Формула-1: у чаканні перамен. Якім будзе яе надыходзячы сезон і што чакае чэмпіянат у сярэднетэрміновай перспектыве?

Фота: formula1.com

Мінулы год выявіўся надзвычай складаным для Формулы-1, як, зрэшты, і для ўсяго свету. А якім будзе яе надыходзячы сезон? І што чакае чэмпіянат у сярэднетэрміновай перспектыве? Шукаем адказы на гэтыя і іншыя пытанні.

Але спачатку адказваю на пытанне чытачоў наконт моўных змен у «Гоначнай псіхапатыі». Адказваю адразу віншаваннем з Міжнародным днём роднай мовы, які адзначаецца як раз сёння, 21 лютага. Здаецца, пра Формулу-1 па-беларуску яшчэ ніхто не пісаў, і калі так у самой справе, то мне прыемна быць першым.

Пакуль гэта проста эксперымент. Але, па-першае, ён відавочна наспеў, а па-другое, калі водгук ад чытачоў будзе пазітыўным, прастора для нашай прыгожай мовы ў гэтым блогу будзе пашырацца. Магчыма, беларуская ў недалёкай перспектыве стане для яго не проста асноўнай, а ўвогуле адзінай. А потым, спадзяюся, і адзінай дзяржаўнай у нашай краіне. Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Апублікаваць гэты артыкул менавіта сёння я вырашыў не толькі дзеля магчымасці прызнацца ў любові да роднай мовы. Проста сёння да старту новага сезона Формулы-1 застаецца крыху болей за месяц. А дакладней, роўна сорак дзён, бо першая сесія свабодных заездаў Гран-пры Бахрэйна адбудзецца 26 сакавіка.

Ну а перадсезонныя тэсты ў тым жа Бахрэйне пачынаюцца ўвогуле праз два з паловай тыдні – 12 сакавіка. Таму зараз самы час для прагнозаў і разбору плётак, што цыркулююць у паддаку Вялікіх Прызоў. Але спачатку прыгадаем, чым жыла Формула-1 у мінулым сезоне і з чым яна падыходзіць да новага.

Так ужо распарадзіўся лёс, што пішам «Формула-1», а ў розуме трымаем «Covid-19». Каронавірус, забіўшы шмат людзей па ўсім свеце, перакуліў гэты свет з ног на галаву. І тое, што мінулы сезон каралеўскіх аўтагонак увогуле адбыўся, падобнае на цуд. Праз яго і новы сезон пачнецца на два тыдні пазней, чым было запланавана першапачаткова – у канцы сакавіка, а не ў сярэдзіне.

Успомніце самі свае ўласныя адчуванні, калі ў мінулым сакавіку Гран-пры Аўстраліі адмянілі за адзін дзень да таго, як ён меўся пачацца. Ці не на катастрофу тое было падобнае? Лёс сезону доўгі час быў не вызначаны і незразумелы, і яго пачатак улетку нагадваў чарговы цуд. Ну а тое, што ў выніку адбылося ажно сямнаццаць этапаў – гэта сапраўдная перамога арганізатараў чэмпіянату на чале з яго выканаўчым дырэктарам Чэйзам Кэры.

І тым, што некалькі разоў два запар этапу праходзілі на адной і той жа трасе, кіраўніцтва Формулы-1 ніхто папракнуць не зможа. Ды й паглядзеў бы я на таго, каму не спадабаўся, напрыклад, Гран-пры Сахіра. І ўвогуле па-сапраўднаму цікавых гонак было не так ужо і мала. Але і не дастаткова многа, каб сказаць, што Формула-1 пераадолела іншы свой крызіс.

Ну, прызнавайцеся: калі вы зразумелі, што ніхто не перашкодзіць Льюісу Хэмілтану зраўняцца з Міхаэлем Шумахерам па колькасці чэмпіёнскіх тытулаў? Да Гран-пры 70-годдзя я яшчэ спадзяваўся, што Валтары Ботас захавае імпэт і прагу перамогі, а перамагаць ён здольны. Але на другой гонцы на Сільверстоўне (першая адбылася там тыднем раней і звалася Гран-пры Велікабрытаніі) фіну бракавала поспеху.

Аднак хутка выявілася, што Валтары не хапае і элементарнай хуткасці, і ўласных амбіцый. Чым далей, тым больш відавочна было, што ён саступае Хэмілтану і кожны раз у вырашальны, здавалася б, момант аддае напарніку ініцыятыву. Што, зрэшты, задавальняе каманду, якая яшчэ напярэдадні таго самага Гран-пры 70-годдзя аб’явіла аб працягу кантракту з Ботасам яшчэ на адзін год.

А вось Хэмілтан, які ў мінулым годзе выйграў адзінаццаць гонак, хадзіў без кантракта да мінулага тыдня. Ці магчыма было ўявіць сабе нешта падобнае ў эпоху дамінавання Шумахера? Пілот адзін за адным бярэ чэмпіёнскія званні і прыносіць камандзе перамогі ў Кубку канструктараў, а з ім марудзяць нібы з навічком!

Яно так, вядома, але вы можаце прыгадаць, каб той жа Міхаэль у лепшы свой перыяд прыцягваў да сваёй асобы столькі ж увагі, колькі Хэмілтан прыцягнуў да сваёй падчас аднаго толькі мінулага сезона? Я не абараняю Шумахера – яму і ў Ferrari падыгрывалі, і сам ён не заўсёды добра паводзіў сябе на трасах. Але на статус лідара грамадскай думкі ніколі не прэтэндаваў і ад зорнай хваробы не пакутаваў.

Ну а ў міжсезонні ў заходняй прэсе пачалі цыркуляваць плёткі аб тым, што цяпер ужо сяміразовы чэмпіён жадае стаць ледзь не адзіным уладаром каманды Mercedes. Нібыта Хэмілтан прэтэндуе і на адсоткі ад прыбылі калектыву, і на права вета пры выбары свайго напарніка (злыя языкі адразу загаварылі аб тым, што Льюіс баіцца, што боксы з ім будзе дзяліць хто-небудзь не такі бяскрыўдны, як Ботас), і на большыя правы карыстацца брэндам «Mercedes» у рэкламных мэтах. Ну і, вядома, на шматмільённы і, што, магчыма, нават болей важнае, шматгадовы кантракт.

Аднак грошы лічаць нават у гіганцкім канцэрне Daimler. Шчыра кажучы, менавіта таму грошай у яго і шмат. А яшчэ там добра разумеюць, што незаменным не з’яўляецца нават Хэмілтан. Гэта вельмі своечасова даказаў цяперашні пілот Williams Джордж Расэл, які замяніў Льюіса на Гран-пры Сахіра пасля таго, як брытанец падхапіў дзесьці каронавірусную заразу.

Перамагчы Джорджу ў той гонцы на незвычайнай канфігурацыі бахрэйнскай трасы перашкодзіў толькі нечаканы збой у дагэтуль бездакорным механізме Мерсэдэса. Фігня здараецца з усімі, але толькі з чэмпіёнскай камандай яна здарылася ў самы непадыходзячы момант.

А якая б была пстрычка па носе Хэмілтану! Расэл пачаў дэманстраваць сваю хуткасць, толькі апынуўшыся ў какпіце нямецкага баліда. Які, дарэчы, быў разлічаны пад таго, хто там сядзіць звычайна. Джордж вышэйшы за Льюіса, і яму было элементарна цесна. Нават абутак ён быў вымушаны надзець меншага памеру, ад чаго ўвесь час іспытваў дыскамфорт.

І ўсё роўна Расэл адразу паказаў сябе з лепшага боку. Найхутчэйшы ў пятніцу і толькі крыху павольнейшы за канкурэнтаў у суботу, ён рыхтаваўся да перамогі ў нядзелю. На жаль, абставіны склаліся інакш – неспрактыкаваныя дзеянні механікаў каманды прывялі да таго, што Расэлу, які дагэтуль упэўнена ўзначальваў пелатон, давялося паўторна заязджаць у боксы пасля першага піт-стопа, на якім на ягоны балід паставілі пярэднія колы, што прызначаліся Ботасу.

Джордж, адкаціўшыся далёка назад, прарваўся быў на другую пазіцыю і зноў прэтэндаваў на перамогу, рыхтаваўся паспрачацца за яе ўжо з Серхіа Перэсам. Але камандны мосцік западозрыў павольны пракол на машыне брытанца, праз што ён зноў страціў амаль усё. Аднак зноў не апусціў рукі, сабраўся і зарабіў першыя ў сваёй кар’еры два ачкі за дзявятае месца, на якое паспеў-такі прарвацца!

Так што, рэзэкну выказаць думку, Хэмілтана (а таксама і Ботаса) Расэл па носе ўсё ж такі пстрыкнуў. Да таго ж нават болей эфектна, чым калі б нават перамог. Таму што ўсе мы ведаем, як часта Хэмілтан пачынае капрызнічаць, калі нешта пачынае ісці не так. Расэл жа нікога ў праблемах, што зваліліся на яго, не вінаваціў, а проста зрабіў усё, што мог.

Мы не ведаем і наўрад ці калі-небудзь даведаемся пра ўсе дэталі перамоў, якія шлі на працягу некалькіх апошніх месяцаў паміж Льюісам і кіраўніцтвам Mercedes. Але падчас іх пра выдатны выступ Расэла сяміразоваму чэмпіёну пэўна нагадвалі не аднойчы. І новы кантракт заключаны зноў толькі на адзін сезон.

Што будзе далей? Многае ў надыходзячым сезоне вырашаць выступы абодвух пілотаў Mercedes. Можа скласціся і так, што ў складзе Срэбных Стрэлаў Хэмілтан застанецца і ў 2022 годзе, але ўжо з новым напарнікам. І калі ім стане Расэл, сітуацыя ў калектыве можа моцна абвастрыцца.

Хэмілтан цярпець не можа моцных напарнікаў. Усе памятаюць сезон 2007 году, калі і пачалася яго кар’ера ў Формуле-1. Разам з ім у складзе McLaren тады выступаў Фернанда Алонса, які вяртаецца ў Вялікія Прызы ў гэтым годзе, а пасля таго сезона вымушаны быў сысці з каманды, бо іх з Хэмілтанам канфлікт амаль выйшаў з-пад кантролю і ў многім стаў прычынай паразы брытанскай каманды.

Не забыўся ніхто і аб тым, што і з чэмпіёнам 2016 года Ніка Росбергам Льюіс, мякка кажучы, не сябраваў. Магчыма, з той прычыны немец і сышоў з Формулы-1, узяўшы тытул, але так і не паспеўшы нацешыцца ім у рангу дзейснага пілота хаця б адзін сезон.

Карацей, перамагаць у складзе каманды, за якую выступае Льюіс Хэмілтан, можа любы пілот, пры ўмове, што яго завуць Льюіс Хэмілтан. Тут у Формуле-1 мала што змянілася за апошнія трынаццаць гадоў. Аднак лідары мяняліся. Толькі ўвесь час так атрымлівалася, што мяняліся яны са зменамі тэхнічнага рэгламенту, а потым ужо не мяняліся.

Чарговыя адбудуцца ўжо ў наступным годзе: сілавыя ўстаноўкі захаваюць цяперашнюю канфігурацыю, але стануць магутней (РУЗ будуць развіваць да 1 000 конскіх сіл, электрычныя маторы – 150 кВт (204 к.с.) замест цяперашніх 120 кВт (163 к.с.), дыяметр колаў павялічыцца да 18 дзюймаў, вернецца граунд-эфект. Але ці дапаможа гэта тым камандам, якія адстаюць сёння?

Нешта падобнае на барацьбу на роўных можна было назіраць толькі ў канцы нулявых, калі Scuderia Ferrari яшчэ прэтэндавала на першыя ролі. Потым чатыры гады ў адзіныя вароты выйгравалі Себастьян Фетэль і Red Bull, а з пачаткам турба-гібрыднай эры ў 2014-м – Хэмілтан і Mercedes. А калі апошні зноў зарыентуецца і падрыхтуецца лепей за астатніх і працягне дамінаваць?

Перамены наспелі не толькі ў Беларусі, але і ў Формуле-1 у чарговы раз. Колькі ўжо гадоў кіраўніцтва той жа Ferrari абяцае ўзяцца за справу а нагадаць, а на справе вялікая каманда толькі дэградуе. Нават лакальныя поспехі ў 2019 годзе, калі Шарль Леклер перамог на Гран-пры Бельгіі і Італіі, аказаліся вынікам тэхнічнага мухляжу, і ў 2020-м тыя ж бельгійскі і італьянскі этапы сталі для Скудэрыі сорамам.

Нават кіраўнік Mercedes Тота Вольф адзначаў, што Формуле-1 патрэбная моцная Ferrari. Яна і самому Мерсэдэсу патрэбная – больш цікава ж перамагаць, спаборнічаючы з моцным супернікам. Аднак італьянская канюшня пакуль што да іх не належыць, у адрозненні ад калектыву Red Bull, напрыклад.

Відавочна прагрэсіруюць Alpine (былая Renault) і McLaren, відавочны патэнцыял Aston Martin (былы Racing Point). Не варта спісваць і моладзь з AlphaTauri, ды й нават Williams з новымі ўладальнікамі можа пайсці на ўздым. Ніжэй мы больш падрабязна пагаворым пра здабыткі і страты ўсіх каманд па выніках мінулага сезону і паспрабуем зазірнуць у будучыню кожнай з іх.

Mercedes-AMG Petronas F1 Team

Першае месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (573 ачкі)

Склад: Льюіс Хэмілтан (Велікабрытанія, стартавы нумар 44), чэмпіён 2020 году (347 ачкоў), Валтары Ботас (Фінляндыя, стартавы нумар 77), другое месца ў 2020 годзе (223 ачкі). Рэзервовыя пілоты: Стофель Вандорн (Бельгія), Эстэбан Гутьерэс (Мексіка).

Кіраўнік: Тота Вольф

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Элісан

Вось у каго, здаецца, усё няма куды стабільней! Аднак слова «здаецца» тут ключавое. Таму што чым далей, тым слабейшым робіцца медыйная і маркетынгавая аддача ад бясконцых перамог Срэбных Стрэлаў, часова перафарбаваных у чорны колер. І калі Mercedes працягне дамінаваць і пасля змены рэгламенту, кіраўніцтва аўтаканцэрну ў пэўны момант можа сказаць: «Хопіць!». Маўляў, нагуляліся, выйгралі ўсё, што магчыма, і далейшыя ўкладанні многіх мільёнаў у праект у Формуле-1 не маюць сэнсу.

Яшчэ і з Хэмілтанам гэным вось так вось кожны раз дамаўляцца… А вось тут як раз магчымыя варыянты! Бо спачатку «Хопіць!» можа пачуць сяміразовы чэмпіён, калі яго апетыты пачнуць нагадваць элементарную сквапнасць. Незаменных няма, аб чым ішла гаворка вышэй. І той жа Джоржд Расэл абсалютна гатовы прыняць на сябе ролю новага лідара. Да таго ж прасіць занадта шмат (прынамсі, адразу) ён не будзе. І ў напарнікі да яго можна будзе абраць любога, у тым ліку такога ж здатнага.

Ніхто не спрачаецца з тым, што здатны і сам Льюіс. Але ў Мерсэдэсе мусяць разумець, што «самавоз» зараз толькі ў іх, а перамагаць за стырном «самавоза» можа нават Валтары. Ён таксама дастаткова хуткі і разумны як гоншчык, толькі матывацыі і спартыўнай злосці яму не хапае. Затое ён відавочны камандны гулец, і перабудаваць пад сябе калектыў не імкнецца. А калі ўжо камандзе спатрэбіцца, то і лідарам стане. Таму яго будучыня ў складзе Mercedes мне бачыцца нават болей верагоднай.

Тым не менш фіну ўсё ж такі давядзецца ў надыходзячым сезоне праявіць свае лепшыя рысы і выступіць дастаткова яскрава. Разумны, хуткі і ахвочы да перамог пілот (чытай – Расэл) лепей за проста разумнага і хуткага. А Хэмілтан і так ужо ўсім усё даказаў, і падпрацоўка пілотам Формулы-1, як ён сам нядаўна ахарактарызаваў сваю гоначную дзейнасць, у пэўны момант можа надакучыць яму самому.

Асабіста калі Mercedes адмовіцца плаціць. 

Red Bull Racing

Другое месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (319 ачкоў)

Матор: Honda

Склад: Макс Ферстапен (Нідэрланды, стартавы нумар 33), трэцяе месца ў 2020 годзе (214 ачкоў), Серхіа Перэс (Мексіка, стартавы нумар 11), чацвёртае месца ў 2020 годзе (125 ачкоў)*. Рэзервовыя пілоты: Александэр Албан (Тайланд), Себасцьен Буэмі (Швейцарыя).

* У складзе Racing Point (цяпер Aston Martin)

Кіраўнік: Крысціан Хорнэр

Тэхнічны дырэктар: П’ер Вашэ

Мінулы год стаў для каманды вытворцы энергетычных напояў годам нявызначанасці. Стала як ніколі болей відавочна, што Макс Ферстапен зараз адзіны, хто хаця б эпізадычна можа кідаць выклік канкурэнтам з Mercedes. Малады нідэрландзец гэта робіць, і ў мінулым сезоне нават атрымаў дзве перамогі (на Гран-пры 70-годдзя і Абу-Дабі, да таго ж у другім разе нават з поула стартаваў).

Але яго цяпер ужо былы напарнік Алекс Албан не надта паспяхова дэманстраваў сваю карыснасць для каманды, таму шэры кардынал формульнага падраздзялення Red Bull доктар Хельмут Марка пакуль што часова перавёў яго ў рэзерв. Пры гэтым моладзь з гамарні кадраў AlphaTauri пакуль што відавочна не гатовая да пераходу на болей высокі ўзровень (з Даніілам Квятам дык увогуле развіталіся па сканчэнні мінулага сезону).

Ну а на пачатку кастрычніка Honda, якая пастаўляе сілавыя ўстаноўкі і Рэд Булу, і малодшаму калектыву AlphaTauri, аб’явіла аб тым, што па сканчэнні сезону-2021 зварочвае сваю праграму ў Формуле-1. Сітуацыя, у якую патрапіў Red Bull, была падобная на патавую. Так, гэта буйная кампанія, але ж не аўтамабільная. Рэсурсаў для вырабу рухавікоў, асабіста дарагіх, складаных і вузкаспецыялізаваных сілавых установак для Формулы-1 у Дзітрыха Мацешыца меней чым у Mercedes, Ferrari і Renault.

Варыянтаў выйсця было не так шмат: альбо проста сысці з Формулы-1, чаго рабіць не хочацца, альбо зноў звярнуцца да кампаніі Renault, з якой Red Bull некалі моцна пасварыўся, альбо пачаць самастойна вырабляць сілавыя ўстаноўкі, што цяжка было сабе ўявіць па апісаных вышэй прычынах.

Яшчэ адзін спадзеў быў звязаны з магчымасцю замарозкі на дапрацоўку сілавых установак пасля 2022 года, што дазволіла б Чырвоным Быкам застацца з маторам, тым больш што Honda абяцала не кідаць свайго кліента на самаўпраўнасць лёсу і перадаць яму ўсю дакументацыю і тэхнічныя магутнасці. Аднак ідэю замарозкі спачатку падтрымалі не ўсе каманды (хоць, напрыклад, той жа Мерсэдэс быў не супраць), і будучыня Red Bull у Формуле-1 некалькі месяцаў была пад пытаннем.

Але тут усё скончылася пазітыўна. На нядаўнім пасяджэнні Камісіі Формулы-1 з прапановай Red Bull пагадзіліся ўжо ўсе каманды, а з Хондай быў падпісаны кантракт аб выкарыстанні японскіх сілавых установак да 2024 года. На базе калектыву ў брытанскім Мілтан-Кінсе было створанае падраздзяленне Red Bull Powertrains, якое і будзе вырабляць маторы і пастаўляць іх камандам Red Bull Racing и AlphaTauri.

Цяпер справа за малым – зрабіць для сезону 2022 года сілавую ўстаноўку, якая дазволіць пілотам Red Bull перамагаць. У іншым выпадку галоўны калектыў можа застацца без Ферстапена. Той жа Хельмут Марка нядаўна прызнаў, што ў кантракце Макса і каманды ёсць пункт, які дазваляе нідэрландцу сысці з каманды да 2023 года ў выпадку, калі балід Red Bull не дазволіць яму атрымліваць перамогі.

У сезоне-2021 пры гэтым ніхто цудаў не чакае (што, аднак, не значыць, што яны немагчымыя). Калі ў кагосьці з пілотаў Мерсэдэса нешта пойдзе не так, Ферстапен заўжды будзе гатовы перахапіць ініцыятыву. І не толькі Ферстапен! Як раз у падобных жа абставінах на мінулагоднім Гран-пры Сахіра сваю адзіную перамогу атрымаў Серхіа Перэс.

Адначасова мексіканец пстрыкнуў на носе кіраўніцтва Racing Point у асобе найперш уладальніка каманды Лоўрэнса Строла, які ў верасні вырашыў замяніць яго з гэтага году Себасцьянам Фетэлем, які ў сваю чаргу сышоў з Ferrari. Маўляў, глядзіце, з кім вы развітваецеся! З чалавекам, які прынёс вам першую і пакуль адзіную перамогу! У здольнасцях Чэка ніхто не сумняваецца, уключаючы і кіраўніцтва Red Bull, таму ў снежні яно падпісала з Перэсам кантракт на 2021 год.

І цяпер Серхіа неверагодна матываваны: трэба яшчэ раз пстрыкнуць па носе старэйшага Строла і цяпер ужо каманду Aston Martin, і даць зразумець Хельмуту Марка і Крысціану Хорнэру, што яны ў мексіканскім пілоце не памыліліся. Так што нас чакае як мінімум цікавае ўнутрыкаманднае спаборніцтва. Абы яно не апынулася варожасцю і сваркай, што могуць прывесці і да развалу каманды. Аднак мудрасць ужо дарослых пілотаў і іх кіраўнікоў хутчэй за ўсё дапаможа пазбегнуць канфрантацыі.

McLaren F1 Team

Трэцяе месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (202 ачкі)

Матор: Mercedes

Склад: Даніэль Рыкарда (Аўстралія, стартавы нумар 3), пятае месца ў 2020 годзе (119 ачкоў)*, Ланда Норыс (Велікабрытанія, стартавы нумар 4), дзявятае месца ў 2020 годзе (97 ачкоў). Рэзервовыя пілоты: Стофель Вандорн (Бельгія), Эстэбан Гутьерэс (Мексіка).

* У складзе Renault (цяпер Alpine)

Кіраўнік: Андрэас Зайдль

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Кі

Прагрэс адной з самых буйных і паспяховых каманд у гісторыі чэмпіянату, які яна зрабіла за апошнія некалькі сезонаў, відавочны. Цяжкасці, звязаныя з няўдалай прымеркай сілавых установак ад Хонды (і з рызыкоўнай кампактнай кампаноўкай вузлоў баліда ў яго задняй частцы), за тры гады супрацоўніцтва з Renault пераадоленыя. А з гэтага году McLaren зноў стаў кліентам Mercedes, якім быў у свае лепшыя часы.

Адначасова здзейснілася даўняя мара кіраўніка падраздзялення McLaren Racing Зака Браўна – каманда займела ў сваім складзе Даніэля Рыкарда. Хуткі і здатны аўстраліец яўна не жадаў знаходзіцца ў цені Ферстапена ў Red Bull, а Renault, як цяпер становіцца зразумела, Дэн выкарыстаў у якасці перавалачнай базы. Выступаць у камандзе-серадняку было ў кожным разе лепей чым рабіць паўзу ў кар’еры.

Таму вельмі цікава будзе назіраць за тым, як Рыкарда будзе абжывацца ў McLaren. Вясёлы хлопец, які ўвесь час усміхаецца, дакладна не будзе весці брудных гульняў і плесці інтрыгі. Унутрыкаманднае спаборніцтва мы, вядома, пабачым, але ў выпадку Даніэля і Ланда Норыса яно дакладна будзе карэктным. А калі новы балід MCL35M, які каманда паказала на гэтым тыдні (ён і паказаны на верхнем фота), атрымаўся хуткім, то ужо ў гэтым годзе, перафразуючы Рыгора Барадуліна, на подыумах Рыкарда пачне бываць часцей і не госцем.

Ні ў якім разе не скідваем за рахункаў і Норыса – малады брытанец таксама хуткі. Бракуе яму, бадай, толькі стабільнасці, асабіста калі параўноўваць яго мінулагодні выступ з выступам яго новага напарніка. Канечне, Рыкарда ўсё ж такі быў пілотам завадской каманды, рэсурсаў у якой у любым выпадку паболей. Але і Карлас Сайнс, які перайшоў у Ferrari, скончыў мінулы сезон на болей высокім (шостым) месцы.

Карацей, надыходзячы сезон стане праверкай і для Ланда (чаму ён навучыўся за два гады ў Формуле-1), і для Даніэля (ці слушна каманда зрабіла на яго стаўку), і для McLaren у цэлым (ці ўсё вырашае сілавая ўстаноўка, альбо карані ранейшых праблем ляжаць глыбей). Аднак добрыя навіны яшчэ як верагодныя.

Aston Martin Cognizant Formula One Team

Чацвёртае месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (195 ачкоў)*

Матор: Mercedes

Склад: Себасцьян Фетэль (Германія, стартавы нумар 5), трынаццатае месца ў 2020 годзе (33 ачкі)**, Лэнс Строл (Канада, стартавы нумар 18), адзінаццатае месца ў 2020 годзе (75 ачкоў).

* Пад назвай BWT Racing Point F1 Team

** У складзе Ferrari

Кіраўнік: Отмар Сафнаўэр

Тэхнічны дырэктар: Эндру Грын

Ну што, жарты пра ружовы Мерседэс скончыліся! Ці пачнуцца жарты пра зялёны? Менавіта такі колер – легендарны British Racing Green – будзе асноўным для вытворцы спорткараў, які вяртаецца ў Формулу-1 з паўнавартаснай завадской камандай (на рубяжы 50-х і 60-х гадоў мінулага стагоддзя ён пастаўляў свае баліды прыватнаму калектыву Дэвіда Браўна). Але наколькі арыгінальнай распрацоўкай будзе новы гоначны аўтамабіль?

Грошы канадскага мільярдэра Лоўрэнса Строла дазволілі яму не толькі прывесці свайго сына Лэнса ў Формулу-1, але і фактычна купіць яму там каманду Racing Point. Якая пазней і была ператвораная ў Aston Martin (Строл-старэйшы ўклаў 500 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў у брытанскую кампанію, набыў 16,7% яе акцый і ўзначаліў савет яе дырэктараў). Быццам бы іх павінна хапіць і на тое, каб і формульная тэхніка ў Астана была свая.

Аднак пакуль новы балід не паказаны публічна (яго прэм’ера вызначаная на 3 сакавіка, таму на фота ўверсе прадстаўлены яшчэ мінулагодні ў расфарбоўцы Racing Point), застаецца толькі гадаць, наколькі яго канструкцыя акажацца арыгінальнай. У мінулым годзе тады яшчэ Racing Point, нагадаю, пазбавілася 15 ачкоў за тое, што канфігурацыя паветраводаў тармазоў яе баліда RP20 была скапіраваная з такой у чэмпіёнскага ў 2019 годзе Mercedes W10. Ды й увогуле першы нават у цэлым знешне быў моцна падобны на другі, толькі што быў ружовым.

Цяпер вельмі важна прадставіць сваю арыгінальную працу. Гэта не толькі дапаможа пазбегнуць новых абвінавачванняў, разглядаў і пакаранняў, але і ўзмацніць эфект, калі праца выявіцца ўдалай і дазволіць пілотам каманды… ну, калі не перамагаць, то як мінімум змагацца за подыумы.

А чаму, зрэшты, не перамагаць? Нешта не верыцца ў тое, што Фетэля пазвалі ў каманду проста так, толькі таму, што немец стаміўся ў Ferrari змагацца не з супернікамі за перамогі, а з уласным балідам за выжыванне (што так, на самой справе). Напэўна запрашэнне яго ў брытанскую каманду было старанна спланаваным крокам Лоўрэнса Строла. І сам чатырохразовы чэмпіён наўрад ці пайшоў бы ў іншую каманду, каб проста быць настаўнікам сына яе ўладальніка (што таксама часткова праўда).

Зразумела, у Aston Martin разлічваюць найперш на досвед Себасцьяна і яго тэхнічныя веды, узровень якіх у яго сапраўды вельмі высокі. І, хутчэй за ўсё, на першы сезон надта ўжо амбіцыйных мэт не ставяць. Логіка падказвае, што выйсці на па-сапраўднаму высокі ўзровень брытанцы наважваюцца на другі-трэці год. Але і статыстамі на пачатковым этапе дакладна не збіраюцца быць.

У рэшце рэшт, нават калі Строл-сын так і не стане зоркай Формулы-1, Строл-бацька можа проста прадаць такі вялікі актыў, як доля ў камандзе Формулы-1. І вельмі важна, каб у такім выпадку гэты кавалачак пірага быў смачным і прывабным для патэнцыйных пакупнікоў.

Alpine F1 Team

Пятае месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (181 ачко)*

Склад: Фернанда Алонса (Іспанія, стартавы нумар 14), не выступаў у 2020 годзе, Эстэбан Акон (Францыя, стартавы нумар 31), дванаццатае месца ў 2020 годзе (62 ачкі).

* Пад назвай Renault F1 Team

Кіраўнік: Ларан Росі

Тэхнічны дырэктар: Давідэ Брывіа

Галоўная навіна пра французаў прыйшла не ў ліпені, калі было стала вядома аб вяртанні ў Формулу-1 двухразовага чэмпіёна Фернанда Алонса ў складзе Renault, і не ў верасні, калі каманда аб’явіла аб перайменаванні з 2021 года ў Alpine (пад гэтым адроджаным некалькі гадоў таму брэндам французскі канцэрн вырабляе дарожныя спорткары), а ўжо ў студзені.

Прычым навіна была падвоеная. Па-першае, Сіріла Абітэбула, які ўзначальваў каманду ўвесь час пасля яе вяртання ў статусе завадской у 2016 годзе, пакінуў не толькі каманду, а ўвогуле кампанію Renault. Alpine F1 Team узначаліў ужо Ларан Росі. А па-другое, пасаду тэхнічнага дырэктара заняў Давідэ Брывіа (на фота вышэй), які дагэтуль узначальваў каманду Sizuki у чэмпіянаце MotoGP. І пад кіраўніцтвам якога японскі калектыў у мінулым годзе выйграў камандны тытул, а яго гоншчык Жоан Мір стаў чэмпіёнам.

Пераход Брывіа ў Формулу-1 стаў шокам для Suzuki – італьянец іграў там ледзь не вырашальную ролю. Зараз яго абавязкі пераразмеркаваныя паміж сямі супрацоўнікамі, і як каманда справіцца з абаронай сваіх тытулаў у новым сезоне MotoGP – пытанне адкрытае.

Затое зразумела, чаму менавіта Давідэ пераманілі ў Alpine: французы хочуць ужо пачаць перамагаць, а Брывіа ведае, як выбудаваць працу так, каб гэта было магчыма. Рабіць гэта пілоты тады яшчэ Renault, па першапачатковым плане, мусілі яшчэ гады два таму. Аднак найвышэйшым дасягненнем пакуль што застаецца чацвёртае месца ў Кубку канструктараў у 2018 годзе.

Іншымі словамі, пятыя месцы ў 2019 і мінулым годзе – гэта зусім не поспех. Рэарганізацыя наспела, асабіста ўлічваючы вяртанне ў чэмпіянат Фернанда Алонса. Проста адбываць нумар двухразовы чэмпіён дакладна не хоча, і ў быццам бы новыя мяхі с лагатыпам ужо Alpine зроблена спроба ўліць новае віно, а дакладней – новую інжынерную кроў. Наколькі паспяховым будзе такі крок, пакажа час, але сумніўна, што Брывіа, толькі прыйшоўшы ў новую каманду і новы чэмпіянат, пабудуе ў ім другую Sizuki.

Гэтыя навіны могуць быць дрэннымі для Эстэбана Акона. З ім падпісаны шматгадовы кантракт, аднак гэтая папера ў Формуле-1 што дышаль. Асабіста калі ты як гоншчык не звышгеніяльны. Вось і француз на фоне Рыкарда ў мінулым годзе выглядаў так сабе. Так, яго тэхніка падводзіла часцей чым Даніэля, але той зарабляў ачкі ўсё роўна рэгулярней і, што галоўнае, болей. І калі нават Алонса ў першым пасля вяртання сезоне не нахапае зорак з неба, дакараць за непераканаўчыя вынікі, калі што, будуць не яго.

Сам Фернанда на мінулым тыдні нехаця стаў аўтарам трывожных навін, патрапіўшы ў дарожную аварыю падчас велатрэніроўкі. Да шчасця, сур’ёзных траўм іспанец не атрымаў, у панядзелак выпісаўся са шпіталю ў Берне і праз пару дзён вярнуўся да трэніровак і падрыхтоўкі да сезону. Які, вядома, будзе для яго ў большай ступені азнаямленчым, хай сабе тэхніка за два гады яго адсутнасці моцна не змянілася. Але ўсё роўна прывыкаць да баліда Формулы-1, тым больш іншай, хоць і знаёмай каманды, давядзецца па-новай.

Я б сказаў, што для Alpine/Renault настае крытычны перыяд. Перамены, што адбыліся, не гарантуюць заўважнага поспеху ў кароткатэрміновай перспектыве, а яго адсутнасць на працягу доўгага часу можа вымусіць кіраўніцтва французскага аўтаканцэрна ў чарговы раз адмовіцца ад удзелу ў Формуле-1. Што-што, а грошы лічыць і расходы рэзаць там умеюць.

Scuderia Ferrari Mission Winnow

Шостае месца ў Кубку Канструктараў у 2020 годзе (131 ачко) 

Склад: Шарль Леклер (Манака, стартавы нумар 16), восьмае месца ў 2020 годзе (98 ачкоў), Карлас Сайнс (Іспанія, стартавы нумар 55), шостае месца ў 2020 годзе (105 ачкоў)*. Рэзервовы пілот Калум Айлат (Велікабрытанія).

* У складзе McLaren

Кіраўнік: Маціа Бінота

Тэхнічны дырэктар: Сімонэ Рэста

Можа гэта лёс наўмысна так здзекуецца з Ferrari за тое, што яна працягвае скрыта рэкламаваць сігарэты? Mission Winnow – гэта ж сумесная ініцыятыва Скудэрыі з тытунёвай карпарацыяй Philip Morris International. Mission Winnow, місія: перамагаць зараз? У кантэксце з Ferrari гучыць як кепікі. Дзе яны, тыя шаснаццаць выйграных Кубкаў канструктараў і пятнаццаць чэмпіёнскіх тытулаў ў асабістым заліку? Калі яны былі, тыя 238 перамог у гонках? Хто заваяваў той 221 поул і ўсталяваў 253 найхутчэйшых кола ў гонцы? Апошнім чэмпіёнам Ferrari так і застаецца Кімі Райканен, які свой тытул узяў у 2007 годзе.

Мінулы сезон стаў для каманды з Маранэла найгоршым за апошнія сорак гадоў. Горай было толькі ў 1980 годзе, калі за сезон Ferrari зарабіла ўсяго 8 ачкоў, заняўшы дзясятае месца ў Кубку канструктараў. Але і каб праваліць чэмпіянат так, як гэта было зроблена ў 2020-м, трэба было моцна пастарацца. За што ні вазьміся, ўсё ў італьянцаў не вытрымлівала ніякай крытыкі: сілавая ўстаноўка, падвеска, аэрадынаміка, тармазы…

Заўзятары зрабілі мем з фатаграфіі, дзе разам былі захаваныя кіраўнік Ferrari Маціа Бінота і пілот тады яшчэ McLaren Карлас Сайнс. «Не, Карлас, ты не можаш адмовіцца ад пераходу ў Ferrari», было напісана там. Рашэнне сына двухразовага чэмпіёна свету па ралі высмейвалася з той нагоды, што балід брытанскай каманды выявіўся зусім нядрэнным.

Тады як у Скудэрыі асабістых перспектыў наконт змены сітуацыі ў лепшы бок і ў 2021 годзе не праглядваецца. Без кардынальных змен у канструкцыі баліда яго канкурэнтаздольнасць не павысіць. І, па плётках, такія змены рыхтуюцца.

Падначаленыя Бінота нібыта прызналі, што рэсурсы для дапрацоўкі іх сілавой устаноўкі ў яе кансерватыўнай канфігурацыі вычарпаныя. А таму ўзяліся за працу над рухавіком унутранага згарання з раздзеленым турбакампрэсарам, які выкарыстоўваюць Mercedes і Honda. Да таго ж у Ferrari вырашылі пайсці далей і размясціць кампрэсар унутры выпускнога тракту і змяніць размяшчэнне інтэркулераў. На думку інжынераў Скудэрыі, гэта дазволіць не толькі павялічыць магутнасць матора, але і зробіць яго лягчэйшым і кампактнейшым, палепшыць развагоўку шасі і дазволіць эфектыўней дапрацаваць аэрадынаміку баліда.

Але калі нават гэта праўда, то новая сілавая устаноўка (пры ўмове, што яна сапраўды будзе такой эфектыўнай, як гэтага чакаюць італьянцы), з’явіцца толькі ў наступным годзе. А надыходзячы сезон зноў будзе для Ferrari і яе фанатаў пакутай. Каб не склалася так, што ў 2021 годзе яе абгоніць нават Williams…

Аднак пілоты не маркоцяцца, прынамсі, публічна. Карлас Сайнс у мінулым годзе ў інтэрв’ю неаднаразова падкрэсліваў, што не шкадуе аб пераходзе ў чырвоную каманду. Маўляў, яна ўсё роўна вялікая, а яе праблемы – часовыя. Шарль Леклер, наколькі можна зразумець звонку, гатовы ўзяць на сябе ролю лідара і першага нумара. Усё ж такі, у мінулым годзе ён у цэлым выглядаў заўважна мацнейшым за Фетэля, які шчыра дакочваў.

Себасцьян жа, як і Хэмілтан, добра ездзіць на добрым і хуткім балідзе. А калі балід пакідае жадаць лепшага, здзімаецца і Фетэль. Да таго ж, немец не заўсёды з’яўляецца прыкладам для пераймання, апынаючыся пад псіхалагічным і спартыўным прэсінгам.

Так што на сезон-2021 запасаемся цярпеннем і не чакаем ад Ferrari цудаў. Хоць, натуральна, і жадаем ёй поспеху.

Scuderia AlphaTauri Honda

 

Сёмае месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (107 ачкоў)

Матор: Honda

Склад: П’ер Гаслі (Францыя, стартавы нумар 10), дзясятае месца ў 2020 годзе (75 ачкоў), Юкі Цунода (Японія, стартавы нумар 22), дэбютант.

Кіраўнік: Франц Тост

Тэхнічны дырэктар: Джоді Эгітан

Моладзевая праграма Red Bull, праз якую прайшоў і Ферстапен, у апошнія гады працавала не так эфектыўна, як раней. Макса некалі давялося спешна пераводзіць у асноўны калектыў, калі стала зразумела, што расіянін Данііл Квят перастаў апраўдваць надзеі, што былі на яго. Ускосным сведчаннем таго, што тое жорсткае рашэнне Хельмута Марка было слушным, стала тое, што Квят затым двойчы згубіў месца нават у малодшай камандзе, якая раней звалася Scuderia Toro Rosso.

Ну а пасля зыходу з каманды Даніэля Рыкарда знайсці адэкватную замену яму аказалася вельмі няпроста. Алекс Албан спачатку заслужыў пераход у Red Bull, але ўжо там моцна прайграваў Ферстапену, і у гэтым годзе быў заменены Перэсам.

П’ер Гаслі да пераходу ў старэйшую каманду пакуль не дарос. Хаця француз можа запісаць мінулы сезон сабе ў актыў – адзіную перамогу на вар’яцкім Гран-пры Італіі пасля таго, як на роўным месцы спатыкнуўся Хэмілтан, камандзе AlphaTauri прынёс менавіта ёй. Праўда, гэта для яго яна першая і пакуль што адзіная. Сама ж AlphaTauri яшчэ пад імем Toro Rosso перамагла ў той жа Монцы ў 2008 годзе сіламі Себасцьяна Фетэля.

Тым не менш Гаслі ў 2020-м у цэлым апраўдаў давер. І ў 21-м у пэўнай ступені будзе выконваць ролю настаўніка для маладога Юкі Цуноды. Перад японцам задача стаіць меней складаная, але і не самая простая. У выпадку зусім ужо бледнага выступу доктар Марка знойдзе яму замену. Хаця Юкі ў мінулым годзе стаў бронзавым прызёрам Формулы-2, і да Вялікіх Прызоў нібыта выглядае гатовым.

Глабальная будучыня AlphaTauri, пры ўмове, што ўсё добра будзе з Red Bull, турботы не выклікае. Ад дадатковых крыніцы тэхнічнай інфармацыі з трасы і тэхнічнага палігону Чырвоныя Быкі ніколі не адмовяцца. А якім атрымаўся прадстаўлены ў пятніцу балід АТ02 (на верхнем фота), мы пабачым ужо хутка.

Alfa Romeo Racing ORLEN

Восьмае месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (8 ачкоў)

Матор: Ferrari

Склад: Кімі Райканен (Фінляндыя, стартавы нумар 7), шаснаццатае месца ў 2020 годзе (4 ачкі), Антоніа Джавінацы (Італія, стартавы нумар 99), сямнаццатае месца ў 2020 годзе (4 ачкі). Рэзервовы пілот Роберт Кубіца (Польша).

Кіраўнік: Фрэдэрык Васёр

Тэхнічны дырэктар: Жан Маншо

Вось у чым Ferrari апярэджвае той жа Red Bull, дык гэта ў колькасці выпрабавальных палігонаў. Alfa Romeo фармальна незалежная каманда, аднак звязаная з Ferrari партнёрскімі стасункамі. Прыкладна як паміж гэтымі кампаніямі ў межах канцэрну FIAT Chrysler Automobiles (які сам цяпер стаў часткай канцэрну Stellantis пасля аб’яднання з французамі з PSA Peugeot Citroën).

Хаця балід у Alfa Romeo ствараюць кожны раз больш ці менш самастойна. І можа нават ён у цэлым атрымліваецца і не такім ужо дрэнным, але выглядаць канкурэнтаздольным на трасе яму кожны раз перашкаджае сілавая ўстаноўка Ferrari. У выніку бліскаць у пілотаў Альфы атрымліваецца вельмі рэдка і эпізадычна. Як, напрыклад, у Кімі Райканена на мінулагоднім Гран-пры Партугаліі.

Пры гэтым каманда, вядома, дзеліцца з Ferrari усёй тэхнічнай інфармацыяй. І было б нядрэнна, калі б пастаўшчык рухавікоў пісьменна той інфармацыяй распараджаўся. Хіба толькі ён спачатку вырашыў намацаць дно, каб зразумець, што вось так вось рабіць у самой справе не варта.

Канечне, было б няправільна ўсё звальваць на Скудэрыю. Alfa Romeo, відавочна, і сама па сабе яўна не з’яўляецца топ-камандай. Зараз яна пераадольвае наступствы фінансавага крызісу таго перыяду, калі яна звалася Sauber. Па гэтай жа прычыне ёй зараз цяжкавата быць гамарняй маладых талентаў. І невыразны выступ Антоніа Джавінацы ў мінулым годзе звязаны не толькі з агульным станам каманды. Сапраўды перспектыўных пілотаў сваёй моладзевай праграмы Ferrari вырашыла накіроўваць у Haas.

Alfa Romeo ж у болей высокай ступені нагадвае дом адпачынку для пенсіянераў. Бо, пры ўсёй да яго павазе, пік кар’еры Райканена мінуў. Хоць яго ролю ў развіцці Альфы цяжка пераацаніць. З інжынерамі працаваць чэмпіён 2007 года ўмее, і яшчэ можа прынесці карысць калектыву. Ну а калі ён яшчэ і спонсараў знойдзе (напрыклад Роберт Кубіца прывёў з сабою польскую нафтавую кампанію ORLEN), то прагрэс можа і паскорыцца.

У рэшце рэшт, былі часы, калі і Sauber быў вельмі моцным серадняком.

Haas F1 Team

 

Дзявятае месца ў Кубку канструктараў у 2020 годзе (3 ачкі)

Матор: Ferrari 

Склад: Мік Шумахер (Германія, стартавы нумар 47), дэбютант, Мікіта Мазепін (Расія, стартавы нумар 9), дэбютант. Рэзервовы пілот П’етра Фіціпальдзі.

Кіраўнік: Гюнтар Штайнэр

Тэхнічны дырэктар: Роб Тэйлар

Вось яшчэ якая каманда перыядычна трапляе пад падазрэнне ў тым, што яе балід падобны на балід іншага калектыву. У выпадку з Haas праглядваюцца падабенствы з Ferrari. Але тут ніхто не ўсчынае скандалаў. Гэта мінулагоднія спробы Racing Point скапіраваць пазамінулагодні Mercedes тэарэтычна маглі даць пэўны плён, бо там было што капіраваць. У выпадку ж з Ferrari і арыгінал атрымаўся такі сабе, таму і ў магчымай копіі пагрозу ніхто не бачыў.

І калі нават сапраўды інжынеры Haas перанялі нейкія тэхнічныя рашэнні Скудэрыі, то вынік цалкам лагічны. Усё, чым у мінулым сезоне запомніліся выступы Рамана Гражана і Кевіна Магнусена – гэта тым фаер-шоў, што швейцарскі гоншчык устроіў на Гран-пры Бахрэйна.

Ну, яшчэ, бадай, і паказальнай дэманстрацыяй дасягненняў арганізатараў Формулы-1 у бяспецы: манакок баліда і абаронны німб над какпітам Гражана, а таксама яго вогнетрывалы гоначны камбінезон адпрацавалі на дзвесце адсоткаў. Страшэнная аварыя, што яшчэ гадоў дзесяць таму скончылася б згубай пілота, Раману запомніцца толькі крыху апаленымі рукамі.

Але камандзе Джына Хааса як паветра патрэбныя спартыўныя вынікі! Яму з Гюнтэрам Штайнэрам хочацца, каб аматары Формулы-1 пілотамі Haas захапляліся і ставілі іх у прыклад іншым, а не толькі глядзелі відосікі, дзе яны эфектна выбіраюцца з разбітага і ахопленага полымем баліда. Ну і спонсарскія грошы, вядома, патрэбныя. Таму рашэнне цалкам абнавіць састаў гоншчыкаў у 2021 годзе было абсалютна лагічным і наспеўшым.

Тут і ў Формуле-2 вельмі своечасова дараслі да неабходнага ўзроўню сын Міхаэля Шумахера Мік (на фота вышэй), які ў мінулым годзе і стаў там чэмпіёнам, а таксама расіянін Мікіта Мазепін (ніжняе фота), які заняў у мінулым сезоне другой Формулы пятае месца. Калі меркаваць па выступам абодвух у той Формуле-2, то быццам бы да Каралеўскіх аўтагонак яны гатовыя.

Аднак час на адаптацыю і таму, і іншаму дакладна спатрэбіцца. Зноў жа, не факт, што новы балід Haas акажацца дастаткова канкурэнтаздольным. Асабіста ўлічваючы ўсе праблемы сілавых установак Ferrari.

Хоць гэта як раз не так ужо і дрэнна. Калі Мік і Мікіта сапраўды таленавітыя, яны змогуць прадэманстраваць гэта нават на не найлепшай тэхніке. Якая, да таго ж, і не найгоршая ў чэмпіянаце. А старацца ім абодвум давядзецца, бо для маладога пілота, ды й яшчэ і дэбютанта, асабіста справядлівы тэзіс, што яго галоўны супернік – гэта хлопец не такой жа машыне. Тым больш што дэбютанты абодва Мікі.

Чакаем яшчэ адно ўнутрыкаманднае спаборніцтва, якое ў бліжэйшыя гады можа мець цікаўны працяг.

Williams Racing

 

Дзясятае месца ў Кубку Канструктараў у 2020 годзе (0 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Джордж Расэл (Велікабрытанія, стартавы нумар 63), васямнаццатае месца ў 2020 годзе (3 ачкі)*, Нікалас Лаціфі (Канада, стартавы нумар 6), дваццаць першае месца ў 2020 годзе (0 ачкоў). Рэзервовы пілот Джэк Эйткен (Велікабрытанія).

* Ачкі набраныя ў складзе Mercedes падчас замены Льюіса Хэмілтана

Кіраўнік: Сайман Робертс

Тэхнічны дырэктар: Дэйв Робсан

Каманда-боль. Williams, чыі пілоты ў мінулым сем разоў станавіліся чэмпіёнамі і прынеслі калектыву дзевяць Кубкаў канструктараў, ужо шмат гадоў з’яўляеца аўтсайдарам чэмпіянату. А без пераканаўчых вынікаў стварэнне сэра Фрэнка Вільямса застаецца і без прызавых, і без спонсарскіх грошай. Таму з мінулага года Фрэнку і яго дачцэ Клэр каманда болей не належыць. Яе выкупілі амерыканскія інвестары – кампанія Dorilton.

Новыя ўладальнікі на чале з Сайманам Робертсам распрацавалі план па вывадзе Williams з крызісу. Але разлічаны ён ажно на дзесяць гадоў. Гэта значыць (і ў Dorilton гэта падкрэсліваюць), што нейкія заўважныя вынікі перабудовы можна будзе пабачыць толькі ў 2022 годзе, калі будзе распрацаваны балід, які адпавядае ўжо новаму рэгламенту. Пакуль жа Джордж Расэл і Нікалас Лаціфі мусяць будуць рабіць тое, што павінны.

Ніхто не будзе лаяць іх за рэзультаты – вышэй за галаву зараз не скочыш. Але ў межах магчымага абодвум лепей старана дэманстраваць, што ў Формулу-1 яны патрапілі не выпадкова. І калі Джордж ужо ўсім усё даказаў падчас сваёй кароткай мінулагодняй камандыроўкі ў Mercedes, то Нікаласу належыць зрабіць амаль немагчымае.

Лепей жа за ўсё будзе, калі баліды Williams, што называецца, паедуць. Проста таму, што нават такога прэблемнага як зараз, страта яго будзе занадта вялікай для Формулы-1.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+25
Реклама 18+
Популярные комментарии
cesc_93
+3
Вялікі дзякуй за тэкст на мове. Працягвай далей:)
Сиреневый Кит
+3
Ух! Які шыкоўны пост, ды яшчэ і на мове. Дзякуй вялікі
sterh
+2
Малайчына, Яуген! Так трымаць. Адно задавальненне чытаць гэткi цудоуны тэкст на роднай мове.
Написать комментарий 7 комментариев
Реклама 18+