Лідары забуксавалі на старце

Фота: europeanlemansseries.com

Першы этап новага сезону Еўрапейскай серыі Ле Ман прайшоў цяжка для яго фаварытаў. Тады як навічкі – каманда Orlen Team WRT – перамаглі за яўнай перавагай.

Сусветныя і лакальныя гоначныя серыі праз пандэмія, якая працягваецца, пакуль што калбасіць – іх арганізатары вымушаныя карэктаваць календары на хаду. Напрыклад, сусветны Супербайк ужо немаведама колькі разоў пераносіў свой старт, і цяпер мусіць пачацца толькі ў канцы мая.

А чэмпіянат свету па гонках на цягавітасць (старэйшы брат ELMS) мусіў быў пачацца ў красавіку, а пачнецца таксама ў маі, але хаця б у самым яго пачатку – у першы дзень месяца адбудзецца гонка 6 гадзін Спа. Аднак яго жамчужына – гонка 24 гадзіны Ле Мана – зноў перанесеная. Праўда, цяпер ужо на жнівень, а не на верасень, як мінулагодняя. У сярэдзіне ж чэрвеня, калі яна праходзіць звычайна, WEC правядзе гонку 8 гадзін Парцімана.

Затое новы сезон еўрапейскіх доўгіх гонак пачаўся ў адпаведнасці з першапачатковым планам – першы этап, якім сталі 4 гадзіны Барселоны, прайшоў у мінулыя выхадныя. І прайшоў ужо крыху па-новаму.

Па-першае, чатырохлітровыя атмасферныя рухавікі V8 Gibson, аднолькавыя для ўсіх прататыпаў галоўнай тутэйшай катэгорыі LM P2, цяпер прыдушаныя, і замест ранейшых прыкладна 610 к.с. развіваюць каля 550.

Не зусім зразумела, праўда, навошта гэта распаўсюджана і на ELMS. Гэта ў WEC у старой спецыфікацыі машыны LM P2 былі б блізкія па магутнасці і хуткасці да новых топавых прататыпаў Hypercars, сілавыя ўстаноўкі якіх будуць развіваць каля 680 сіл. У Еўрапейскай серыі ж яны і самі топавыя. Тым не менш арганізатары Ле Мана, WEC і ELMS – Міжнародная аўтафедэрацыя і Заходні аўтамабільны клуб (Францыя) – пайшлі на ўніфікацыю тэхнікі ў абедзвюх серыях.

Па-другое, сярод экіпажаў усё той жа катэгорыі LM P2 у ELMS ўведзены асобны залік Pro/Am. У яго трапляюць умоўна аматарскія экіпажы, напрыклад, з цалкам бронзавых па класіфікацыі WEC і ELMS гоншчыкаў (акрамя такіх ёсць таксама срэбраныя, залатыя і плацінавыя – па ступені прафесіяналізму і гоначнага досведу). Для прызёраў гэтага заліку пасля кожнай гонкі арганізуецца асобны подыум, таксама экіпажы і каманды атрымліваюць ачкі ў асобны залік і ўзнагароджваюцца ў канцы сезону.

У мінулым жа сезоне класіфікацыя была болей традыцыйнай – з асабістым і камандным залікамі ў кожнай з трох катэгорый. І ў LM P2 дзейснымі чэмпіёнамі з’яўляюцца каманда United Autosports і яе пілоты Філ Хансан і Феліпэ Альбукерке. Другі, праўда, у ELMS болей не удзельнічае, а першага ў какпіце Oreca 07 цяпер змяняюць паўднёваафрыканец Джонатан Абердэйн і брытанец (суайчыннік Хансана) Том Гамбл (яны выступаюць пад стартавым нумарам 22).

Толькі вось калектыўнага досведу ім не хапіла, каб пачаць сезон з перамогі. Не першынствавалі Хансан, Абердэйн і Гамбл і ў кваліфікацыі, дзе паказалі толькі шосты вынік. Поўл жа дастаўся экіпажу расійскай каманды G-Drive Racing у складзе расіяніна Рамана Русінава, аргенцінца Франка Калапінта і нідэрландца Ніка дэ Врыса (экіпаж №26).

Дэ Врыс вядомы нам, у прыватнасці, па чэмпіянаце Формула Е. І менавіта ён і стаў аўтарам поўлу для свайго экіпажа. Толькі канвертаваць яго у перамогу не атрымалася. Першая стартавая пазіцыя ў доўгіх гонках увогуле амаль нічога не гарантуе, асабіста калі яе ўладальнік яшчэ і правілы парушае.

Здарылася гэта і з Русінавым, які пачынаў гонку, і на яе старце наўпрост на стартавай прамой, калі заезд з секунды на секунду меўся пачацца, вырашыў прагрэць тармазы свайго прататыпа. У выніку экіпажы, што рухаліся за ім, самі вымушаныя былі адтарможвацца, і стартавы лад быў парушаны.

За гэта дваццаць шосты экіпаж пазней быў пакараны праездам па піт-лэйне. І ладна б, калі б толькі за гэта! На адным з піт-стопаў механікі каманды парушылі правілы бяспекі, у выніку чаго знятае з машыны кола пакацілася ў бок хуткага сектару і не патрапіла на яго толькі таму, што адскочыла ад машыны G-Drive, што як раз у гэты момант пачала рухацца, завяршыўшы піт-стоп.

Суддзі і за гэты эпізод адправілі экіпаж Русінава, Калапінта і дэ Врыса на штрафны праезд праз боксы. Зразумела, што пра перамогу для дваццаць шостай машыны ў G-Drive ужо не марылі. Не факт, праўда, што без штрафаў яе гоншчыкі спаборнічалі б з канкурэнтамі менавіта за першае месца на фінішы. Надта ўжо моцнымі былі ў тым ліку навічкі серыі – калектыў Orlen Team WRT.

Але ўсё адносна. Калі каманда WRT ўдзельнічае ў ELMS першы год, то яе экіпаж у складзе швейцарца Луі Дэлетраза, паляка Роберта Кубіцы і кітайца Е Іфэя (стартавы нумар 41) вельмі дасведчаны ў гонках рознага ўзроўню, уключаючы Формулу-1 (Кубіца, калі хто забыўся, яшчэ нядаўна выступаў у Вялікіх Прызах). Таму не дзіўна, што і ў кваліфікацыі яны былі другімі, і ў гонцы перахапілі ў экіпажа G-Drive лідарства ў выніку барацьбы на трасе.

Русінаў, Калапінта і дэ Врыс крыху пазней саступілі пазіцыю і Хансану, Абердэйну і Гамблу – Хансан абагнаў Русінава ў першым павароце. А вось што за сорак першым экіпажам у дваццаць другога не атрымалася ўгнацца – даволі дзіўна. Болей за гэта, дваццаць другі экіпаж пазней прапусціў наперад і канкурэнтаў з каманды Panis Racing Жульена Каналя, Вільяма Сцівэнса і Джэймса Алена (стартавы нумар 65), фінішаваўшы толькі трэцімі.

У United Autosports у мінулы ўік-энд увогуле справы неяк не клеіліся. На самым старце гонкі прататып іх другога экіпажу ў складзе Йоба ван Уітэрта, Нікала Жамэна і Мануэля Мальданада (стартавы нумар 32) вылецеў з трасы ў другім павароце. Як пазней прызнаўся Жамінэ, які ў той момант знаходзіўся за стырном, ён памыліўся, не паспеўшы прагрэць шыны. Іх экіпаж фінішаваў толькі дзявятым.

Ну а Дэлетраз, Кубіца і Іфэй з ходу атрымалі першую перамогу ў абсалютным заліку гонкі Еўрапейскай серыі Ле Ман. Шкада толькі, што як мінімум на першым этапе новага сезону WEC яны не заяўленыя – з імі дакладна было б цікавей. Хаця стартавы ліст сутачнага марафону ў Ле Мане яшчэ не сфармаваны, і патрапіць туды швейцарска-польска-кітайскае трыа мае тэарэтычныя шанцы.

Ёсць яны і ў Нікаласа Маўліні, Мэцью Бэла і Нікласа Круэтэна (экіпаж №19), якія ў Барселоне перамаглі ў малодшай катэгорыі прататыпаў LM P3. Аднак гоншчыкам Cool Racing дакладна прыдзецца тады заяўляцца ў іншыя каманды з іншай тэхнікай – у чэмпіянаце свету прадстаўленыя толькі Гіперкары, што замянілі катэгорыю LM P1, і машыны LM P2.

Затое ўжо на першым этапе Еўрапейскай серыі швейцарац, брытанец і немец адвялі душу! Стартавалі яны толькі дзявятымі ў сваёй катэгорыі, ды яшчэ і згубілі дзве пазіцыі на пачатку гонкі. Аднак затым прарваліся на пятую пазіцыю, а да сканчэння першай гадзіны былі ўжо чацвёртымі. Затым яны скарысталіся праблемамі з электрыкай на Ligier JS P320 с двойкай на борце каманды United Autosports (экіпаж Уэйна Болда, Роберта Уэлдана і Эдуарда Когопа), а таксама штрафным праездам па піт-лэйне за перавышэнне хуткасці на ім экіпажа RLR MSport Мікаэла Бэнхама, Алекса Кападзіі і Малтэ Якабсэна (стартавы нумар 15).

А калі Маўліні за стырном замяніў Круэтэн, ён пачаў па чатыры секунды за круг адыгрываць у гоншчыка DKR Engineering Алена Берга (на прататыпе Duqueine M30 – D08 пад нумарам 4 ён выступае разам з Лорэнцам Хёрам). І калі яго ў сваю чаргу ў какпіце змяняў Бэл, то ад былой 80-секунднай перавагі экіпажу DKR Engineering заставалася ўсяго пяць секунд.

Пераможны абгон Бэл здзейсніў за 24 хвіліны да фінішу. Зрэшты, пад канец гонкі тэмп ў Берга і Хёра зусім некуды знік – яны згубілі яшчэ некалькі пазіцый і фінішавалі толькі пятымі. Другое ж месца дасталася згаданаму вышэй экіпажу RLR MSport, а замкнулі першую тройку Марцін Хіпэ і Уго дэ Вільдэ з Inter Europol Competition, якія выступаюць пад нумарам 13.

Камандзе United Autosports не пашанцавала і тут: Джэймс МакГуайр, Данкан Тапі і Эндру Бэнтлі (трэці стартавы нумар), якія пачыналі гонку з поўлу, фінішавалі толькі адзінаццатымі ў класе. А іх згаданыя вышэй партнёры праз механічныя праблемы згубілі ў боксах некалькі кругоў, заняўшы ў выніку трыццаць шостае месца ў абсалюце і прапусціўшы наперад цэлы шэраг экіпажаў з кузаўной катэгорыі LM GTE.

Вось дзе ў пераможцаў ад пачатку не было ніякіх праблем! Пачыналі гонку Матэа Крэсоні, Рына Мастранардзі і Мігель Маліна з Iron Lynx (аўтамабіль Ferrari F488 GTE EVO, стартавы нумар 80) з другой пазіцыі, аднак на старце скарысталіся сумятнёй, што ўтварыў Русінаў, і абышлі экіпаж №77 Крысціяна Рыда, Джанмарыі Бруні і Джэксана Эванса з каманды Proton Competition). На другую пазіцыю, абагнаўшы машыну Porsche 911 RSR - 19 пратонаўцаў, падняліся былі партнёры будучых пераможцаў па камандзе Клаўдыё Скіавоні, Джорджыа Сэрнаджыота і Паўло Рубэрці, якія выступаюць пад шасцідзясятым нумарам.

На рэстарце пасля рэжыму аўтамабіля бяспекі на першых кругах яны нават самі паспрабавалі ўзначаліць пелатон у сваім класе, пакуль былыя лідары з Proton Competition бароліся за трэцюю пазіцыю з яшчэ адным – чыста жаночым – экіпажам Iron Lynx у складзе Рахель Фрэй, Мішэль Гацінг і Эсмэ Хоўкі (стартавы нумар 83), і на некаторы час саступілі яе. Аднак затым семдзесят сёмы экіпаж знайшоў свой тэмп і, не гледзячы нават на вібрацыі, якія ўзніклі ў левай задняй частцы аўтамабіля, здолелі адыграць дзве пазіцыі і фінішаваць другімі. Трэцяе месца заняў пяцьдзесят пяты экіпаж каманды Spirit Of Race у складзе Данкана Кэмерона, Мэцью Грыфіна і Дэвіда Перэла (Ferrari F488 GTE EVO).

На момант падрыхтоўкі гэтага артыкулу на афіцыйным сайце ELMS не была даступная турнірная класіфікацыя пасля першага этапу. Але наўрад ці мы памылімся, калі выкажам здагадку, што яна цалкам адпавядае фінішнаму пратаколу гонкі. Адзінае што мы не ведаем, колькі каму налічана ачкоў, аднак гэта ўсё роўна будзе актуальным толькі да наступнага этапу. А ён ужо не за гарамі – яго 14-16 мая будзе прымаць траса Рэд Бул Рынг у аўстрыйскім Шпільбергу.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+10
Написать комментарий
Реклама 18+