Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Лепей позна чым ніколі!

Лепей позна чым ніколі!

Перад сваім зыходам з Формулы-1 Honda падрыхтавала сілавую ўстаноўку лепей чым у каманды Mercedes. Праўда, на ўчорашнім Гран-пры Бахрэйна ўсё роўна перамог Льюіс Хэмілтан.

29 марта 2021, 17:55
Лепей позна чым ніколі!

Фота: formula1.com

Перад сваім зыходам з Формулы-1 Honda падрыхтавала сілавую ўстаноўку лепей чым у каманды Mercedes. Праўда, на ўчорашнім Гран-пры Бахрэйна ўсё роўна перамог Льюіс Хэмілтан.

Аднак на гэты раз усё зусім не так адназначна, як было цягам сямі мінулых гадоў. Былой перавагі ў хуткасці ў Мерсэдэса больш няма, падазрэнні ў чым з’явіліся яшчэ падчас перадсезонных тэстаў, што праходзілі на той жа трасе Сахір двума тыднямі раней. Ну а з пачаткам Гран-пры Бахрэйна гэта стала ўжо відавочным.

Пілот Red Bull Макс Ферстапен узначаліў пратаколы ўсіх трох сесій свабодных заездаў, а у кваліфікацыі «прывёз» сяміразоваму і дзейснаму чэмпіёну Льюісу Хэмілтану ажно 0,388 секунды. Пасля такога рэзультату чаканні ад гонкі ва ўсіх былі надзвычай высокімі.

Рэзультат Макса, дарэчы, склаў 1:28,997 – самому сабе ў параўнанні з кваліфікацыяй мінулагодняга Гран-пры Бахрэйна, што прайшоў чатыры месяцы таму, ён саступіў 1,319 секунды. Пры гэтым тады нідэрландзец паказаў трэці час, а поўл з рэзультатам 1:27,264 заваяваў Хэмілтан, які цяпер адстаў ад самога сябе на 2,121 секунды.

Новыя баліды сталі павольнейшымі ў выніку змен у рэгламенце аэрадынамікі. Аднак прыціскаючая сіла ў балідаў Red Bull заўсёды была адносна высокай, а страты ў ёй аказаліся невялікімі ў параўнанні з тым жа Мерсэдэсам, бо падоўжны нахіл (рэйк) у машын аўстрыйскага калектыву быў меншы чым у Трохпраменевай Звязды.

Канечне, варта аддаць належнае і тэхнічнаму дырэктару каманду Эдрыану Ньюі. Цяперашняя форма Red Bull – гэта і яго заслуга. Яго канструктарскі талент зноў знайшоў, дзе сябе праявіць. Хоць і важнасць рухавіка цяжка пераацаніць.

У артыкуле з аналізам мінулага сезону і прагнозамі на новы я адзначыў, што хоць цудаў ад Red Bull і Хонды ніхто не чакае, аднак яны ўсё роўна магчымыя. Праўда, найперш я меў на ўвазе, што пілоты Чырвоных Быкоў могуць скарыстацца магчымымі памылкамі канкурэнтаў са Срэбных Стрэлаў. А японскія матарысты ўзялі і зрабілі ў міжсезонне цуд, падрыхтаваўшы канкурэнтаздольную сілавую ўстаноўку ужо для гэтага году – апошняга для іх у Формуле-1.

І, улічваючы згоду ўсіх каманд-удзельніц чэмпіянату свету на замарозку спецыфікацыі сілавых установак, можна акуратна спрагназаваць, што наперадзе нас чакаюць цікавыя сезоны. А той, што пачаўся ў мінулыя выхадныя, дакладна будзе цікавым.

Перамены прыйдуць хутчэй, калі іх набліжаць. Канкурэнты Мерсэдэса гэта разумелі, але год за годам ім чагосьці бракавала, і разлічваць яны маглі толькі на лакальныя поспехі, якія не мелі стратэгічнага значэння. І вось урэшце хоць у некага атрымалася падняцца на адзіны ўзровень з чэмпіёнамі апошніх сямі гадоў.

Сам Mercedes свае сілы ні ў якім разе не згубіў. І пасля кваліфікацыі было зразумела, што пераможца Гран-пры вызначыцца ў гонцы. Дзе свае лепшыя бакі прадэманстравалі ўжо Срэбныя Стрэлы. Абагнаць Ферстапена на старце ў Хэмілтана не атрымалася. Аднак ранняя змена шын на чатырнаццатым крузе (Льюіс тады перайшоў з «медыюму» на «хард») дала плён – брытанец саступаў Ферстапену па тэмпе ўжо меней.

Праўда, у Red Bull яшчэ заставаўся камплект зусім свежай гумы сярэдняй жорсткасці, і менавіта ў яго «пераабулі» балід Ферстапена на піт-стопе чатырма кругамі пазней. Так што далёка Макс Льюіса ўсё роўна не адпусціў, распачаўшы псіхалагічнае супрацьстаянне з ім.

Аднак, здаецца, меневіта ў псіхалогіі малады і хуткі выхаванец гоначнай сям’і Red Bull і саступіў. З рэкламных ролікаў мы ведаем, што аднайменны энергетычны напой акрыляе, і Ферстапен пасля другога піт-стопу на саракавым крузе як раз і быў акрылены – яго шыны былі таксама жорсткага саставу, але на дзесяць кругоў маладзейшымі чым тыя, на якіх фінальны адрэзак праводзіў Хэмілтан.

Брытанец быў відавочна павольнейшы за Макса – той проста знішчаў яго перавагу, адгрызаючы болей чым па секундзе за круг. Але калі на пяцьдзясят трэцім крузе Ферстапен абагнаў чэмпіёна, зрабіў ён гэта з парушэннем меж трасы, і вымушаны быў вярнуць толькі што заваяваную пазіцыю. Паўтарыць жа свой манеўр за тры круга, што заставаліся, Макс проста не паспеў, хоць і моцна стараўся, саступіўшы Льюісу ўсяго 0,745 секунды.

А ў Мерсэдэсе знайшлі, дзе дадаткова павялічыць ачковую перавагу перад Red Bull. На перадапошнім крузе так званы бясплатны піт-стоп зрабіў Валтары Ботас, для якога першы Гран-пры новага сезону ў цэлым склаўся так сабе – фіну і хуткасці бракавала, і ўдачы (зноў не абышлося без праблем на другім планавым піт-стопе). Аднак свяжэйшы чым у канкурэнтаў камплект гумы на апошніх кругах дазволіў яму стаць аўтарам найхутчэйшага круга і зарабіць дадатковае ачко для сябе і каманды.

Аднак галоўны вынік Гран-пры Бахрэйна ўсё ж такі ў тым, што час непадзельнага ўладарства каманды Mercedes і Льюіса Хэмілтана мінуў. Брытанец і сам быў узрадаваны тым, што ўрэшце нехта спаборнічае з ім на роўных.

Таму не варта Максу моцна расчароўвацца праз магчымую страчаную перамогу (калі б ён не прапусціў Хэмілтана, то мог бы атрымаць штраф у пяць секунд, але, па яго ж словах, яму хапала часу, каб адарвацца ад Льюіса мацней). Цэлы сезон яшчэ наперадзе, а сам Ферстапен даўно ўжо не такі безразважны, як на першым этапе сваёй кар’еры. Дарэчы, і напарнік у яго цяпер дужы і амбіцыйны. Гэта Серхіа Перэс, калі хто забыўся. І свой першы Гран-пры на новым працоўным месцы мексіканец правёў выдатна.

Кваліфікаваўся ён, праўда, не бліскуча – толькі адзінаццатым, а перад стартам гонкі на прагрэўным крузе на яго балідзе нечакана заглух рухавік (праблема, зрэшты, наўрад ці была звязаная з ім, хутчэй, збой дала электроніка ці электрыка), праз што быў вымушаны стартаваць з піт-лэйну.

Аднак у гонцы Чэка прарваўся на пятае месца! Што сведчыць аб тым, што хуткасць ёсць і ў яго. Таму, мяркую, яны з Максам яшчэ не аднаразова пабачаць у сваіх люстэрках задняга віду і адзін аднаго.

Прагрэс Хонды ў сілавой устаноўцы правяліўся і ў выдатным для дэбютанта дзявятым месцы пілота малодшай каманды AlphaTauri Юкі Цуноды. На высокае месца прэтэндаваў і яго напарнік П’ер Гаслі, які пачынаў гонку з пятай пазіцыі. Але француз сапсаваў заезд сам сабе, памыліўшыся і зламаўшы пярэдняе антыкрыло аб балід Даніэля Рыкарда на трэцім крузе. А потым і ўвогуле сышоў з дыстанцыі (відаць, у камандзе вырашылі паберагчы рэсурс сілавога агрэгату).

Не дабраліся да фінішу і два іншыя пілоты – яшчэ адзін дэбютант Мікіта Мазепін і ветэран і двухразовы чэмпіён Фернанда Алонса. Для расейца яго першая гонка ў Формуле-1 працягвалася ўсяго 20 секунд, пасля чаго ён у выніку памылкі патрапіў у аварыю ў другім павароце. Яна была меней драматычнай, чым тая, у якую тут жа патрапіў Раман Гражан чатырма месяцамі раней – усё абмежавалася толькі зламанай пярэдняй падвескай, але далей Мікіта ўжо не паехаў (яго напарнік Мік Шумахер, дарэчы, фінішаваў шаснаццатым).

Ну а Алонса ў першай пасля вяртання ў Вялікія Прызы гонцы мог зарабіць багата ачкоў. Але яму перашкодзіла смецце, што патрапіла ў паветраводы тармазоў яго баліда, праз што тыя перагрэліся, у выніку чаго іспанец сышоў на трыццаць трэцім крузе. У яго напарніка па Alpine Эстэбана Акона патрапіць у першую дзясятку не атрымалася – ён фінішаваў трынаццатым.

З ім, дарэчы, пад канец гонкі ў першым павароце не падзяліў трасу чатырохразовы чэмпіён Себасцьян Фетэль, які цяпер выступае ў складзе Aston Martin. Толькі ў выпадку з ім казаць пра зялёны Мерсэдэс дакладна зарана. Немец і ў кваліфікацыі не бліснуў, паказаўшы толькі васямнаццаты часы, а потым яшчэ і атрымаўшы штраф у пяць месцаў за ігнараванне падвойных жоўтых сцягоў, праз што стартаваў увогуле апошнім.

Са штрафам у дзесяць секунд за інцыдэнт з Аконам Сэб і скончыў гонку на пятнаццатым месцы. У той жа час яго напарнік Лэнс Строл замкнуў першую дзясятку і прынёс камандзе яе першае ачко.

З іншых навін другога плану варта адзначыць пэўнае паляпшэнне ў Ferrari. Мінулагодняя катастрофа, здаецца, пераадоленая, але і за перамогі і нават за подыумы пілоты Скудэрыі, здаецца, пазмагаюцца яшчэ не скора. Ва ўчарашняй гонцы Шарль Леклер фінішаваў шостым, а яго новы напарнік Карлас Сайнс – восьмым.

Іспанца ўсяго на адну пазіцыю апярэдзіў Рыкарда, які замяніў яго ў складзе McLaren. Аднак у аўстралійца, як я і прагназаваў перад сезонам, шанцаў паспаборнічаць за месцы ў першай тройцы будзе паболей. Даказаў гэта ўчора, праўда, не Дэн, а яго напарнік Ланда Норыс, які скончыў гонку чацвёртым.

Палажэнне пілотаў пасля першай гонкі цалкам адпавядае іх палажэнню ў яе фінішным пратаколе. Хэмілтан лідзіруе з 25 ачкамі, Ферстапен займае другую пазіцыю і мае 18 ачкоў, Ботас, у якога 16 ачкоў, трэці. Адпаведна, Mercedes з’яўляецца лідарам Кубка канструктараў, маючы 44 ачкі. Red Bull з 28 ачкамі другі, замыкае першую тройку McLaren – у брытанскай каманды 18 ачкоў.

Як бачыце, моцная форма каманды Red Bull – не адзіная цікавостка новага сезону Формулы-1. Нават шкада, што працягу такога, нарэшце, цікавага сезону прыйдзецца чакаць тры тыдні. Дый траса ў італьянскай Імале, дзе 16-18 красавіка пройдзе Гран-пры з цікавай назвай Made in Italy, не спрыяе абгонам, што было відавочна і па выніках мінулагодняга Гран-пры Эмільі-Раманьі.

Аднак чакаць яе мы ўсё роўна будзем. Упершыню за доўгія гады ў Формуле-1 ёсць чаго чакаць.

Другие посты блога

Все посты