Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Extreme E: сапраўдны аўтаспорт альбо гоначнае шоу?

Extreme E: сапраўдны аўтаспорт альбо гоначнае шоу?

У мінулы ўік-энд у Саудаўскай Аравіі адбылася прэм’ера новай сусветнай гоначнай серыі Extreme E. Спрабуем разабрацца, сапраўдныя гэта гонкі, проста гоначнае шоу альбо экалагічны актывізм.

9 апреля 2021, 20:31
Extreme E: сапраўдны аўтаспорт альбо гоначнае шоу?

Фота: extreme-e.com

У мінулы ўік-энд у Саудаўскай Аравіі адбылася прэм’ера новай сусветнай гоначнай серыі Extreme E. Спрабуем разабрацца, сапраўдныя гэта гонкі, проста гоначнае шоу альбо экалагічны актывізм.

Толькі адразу раблю абмоўку, што не маю нічога супраць ні экалогіі, ні звязанага з ім актывізму. Вядома, што шкоду, якую чалавецтва наносіць навакольнаму асяроддзю сваёй дзейнасцю, трэба неяк кампенсаваць і мінімізаваць. І электрамабілізацыя натуральна дапаможа гэтай справе, хоць і тут яшчэ ёсць над чым працаваць (здабыча літыю для батарэй і іх вытворчасць – рэчы зусім не экалагічныя, не вырашаная і праблема ўтылізацыі старых батарэй).

Аднак на прыкладзе чэмпіянату Formula E мы ўжо бачылі, электрычныя гонкі па відовішчнасці не заўсёды на роўных спрачаюцца з традыцыйнымі. Прычына на паверхні – цяперашні ўзровень тэхналогій не дазваляе зрабіць электракары такімі ж хуткімі, як машыны з РУЗ. Дакладней, зрабіць-та хуткімі іх мажліва, але паедуць яны недалёка і нядоўга.

Магчымасці батарэй пакуль што моцна абмежаваныя, а рабіць электрамабілі са шматступеньчатымі скрынямі перадач, каб высокія хуткасці дасягаліся пры меншых абаротах рухавіка, не мэтазгодна (трансмісійныя страты энергіі будуць занадта высокімі). Таму тая ж Формула Е мусіць праводзіць свае гонкі на часовых гарадскіх трасах, а не на знакамітых аўтадромах кшталту Сільверстоўна, Спа-Франкаршам ці Монцы з іх доўгімі прамымі і хуткімі паваротамі.

Дарэчы, акурат заўтра на вуліцах Рыма пройдзе трэці этап кальцавога электрачэмпіянату, а ў нядзелю – чацвёрты. Спадзяемся, пасля іх будзе пра што распавесці. А ці ёсць пра што распавядаць пасля першага этапу Extreme E – серыі, у якой з Формулай Е адзіныя стваральнікі – Алехандра Агаг і яго каманда?

І пачаць можна з добрых навін. Калі ў кальцавых гонках у высокай ступені запатрабаваныя высокія максімальныя хуткасці, то ў ралійных і пазадарожных гэта ўжо не самае галоўнае. А Extreme E – гэта як раз пазадарожныя гонкі.

Не ралі, не – там гоншчыкі стартуюць паасобку і спрабуюць хутчэй за супернікаў пераадолець спецучастак. У Extreme E ж фармат падобны на такі ў ралі-кросе – закальцаваныя трасы, адборачныя кваліфікацыйныя заезды і паўфіналы з фіналамі са стартамі некалькіх машын адразу. А жывапісныя мясціны вакол выклікаюць асацыяцыі за ралі-марафонамі накшталт Дакара.

Выбар месцаў правядзення гонак арганізатары абумовілі спробай прыцягнуць увагу да экалагічных праблем у тым ці іншым рэгіёне свету. Напрыклад, запланаваны на канец жніўня этап на Грэнландыі нагадае аб тым, што на гэтай выспе растаюць ледавікі, а гонка ў Бразіліі ў канцы кастрычніка будзе прысвечаная шматпакутным лясам Амазонкі. Ну а пустыня Аль-Ула, дзе прайшоў першы этап, не дала забыцца ўсім пра глабальнае пацяпленне.

Другія добрыя навіны – гэта тэхніка і састаў удзельнікаў. Пачаць варта з другога, бо тут зорка на зорцы: Себасцьен Лёб (дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі), Джэнсан Батан (чэмпіён Формулы-1 2009 году), Стэфан Саразэн (былы ўдзельнік Формулы-1 і Формулы Е, WRC, Ле Мана і гонак на цягавітасць), Карлас Сайнс-старэйшы (чатырохразовы чэмпіён свету па ралі), Маціас Экстром (двухразовы чэмпіён DTM і чэмпіён сусветнага ралі-кросу ў 2016 годзе), Йохан Крыстоферсан, Цімі Хансэн (чэмпіёны сусветнага ралі-кросу) і іншыя. І кожнага пасля першага круга гонкі змяняе жанчына – чарговыя адметныя рысы Extreme E.

А як вам спіс імёнаў уладальнікаў каманд, сярод якіх былыя напарнікі па камандзе Mercedes у Формуле-1 і яе былы і дзейсны чэмпіёны Ніка Росберг і Льюіс Хэмілтан?

Тэхніка вартая асобнай размовы. Хоць хуткасці на пазадарожных трасах меншыя чым на асфальтавых, гэта не значыць, што машыны абавязкова будуць са слабымі рухавікамі. У Extreme E ўсе ўдзельнікі выступаюць на аднолькавых шасі Odyssey 21, якія распрацавала і выпускае кампанія Spark Racing Technology, чыі інжынеры з’яўляюцца аўтарамі і балідаў Формулы Е.

Эфектны абвес хавае пад сабой прасторавую трубчастую раму са сплаву сталі і ніёбія (гэта метал такі, а не лаянка, па-руску ниобий). У сабраным выглядзе аўтамабіль важыць 1 650 кілаграмаў. Сукупная аддача двух матораў (па адным на пярэдняй і задняй восях) складае 400 кВт (550 к.с.) магутнасці і 920 Нм круцільнага моманту, чаго хапае каб разагнацца да 100 км/г за 4,5 секунды нават на 130-адсоткавым ухіле. Сілавую батарэю пастаўляе кампанія Williams Advanced Engineering, шыны – Continental.

Прэм’ера аўтамабіля адбылася яшчэ ў 2019 годзе на Фестывале хуткасці ў Гудвудзе, а старт самой серыі Extreme E меўся адбыцца ў мінулым годзе, але перашкодзіла пандэмія. Тым не менш Odyssey 21 паспелі выпрабаваць на асобных этапах яшчэ мінулагодняга ралі Дакар, а кампанія Continental правяла тыднёвыя тэсты на поўдні Францыі ў камуне Шато дэ Ластур, дзе звычайна трэніруюцца ўдзельнікі таго ж Дакара і чэмпіянату свету па ралі.

Дык ці могуць быць маркотнымі гонкі з такімі гоншчыкамі і на такіх машынах? Ну, у Формуле-1 таксама багата таленавітых пілотаў, але нешта цікавае пачало адбывацца толькі ў гэтым годзе. Таму адразу скажу, што памыліліся тыя, хто ад першага ж этапу Extreme E чакаў занадта многага. І фармат арганізатарам яшчэ трэба будзе дапрацоўваць.

Напрыклад, Карлас Сайнс разам са сваёй знакамітай суайчынніцай-матагоншчыцай з Дакара Лаяй Санс, якія выступаюць за каманду Acciona Sainz XE Team, праляцелі міма фіналу. Бо хоць і кваліфікаваліся другімі, а ў паўфінале занялі толькі трэцяе месца. Таму што іх гонка была другой, а з яе ў фінал праходзіць толькі пераможца, а не першыя два экіпажы, як у першай.

У цэлым жа фармат на першым этапе выглядаў наступным чынам (ён быў крыху спрошчаным праз вялікую колькасць пылу, які падымаецца ў паветра падчас заездаў і ўскладняе агляд). У суботу праходзяць кваліфікацыйныя заезды, у якіх кожная каманда мае па адной спробе раніцай і ўвечары.

Жэрабем вызначаецца парадак выезду на трасу, працягласць якой на першым этапе склала каля васьмі кіламетраў. Пасля кожны экіпаж робіць па два кругі – па адным на гоншчыка і гоншчыцу (каму першым стартаваць, яны вырашаюць самастойна), а час іх замены на сярэдзіне дыстанцыі таксама ідзе у залік. Па выніках кваліфікацыі фарміруюцца стартавыя пратаколы, а каманды падзяляюцца на тры групы.

У нядзелю праходзіць чатыры заезды. Спачатку тры найпавольнейшыя каманды спаборнічаюць зноў жа ў двухкругавым заездзе і зноў жа з заменаю гоншчыка на гоншчыцу (альбо наадварот) за пазіцыі з сёмай па дзявятую. Другі заезд называецца «вар’яцкай гонкай», у якой удзельнікі, што кваліфікаваліся на пазіцыях з чацвёртай па шостую, атрымліваюць шанц патрапіць у фінал.

Ну а тры лідары кваліфікацыі спаборнічаюць паміж сабой у трэцім заездзе – сваім паўфінале, з якога ў фінал трапляюць два лепшых экіпажы. Яны разам з пераможцамі «вар’яцкай гонкай» і праходзяць у фінал, які складаецца з тых жа двух кругоў з абавязковай зменай гоншчыка і ці гоншчыцы. У кожнага з іх ёсць магчымасць па аднаму разе за круг актываваць рэжым Hyperdrive, які дае дадатковую магутнасць – нейкі аналаг рэжыму максімальнай атакі са сваяцкай Формулы Е.

А яшчэ адно падабенства з кальцавымі электрагонкамі – галасаванне гледачоў у сацыяльных сетках. Праўда, Fan Boost у Формуле Е таксама дае дадатковую магутнасць падчас гонкі тром пілотам, а ў Extreme E экіпаж-пераможца адзіны, і толькі выбірае лепшую (з уласнага гледзішча) стартавую пазіцыю. Што, дарэчы, таксама аказалася не такой ужо і дробяззю.

Ну а фармат уік-энду Extreme E з другога этапу будзе больш нагадваць такі ў ралі-кросе: суботнія кваліфікацыйныя заезды, дзе будуць стартаваць да пяці экіпажаў, і нядзельныя два паўфіналы і фінал. Хоць і на гэты раз моцную перавагу мелі як раз прадстаўнікі WRX.

Ідэя сабраць у адным спаборніцтве прадстаўнікоў розных гоначных дысцыплін файная. Аднак фармат правядзення гонак і часткова пакрыццё трасы больш падобныя на такія ў ралі-кросе (там, праўда, ёсць і гравій, і асфальт). Таму менавіта госці адтуль ад пачатку маюць пэўную перавагу.

Хоць нядрэнна выглядаў і Лёб, які выступае за каманду як раз Льюіса Хэмілтана Team X44 з іспанкай Крысцінай Гуцьерэс, вядомай па ралі-рэйдах. Што, зрэшты, не дзіўна, бо на чым Себасцьен толькі не ганяўся: і на ралійных машынах, і на ралі-кросавых, і на ле манаўскіх прататыпах (і нават быў прызёрам легендарнага сутачнага марафону ў абсалюце), і на дакараўскіх пазадарожніках.

Таму ў фінал яны з Крысцінай прабіліся даволі лёгка, але ўжо там на іх машыне выйшаў з ладу ўзмацняльнік рулявога кіравання, не дазволіўшы ім спаборнічаць за перамогу. Яе паміж сабой разыгралі гоншчыкі «заклятага сябра» кіраўніка калектыву Льюіса Хэмілтана – Йохан Крыстоферсан і аўстралійская ралістка Молі Тэйлар з Rosberg X Racing (каманды Ніка Росберга, як вы ўжо здагадаліся) і Цімі Хансэн з удзельніцай чэмпіянату Еўропы па ралі брытанкай Каці Манінгс з Andretti United Extreme E.

Барацьба, скажам прама, была не самай шчыльнай. Усё ж такі тры машыны на старце – гэта не тое, што мы прывыклі бачыць у гонках высокага ўзроўню. І зноў жа, і для Крыстоферсана, і для Хансэна асноўнай дысцыплінай з’яўляецца ралі-крос, таму абодва хутчэй прыстасаваліся да падобных фармату і пакрыцця.

Да таго ж Крыстоферсан (стартавы адрэзак, як і Хансэн, праводзіў менавіта ён) абраў болей удалую стартавую пазіцыю, дый стартаваў выдатна. Ён заўжды выдатна робіць гэта нават на ралі-кросавых балідах, дзе трэба яшчэ не заглухнуць, а на электрамабілі трэба проста своечасова націснуць на педаль акселератару.

Што Йохан і зрабіў, а далей ужо ён і яго напарніца проста кантралявалі адрыў ад пераследнікаў, якім замінаў пыл у паветры. А асцярожнічаць даводзілася, бо траса хоць і шырокая, але далёка не роўная – памыліцца і патрапіць у аварыю на ёй цалкам магчыма.

Гэта першым яшчэ ў пятніцу прадэманстраваў амерыканец Кайл ЛеДзюк, удзельнік пазадарожнай гоначнай серыі Championship Off-Road у сваёй краіне. У Extreme E ён выступае ў камандзе SEGI TV Chip Ganassi Racing з суайчынніцай Сарай Прайс, гоншчыцай шырокага профілю. У суботу не пазбег аварыі і Стэфан Саразэн, што выступае з першай і дзейснай чэмпіёнкай формульных гонак W Series брытанкай Джэймі Чэдвік. Аднак найбольш другі дзень запомніўся відовішчным крэшам нямецкай кальцавой гоншчыцы Клаўдзіі Хюртген, напарніцы Маціаса Экстрома па Abt Cupra XE (на відэа ніжэй).

Вяртаючыся ж да Крыстоферсана з Тэйлар, можна толькі канстатаваць, што яны і сталі першымі пераможцамі ў гісторыі Extreme E. Хансэн і Мэнінгс фінішавалі другімі, Лёб з Гуцьерэс замкнулі першую тройку. Аднак апошнія дзякуючы крыху болей складанай чым у звычайных гонках сістэме падліку ачкоў (таксама болей падобнай на такую ў ралі-кросе), займаюць у чэмпіянаце другую пазіцыю, маючы 30 ачкоў. Хансэн з Манінгс толькі трэція з 28 ачкамі. Ну а Крыстоферсан і Тэйлар, у якіх 35 ачкоў, узначальваюць чэмпіянат.

Які, спадзяемся, у хуткім часе стане цікавейшым – з большай колькасцю экіпажаў на старце і, як следства, болей шчыльнай барацьбой, брак якой зараз ёсць найгалоўнейшай праблемай новай серыі. Таму жадаем арганізатарам Extreme E развіцця гэтых патэнцыйна цікавых і відовішчных гонак. І натуральна падзякуем ім за клопат аб прыродзе – гэта вялікая і слушная справа, аўтаспорту, як выяўляецца, не супярэчлівая.

Наступны этап Extreme E пройдзе 29-30 мая ў Сенегале на ўзбярэжжы Розавага возера бліз Дакара.

Другие посты блога

Все посты