Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Новы сезон MotoGP: будзе цікава!

Новы сезон MotoGP: будзе цікава!

Да пачатку новага сезону чэмпіянату MotoGP застаецца ўсяго некалькі дзён – ён стартуе адначасова з Формулай-1 26-28 сакавіка. Але, у адрозненні ад тых жа Каралеўскіх аўтагонак, дакладна будзе цікавым і непрадказальным.

25 марта 2021, 15:53
Новы сезон MotoGP: будзе цікава!

Фота: motogp.com і каманды-удзельнікі

Да пачатку новага сезону чэмпіянату MotoGP застаецца ўсяго некалькі дзён – ён стартуе адначасова з Формулай-1 26-28 сакавіка. Але, у адрозненні ад тых жа Каралеўскіх аўтагонак, дакладна будзе цікавым і непрадказальным.

Парадаксальна, аднак цікавымі гонкі MotoGP былі нават у перыяд, калі адзін за адным выйграваў свае тытулы цяпер ужо былы чэмпіён Марк Маркес. Што ўжо казаць пра мінулы сезон, які скончыўся для іспанца ўжо на першым этапе ў Херэсе, дзе ён патрапіў у сур’ёзную аварыю, зламаўшы плячо.

І як я практычна адразу і адзначыў, прэтэндэнтам на заваяванне чэмпіёнскай кароны аказаўся не толькі пераможца першых двух этапаў Фабіа Куартарара, які ў мінулым годзе выступаў за каманду Petronas Yamaha SRT, а ў гэтым перайшоў у завадскую Monster Energy Yamaha MotoGP (і адкуль яму на замену ў SRT прыйшоў семіразовы чэмпіён Валянціна Росі). Хутка выявілася, што і KTM RC16 (як завадскія, так і паўзавадскія), і Suzuki GSX-RR здольныя прывозіць сваіх вершнікаў на подыумы, у тым ліку і на іх вяршыні.

Ды нават гоншчыкі на Ducati Desmosedici GP20, не гледзячы на канфлікт новага шасі і новай задняй шыны Michelin, два разы (на Гран-пры Аўстрыі і Францыі) адзначыліся перамогамі! Гонкі былі па-сапраўднаму цікавымі і непрадказальнымі.

Аднак найбольш цікава, што чэмпіёнскі тытул дастаўся не Фабіа Куартарара і не яго напарніку Франка Марбідэлі, хоць яны былі адзіныя, хто атрымаў у мінулым сезоне больш за адну перамогу (па тры кожны). Дзе і калі такое яшчэ было, каб чэмпіёнам стаў гоншчык, які перамог толькі аднойчы?!

Гоншчык Suzuki Жоан Мір пабіў рэкорд Нікі Хэйдэна (мір ягонаму праху), які той усталяваў у 2006 годзе, калі стаў чэмпіёнам толькі з дзвюма перамогамі за сезон. Іспанец у мінулым годзе перамог толькі аднойчы – на Гран-пры Еўропы.

Дый увогуле не сказаць, што сезон-2020 быў для яго бясхмарным: былі і сходы з дыстанцыі, і непераканаўчыя фінішы. Але пераканаўчых было нашмат болей – акрамя перамогі Жоан падымаўся на ўзнагародны подыум шэсць разоў (па тры на ніжнюю і сярэднюю ступені).

І па выніку Мір выйграў чэмпіянат нават датэрмінова – на перадапошнім Гран-пры Валенсіі. Да таго ж фінішаваўшы на ім толькі сёмым. Там жа, дарэчы, Марбідэлі атрымаў сваю трэцюю перамогу, якая, аднак, стала хіба што голам прэстыжу. Бо прычын для расчаравання ў італьянца, як і ва ўсёй каманды Petronas Yamaha SRT, было болей: бракавала надзейнасці (тры разы не фінішаваў сам Франка і яшчэ два Куартарара), часам хуткасці.

А Куартарара, які так бадзёра пачаў сезон, выграўшы першыя два этапы практычна ў адзіныя вароты, як выявілася потым, яшчэ шмат чаму трэба вучыцца. Напрыклад, ганяцца ў дождж. Хатні для яго Гран-пры Францыі ў Ле-Мане быў як раз дажджавым, што стала для Фабіа непрыемнай нечаканасцю.

Досведу пілатавання гоначнага двухколавага баліда ў такіх умовах у яго не было, таму нават дзявятую пазіцыю ён тады ўтрымаў з цяжкасцю. Зрэшты, з аналагічнымі праблемамі тады сутыкнуўся і будучы чэмпіён, які напярэдадні праваліў кваліфікацыю, заняўшы толькі шаснаццатую пазіцыю, а ў гонцы фінішаваў адзінаццатым.

Так ці інакш Фабіа, які спачатку быў ледзьве не адзіным прэтэндэнтам на тытул, скончыў сезон толькі на восьмым месцы са 127 ачкамі, праваліўшыся і на агульным фоне, і, асабіста, на фоне свайго напарніка. Бо Марбідэлі як раз стаў віцэ-чэмпіёнам, набраўшы за сезон 158 ачкоў.

Але адрыў ад Міра ўсё роўна атрымаўся даволі вялікім – той зарабіў 171 бал. А яго напарнік па Suzuki і суайчыннік Алекс Рынс, які таксама правёў баявы сезон, атрымаўшы адну перамогу і яшчэ тры разы падняўшыся на подыум, замкнуў першую тройку па выніках мінулага сезону.

І адно з галоўных пытанняў перад сезонам надыходзячым у тым, ці здолее бірузовая каманда паўтарыць свой поспех і абараніць тытулы ў асабістым і камандным заліках. Таму што галоўны архітэктар гэтага дасягнення Давідэ Брывіа цяпер з’яўляецца ўжо былым босам калектыву і асвойваецца на аналагічнай пазіцыі ў камандзе Alpine у Формуле-1.

І Мір, і Рынс абодва мусяць моцна папрацаваць над выпраўленнем уласных хібаў. Рэзультаты перадсезонных тэстаў, што праходзілі ў Катары 6-7 і 10-12 сакавіка, сведчаць аб тым, што хуткасці іспанцы не згубілі. Найхутчэйшымі яны не былі ніводнага разу, але стабільна ўваходзілі ў першую дзясятку. Аднак праўдзівая форма чэмпіёнаў будзе бачная толькі ў гонках.

Лепшы ж рэзультат на тэстах на Ласаіле (1:53,183) у трэці дзень прадэманстраваў навабранец Ducati Джэк Мілер, што можа і сведчыць аб нечым (напрыклад, што італьянская каманда зрабіла моцны рывок наперад), і не сведчыць ні аб чым. Тэсты ёсць тэсты, іх вынікі зусім не абавязкова будуць карэляваць з вынікамі гонак.

З гэтай жа прычыны я нічога не пісаў пра перадсезонныя тэсты Формулы-1, што прайшлі ў канцы пазамінулага тыдня, і нават не спрабаваў іх аналізаваць. Хуткасць Маска Ферстапена кажа толькі пра форму яго і каманды Red Bull на саміх тэстах. Як і нечаканыя праблемы ў Мерсэдэса – гэта выклічна праблемы на тэстах. А ў гонках расклад з высокай ступенню верагоднасці будзе ўжо іншым (чытай – звыклым для апошніх шасці сезонаў).

Вяртаючыся ж да MotoGP, нельга не згадаць яшчэ адну інтрыгу надыходзячага сезону – бадай, галоўную: як паедзе Марк Маркес. У перадсезонных тэстах шасціразовы чэмпіён не удзельнічаў, але правёў у 16 сакавіка персанальную трэніроўку на трасе ў Барселоне. Праўда, засядлаў Марк не гоначны балід RC213V, а яго дробнасерыйную рэпліку RC213V-S, якая па сваіх характарыстыках максімальна набліжаная да гоначнай версіі. Хіба што танейшая – каштуе не пару мільёнаў долараў, а «усяго» 184 000 (гэта ў ЗША, а вось у Еўропе яна даражэйшая – 188 000 еўра).

Працэс выздараўлення Маркеса моцна зацягнуўся. З моманту сваёй аварыі ў ліпені ён перанёс тры аперацыі на сваім пашкоджаным плячы, а пасля другой, што была праведзеная ў жніўні, яшчэ і інфекцыю падхапіў. На гэтым месцы я ўжо, быў напісаў, што тым не менш Марк атрымаў ад дактароў дазвол на ўдзел у Гран-пры Катара. Аднак практычна ў той жа момант ён праз сацсеткі афіцыйна паведаміў аб тым, што які мінімум на старт першых дзвюх гонак ён не выйдзе як раз пасля кансультацый з медыкамі, якія парэкамендавалі яму адмовіцца ад рызыкі.

І гэта вельмі дрэнная навіна, бо ад фізічнай формы Марка наўпрост залежыць тое, як будзе выглядаць сезон. Ужо зразумела, што траўма пляча да канца не вылечаная, таму, па-першае, Марка па-чалавечы шкада, бо хай лепей усе будуць здаровыя. А па-другое, яго траўма – гэта траўма усёй завадской Хонды.

Гэта стала зразумела адразу пасля таго, як Марк выбыў з барацьбы ў мінулым годзе. Хутка выявілася, што ўзгаданы вышэй балід RC213V пакорлівы толькі яму. Гэта вельмі хуткі, але вельмі складаны ў кіраванні і вельмі патрабавальны да свайго вершніка матацыкл.

Вось і Штэфан Брадль, які замяняў Маркеса за Гран-пры Чэхіі, здолеў зарабіць ачкі толькі на трох этапах у канцы сезону. Дый то тыя восьмае месца на Гран-пры Францыі і дванаццатыя на Гран-пры Валенсіі і Партугаліі моцна далёкія ад таго, на што разлічвала каманда.

Значна лепей мінулы сезон у складзе Repsol Honda Team для малодшага брата Маркеса Алекса, які быў і яго паўнавартасным напарнікам, а пасля перайшоў у каманду-сатэліт LCR Honda Castrol. Ачкі ён набраў на васьмі этапах з дванаццаці і нават двойчы (на Гран-пры Францыі і Арагона) фінішаваў другім. Аднак і яму завадская Honda RC213V не была такой жа пакорлівай, як яго старэйшаму брату.

Таму неўдзел Маркеса у першых дзвюх катарскіх гонках – вельмі дрэнная навіна. Нават калі ён практычна ў адзіныя вароты выйграваў тытулы, гонкі з яго ўдзелам усё роўна былі цікавыя і відовішчныя. І зараз мы проста зычым Марку здароўя і моцы і жадаем хутчэйшага вяртання на трасы.

Не скажу да таго ж, што неяк заўважна выраўняюцца шансы астатніх удзельнікаў чэмпіянату на тытул. Па выніках мінулага сезону склалася ўражанне, што нават калі б старэйшы Маркес ўдзельнічаў у ім на ўсім пряцягу, сёмая карона ўсё роўна як мінімум не была б яму гарантаваная. Канкурэнты ў міжсезонне зрабілі вялікі крок наперад, і дакладна паўтарылі яго і цяпер.

Абы толькі абыйшлося без тэхнічнага мухляжу. Мы ж памятаем, што ў мінулым годзе за выкарыстанне не амалігіраваных клапанаў у рухавіках на Гран-пры Іспаніі (якія, як пазней стала зразумела, яшчэ і не далі аніякай перавагі) Yamaha пазбавілася ачкоў і ў заліку вытворцаў, і ў камандным разам са сваім сатэлітам Petronas SRT.

Так ці інакш, ужо ў бліжэйшыя выхадныя ў Катары развернецца новы цікавы сезон аднаго з лепшых гоначных серыялаў свету. Яго вынікі, якія дадуць нам уяўленне аб рэальнай расстаноўцы гоншчыкаў і каманд, мы падвядзём на наступным тыдні. Калі толькі для адзінага аўтара гэтага блогу добра скончыцца сённяшні Дзень Волі, з якім я вітаю сваіх чытачоў і падпісчыкаў! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

А цяпер пагаворым адмыслова пра кожную з каманд MotoGP. Шмат у якіх пасля мінулага сезону аднавіліся саставы як гоншчыкаў, так і кіраўніцтва. Паспрабуем спрагназаваць, наколькі ім гэта дапаможа альбо не ў сезоне надыходзячым.

Team Suzuki Ecstar

Першае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (310 ачкоў)

Склад: Жоан Мір (Іспанія, стартавы нумар 36), чэмпіён 2020 году (171 ачко), Алекс Рынс (Іспанія, стартавы нумар 42), трэцяе месца ў 2020 годзе (139 ачкоў).

Кіраўнік: Сінічы Сахара

«Падумаў, што гэта жарт», – адказаў Алекс Рынс на пытанне аб яго першай рэакцыі на тое, што Давідэ Брывіа сышоў з пасады кіраўніка Suzuki і ўвогуле з MotoGP, перайшоўшы ў каманду Alpine у Формуле-1. У новы сезон каманда-чэмпіён (у камандным заліку, бо ў MotoGP ёсць і залік вытворцаў, дзе ў мінулым годзе нечакана перамагла Ducati) уваходзіць без кіраўніка. Яго функцыі фармальна ўкладзеныя на старшыню гоначнага праекта Suzuki ў MotoGP Сінічы Сахару, якому падначаленыя сямёра мэнэджэраў розных аддзелаў. Але японец відавочна не знаёмы са спецыфікай кіравання менавіта гоначным калетывам.

І, як ужо было адзначана вышэй, тое, як з гэтым выклікам лёсу зладзіцца Suzuki, і ёсць адна з галоўных інтрыг сезону-2021. Пакуль што там захоўваюць спакой (так, прынамсі, падаецца, калі паглядзець звонку), рыхтуючыся да новых гонак. Вынікі перадсезонных тэстаў быццам бы сведчаць аб адсутнасці праблем, але зноў паўтаруся, што ісціна будзе бачная толькі пасля пачатку сезона.

Цікава і тое, як папрацавалі над сабою гоншчыкі. У нармальных – чытай, сухіх – умовах Мір і Рынс болей чым канкурэнтаздольныя і, што не меней важна, абодва стабільныя. Аднак у дождж, як выявілася, не ўсёмагутны нават новы чэмпіён. Хоць гонак на сухім асфальце (першыя дзве ў Катары дык амаль дакладна такія і будуць, хіба толькі умяшаецца пясчаная бура, што сапсавала апошні дзень перадсезонных тэстаў), а гэта значыць, што канкурэнты Suzuki мусяць будуць супрацьпаставіць японскай камандзе штосьці важкае.

І ёсць адчуванне, што так яно і будзе. Suzuki моцная каманда, але вырашальнай перавагі ў яе няма. Гэта дакладна не Mercedes з Формулы-1, што ёсць ледзь не галоўнай добрай навіной. Адпачыць на лаўрах не дасць ні Yamaha, ні KTM, ні Ducati, якія ўваходзяць у новы сезон з не меней моцнымі саставамі гоншчыкаў. Пытанне толькі з Хондай, але пра яе будзе асобная размова.

Petronas Yamaha SRT

Другое месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (248 ачкоў)

Склад: Франка Марбідэлі (Італія, стартавы нумар 21), другое месца ў 2020 годзе (158 ачкоў), Валянціна Росі (Італія, стартавы нумар 46), пятнаццатае месца ў 2020 годзе (66 ачкоў)*.

* У складзе Monster Energy Yamaha MotoGP

Кіраўнік: Разлан Разалі

Надзвычай цікава, што болей высокая месца ў камандным заліку ў мінулым годзе заняла не завадская Yamaha, а яе сатэліт. Пры тым, што яго састаў пілотаў зорным назваць было нельга, у адрозненні як раз ад завадскога калектыву, за які выступаў сам Валянціна Росі.

Аднак і лепшыя часы Доктара яўна мінулі, і цяперашняя Yamaha YZR-M1 значна саступае тэхніцы супернікаў. А мы ж памятаем, што некалі як раз на такім байку той жа Росі здабыў найбольш сваіх перамог і тытулаў. Мінулагодняй жа версіі Ямахі бракавала і надзейнасці, і хуткасці ў гоначным рэжыме, што тычылася і завадской каманды, і SRT.

У другім выпадку асабліва складана прыйшлося Фабіа Куартарара. Бадзёра пачаўшы сезон двума перамогамі, француз потым выявіў, што не з стане ўгнацца за канкурэнтамі. І пасля гэтага перамог толькі аднойчы, на Гран-пры Каталоніі. А вось яго напарнік Франка Марбідэлі знайшоў болей паразумення з такім жа матацыклам, атрымаў тры перамогі, яшчэ двойчы падняўся на подыум і ўвогуле часцей зарабляў ачкі, цалкам заслужыўшы віцэ-чэмпіёнства па выніках мінулага сезону.

Ведала б кіраўніцтва Ямахі аб здольнасцях італьянца, дык, можа, гэта ён, а не Куартарара, у гэтым годзе патрапіў бы ў завадскі калектыў. Аднак рашэнне па Фабіа было прынятае ўжо даўно, і пасярод сезону мяняць яго ўжо не сталі. Таму цяпер мы маем яшчэ адну інтрыгу: якім будзе вынік ракіроўкі Куартарара і Росі? Ці не атрымаецца так, што абодва так і не змогуць на роўных канкураваць з прадстаўнікамі тых жа Suzuki і KTM? А калі адзін з іх раптам раскрыецца, ці не будзе каманда, якая яго адпусціла, адчуваць, што памяняла шыла на мыла?

А што калі болей гладка новы сезон складзецца для Марбідэлі? Яго талент ужо ні для каго не сакрэт, і асабіста я не сумняваюся, што менавіта Франка будзе адным з галоўных прэтэндэнтаў на званне чэмпіёна MotoGP 2021 году. Росі, вядома, будзе старацца, але зноў даводзіцца прызнаць, што надышоў час новых пераможцаў.

Канечне, правал Вале ў мінулым годзе абумоўлены не столькі недахопам хуткасці ў яго (яна ў Доктара як раз была, аб чым сведчаць яго адно трэцяе і адно чацвёртае месца), колькі тэхнічнымі хібамі матацыкла і каронавірусам, праз які ён прапусціў абодва этапы ў Арагоне. Але маладзейшыя канкурэнты семіразовага чэмпіёна ўсё роўна былі яўна хутчэй.

Зрэшты, сваё апошняе слова Росі пакуль не сказаў. І як мінімум ён будзе добрым настаўнікам для Марбідэлі, які ставіцца да Валянціна з вялікай павагай. Таму і Petronas Yamaha SRT дакладна застанецца адной з топ-каманд чэмпіянату і прымусіць канкурэнтаў моцна нервавацца.

Што не адмяняе неабходнасці рашыць праблемы матацыкла Yamaha YZR-M1.

Red Bull KTM Factory Racing

Трэцяе месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (222 ачкі)

Склад: Мігель Алівейра (Партугалія, стартавы нумар 88), дзявятае месца ў 2020 годзе (125 ачкоў)*, Брэд Біндэр (ПАР, стартавы нумар 33), адзінаццатае месца ў 2020 годзе (87 ачкоў).

* У складзе Tech 3 KTM Factory Racing

Кіраўнік: Піт Байрэр

Крыху б болей стабільнасці гоншчыкам аўстрыйскага калектыву, і маглі б і яны паспрачацца за мінулагоднюю чэмпіёнскую карону! Глядзіце самі: Пол Эспаргара, які ў гэтым годзе стаў напарнікам Марка Маркеса ў Хондзе, па выніках мінулага сезону заняў пятае месца, зарабіўшы 135 ачкоў. Той жа Андрэа Давіцыоза з Ducati, які набраў столькі ж балаў, апярэдзіў яго толькі па дадатковых паказчыках (на Гран-пры Аўстрыі італьянец перамог).

Так што калі б не тры крыўдных сходы, як мінімум за месцы ў першай тройцы Эспаргара паспрачаўся б. Бо для Брэда Біндэра, які застаўся ў камандзе, першая ў яго кар’еры перамога на Гран-пры Чэхіі так і засталася адзіным яскравым момантам. Паўтарыць поспех у яго не атрымалася, затое Пол хоць і не перамагаў, але чатыры разы падымаўся на подыум і ўвогуле зарабляў ачкі часцей і болей за паўднёваафрыканца.

Аднак яго замена Мігелем Алівейрай цалкам апраўданая. Партугалец даволі паспяхова выступіў за каманду-сатэліт Tech 3, атрымаўшы ажно дзве перамогі. Першая на Гран-пры Штырыі была пры гэтым сенсацыйная і адна з прыгажэйшых у мінулым сезоне – на апошнім крузе ў апошнім павароце Мігель абагнаў таго ж Эспаргара і Джэка Мілера з Pramac Racing. Перамогай Алівейра і закрыў сезон у Партугаліі, дзе нават стартаваў з поўлу. Ну і на іншых этапах выступаў хай сабе і не бездакорна – сходаў, у тым ліку ў выніку аварый і сутыкненняў, было ўсё ж такі зашмат – але калі фінішаваў, то амаль заўсёды ў першай дзясятцы.

І таму наступны сезон будзе экзаменацыйным найперш не для Алівейры, а для Біндэра. Кандыдатаў на яго месца хапае, і калі каманда працягне прагрэсаваць і яшчэ наблізіцца да Suzuki і паўзавадской Ямахі, то праз год у яе можа папрасіцца нават той жа Давіцыоза, які ў мінулым годзе так і не дамовіўся з Ducati аб запрлаце, і цяпер вымушаны ўзяць гадавую паўзу. Зрэшты, даказаць, што KTM у ім не памыліўся, мае і Алівейра. Аднак як мінімум на асобных этапах цалкам у стане бліснуць і ён, і Біндэр.

Ducati Lenovo Team

Чацвёртае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (213 ачкоў)

Склад: Джэк Мілер (Аўстралія, стартавы нумар 43), сёмае месца ў 2020 годзе (132 ачкі)*, Франчэска Баньяя (Італія, стартавы нумар 63), шаснаццатае месца ў 2020 годзе (47 ачкоў)*.

* Абодва ў складзе Pramac Racing

Кіраўнік: Давідэ Тардоцы

Наўрад ці памылюся, калі скажу, што шмат для каго Ducati ў MotoGP – усё роўна што Ferrari ў Формуле-1. Абедзве каманды італьянскія, у абедзвюх фірмовы колер чырвоны. Ferrari серыйна вырабляе дарагія і хуткія спартыўныя аўтамабілі, Ducati серыйна вырабляе дарагія (па мерках матацыклаў) і хуткія спортбайкі, хіба што мае ў сваёй лінейцы і адносна танныя матацыклы іншых класаў.

Ну а калі ўжо браць мінулыя сезоны гонак вышэйшага ўзроўню, то тут аналогія сама сабою напрошваецца. Праўда, гэта калі проста паглядзець на лік на табло. Калі ж браць рэзультаты асобных гонак, то ў Ducati на фоне катастрофы ў іх формульных суайчыннікаў не так усё і дрэнна. Па адным разе ў мінулым годзе перамаглі і Андрэа Давіцыоза, і Даніла Петручы (на Гран-пры Францыі).

Абодва, праўда, з камандай развіталіся. Толькі калі Давіцыоза яшчэ і мінімум на год пакінуў чэмпіянат, то Петруччы расстаўся толькі са структурай Ducati, перайшоўшы у Tech 3 KTM Factory Racing. Ну каманда Pramac сваіх мінулагодніх гоншчыкаў у поўным саставе накіравала ў Ducati. Дакладней, рашэнне было прынятае ў самім завадскім калектыве, а ў сатэліце яму проста падпарадкаваліся.

У выпадку з Мілерам гэты крок цалкам слушны. Джэк і ў мінулым годзе, выступаючы на паўзавадскім матацыкле, добра сябе зарэкамендаваў. Былі, вядома, і памылкі, але хто ж не памыляўся? У межах магчымага ж аўстраліец выступіў удала, тройчы падымаўся на подыум і ад Рынса, які замкнуў першую тройку, адстаў усяго на сем ачкоў. І калі ў Ducati вырашаць свае мінулагоднія праблемы, і новае шасі пасябруе з новымі шынамі, Мілер з Франчэска Баньяяй атрымаюць у свае рукі грозную зброю.

Што першы скарыстаецца ёй эфектыўна, сумневаў не выклікае, а што наконт другога? Для Франчэска мінулы сезон склаўся цяжэй. Гран-пры Чэхіі, Аўстрыі і Штырыі ён прапусціў праз траўму, аднак на першым жа пасля вяртання ў лад Гран-пры Сан-Марына фінішаваў другім. Праўда, толькі ў трох з васьмі наступных гонак італьянец набраў ачкі (і ўсяго васямнаццаць), а ў астатніх пяці не дабраўся да фінішу.

Зрэшты, можна сказаць, што італьянцу бракавала найперш удачы. І калі ён пазбегне непрыемнасцей ў новым сезоне, то будзе цалкам здольны прыемна здзівіць каманду і заўзятараў. Толькі камандзе лепей бы падаць яму тэхніку, якая дазволіць гэта зрабіць. Бо хопіць нам і адной Ferrari.

Pramac Racing

Пятае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (183 ачкі)

Склад: Жоан Зарко (Францыя, стартавы нумар 5), трынаццатае месца ў 2020 годзе (77 ачкоў)*, Хорхе Марцін (Іспанія, стартавы нумар 89), дэбютант.

* У складзе Avintia Team (Esponsorama Racing)

Кіраўнікі: Пола Кампіноці і Франчэска Гвідоці

Поўнасцю абнавіўшы састаў Ducati, у 2021 годзе каманда Pramac поўнасцю ж абнавіла і свой. І калі для Жоана Зарко гэта проста стала павышэннем у званні (статус Pramac вышэйшы за такі ў Avintia), то для Хорхе Марціна гэта дэбют у прэм’ер-катэгорыі чэмпіянанту. Чэмпіён 2018 году ў катэгорыі Moto3 у годзе мінулым у катэгорыі Moto2 заняў толькі пятую пазіцыю, і наколькі ён гатовы да дэбюту, тым больш у даволі моцнай камандзе, пытанне пакуль што адкрытае.

Рэкорды круга на перадсезонных тэстах Марцін не біў, кожны раз размяшчаючыся дзесьці ў сярэдзіне пратаколу. Але паўтаруся, што рабіць на аснове гэтага нейкія высновы заўчасна. Свой патэнцыял, калі ён яго мае, Хорхе раскрые толькі ў гонках.

Вось Зарко ў мінулым годзе яго прадэманстраваў. На Гран-пры Чэхіі француз нават заваяваў поўл. Ды і ў гонцы фінішаваў нядрэнна – трэцім. І ўвогуле ачкі Жоан набіраў часцей чым не набіраў: 77 з 87, якія значацца на рахунку Avintia Team па выніках мінулага сезону, зарабіў менавіта Зарко. Так што для яго на трыццаць першым годзе жыцця Pramac можа стаць трамплінам у вышэйшую лігу. Альбо ён тут больш ці менш прыстойна завяршыць сваю гоначную кар’еру.

Аднак калі Зарко і Марцін атрымаюць найновыя Ducati Desmosedici GP21, а не праблемныя мінулагоднія GP20, то абодва могуць прымусіць усіх пачаць гаварыць пра сябе ўсур’ёз. А Pramac зноў стане хай і не трэцяй, але пятай сілай у чэмпіянаце. Што такое магчыма, у мінулым годзе даказаў Джэк Мілер.

Monster Energy Yamaha MotoGP

Шостае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (178 ачкоў)

Склад: Маверык Віньялес (Іспанія, стартавы нумар 12), шостае месца ў 2020 годзе (132 ачкі), Фабіа Куартарара (Францыя, стартавы нумар 20), восьмае месца ў 2020 годзе (127 ачкоў)*.

* У складзе Petronas Yamaha SRT

Кіраўнік: Шыгета Кітагава

Вось якая каманда спрачаецца за званне Ferrari ў MotoGP, а зусім не Ducati! Некалі чэмпіёнская завадская Yamaha у сезоне-2020 была серадняком. Нават сатэліт SRT выступіў значна болей паспяхова – дамогся перамог, подыумаў, а таксама спаборнічаў за чэмпіёнства! А завадскія YZR-M1…

Не, хуткімі яны ўсё ж такі былі. Маверыку Віньялесу яго матацыкл нават дазволіў тры разы заваяваць поўл-пазіцыю. Але тое адзін хуткі круг. Доўгая гонка – справа зусім іншая. Толькі на Гран-пры Эмільі-Раманьі ў таго ж Віньялеса атрымалася канвертаваць поўл у перамогу. Ну і ў першых дзвюх гонках ён жа фінішаваў другім. Болей пахваліцца нечым сур’ёзным у Ямахі магчымасцей не было.

Хуткі правал Віньялеса па ходу першых жа кругоў быў у мінулым годзе тыповай карцінай. Толькі яго ж неверагодныя старанні (хаця б па некалькі ачкоў Маверык набіраў на кожным Гран-пры, а сышоў з дыстанцыі толькі аднойчы – на другой гонцы ў Шпільбергу) дазволілі яму амаль што дацягнуцца да першай пяцёрцы. Полу Эспаргара, які яе замкнуў, Віньялес саступіў усяго тры ачкі.

Таму Маверык месца ў камандзе заслужыў (ці заслугоўвае яго каманда – асобнае пытанне, адказ на якое мы хутка атрымаем). Ці можна тое ж сказаць пра яго новага напарніка Фабіа Куартарара? Француз, відавочна, не Валянціна Росі, хоць і той зоркі з неба даўно не хапае. Аднак мінулы сезон выявіў занадта шмат хібаў у гоначных здольнасцях Куартарара. І на праблемы з тэхнікай недахоп хуткасці не спішаш – Марбідэлі на такім жа матацыкле той жа каманды стаў віцэ-чэмпіёнам. Ці не зарана Фабіа пайшоў на павышэнне ў завадскі калектыў?

Больш ці менш абгрунтаваны адказ на гэтае пытанне мы атрымаем, калі сам Куартарара атрымае канкурэнтаздольную тэхніку. Так, у Марбідэлі лепей атрымалася прыстасавацца да няпростых умоў, але гэта рэч настолькі індывідуальная, што вінаваціць Фабіа ў браку таленту таксама нельга. Магчыма, калі б мінулагодні матацыкл хаця б крыху адрозніваўся ў супрацьлеглы бок, цяжка прыйшлося б ужо Марбідэлі.

Таму пажадаем Ямахе ў надыходзячым сезоне поспеху, пад якім маецца на ўвазе і чэсная гульня без тэхнічнага мухляжу. Ад гэтага і ўвесь чэмпіянат толькі выйграе, і кропкі над «і» будуць расстаўленыя. Поспех магчымы, таму параўнанне з Ferrari ў выпадку з Yamaha выглядае ўсё ж такі прыцягнутым за вушы. Аналагам жа Скудэрыі ў MotoGP зараз з’яўляецца іншая японская каманда.

Tech 3 KTM Factory Racing

Сёмае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (152 ачкі)

Склад: Даніла Петручы (Італія, стартавы нумар 9), дванаццатае месца ў 2020 годзе (78 ачкоў)*, Ікер Лекуона (Іспанія, стартавы нумар 27), дваццатае месца ў 2020 годзе (27 ачкоў).

* У складзе Ducati

Кіраўнік: Эрвэ Поншараль

Як Pramac з’яўлецца гамарняй талентаў для Ducati, так і Tech 3 – гэта гамарня талентаў для KTM (хоць і Pramac, і Tech 3 фармальна і незалежныя калектывы). І са сваёй роллю каманда Эрвэ Поншараля спраўляецца. Мігеля Алівейру, вось, выгадавалі. Хто наступны?

Лекуона ў мінулым сезоне выступіў значна болей сціпла, чым партугалец. Ці атрымаецца ў яго бліснуць на фоне новага напарніка – Даніла Петручы? Ён мусіць быць добра матываваны, і напэўна меціць у галоўны аўстрыйскі калектыў. Каторы як раз пастаўляе ў Tech 3 свае KTM RC16. Матацыкл гэты ў мінулым годзе выявіўся ўдалым і хуткім, прычым не толькі ў завадской спецыфікацыі. Таму італьянец, які ўжо адчуў густ перамогі, дакладна паспрабуе паўтарыць поспех.

Хтосьці можа сказаць, што яго пераход у Tech 3 падобны на пераход з Ferrari ў AlphaTauri. Аналогія, дарэчы, мае права на існаванне, бо Tech 3 – каманда-сатэліт KTM, у якога тытульны спонсар аўстрыйскі ж Red Bull. Аднак пераход з цяперашней Ferrari ў AlphaTauri мне не бачыцца такой ужо бязглуздай ідэяй. Тым больш, што ў складзе Tech 3 дакладна можна перамагаць, што Алівейра ў мінулым годзе і даказаў. Таму, натуральна, аналогія з Формулай-1, як і любая іншая, кульгае, і ў дадзеным выпадку ёсць не болей чым жарт.

Калі ж разважаць аб перспектывах Tech 3 усур’ёз, то многае залежыць ад прагрэсу завадской каманды KTM. У мінулым сезоне ў параўнанні з папярэднім ён быў заўважным. І калі аўстрыйцы зрабілі яшчэ адзін вялікі крок наперад, то і яны змогуць спаборнічаць за перамогі, і Петручы з Лекуонай атрымаюць шанец паўздзейнічаць на нервы, напрыклад, канкурэнтам са згаданай Pramac. А калі Yamaha працягне таптацца на месцы, то і яе можна будзе паспрабаваць пакінуць ззаду.

Аднак ад гоншчыкаў у дадзеным выпадку залежыць ужо болей, чым ад тэхнікі. І любы з іх можа аказацца і слабым звяном.

LCR Honda

Восьмае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (148 ачкоў)

Склад: Такаакі Накагамі (Японія, стартавы нумар 30), дзясятае месца ў 2020 годзе (116 ачкоў), Алекс Маркес (Іспанія, стартавы нумар 73), чатырнаццатае месца ў 2020 годзе (74 ачкі)*.

* У складзе Repsol Honda Team

Кіраўнік: Лічыа Чэкінэла

Яшчэ адна школа падрыхтоўкі таленавітай моладзі, толькі ўжо для завадской Хонды. Праўда, тая як раз паставіла ў гэтым сезоне аднаго вучня: брытанца Кэла Кратчлоў замяніў малодшы брат Марка Маркеса Алекс, які ў мінулым годзе быў і яго напарнікам. І даволі ўдала падхапіў сцяг, які выпаў з рук траўміраванага Марка, двойчы дабраўшыся да подыума.

І, шчыра кажучы, я не ўпэўнены, што Алексу не пашанцавала з пераходам. Бо нават кліенцкая мінулагодняя Honda RC213V пад Такаакі Накагамі была нават хутчэйшай, чым свежая і завадская пад самім Алексам. Японец хай сабе і не падымаўся на подыумы, але ачкі набіраў нашмат часцей і ў большай колькасці. Што натуральна сведчыць і аб ягоным таленце. У надыходзячым сезоне мы дакладна пабачым шмат боек за высокія пазіцыі з яго ўдзелам. А прысутнасць у камандзе малодшага Маркеса будзе яго дадаткова матываваць.

Мяркую, што і з іспанцам яны неаднаразова скрыжуюць шпагі. Алексу таксама ёсць што даказваць – ён малады, і мае ўласныя інтарэсы ў топ-камандах (не абавязкова нават у Хондзе). Таму як мінімум напружанае ўнутрыкаманднае спаборніцтва практычна гарантаванае. Ну а калі раптам давядзецца пабіцца з кімсьці з прадстаўнікоў топ-каманд, то тут у Такаакі і Алекса будзе поўны карт-бланш.

Цікава, дарэчы, што расфарбоўка матацклаў Маркеса і Накагамі розная, таму што розныя іх персанальныя спонсары – вытворцы смазачных матэрыялаў. У Алекса гэта Castrol, а ў Такаакі Idemitsu. Таму можна нават сказаць, што ў пэўнай ступені яны фармальна выступаюць за розныя каманды. Што ж, тым цікавей будзе назіраць за іх спаборніцтвам.

Repsol Honda Team

Дзявятае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (101 ачко)

Склад: Марк Маркес (Іспанія, стартавы нумар 93), дваццаць шостае месца ў 2020 годзе (0 ачкоў)*, Пол Эспаргара (Іспанія, стартавы нумар 44), пятае месца ў 2020 годзе (135 ачкоў)**.

* Прапусціў усе этапы пасля першага праз траўму пляча

** У складзе Red Bull KTM Factory Racing

Кіраўнік: Альберта Пуч

Вось якая каманда на самой справе з’яўляецца аналагам Ferrari ў MotoGP! Мінулы сезон для бадай што самага тытулаванага калектыву ў гісторыі каралеўскіх мотагонак стаў самым правальным. Ніколі яшчэ завадская Honda не саступала нават свайму сатэліту. Адзінае што карані праблем тут зусім іншыя.

Здавалася б, незаменных няма, аднак пасля таго, як з ладу са зламаным на першым этапе ў Херэсе плячом выбыў Марк Маркес, выявілася, што адэкватнай замены яму не існуе. Ва ўсякім разе, яе не атрымалася знайсці сярод тых гоншчыкаў, што былі ў распараджэнні Хонды. І калі Алекс Маркес яшчэ неяк паспрабаваў падтрымаць рэнамэ яго з братам прозвішча, то Штэфан Брадль так і застаўся статыстам, здолеўшы фінішаваць у ачковай зоне толькі на пяці этапах у другой палове сезону (усяго немец набраў 27 балаў).

А ўсё таму, што эфектыўна зладзіць з матацыклам Honda RC213V можа толькі Марк Маркес. Толькі ён не баіцца выціскаць з яго ўсе сокі і гнаць на мяжы, а часам і за мяжою здаровага сэнсу. Што ў асноўным мае плён, сведчаннем чаму шэсць тытулаў Маркеса, але часам прыводзіць і да падзенняў. І то, якое Марк перажыў на Гран-пры Іспаніі, усё роўна калі-небудзь здарылася б.

Поўнасцю Маркес не аднавіў сваё здароўе дагэтуль. Калі ён вернецца ў сядло свайго гоначнага байку немаведама. Замены яму па-ранейшаму не праглядаецца. Што ў сітуацыі, якая склалася, рабіць кіраўніцтву Хонды, незразумела. Можа, Пол Эспаргара, які прыйшоў з KTM, зможа хутка асвоіцца з новым для яго матацыклам?

Зрабіць нейкія высновы на гэты конт на аснове рэзультатаў перадсезонных тэстаў не атрымаецца. Так, пачаў іх Пол не надта ўдала, паказаўшы ў першы дзень сямнаццаты рэзультат, а ў другі дванаццаты. Потым ён быццам бы раскаціўся, і трэці тэставы дзень скончыў з пятым часам, а ў апошні, па сутнасці, чацвёрты замкнуў першую дзясятку. Аднак гэта не абавязкова аб нечым сведчыць.

Таму і тут нам прыйдзецца чакаць першай гонкі. У сэнсе, першай з удзелам Маркеса. Толькі па яе выніках, калі толькі яна адбудзецца не дзесьці пасярэдзіне альбо пад канец сезону, і стане зразумела, што чакае Хонду ў 2021 годзе.

Sky VR46 Avintia Team (Esponsorama Racing)

Дзясятае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (87 ачкоў)

Склад: Лука Мырыні (Італія, стартавы нумар 10), дэбютант, Энэа Басціаніні (Італія, стартавы нумар 23), дэбютант.

Кіраўнік: Рауль Рамэра

Подзвігаў ад двух дэбютантаў, ды яшчэ і ў камандзе Avintia ніхто не чакае. Звычайна. Але Лука Марыні і Энэа Басціаніні могуць здзівіць і прыцягнуць да сябе ўвагу. Першы цікавы найперш не тым, што ён зборны брат па лініі маці самога Валянціна Росі, якому і належыць каманда, а тым, што ў мінулым годзе ён стаў віцэ-чэмпіёнам у катэгорыі Moto2. Ну а другі ў той жа катэгорыі перамог.

Сыходзячы з гэтага, задача для абодвух простая: перамагчы напарніка. Ну а калі заадно атрымаецца абагнаць і каго-небудзь з дасведчаных гоншчыкаў (а гэта магчыма, што ў мінулым годзе даказаў Жоан Зарко), то будзе зусім добра. Абодва мусяць быць добра матываваныя, аднак на Марыні, падаецца, ціск усё ж такі крыху вышэйшы: адказнасць перад братам і неабходнасць усім даказаць, што ён яго варты.

Ну а каманда Avintia па апісаных прычынах ў цэлым ужо вартая, каб назіраць за ёй больш уважліва.

Aprilia Racing Team Gresini

Адзінаццатае месца ў камандным заліку ў 2020 годзе (54 ачкі)

Склад: Алеш Эспаргара (Іспанія, стартавы нумар 41), сямнаццатае месца ў 2020 годзе (42 ачкі), Ларэнца Савадоры (Італія, стартавы нумар 32), дваццаць пятае месца ў 2020 годзе (0 ачкоў).

Кіраўнік: Масіма Рывола

Надзвычай рэдкая з’ява, калі фактычна завадская каманда з’яўляецца аўтсайдэрам. Але менавіта такая рэчаіснасць Aprilia Racing Team Gresini. Сезон 2021 году калектыў пачынае яшчэ і асірацелым – 23 лютага каронавірус забраў жыццё кіраўніка каманды, былога мотагоншчыка Фауста Грэзіні. Застаецца толькі пажадаць усім членам каманды сіл і мужнасці, каб гэтая страта не адлюстравалася на спартыўных выніках.

Ужо добра будзе, калі яны не пагоршацца. Ды і так не сказаць, што ў мінулым сезоне каманда змагалася толькі за апошнія пазіцыі. Хоць і 54 ачкі, але яна набрала, у асноўным, стараннямі Алеша Эспаргара, старэйшага брата Пола Эспаргара. Зрабіў свой унёсак і брытанец Брэдлі Сміт, які яшчэ за тры этапы да канца мінулага сезону саступіў месца ў камандзе Ларэнца Савадоры.

Італьянец пабачыў адмашку клецістым сцягам толькі аднойчы. Аднак цяпер яму прадстаўленая магчымасць палепшыць сваю статыстыку. Набіраць ачкі Aprilia RS-GP дазваляе, што адрознівае каманду Aprilia Racing Team Gresini ад аўтсайдэра Формулы-1 – каманды Williams. Гэта ж ёсць прычынай заўзець за яе, і той, хто гэта робіць, мае рацыю. Я ж ад сябе пажадаю калектыву поспеху і каб аддаць належнае Фауста Грэзіні.

Другие посты блога

Все посты