Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Formula E хоча быць як Формула-1

Formula E хоча быць як Формула-1

У мінулыя пятніцу і суботу ў горадзе Дырыя, што ў Саудаўскай Аравіі, адбыліся першыя два этапы новага сезону Formula E. Наколькі яны былі цікавымі і што чакае электрычныя гонкі ў бліжэйшай будучыні?

2 марта 2021, 21:50
Formula E хоча быць як Формула-1

Фота: fiaformulae.com

У мінулыя пятніцу і суботу ў горадзе Дырыя, што ў Саудаўскай Аравіі, адбыліся першыя два этапы новага сезону Formula E. Наколькі яны былі цікавымі і што чакае электрычныя гонкі ў бліжэйшай будучыні?

З гэтага году Formula E стала чэмпіянатам свету, што наблізіла яе да Формулы-1. Такі ж статус акрамя гэтых дзвюх гоначных серый маюць толькі сусветныя гонкі на цягавітасць (WEC), сусветнае ралі, якое ў мінулы ўік-энд правяло свой другі этап, і сусветны ралі-крос. Некалі яшчэ ў гэты лік уваходзіў сусветны Турынг, але ён пасля пераходу на тэхніку катэгорыі TCR і зыходу адтуль завадскіх каманд перастаў быць чэмпіянатам свету, а стаў кубкам.

У Формуле Е завадскія каманды як раз ёсць, і нават шмат: Mercedes, Jaguar, Nissan, DS, Mahindra, Nio, Porsche, BMW, Audi. Праўда, два апошнія вытворцы хоць і дэкларуюць свой рух на электрыфікацыю сваіх серыйных машын, але пасля гэтага сезону пакідаюць электрычную формулу. У выпадку чаго яна наблізіцца да Формулы-1 па яшчэ аднаму паказчыку, па якому пакуль яе перасягае – па колькасці каманд і пілотаў. Пакуль іх, адпаведна, 12 і 24, а стане 10 і 20.

Магчыма, два буйныя аўтамабільныя вытворцы пакуль што не адчуваюць маркетынгавую аддачу ад свайго ўдзелу ў Формуле Е. Усё ж такі, машын з традыцыйнымі бензінавымі і дызельнымі рухавікамі абодва пакуль што прадаюць болей, чым чыстых электрамабіляў. Аднак можна дапусціць, што іх адштурхнула пэўная штучнасць барацьбы гоншчыкаў на трасах.

Бо ў самой справе той жа Fanboost, калі тры гоншчыка атрымліваюць дадатковыя кілаваты магутнасці рухавікоў сваіх балідаў пасля галасавання заўзятараў у Інтэрнэце, не ўсім можа падацца адпаведным прынцыпу файр-плэй. А правілы выкарыстання рэжыму максімальнай атакі (Attack Mode) дык увогуле відавочна маюць патрэбу ва ўдакладненні і дапрацоўцы.

Зараз пілоты абавязаныя скарыстацца гэтым рэжымам, які таксама падвышае аддачу сілавой устаноўкі (на 35 кілават), двойчы за гонку. Спачатку ім для гэтага трэба праехаць па спецыяльнай траекторыі ў адным з паваротаў трасы, а пасля актывізаваць па сваім жаданні на працягу некалькіх наступных кругоў.

І часта бывае так, што час актывацыі выпадае на рэжым аўтамабіля бяспекі, у выпадку чаго гэты рэжым марнуецца ў пустую. Аднак самае крыўднае, калі пілот рыхтуецца актывізаваць гэты рэжым недзе на апошніх кругах гонкі, але яна праз аварыю спыняецца чырвонымі сцягамі. Гоншчык проста не паспеў і не думаў нават парушаць правілы, але ўсё роўна атрымлівае ад суддзяў пакаранне.

Дарэчы, зэканоміць зарад у батарэі свайго баліда пад аўтамабілям бяспекі, каб пасля атакаваць смялее, гоншчык Формулы Е не можа. У такім выпадку арганізатары самі абмяжоўваюць колькасць даступных кілават-гадзін. Хоць, здавалася б, свабода гоншчыкаў у распараджэнні назапашанай энергіяй як раз падштурхоўвала б іх да актыўных дзеянняў і зрабіла б гонкі цікавейшымі.

Так што пакуль Formula E – гэта такая рэч у самой сабе. Гонкі праводзяцца толькі на часовых гарадскіх трасах, а не на стацыянарных аўтадромах. Доўгіх прамых на іх практычна няма, бо праца на высокіх абаротах цягам працяглага часу – слабае месца сучасных электрычных сілавых установак. Яны ў такім рэжыме проста спусташаюць батарэі, тады як на аўтамабілях з рухавікамі ўнутранага згарання можна выбраць павышаную перадачу, якая аптымізуе абароты рухавіка.

Да таго ж, у Формуле Е выкарыстоўваюцца дарожныя шыны, а не гоначныя слікі. Гэта азначае, што і ў паваротах электрычныя баліды не едуць так, як на самой справе маглі б. Таму сапраўды высокія хуткасці, за 300 км/г, за якія мы любім тую ж Формулу-1 ці гонкі на цягавітасць, пакуль што яўна не пра Формулу Е.

Аднак гэта не значыць, што яна не патрэбная. Любы шлях пачынаецца з першага кроку, і Formula E – натуральна першы крок да той будучыні, калі электрамабілі будуць сапраўды хуткімі і дальнабойнымі. Праўда, ім, хутчэй за ўсё, ужо не спатрэбяцца жывыя кіроўцы – іх ужо будзе замяняць штучны інтэлект. І гонкі могуць страціць сэнс. Але не будзем пра сумнае.

Хаця не, будзем. Таму што хоць не гледзячы на апісаныя вышэй праблемы Формулу Е хоць і варта глядзець, але і тут, як і ў Формуле-1, перамагае Mercedes! Прынамсі, гоншчык Mercedes-EQ Formula E Team Нік дэ Врыс упершыню ў сваёй кар’еры ў электраформуле перамог у першай гонцы, што прайшла ў Дырые ў пятніцу. Да таго ж, гэты яго поспех быў падвоеным, бо і стартаваў прадстаўнік Нідэрландаў з поўла. Не нагадвае гэта вам гісторыю з адным сяміразовым чэмпіёнам Формулы-1, які таксама выступае за Mercedes?

Збольшага дэ Врысу дапамагло тое, што першыя два этапы новага сезону ішлі адзін за адным у пятніцу і суботу (дарэчы, упершыню ў Формуле Е яны праходзілі пры штучным асвятленні). Гэта значыць, што ў першай гонцы пілоты не надта рызыкавалі, бо сур’ёзная аварыя магла б перашкодзіць старту на наступны дзень. Таму Нік проста ўсё зрабіў правільна – не дапусціў памылак і не даў абагнаць сябе супернікам. Аднак гэта не значыць, што ўспомніць з суботняй гонкі няма чаго.

Можна ўзгадаць, напрыклад, эфектны падвоены абгон у выкананні швейцарскага пілота ROKiT Venturi Racing Эдуарда Мартары. На чатырнаццатым кругу ён, як раз актываваўшы рэжым атакі і атрымаўшы ў сваё распараджэнне ўсе 235 кВт (320 к.с.), на доўгай прамой перад звязкай васямнаццатага і дзевятнаццатага паваротаў разам пакінуў ззаду Мітчала Эванса з Jaguar Racing і экс-пілота Формулы-1 Паскаля Верляйна з TAG Heuer Porsche.

У той момант Маратара, які стартаваў з чацвёртай пазіцыі, заваяваў толькі пятую, згубіўшы адну падчас актывацыі рэжыму атакі. Але далейшыя перастаноўкі ў пелатоне ў выніку вывялі яго на другую пазіцыю, на якой ён і атрымаў адмашку клецістым сцягам. Згаданы Эванс фінішаваў трэцім, а вось яго новаму напарніку па камандзе Сэму Бёрду ў суботу не пашанцавала.

Брытанец, які перайшоў у Jaguar з Envision Virgin Racing, ні адзін мінулы сезон не правёў без перамог у гонках, але першую ў новым сезоне пачынаў толькі з восьмай пазіцыі. Аднак матывацыі ў Сэма хапае, і адседжвацца за спінамі канкурэнтаў ён не збіраўся.

Да шаснаццатага круга Бёрд змог падняцца на адну пазіцыю і рыхтаваўся адыграць яшчэ адну. Аднак яго суайчыннік Алекс Лін з Mahindra Racing абараняўся занадта агрэсіўна і сам памыліўся, зачыняючы брамку перад носам канкурэнта. У выніку і сам у паварот не ўпісаўся, і Бёрду не даў гэта зрабіць. Абодва сышлі з дыстанцыі з пашкоджанымі балідамі.

Аднак на наступны дзень Бёрд ужо абмяняўся ролямі з пераможцам першай гонкі! Плямы бываюць і на Сонцы, а ў суботу яны знайшліся і ў Мерсэдэса. Дакладней у Venturi, якая карыстаецца адзінай з нямецкай камандай электронікай. Гэта збой у ёй ўжо пасля сканчэння трэніроўкі, калі гоншчыкі трэніравалі старт, прывёў да адмовы тармазоў на высокай хуткасці на балідзе Эдуарда Мартары і моцнай аварыі, пасля якой гоншчыка нават даставілі ў шпіталь для абследавання.

На шчасце, Эдуарда не атрымаў траўм і хутка вярнуўся ў паддак, аднак яго машына была моцна разбітая, і на старт ён не выйшаў. Яго каманда, як і Mercedes, праз выяўленыя праблемы не была дапушчаная да кваліфікацыі, так што і яго напарнік Нарман Нато, і дэ Врыс са Стофелем Вандорнам пачыналі гонку з хваста пелатону, і пра перамогу ніхто з іх ужо не марыў.

А вось гоншчык Virgin Робін Фрайнс, які і быў найхутчэйшым у кваліфікацыі, марыў яшчэ як. Але марыў пра яе і Бёрд, які кваліфікаваўся трэцім. Ужо на старце ён апярэдзіў бразільца Серджіа Сэтэ-Камару з Dragon/Penske Autosport, што стартаваў другім, і кінуўся ў пагоню за Фрайнсам. І хутка абагнаў і яго! Праўда, не надоўга – нідэрландзец аператыўна ўзяў рэжым атакі і вярнуў сабе страчаную пазіцыю. Як, дарэчы, і Камара, але ў таго рэжым максімальнай магутнасці хутка скончыўся, і Бёрд зноў выйшаў на другую пазіцыю.

Пачаўся другі раўнд супрацьстаяння Сэма і Робіна, і на дваццаць пятым кругу, зноў актываваўшы рэжым атакі, брытанец зноў перахапіў у нідэрландца лідарства. На гэты раз ужо канчаткова, чаму, зрэшты, паспрыялі, Лін і Эванс, якія пад канец гонкі сутыкнуліся, пасля чаго машына Ліна перакулілася.

Алекса таксама адправілі ў шпіталь, але зноў абышлося без траўм. Аднак гонка пасля гэтага інцыдэнту ўсё ж была спачатку нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі, а затым увогуле спыненая чырвоным сцягамі. А паколькі да фінішу яе заставаліся лічаныя хвіліны (у Формуле Е дыстанцыя гонкі складаецца не з колькасці кругоў, а праходзіць цягам 45 хвілін плюс адзін круг), рэстарт было вырашана не даваць.

Так Бёрд атрымаў сваю першую перамогу ў новым сезоне. Фрайнс заняў другое месца, а трэцім фінішаваў дзейсны чэмпіён Антоніу Фелікс да Кошта, які стартаваў ажно дзясятым і падчас заезду пабадаўся і са сваім напарнікам па DS Techeetah Жанам-Эрыкам Вернем. Які, шчыра кажучы, як раз фізічна скончыў гонку перад да Коштай і падняўся ўжо на подыум. Але гэта той самым момант, які я згадваў вышэй – Вернь не паспеў другі раз актываваць рэжым атакі, і пазней атрымаў ад суддзяў 24-секундную пеналізацыю, апынуўшыся ў выніковым фінішным пратаколе толькі на дванаццатай пазіцыі і застаўшыся без ачкоў.

Жан-Эрык быў не адзіным пакараным пасля фінішу другой гонкі. Акрамя яго штрафныя секунды былі налічаныя яшчэ самі пілотам. Гэта дазволіла дэ Врысу падняцца на дзявятае месца ў пратаколе і зарабіць два ачкі. Таму пераможца першай гонкі, маючы 32 ачкі, застаўся па выніках першых двух этапаў і лідарам чэмпіянату. Суботняя перамога Бёрда вывела яго на другую пазіцыю – у яго 25 ачкоў. Фрайнс з 22 ачкамі замыкае першую тройку.

У камандным заліку лідзіруе Jaguar, у якога 40 ачкоў. Mercedes з 36 ачкамі размяшчаецца на другой пазіцыі, а трэцюю займае калектыў Virgin, гоншчыкі якога удваіх зарабілі 22 ачкі.

Чэмпіянат Formula E працягнецца 10 красавіка, калі ў Рыме пройдзе яго трэці этап.

Другие посты блога

Все посты