Tribuna/Хоккей/Блоги/Хоккейная площадка/У зборнай Беларусі не атрымалася фурору на ЧС. Чаму – загадка, бо для яго зрабілi лiтаральна ўсё

У зборнай Беларусі не атрымалася фурору на ЧС. Чаму – загадка, бо для яго зрабілi лiтаральна ўсё

...

Автор — Алесь Коваль
30 мая 2021, 11:21
26
У зборнай Беларусі не атрымалася фурору на ЧС. Чаму – загадка, бо для яго зрабілi лiтаральна ўсё

30 мая зборнай Беларусі гуляць на хакейным ЧС матч са Швейцарыяй. Пры поспехах у папярэдніх гульнях гэта мог бы быць матч за другое-трэцяе месца ў групе. Але з-за правалаў на тыдні сустрэча для зборнай простая па арыфметыцы: страцяць хаця б адно ачко – развітаюцца з матэматычнымі шансамі на плэй-оф (а перад чэмпіянатам жа была размова пра медалі). Пры гэтым выхад з групы бачыўся цалкам рэальнай задачай – але пакуль зборная на апошнім месцы.

Ужо цяпер можна сказаць, што ў каманды не атрымалася стварыць фурор. І гэта здзіўляе – бо, як нам здаецца, для яго былі створаны ўсе ўмовы.

Прызначылi фантастычнага трэнера

Са жніўня 2019-га галоўным трэнерам зборнай стаў Міхаіл Захараў. Гэта, безумоўна, топавы коуч. Выйграць чэмпіянат свету? У яго ёсць такая старонка ў біяграфіі – у 2004-м у Д2. Трэніраваць адразу дзве зборныя розных краін? Захараў вазіў беларускую каманду на АГ-2010, з’яўляючыся галоўным у зборнай Украіны. Ды і, у рэшце рэшт, васьміразовых чэмпіёнаў Беларусі сярод галоўных трэнераў больш проста не існуе.

Але Захараў не ўпіваецца былымі заслугамі. І ў гэтым сезоне ён – адзін з двух лепшых трэнераў у краіне. Чаму? А таму што год таму рабочая група ФХБ прыняла некаторыя рашэнні сумесна з трэнерскім саветам, які ўзначальвае нехта Міхаіл Захараў. Сярод іншага пастанавілі: з сезона-2020/21 лепшым трэнерам сезону можа стаць або трэнер зборнай, які выканае задачу, або пераможца плэй-оф экстралігі. Але якая ў Захарава як трэнера нацкаманды задача, мы дакладна не ведаем – кіраўнік ФХБ Дзмітрый Баскаў казаў толькі, што коуч сам сабе ставіць максімальныя мэты. А калі афіцыйна задача была, напрыклад, захаваць прапіску ў эліце, то Захараў яе ўжо выканаў – у гэтым годзе не праводзіліся турніры ў ніжэйшых дывізіёнах ЧС, так што з вышэйшага ніхто не вылятае. Сур’ёзная заяўка на званне лепшага! Круцей для шансаў – напэўна, толькі падпісанне праўладнага ліста. Ах, дарэчы...

Натуралізавалi гульцоў

Да чэмпіянату свету зборная грунтоўна ўмацавалася замежнікамі – права гуляць за каманду атрымалі адразу чацвёра. Пашпарты афіцыйна атрымалі форварды Шэйн Прынс і Франсіс Парэ з «Дынама» – і калі першы набраў усяго толькі 55 ачкоў у 57 матчах, то другі за 40 паядынкаў закінуў ажно тры шайбы і дадаў яшчэ восем асістаў. Крыху пазней дазвол на зборную прыйшоў і брамнiку Дэні Тэйлару, які ў КХЛ быў надзейны як скала, прапускаючы мiзэрныя 3,4 шайбы за матч. Ну а перад самым ЧС недахоп нападаючых вырашылі экспрэс-падпісаннем расіяніна Германа Несцерава з «Гомеля», а гэта ўсё ж такі фіналіст ЧБ! Увогуле, узмацненне – на заглядзенне.

Cабралi наймацнейшых беларусаў

З беларусамi у зборнай не адставалі. Сур’ёзна – спецыялісты называюць цяперашні склад наймацнейшым мінімум за пяць гадоў. Абышліся практычна без адказнікаў – хіба што пераможцы Кубка Гагарына Кірыл Гатавец і Андрэй Стась адпрасіліся аднаўляцца пасля траўм. Пашкоджанні таксама не дазволілі згуляць на ЧС Андрэю Касціцыну, Ігару Мартынаву, Алегу Явенку і Івану Кульбакову.

Аднак і без іх атрымалася сабраць вялiкую групу з КХЛ па-за «Дынама»: з «Трактара» прыехаў Нік Бэйлен, з ніжагародскага «Тарпеда» – Андрэй Бялевіч, Яўген Лiсавец, Дзмітрый Корабаў і Джэф Плэт прыбылі з «Салавата», Крысціян Хенкель – з «Ак Барса». Мікіта Камароў ўсё ж такі не пакінуў зборную без уладальнікаў КГ. А Уладзіслаў Кадола з «Северсталі» атрымаў траўму ўжо ў зборнай, але так хацеў на ЧС, што старанна лячыўся і да другога матча турніру вярнуўся ў строй!

Ну а ўжо пра заакіянскі дэсант і казаць не трэба. Упершыню за гады ў Беларусі быў стабільны гулец НХЛ – і Ягор Шаранговіч без пытанняў прыехаў пасля цяжкага сезона ў «Нью-Джэрсі». А ў апошні момант прыляцеў і Аляксей Протас з сістэмы «Вашынгтона» – і выдатна ўпісаўся ў калектыў.

Правялi вельмi доўгiя зборы

Часу на падрыхтоўку ў Захарава было вельмі шмат. Упершыню групу хакеістаў да ЧС ён сабраў яшчэ на Дзень дурня – 1 красавіка. Тады ажно 11 гульцоў з 28, якія трапілі ў канчатковую заяўку на ЧС, трэніраваліся пад кіраўніцтвам штаба зборнай. Паступова пад’язджалі і іншыя гульцы – і да пачатку мая, калі да ЧС заставалася яшчэ больш за два тыдні ўпартай працы, у распараджэнні Захарава быў ужо 21 чалавек з фінальнага ростэру. Але цяпер Захараў усё роўна незадаволены – пасля паражэння ад Даніі сказаў: «На жаль, не пачулі хлопцы мае словы пра тое, што трэба прыехаць крыху раней на збор». Вось толькі ў фармулёўцы пытання, на якое так адказаў трэнер, было прозвішча Парэ, які працаваў са зборнай з першага дня падрыхтоўкі.

Натхнiлiся ваеннымi подзвiгамi

9 траўня зборная адправілася да манумента Перамогi, каб ускласці там кветкі, – такая ў каманды традыцыя. Баскаў тады заявіў: «Любоў і адданасць сваёй краіне, пранесеныя ветэранамі праз усе нягоды ваеннага часу, – спадзяюся, яны натхнілі нашых хлопцаў на не менш яркія перамогі». Захараў падзяліўся, што на такія мерапрыемствы без праблем прыязджаюць і паўночнаамерыканцы, прычым «з задавальненнем, на пазітыве», і значыць, «у гэтых хлопцах не памыліліся». Магчыма, для лепшага выступу ў групе лёс павінен быў падкінуць у супернікі зборную Германіі?

Акружылi сябе чырвона-зялёным

Для патрыятычнага настрою зборнай таксама правялі чырвона-зялёную тэрапію. У гэтыя колеры фарбавалі шлемы брамнікаў і клюшкі (праўда, у Міхаіла Стэфановіча атрымалася проста зялёная), а лепшаму гульцу ўручалі чырвона-зялёную шапку. Але галоўным месцам патрыямоцы стала распранальня – у ёй чырвона-зялёнае ўсё што можна, нават дыванок для ног.

Не правалiлi «другi матч»

Перад ЧС Захараў паспеў паскардзіцца, што на турніры «другія матчы будуць складанымі. Мы вылецелі з эліты менавіта з-за таго, што правальвалі другія матчы». Ён відавочна меў на ўвазе выпадкі, калі даводзіцца іграць два дні запар – і на другі не застаецца сіл. На сумным для каманды ЧС-2018 тымі самымі «другімі матчамі» апынуліся паядынкі супраць канкурэнтаў за месца ў эліце з Францыі і Аўстрыі – у выніку атрымалася 2:6 і 0:4.

На ЧС-2021 ў зборнай пакуль была адна пара матчаў два дні запар – са Швецыяй і Чэхіяй. І другі матч дакладна не правалілі – паклаўшы шмат сіл на нечаканую перамогу над скандынавамі, з чэхамі каманда дагуляла да авертайма. А вось далей не атрымалася нічога зрабіць з Вялікабрытаніяй і Даніяй, перад якімі ў Беларусі быў дзень адпачынку. Дарэчы, для брытанцаў іх гістарычная перамога была як раз «другім матчам» – можа, яны проста своечасова прыслухаліся да Захарава?

Атрымлiвалi топ-матывацыю

Непасрэдна перад матчамі ў зборнай знайшоўся асобны матыватар. Ім стаў Мікіта Камароў. А што – толькі ўзяў Кубак Гагарына, можа падзяліцца досведам. Праўда, атрымлівалася ў Камарова зусiм нецэнзурна. Перад матчам з чэхамі хакеіст заклікаў партнёраў, скажам мякка, «раскалашмаціць нетрадыцыяналiстаў».

Увага! Відэа ніжэй змяшчае мат. Строга 18+!

Перад Вялікабрытаніяй Камароў заклікаў сыграць «нахабна і ўпэўнена» (відэа змяшчае мат, строга 18+). Але ў абодвух выпадках для перамогі настаўленняў не хапіла.

Фота: hockey.by

Другие посты блога

Все посты