючы рэжыму размяняла правінцыйны гарадок на сталіцу і нават набыла кватэру. Слухаў і не мог зразумець: а ў чым цуд? Адкуль столькі экзальтацыі ў голасе? У мяне палова аднакласнікаў сваімі сіламі перабралася з Маладзечна ў Мінск, і ніхто на вуліцы не жыве. А тут, аказваецца, спартоўка, якая трапляе ў прызы на міжнародных спаборніцтвах, сама б не справілася. Ці ўсё тут у парадку з псіхалогіяй? А з асэнсаваннем уласнай каштоўнасці?

Дзіўная парода чэмпіёнаў.

Зараз з замілаваннем слухаю, як вяслярка Кацярына Карстэн нахвальвае сістэму дзяржпадтрымкі ў айчынным спорце. Так у нас соладка, усё задарма, ды яшчэ грошы плацяць – кажа, вельмі шчаслівая, што выступала за Беларусь, і ніколі не думала пра змену грамадзянства. А мне прыгадваецца, як напярэдадні Пекіна-2008 запалоханая Кацярына Вялікая прыязджала з Нямеччыны ў Беларусь, каб вырашыць пытанні з фінансаваннем. Чыноўнікі крывіліся, гледзячы на славутую чэмпіёнку, у калідорах казалі пра тое, што яна старая, і таму сродкі лепей выдаткаваць на каго іншага, хаця ніякай альтэрнатывы Карстэн на той момант не было. І назіраць за прыніжэннем выбітнай атлеткі нават з боку было непрыемна.

Але час мінуў, і ўсё забылася. Карстэн да апошняга сядзела ў лодцы (і дасядзела да 47) праз страх пачаць жыццё па-за спортам. Груба кажучы, не ведала, куды прыткнуцца, бо ў Нямеччыне так і не стала сваёй, трэнерскіх талентаў не дэманстравала. На шчасце, беларуская федэрацыя веславання ўсё ж знайшла месца для Кацярыны, таму і за Лукашэнку можна падпісацца, і сістэму, якая выматала столькі нерваў, расхваліць.

А вось чаго мне не ўдаецца прыгадаць, дык гэта ці была хаця б адна рэкламная кампанія, у якой Карстэн паўдзельнічала. Беларуска-працаўніца з фантастычнай колькасцю тытулаў і да пэўнага часу з бездакорнай рэпутацыяй. Ці дала Беларусь Лукашэнкі ёй магчымасць манетызаваць свае дасягненні? А ці не думала яна, чаму такога шансу не выпала, хаця статус у спорце быў проста касмічны? Помню, як Кацярына рэкламавала «Советскую Белоруссию», але гэта дакладна не тое, чым варта ганарыцца. У нашай краіне ўсё перакручана так, што нават атлеты з зорным патэнцыялам і статусам алімпійскіх чэмпіёнаў спадзяюцца выключна на бухгалтэрыю міністэрства спорту. Дрыжаць перад ёй і стаяць на каленях. І шчасце тых, каму ўсё адно і няма чаго сказаць. Няўжо атлетам, сапраўдным майстрам, пераможцам самім ад гэтага не прыкра?

А да Карстэн маю і асабістае пытанне: вы, залежная выключна ад чыноўніцкай ласкі, па-ранейшаму адчуваеце сябе Вялікай?

Мне здаецца, найвышэйшы патэнцыял для рэкламных калабарацый – у скакуна Недасекава. У прынцыпе, яго і дзяржбюджэт зараз нядрэнна корміць (хапае на элітнае аўто пад 100 тысяч еўра), але не здзіўлюся, што магло б быць і болей. Бо Недасекаў акрамя бясспрэчнага спартыўнага таленту мае задаткі шоумена – разняволены, добра камунікуе з трыбунамі. Але ўсё астатняе… Унутры Максіма сядзіць фантастычная жорсткасць. Ён прымае як норму катаванні над вязнямі. Не хавае радасці, калі кажа пра рэпрэсіі ў дачыненні да Ціманоўскай.

Хутчэй за ўсё, перад намі не проста жорсткасць у чыстым выглядзе, а яе кактэйль з глупствам. Ну і сацсеткі, вядома. З іх, здаецца, знік алкаголь, але застаўся гумар. Каб вы разумелі яго ўзровень, вось вам тыповы ролік ад Недасекава. Гэта выключна 18+ (дарэчы, такую ж пазнаку Максіму варта зрабіць у сваім інстаграме, каб на яго выпадкова не падпісаліся якія ўражаныя дасягненнямі школьнікі).

Нават не ўяўляю, якая кампанія можа спакусіцца Недасекавым, акрамя закрытага акцыянернага таварыства «Сінія пальцы». Але тут супраца ідзе напоўніцу.

А яшчэ мы назіраем за тым, як сітуацыя ў эканоміцы з кожным тыднем становіцца ўсё больш складанай. І для спартоўцаў гэта азначае адразу дзве рэчы. І без таго прывідныя шансы на супрацу з бізнесам імкнуцца да нуля, бо ў бізнесу няма на гэта грошай. Ну а другое – чакаць дадатковых падачак ад рэжыму ў выглядзе супрацы з дзяржкампаніямі таксама не варта. Не да спорту зараз.

Хаця, магчыма, тут усё ж такі ёсць перспектыўны кірунак. Раптам бізнесмены, набліжаныя да Лукашэнкі, пакажуць, як можна скарыстаць Недасекава, сапраўднага патрыёта, у сваіх інтарэсах. Ну, напрыклад, Павел Белы, калі збудуе чарговы элітны квартал, будзе прывабліваць патэнцыйных жыльцоў зорным суседам, а Аляксандр Зайцаў праз скакуна пачне прасоўваць білеты на матчы «Руху».

Як думаеце, ці пойдуць продажы ўгару? Або лепей даверыць гэтыя місіі Анастасіі Мірончык-Івановай з Васілісай Марзалюк?..

Другие посты блога

Все посты