Сыграў на павышэнне?

Фота: formula1.com

Сутыкненне Джорджа Расэла з Валтары Ботасам на ўчарашнім Гран-пры Эмільі-Раманьі зацямніла нават перамогу Макса Ферстапена, бо будзе мець доўгатэрміновыя наступствы. І не абавязкова адмоўныя для Расэла.

Прызнаюся шчыра, я многага ад гонкі ў Імале не чакаў. Канфігурацыя Аўтадрома імя Энца і Дзіна Феррары не надта спрыяла абгонам і ў часы, калі трава была зелянейшай, дрэвы высокімі, а баліды Формулы-1 больш кампактнымі. Нашмат большае значэнне тут звычайна мае стратэгія, а не барацьба непасродна на трасе.

Аднак учора барацьбы і абгонаў як раз было багата. Натуральна, падзякаваць за гэта мы мусім ў першую чаргу дажджу, які пачаўся за паўгадзіны да старту. Але і значна лепшая ў параўнанні з мінулагодняй форма каманды Red Bull таксама адыграла вялікую ролю.

Так, у кваліфікацыі напярэдадні перамог сяміразовы і дзейсны чэмпіён Льюіс Хэмілтан, час якога склаў 1:14,411. Аднак Макс Ферстапен і Серхіа Перэс, які ўпершыню быў хутчэйшым за напарніка, саступілі брытанцу з Mercedes меней 0,1 секунды (0,087 і 0,035 секунды адпаведна). Да таго ж абодва свае вырашальныя кругі праехалі не ідэальна, як і Ланда Норыс, які ўжо быў ускочыў на другую пазіцыю, але хутка быў яе пазбаўлены за парушэнне меж трасы.

Але і гэтыя факты зусім не гарантавалі нечага цікавага ў нядзелю. Ну, можа пабадаюцца Хэмілтан з Ферстапенам у першых паваротах на першым кругу, не абавязкова вынікам гэтага стане абмен Льюіса і Макса пазіцыямі. Хутчэй, кожны будзе спрабаваць перасядзець іншага на трасе і максімальна адцягнуць піт-стоп, які амаль дакладна будзе адзіным. Для гэтага брытанец і нідэрландзец у другой частцы кваліфікацыі лепшыя вынікі паказалі на шынах Medium, а не Soft, і на іх жа мусілі стартаваць.

Толькі стартаваць і ім абодвум, і ўсім астатнім прыйшлося на прамежкавым альбо дажджавым тыпе гумы. Гэта адмяніла ўсе тактычныя нарыхтоўкі каманд (выкарыстоўваць два тыпы слікаў было ўжо не абавязкова), затое зрабіла сітуацыю непрадказальнай.

Ці не? Мы ж ведаем, што Хэмілтан у дождж пілатуе выдатна, і складаныя надворныя ўмовы быццам бы былі яму на руку. Аднак старт лепей атрымаўся ў Ферстапена – Макс адразу пакінуў ззаду Перэса, а ў звязцы Tamburello – і Льюіса, крыху зачапіўшы яго балід. Сітуацыю для яго ўскладніў быў пілот Williams Нікалас Лаціфі, які двойчы здзейсніў візіт за межы трасы, а пасля другога вяртання на гоначнае палатно не раз’ехаўся з расіянінам з Haas Мікітай Мазепіным і моцна разбіў свой аўтамабіль, праз што на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, які не даў пелатону расцягнуцца.

Але і на рэстарце на штостым кругу Ферстапен захаваў лідарства, адбіўшы атаку Хэмілтана, пасля чаго пачаў нарошчваць перавагу над ім. Аднак пачала нараджацца новая інтрыга: дождж перастаў, траса падсыхала, а таму выйграваў той, хто правільна вызначыць момант гэтак званага крос-поінту – калі прамежкавыя шыны і слікі забяспечваюць аднолькавую хуткасць.

Ранейшы досвед падказвае нам, што лепей за ўсё тактычная гульня атрымліваецца ў каманднага мосціка Mercedes. Амаль атрымалася яна ў Срэбных Стрэлаў і гэтым разам, аднак ключавое слова тут «амаль». Бо хоць Ферстапен і паехаў пераабувацца на дваццаць сёмым кругу (на круг раней за Хэмілтана, які пасля гэтага паскорыўся), аднак невялічкай замінцы падчас піт-стопу Льюіса хапіла, каб ён саступіў пазіцыю Максу.

І тут у гульню ўступае Расэл! Чатырох кругоў хапіла Хэмілтану, каб дагнаць яго. Джордж пасля гэтага мусіў быў стаць кругавым адносна і Льюіса, але ў таго нешта пайшло не так. Насамрэч, вядома што – аб’ехаць свайго суайчынніка з Williams чэмпіён паспрабаваў па-за межамі пракатанай сухой траекторыі, і проста не змог адтармазіцца перад паваротам Tosa, сёмым па ліку на трасе ў Імале.

У выніку Хэмілтан вылецеў у гравій і… не, не захраснуў там! Здольнасць рухацца яго балід захаваў, але ўпёрся ў бар’ер бяспекі пярэднім антыкрылом, зламаўшы яго. Але, неяк схапіўшы зачэп, Льюіс змог здаць назад і ўрэшце выруліць на гоначнае палатно.

Зразумела, брытанец згубіў на гэтым шмат часу і сам ужо стаў кругавым адносна Ферстапена, які лідзіраваў у гонцы. Аднак менавіта таму ж Расэлу было наканавана выратаваць Хэма. І яго сутыкненне з Ботасам у першым павароце, што здарылася пасля таго, як ён правымі коламі зачапіў траву, паспрыяла далейшаму поспеху Льюіса.

Пад канец абвешчанага пасля гэтага здарэння рэжыму чырвонага сцяга усім кругавым было дазволена вярнуцца ў адзін круг з лідарам. А паколькі Хэмілтан на той момант займаў дзявятую пазіцыю, гонка для яго пачыналася нанова.

Рэстарт даваўся не з месца, а з ходу, але вырашальнага значэння гэта не мела. Зразумела было, што Ферстапен (які, дарэчы, ледзь сам не вылецеў з трасы ззаду аўтамабіля бяспекі) наўрад ці прапусціць наперад Шарля Леклера, які пасля ўсіх перыпетый апынуўся на другой пазіцыі. А калі нават і прапусціць, то наўрад ці надоўга.

Дый пілота Ferrari самога хутка атакаваў і абагнаў Норыс, які быў неверагодна хуткім у гоначным рэжыме і адыгрываў пазіцыі, карыстаючыся зусім не толькі няўдачамі супернікаў. Ланда быў значна хутчэйшым і за свайго напарніка па McLaren Даніэля Рыкарда, і калі брытанец дагнаў аўстралійца, апошняга каманда папрасіла саступіць пазіцыю. Як выявілася, недарэмна. Бо адзіным, каму акрамя Ферстапена Норыс саступіў, быў Хэмілтан.

Сяміразовы чэмпіён адыгрываў адну пазіцыю за адной, не сустракаючы амаль ніякага супраціву з боку супернікаў. І за чатыры кругі да фінішу паспяхова атакаваў ужо і Ланда, заняўшы ў выніку другое месца. І дзякаваць за яго Льюіс мусіць Норыса. Ды ўвесь Mercedes мусіць гэта рабіць! Бо толькі Хэмілтан учора і быў здольны прынесці ачкі сваёй камандзе.

Ботас жа, будзем справядлівымі, праводзіў Гран-пры Эмільі-Раманьі непераканаўча. У пятніцу ён яшчэ неяк узначаліў пратаколы абедзвюх сесій свабодных заездаў, але ўжо ў суботу быў бледным ценем самога сябе днём раней, і кваліфікаваўся толькі восьмым. А ў гонцы на момант свайго сутыкнення з Расэлам займаў увогуле дзявятую пазіцыю, за круг да гэтага саступіўшы Лэнсу Стролу з Aston Martin.

Ну а затым яго атакаваў пілот Williams – вы маглі б такое ўявіць сабе мінулай восенню, напрыклад, таксама на Гран-пры Эмільі-Раманьі? Іншымі словамі, было зразумела, што на ачкі Валтары не ішоў у любым выпадку. Таму сваім вар’яцкім манеўрам Расэл у выніку толькі дапамог Хэмілтану і камандзе Mercdes. У іншым выпадку Льюіс так і задаволіўся бы дзявятым месцам.

Дарэчы, варта звярнуць увагу і на форму калектыву Williams. Здаецца, яго зацяжны крызіс завяршаецца. Дастаткова сказаць, што толькі яго баліды адносна мінулагодніх не толькі не запаволілілся пасля карэктыровак тэхнічнага рэгламенту, а сталі нават хутчэйшымі. І ў Імале Расэл і Лаціфі абодва ўпэўнена прайшлі ў другі кваліфікацыйны сегмент. Ну а ў гонцы Джордж гэтак жа ўпэўнена змагаўся за першыя па-сапраўднаму баявыя для Williams ачкі за некалькі апошніх гадоў.

Таму ў словах Тота Вольфа аб тым, што ўчора Расэл быў бліжэй да Кубку Renault Clio чым да каманды Mercedes, было болей жарту. Канечне, такія здарэнні вельмі непажаданыя хаця б з гледзішча бяспекі – усё ж такі сутыкнуліся Джордж і Валтары на хуткасці за 300 км/г. Аднак факт у тым, што менавіта гэты эпізод дапамог Мерсэдэсу і Хэмілтану мінімізаваць страты.

Канечне, Расэлу не робяць гонару яго паводзіны пасля інцыдэнту: і абразлівая пстрычка па шлеме Ботаса, і славесны наезд на фіна ў інтэрв’ю па гарачых слядах. Але пазней Джородж прызнаў, што і сам быў занадта рэзкім, і што Валтары ў аварыі не вінаваты (хоць і сябе цалкам вінаватым не прызнаў). І самае галоўнае – ён на Williams FW43B быў хутчэйшым за Ботаса на Mercedes-AMG W12 E Performance і амаль паспяхова яго атакаваў.

Так што наўрад ці ўчора Джордж панізіў свае каціроўкі ў Mercedes. Хутчэй, пасля цвярозага разору ў Срэбраных Стрэлах прыйдуць да высновы, што стратэгічна Расэл ім толькі дапамог. І прымуць пэўныя кадравыя рашэнні на наступны год.

Што ж да астатніх каманд, то тут пытанняў болей. У Red Bull наўрад ці могуць быць задаволенымі вынікам Перэса. Па хуткасці Чэка быццам бы і не надта саступаў Ферстапену, які перамог, але нарабіў зашмат памылак. Мексіканец двойчы вылятаў з трасы, а пасля першага вылету вярнуў сабе дзве страчаныя пазіцыі пад аўтамабілем бяспекі, за што атрымаў дзесяцісекундны штраф. Яго выніковая адзінаццатая пазіцыя – зусім не тое, на што разлічвае ён сам і яго цяперашняя каманда.

Пакуль што няма чым хваліцца на фоне напарніка і Рыкарда. Норыс другую гонку запар фінішуе на подыуме, тады як сам Дэн саступае і яму, і абодвум пілотам Ferrari, не ўваходзячы нават у Топ-5. Хоць на ўсіх сваіх мінулых месцах працы аўстраліец побач з тагачаснымі напарнікамі (адным з якіх быў і Ферстапен) выглядаў зусім нядрэнна. Застаецца толькі спадзявацца, што мы яшчэ пабачым моцнага і хуткага Рыкарда і ў складзе McLaren.

А вось за Ferrari ўжо можна парадавацца – хоць Шарль Леклер і Карлас Сайнс і выляталі ўчора абодва, але фінішавалі чацвёртым і пятым адпаведна. Да таго ж супернікаў манэгаск і іспанец актыўна абганялі самі, а не толькі карысталіся іх памылкамі, вылетамі і сходамі. Мінулагодняй ганьбы болей не назіраецца. Тады як у Alpine, напрыклад, усё пакуль не надта добра – Фернанда Алонса ўчора першае пасля вяртання ў Формулу-1 ачко здабыў толькі дзякуючы 30-секунднаму штрафу Кімі Райканена (чэмпіён 2007 году з Alfa Romeo парушыў працэдуру рэстарту), дый Эстэбан Акон фінішаваў толькі на пазіцыю вышэй.

Крыху лепей сітуацыя ў Aston Martin, але і тут у стане здабываць ачкі пакуль што толькі Строл, які заняў учора восьмае месца. Пры гэтым ён атрымаў 5-секундны штраф за абгон за межамі трасы, прапусціўшы на сёмую пазіцыю, на якой сам фізічна фінішаваў, пілота AlphaTauri П’ера Гаслі. Себасцьян Фетэль жа ўчора на момант свайго сходу з дыстанцыі праз праблемы са скрыняй перадач займаў толькі трынаццатую пазіцыю.

Вяртаючыся ж да лідараў чэмпіянату, варта адзначыць, што Хэмілтан учора стаў аўтарам хутчэйшага круга ў гонцы, што прынесла яму адзін бонусны бал. Таму ён па-ранейшаму ўзначальвае асабісты залік, маючы 44 ачкі. Аднак Ферстапен саступае яму ўсяго адно ачко. Ну а Норыс пакрысе замацоўваецца на трэцяй пазіцыі – у яго 27 ачкоў.

У Кубку канструктараў з 60 ачкамі лідзіруе Mercedes. Red Bull Racing мае 53 ачкі і размяшчаецца на другой пазіцыі, трэцюю, маючы 41 ачко, займае McLaren.

Пасля першых двух этапаў новага сезону ўсё падобнае на тое, што ў Формуле-1 на самой справе пасля шмат гадоў адрадзілася інтрыга. І на гэтым добрыя навіны не сканчаюцца. Учора ж было аб’яўлена, што ўжо з наступнага году ў календары чэмпіянату свету з’явіцца яшчэ адзін этап у Паўночнай Амерыцы і ЗША – Гран-пры Маямі. Кантракт з яго прамоўтэрамі падпісаны на 10 гадоў.

Дакладная дата новага этапу пакуль не вызначаная. Прэзідэнт Формулы-1 Стэфана Даменікалі адзначыў толькі, што правесці яго плануецца ў другім квартале году. Хутчэй за ўсё, суседнічаць ён будзе з Гран-пры Канады, правядзенне якога ў гэтым годзе, дарэчы, пад пытаннем. Затое вызначанае месца – наваколлі стадыёну Hard Rock Stadium. Канфігурацыя таксама ўжо вядомая (яна на малюнку ніжэй): даўжыня кругу складзе 5,41 км, на ім будзе 19 паваротаў тры прамых і патэнцыйна столькі ж зон DRS. Разліковая максімальная хуткасць складзе 320 км/г.

Ну а наступны этап бягучага сезону – Гран-пры Партугаліі – адбудзецца праз два тыдні, 30 красавіка – 2 мая. Яго зноў прыме траса Альгарвэ ў Парцімане, якая ўчора ж прымала і трэці этап чэмпіянату MotoGP, таксама партугальскі Вялікі Прыз. Заўтра разбяром і яго падзеі – сачыце за публікацыямі на «Гоначнай псіхапатыі»!

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+10
Написать комментарий
Реклама 18+