Прадказанне непрадказальнасці

Фота: motogp.com

Першы этап новага сезону MotoGP прайшоў менавіта так, як усе і чакалі – цікава і непрадказальна. Гэтак жа, па ўсяму відаць, пройдзе і ўвесь сезон у цэлым. Пераможца Гран-пры Катара Маверык Віньялес не дасць схлусіць.

І сказаў я ў артыкуле-прэв’ю перад пачаткам сезону, што будзе цікава, і было цікава! А галоўнае, што калі ў Формуле-1, якая сваю першую гонку скончыла хвілін за пятнаццаць да старту першай гонкі MotoGP, больш ці менш зразумела, паміж кім там у гэтым годзе развернецца асноўная бойка, то ў галоўным матацыклетным чэмпіянаце свету прэтэндэнты на лідарства, лічы, уся першая пяцёрка дык дакладна, калі не дзясятка.

Гран-пры Катара стаў яскравай дэманстрацыяй таго, што лепей нават не спрабаваць рабіць нейкія высновы па выніках перадсезонных тэстаў. Дакладней, нейкае самае агульнае ўяўленне яны даюць, але вырашаецца ўсё ў гонках. І ўжо не першы год вырашаецца зусім не так, як можна падумаць пасля кваліфікацыі.

Вось і ў мінулую суботу на асобным хуткім крузе лепшы час паказаў навабранец Ducati Франчэска Баньяя, які праімчаў па кольцы за 1:52,772. Траса Ласаіл да матораў патрабавальная, і італьянскім матацыклам, якія даўно славяцца магутнасцю сваіх рухавікоў, яна быццам бы пасуе. Дастаткова сказаць, што адзін наезнікаў новенькіх Desmosedici GP21 паставіў у мінулы ўік-энд рэкорд максімальнай хуткасці – болей за 362 кіламетры ў гадзіну! Да таго ж гэта быў прадстаўнік каманды-сатэліта Pramac Жоан Зарко.

Аднак магутнасць мае значэнне на прамых. А вось у паваротах, якіх на Ласаіле ўсё ж такі болей, на першы план выходзяць іншыя ўласцівасці тэхнікі. І аб гэтым у той жа кваліфікацыі нагадалі прадстаўнікі завадскога калектыву Monster Energy Yamaha MotoGP – яе новы гоншчык Фабіа Куартарара і яго напарнік Маверык Віньялес размясціліся на другой і трэцяй стартавых пазіцыях.

Але ж мы памятаем мінулы сезон і вельмі невыразныя выступленні ў гонках таго ж Віньялеса. Дый запалу Куартарара хапіла толькі на першыя два этапы мінулага сезону. Таму і зараз ніхто не чакаў ад ямахаўцаў цуда. Як выявілася, дарэмна.

Перад пачаткам новага сезону мы задаваліся і пытаннем наконт гатоўнасці да бою чэмпіёнаў з каманды Suzuki. І калі сыходзіць зноў жа з вынікаў кваліфікацыі, то можна было б падумаць, што асірацелы без Давідэ Брывіа калектыў згубіў сваю былую моц. Дзейсны чэмпіён Жоан Мір кваліфікаваўся дзясятым, яго напарнік і суайчыннік Алекс Рынс стартаваў усяго на адну пазіцыю вышэй.

Але і тут мы мусім успомніць мінулы год. Гоншчыкі на серабрыста-бірузовых байках таксама рэдка бліскалі ў кваліфікацыях, затое ў гонках былі здольныя раптоўна навязаць барацьбу супернікам, вынікам чаго і сталі тытулы Міра і Suzuki. І тут ужо для многіх было відавочна, што чэмпіёны рыхтуюць нешта цікавае да нядзельнай гонкі.

Спачатку ж усіх здзівіў яшчэ адзін гоншчык на Ducati. Напарнік Зарко Хорхе Марцін, які стартаваў чатырнаццатым, ужо ў першы паварот увайшоў чацвёртым. І размясціўся акурат за спінаю ў Зарко, які таксама добра стартаваў, як і прадстаўнік ужо завадской каманды Джэк Мілер. Усе ўтрох паімчалі за Баньяяй, які ўтрымаў першую пазіцыю, справіўшыся спачатку з Куартарара і Віньялесам.

У француза і іспанца, здавалася спачатку, усё паўтараецца па-мінулагодняму. Аднак тут Ямаха і выклала козыр, які хавала ў рукаве. У міжсезонні інжынеры завадской каманды правялі працу над памылкамі. Дапрацоўваць рухавік ім было забаронена (такое права атрымала толькі Aprilia, чыі гоншчыкі ў мінулым годзе не падымаліся на подыумы), але шасі, падвескі і тармазы відавочна сталі лепей.

А вось у Ducati як раз выявіліся праблемы з гоначным тэмпам. Яшчэ на мяжы першага і другога кругоў на галоўнай прамой Зарко абагнаў Мілера, але далей аўстраліец стаў відавочна губляць хуткасць. На шостым крузе яго апярэдзіў Куартарара, на восьмым Віньялес. Фінішаваў жа Мілер па выніку ўвогуле дзявятым. Яшчэ горай гонка склалася для Марціна, у якога запалу хапіла толькі на стартавы рывок. Хорхе затым губляў пазіцыю за пазіцыяй, а адмашку клецістым сцягам атрымаў пятнаццатым.

Насупраць, у Ямахі прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі нібы адкрыўся другі подых. Дакладней, адкрыўся ён у Віньялеса, які, здаецца, і сам над сабой моцна прапрацаваў у міжсезонні. На адзінаццатым крузе ён пакінуў ззаду Куартарара, а на дванаццатым – і Зарко. Ну а на тое, каб дагнаць Баньяю і перахапіць у яго лідарства Топ Гану спатрэбілася ўсяго два кругі.

Тым жа часам пра увагу да сябе прыцягвалі і гоншчыкі Suzuki. На чатырнаццатым крузе, калі ў гонцы змяніўся лідар, Рынс займаў ужо чацвёртую пазіцыю. Крыху меней павольна прарываўся Мір, на парозе першай тройкі затрымаўся як раз Рынс, тады як дзейсны чэмпіён правёў яшчэ некалькі рэзультатыўных атак, а на сямнаццатым крузе абагнаў і напарніка.

Аднак і перад Жоанам задача стаяла цяжкая. У адрозненні ад іх напарнікаў па камандах, у Зарко і Баньяі тэмп упаў не так катастрафічна. І маторы іх матацыклаў па-ранейшаму забяспечвалі ім моцную перавагу на галоўнай прамой трасы Ласаіл.

Яна ў выніку і стала вырашальнай – на апошнім крузе у паваротах Мір ужо быў абагнаў француза з італьянцам, але замацавацца на толькі што здабытай другой пазіцыі іспанец не паспеў. Пасля выхаду на тую ж галоўную прамую канкурэнты на Ducati аб’ехалі яго, нібыта ён стаяў.

Так што разам з Віньялесам, які перамог, на подыум пасля першай гонкі падняліся Зарко і Баньяя. Міру ж было крыўдна, але ён сам разумее, што асноўная бойка яшчэ наперадзе, і на асобных трасах яму з Рынсам дадуць перавагу і іхнія Suzuki GSX-RR. А вось што тычыцца матацыклаў Yamaha YZR-M1, то не ўсе яны аднолькава канкурэнтаздольныя. Мінулагоднія дык дакладна ў гэты лік не ўваходзяць.

І вялікае пытанне, чаму дзейсны віцэ-чэмпіён Франка Марбідэлі з Petronas Yamaha SRT атрымаў менавіта такі байк, а не свежы (акрамя яго матацыклы ў мінулагодніх спецыфікацыях карыстаюць толькі Энэа Басціаніні і Лука Марыні з Avintia). Ён не бліскае не толькі хуткасцю, але і надзейнасцю. Як вынік – толькі васямнаццатае месца пасля старту з сёмай пазіцыі. Не надта лепей правёў першы Гран-пры сезону і напарнік Франка – сяміразовы чэмпіён Валянціна Росі. Доктар, стартаваўшы чацвёртым, фінішаваў дванаццатым.

Зрэшты, Марбідэлі дакладна яшчэ пакажа сябе сапраўднага. Як і многа хто яшчэ – той жа Куартарара пасля свайго пятага месца адчувае сябе так, быццам бы сказаў не ўсё, што мог.

А калі яшчэ ў сядло завадскога матацыкла Honda RC213V вернецца Марк Маркес… Без яго Repsol Honda Team пакуль што не нагадвае топ-каманду – навабранец Пол Эспаргара першую гонку на новым працоўным месцы скончыў восьмым, Штэфан Брадль, які працягвае замяняць Маркеса, фінішаваў адзінаццатым. Не хапае, ох, не хапае чэмпіянату Марка!

Без яго ж гоншчыкі ў чэмпіянаце пасля першага этапу размясціліся ў адпаведнасці са сваімі месцамі ў гонцы. Маркес з 25 ачкамі ўзначальвае асабісты залік, Зарко мае 20 ачкоў і займае другую пазіцыю, Баньяя, у якога 16 ачкоў, замыкае першую тройку.

Чэмпіянат MotoGP ужо традыцыйна пачынаецца цікава. І, на шчасце, працягу, у адрозненні ад Формулы-1, не прыйдзецца чакаць тры тыдні. Другі этап, толькі ўжо пад назвай Гран-пры Дохі, тая ж траса Ласаіл прыме ўжо ў гэты ўік-энд. Прадказаць жа можна хіба толькі непрадказальнасць далейшых гонак.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+12
Написать комментарий
Реклама 18+