Tribuna/Хоккей/Блоги/Мова Спартова/ХК «Дынама-Мінск»: наш слоган «Верым! Можам! Пераможам!» , гімн - «Тры чарапахі» NRM

ХК «Дынама-Мінск»: наш слоган «Верым! Можам! Пераможам!» , гімн - «Тры чарапахі» NRM

Ніжэй аб тым, што робіць ХК «Дынама-Мінск» самым беларускім і беларускамоўным клубам беларускага хакея.

Автор — Ігар Случак
13 октября 2014, 22:53
1

Вось што распавёў аб прасоўваньні беларускай мовы і культуры генэральны дырэктар ХК «Дынама-Мінск» Максім Суботкін:

Максім Суботкін

«Хакейны клюб ужо сем сэзонаў запар з годнасьцю прадстаўляе Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне — у КХЛ. На працягу гэтага часу мы ўвесь час актыўна прасоўваем беларускую мову і культуру на прасторы КХЛ, якая ўключае, апрача Беларусі, Расею, Казахстан, Латвію, Славаччыну, Харватыю і Фінляндыю. Сярод захадаў па падтрымцы беларускай мовы, якія робяцца нашым клюбам, я б вылучыў стварэньне афіцыйнага гімну ХК «Дынама-Мінск» гуртом «Палац», правядзеньне прэс-канфэрэнцыяў з удзелам галоўных трэнэраў па-беларуску, існаваньне на форуме клюбу беларускамоўнай галінкі «Спытай прэс-службу», якая зьяўляецца афіцыйным каналам зваротнай сувязі з заўзятарамі.

 

 

Таксама хачу зьвярнуць Вашую ўвагу, што на хатніх гульнях клюбу рэгулярна гучыць беларуская музыка ад «Трох чарапахаў» N.R.M., якая зьяўляецца неафіцыйным гімнам фан-сэктару ByZONE, да «Мая краіна — Беларусь» гурту Bez Bileta.

 

Дарэчы, адным з найбольш выкарыстоўваемых заўзятарамі «Дынама-Мінск» лёзунгаў ёсьць беларускамоўны «Верым! Можам! Пераможам!»

Ігар Случак

 

Як заўзятар, які ня раз бываў на гульнях дынамаўцаў, магу пацьвердзіць словы генэральнага дырэктара — усё апісанае вышэй сапраўды адпавядае рэчаіснасьці. І гэта вельмі ўсьцешвае, бо я, напрыклад, ужо гадоў восем ня меў магчымасьці слухаць N.R.M. зь Лявонам Вольскім і безь яго на вядучых канцэртных пляцоўках Беларусі, а тут гэты гурт можа чуць да 15 тысяч чалавек адначасова, хоць і ў выкананьні адданых фанатаў, але ўсё роўна ад душы і сэрца. А з гімнам у выкананьні «Палацу» наагул файная ідэя.

Далей Максім Суботкін дадае: «Сярод наступных плянаў клюбу, зьвязаных з выкарыстаньнем роднай мовы, можна прыгадаць хуткі выхад у сьвет сэрыі банэраў „Каманда тваёй краіны/Каманда твайго горада“, якія неўзабаве ўпрыгожаць Менск і іншыя гарады Беларусі».

Гэта таксама добрая задумка, бо ў мінулыя гады гэтыя банэры сапраўды шырока разьмяшчаліся па ўсёй Беларусі, але надпісы былі выкананы па-руску. Спадзяюся, хутка мы іх сапраўды пабачым на вуліцах нашых гарадоў. Але ня можа быць заўжды ўсё добра і гладка, і гэта пацьвярджае генэральны дырэктар:

«Што тычыцца іншых Вашых прапановаў наконт выкарыстаньня беларускай мовы, то, на жаль, не заўжды яны выканальныя: шмат аспэктаў, такіх, напрыклад, як абвесткі на арэне і надпісы на форме, рэгулююцца наўпрост рэглямэнтам КХЛ». 

З аднаго боку пагаджуся з Максімам Суботкіным — сапраўды, рэглямэнт КХЛ як міжнароднай лігі даволі сур’ёзна расьпісаны і патрабаваньні павінны працаваць для ўсіх, хто дабраахвотна ў гэту лігу ўступіў. Тым ня менш, выкарыстаньне беларускай мовы на форме хакеістаў магчыма і пры ўмове выкарыстаньня лацінскага алфавіту — для гэтага дастаткова выкарыстоўваць беларускую лацінку. Тут і ваўкі з КХЛ будуць сытыя, і беларуская мова будзе выкарыстоўвацца.

 

Што тычыцца абвестак на арэне, то мне даводзілася быць на арэнахрыскага «Дынама» і фінскага «Ёкерыту», якія таксама гуляюць у КХЛ, і там фармат абвестак наступны: нацыянальная мова, латыская ці фінская адпаведна, а затым пераклад на ангельскую. Думаю, на арэнах клюбаў са Славаччыны, Харватыі і Казахстану, што выступаюць у КХЛ, сытуацыя аналягічная. І лягічная з усіх бакоў. Таму выкарыстоўваць пры абвестках на «Мінск-Арэне» беларускую і ангельскую мову, замест рускай, цалкам магчыма. Неабходна прыняць валявое рашэньне і пачаць, а дыктар, упэўнены, справіцца і ня будзе ў яго праблемы замест «Шайбу забросил» сказаць «Шайбу закінуў».

Тая ж сытуацыя і з мовай на афіцыйным сайце. Сайт узгаданага рыскага аднаклюбніка мае тры моўныя вэрсіі: латыскую, расейскую і ангельскую, як і сайт «Ёкерыта». Прычым у фінаў галоўнай і асноўнай мовай зьяўляецца, натуральна, фінская, а расейскамоўная і англамоўная вэрсіі ўтрымліваюць толькі інфармацыю, як набыць на гульню квіткі. Мне ўяўляецца, што і зубры могуць сабе такое дазволіць. А калі не хапае рэсурсу на латыскі варыянт, то можна і фінскім скарыстацца, і зрабіць асноўнай беларускамоўную вэрсію сайту.

 

Мяркуючы па цікавым і пісьменным адказе, які падрыхтаваў кіраўнік прэс-службы ХК «Дынама-Мінск» Раман Стронгін, з валоданьнем беларускай мовай у супрацоўнікаў клюбу поўны парадак. Зараз жа афіцыйны сайт дынамаўцаў утрымлівае толькі расейскамоўную і англамоўную вэрсію. Такім чынам, рэглямэнт КХЛ дазваляе і больш шырокае выкарыстаньне беларускай мовы, проста трэба ўмець ім карыстацца і жадаць гэтага.

Свой ліст Максім Суботкін скончвае на аптымістычнай ноце:

«Са свайго боку магу Вас запэўніць: «ХК Дынама-Мінск» і надалей працягне актыўна спрыяць разьвіцьцю і прасоўваньню беларускай мовы і культуры».

Не сумняваюся, што «Дынама» сапраўды выканае сваё абяцаньне, бо ўжо зараз клюб зрабіў для беларускай мовы столькі, колькі не зрабіў ніводзін клюб беларускага нацыянальнага чэмпіянату па хакеі. Дакладней, у нацыянальным першынстве для разьвіцьця беларускай мовы і культуры ніводзін хакейны клюб не зрабіў нічога.  

Уладзімір Беражкоў

 

Тут я магу цалкам пагадзіцца са словамі генэральнага мэнэджэра ХК «Дынама-Мінск», былога галоўнага рэдактара спартовай газэты «Прэсбол» Уладзіміра Беражкова, што беларускі хакей — гэта балота. Вядома, ён казаў гэта аб якасьці чэмпіянату, але гэта справядліва і ў пляне стану беларускай мовы і культуры ў ім.

Падрабязней па спасылцы 

 

Другие посты блога

2018 ЧАРНАВІК ТОП-150
28 января 2019, 18:40
#случакуслуцку
15 января 2018, 10:05
Все посты