Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Электрапрыз Валенсіі як дапаможнік па пераўтварэнні гонак у фарс

Электрапрыз Валенсіі як дапаможнік па пераўтварэнні гонак у фарс

Я шмат крытыкую чэмпіянат Formula E. Але не за тое, што гэта электрычныя гонкі, а за правілы, якія ў ёй дзейнічаюць. А суботняя гонка ў Валенсіі дала прычыну павыскаляцца на гэты конт нават прыхільнікам Электраформулы.

26 апреля 2021, 18:42
Электрапрыз Валенсіі як дапаможнік па пераўтварэнні гонак у фарс

Фота: fiaformulae.com

Я шмат крытыкую чэмпіянат Formula E. Але не за тое, што гэта электрычныя гонкі, а за правілы, якія ў ёй дзейнічаюць. А суботняя гонка ў Валенсіі дала прычыну павыскаляцца на гэты конт нават прыхільнікам Электраформулы.

Арганізатарам Формулы Е лепей бы найперш вызначыцца, пра што іх чэмпіянат: пра гонкі з напружанай барацьбой ад старту да фінішу, атакамі і абгонамі альбо пра эканомію энергіі ў батарэях. Нічога дрэннага ў другім выпадку, насамрэч, няма. Спаборніцтвы па эфектыўным і эканамічным кіраванні праводзяцца і маюць вялікае значэнне для тэхнічнага прагрэсу. Але ж усе мы прывыклі, што гонкі пад эгідаю FIA – гэта менавіта гонкі. З напружанай барацьбой ад старту да фінішу, атакамі і абгонамі (альбо хаця б імкненнем да гэтага).

У электрычнай жа Формуле арганізатары пайшлі іншым шляхам. Замест таго, каб стымуляваць барацьбу і абгоны, яны прымушаюць гоншчыкаў ехаць «шэптам» у выпадках, калі на трасу выязджае аўтамабіль бяспекі. Бо пасля яго рэжыму павужаюць колькасць даступнай энергіі ў батарэях электрабалідаў. І тады пад фініш пытанне аб пераможцы калі і паўстае, то толькі з гледзішча таго, хто ўвогуле даедзе да фінішу, а не ўстане на трасе з «абсохлым бакам».

А яшчэ там караюць пілотаў за тое, што яны не скарысталіся ўсімі рэжымамі максімальнай атакі. Нагадаю, што гоншчыкі Формулы Е абавязаныя гэта рабіць два ці тры разы за гонку (індывідуальна для кожнай). Ну а калі не паспелі – атрымліваюць спагнанні і пазбаўляюцца заваяваных месцаў і ачкоў. І нікога не хвалюе, што, можа, пілот проста не паспеў гэта зрабіць, бо заезд, напрыклад, быў заўчасна спынены чырвоным сцягам – гэта яго праблемы.

Пры гэтым пераглядаць гэтыя правілы, здаецца, ніхто не збіраецца. Не ідзе гаворкі ні аб тым, каб зрабіць карыстанне рэжымам максімальнай атакі вольным, па жаданні, ні аб тым, каб даваць гоншчыкам карыстацца ўсёй энергіяй у батарэях у любым выпадку. Хоць тая ганьба, што атрымалася на першым з Электрапрызаў Валенсіі ў мінулую суботу, павінна была б наадварот, падштурхнуць арганізатараў серыі да перагляду правілаў.

Добра што хоць з календаром на гэты год цяпер усё зразумела. Этап у Маракешы канчатковы адменены, але затое дабавілася яшчэ восем агулам. 8 мая Формула Е правядзе гонку ў Манака, а затым па дзве пройдуць у Мексікі на трасе ў Пуэбла (19 і 20 чэрвеня), Нью-Йорку (10 і 11 ліпеня), Лондане (24 і 25 ліпеня) і Берліне (14 і 15 жніўня). Абы яны не былі падобныя на тую самую першую валенсійскую, бо радасці будзе мала.

А як шматспадзеўна ўсё было! І траса не часовая гарадская, а паўнавартасная стацыянарная – Аўтадром імя Рыкарда Торма, хай сабе і ў скарочанай версіі з дадатковай часовай шыканай на галоўнай прамой. І дождж, які заўжды робіць гонкі цікавымі (успамінаем Гран-пры Эмільі-Раманьі Формулы-1 і старт сезону GT World Challenge Europe у Монцы) і які ішоў у Валенсіі ў суботу. Праз яго гонка Формулы Е пачалася ў рэжыме аўтамабіля бяспекі, але ён вадзіў за сабою пелатон цягам толькі аднаго круга, пасля якога пачалася рэальная барацьба.

Лідарства без праблем утрымаў гоншчык DS TECHEETAH Антоніу Фелікс да Кошта, які і стартаваў з поўла, а за яго спінай пачалі барацьбу за другую пазіцыю Алекс Лін з Mahindra Racing і Максіміліан Гюнтэр з BMW i Andretti Motorsport. Але тут першае ўкладанне ў фінішную неразбярыху ўнёс пілот Porsche Андрэ Лотэрэр, які на тармажэнні перад той самай часовай шыканай на галоўнай прамой змагаўся з адным супернікам, а вынес, памыліўшыся, былога чэмпіёна Электраформулы Себасцьена Буэмі з Nissan e.dams.

Вось каму апроч суддзяў увечары суботы доўга ікалася. Лотэрэр і швейцарцу гонку сапсаваў (той захрас у гравіі і вымушаны быў сысці з дыстанцыі), і трасу заблакаваў, праз што іншыя ўдзельнікі былі вымушаныя аб’язджаць пробку па гравіі і таксама гублялі пазіцыі. Ну і, вядома, на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, у выпадку чаго суддзі ў першы раз абмежавалі колькасць даступнай энергіі.

Ну а паколькі здарэнняў падчас гонкі пятага этапу было шмат (праз адно з барацьбы выбыў і Гюнтэр), то і пэйс-кар узначальваў пелатон неаднаразова. І кожны раз суддзі пазбаўлялі ўдзельнікаў заезду па некалькі кілават-гадзін. У выніку да Кошта, які аб’ектыўна заслугоўваў перамогу болей за астатніх, на апошнім кругу застаўся з нулём у батарэі свайго баліду, згубіў шмат пазіцый і быў дыскваліфікаваны. Як і Лін, і Олівер Роўланд, і Алекс Сімс, і Сэм Бёрд.

Перамогу ж у выніку атрымаў гоншчык Mercedes-EQ Нік дэ Врыс, які ішоў у пелатоне і мог эканоміць зарад ў аэрадынамічных ценях ззаду канкурэнтаў. А другім – нечакана для многіх – фінішаваў пілот Dragon/Penske Autosport Ніка Мюлер, які стартаваў перадапошнім, але ў гонцы і сам актыўна бароўся, і непрыемнасцей пазбег, і ўдала скарыстаўся тымі, якія зваліліся на галовы супернікаў. Замкнуў першую тройку напарнік дэ Врыса Стофель Вандорн, які стартаваў пятым.

Нядзельная гонка на гэтым фоне была ледзь не прыкладам судзейскага лібералізму. Хоць і яна без умяшання з боку сцюардаў не абышлася – пад пакаранне патрапіў Вандорн, які быў пазбаўлены поўла за парушэнне правілаў маркіроўкі шын. Але гэта лічыцца сур’ёзным парушэннем ва ўсіх чэмпіянатах, так што не будзем надта наракаць тут на Формулу Е. У яе сваіх хібаў багата.

Гоначны заезд шостага этапу быў у большай ступені пазіцыйным і меней напружаным. Траса была ўжо сухой, таму старт прайшоў у звычайным рэжыме. Значных перастановак у пелатоне не было, а першая тройка дык увогуле фінішавала ў тым жа парадку, у якім і стартавала. Такім чынам, першую ў кар’еры перамогу атрымаў гоншчык BMW i Andretti Motorsport Джэйк Дэніс. Брытанец увогуле набраў першыя ачкі ў Формуле Е. Другое месца заняў Лотэрэр, трэцім стаў Лін.

Аднак галоўнай праблемай у электрычным чэмпіянаце застаюцца яго правілы. І калі арганізаітары серыі на чале з Алехандра Агагам не наважацца іх змяніць, канкурэнтам формуле першай формула электрычная дакладна не будзе. Ці як мінімум не будзе дужа прывабнай для новых вытворцаў і гоншчыкаў.

Пасля двух этапаў у Валенсіі ў асабістым заліку Формулы Е лідзіруе дэ Врыс, у якога 57 ачкоў. Дзевяць заліковых балаў яму саступае Вандорн, які размяшчаецца на другой пазіцыі. Фармальна замыкае першую тройку з 43 ачкамі Сэм Бёрд, для якога візіт у Іспанію выйшаў няўдалым (ачкоў брытанец не набраў і ў нядзелю, фінішаваўшы чатырнаццатым), але ў Робіна Фрайнса з ім аднолькавая колькасць балаў.

Камандны залік цяпер узначальвае Mercedes, чыі пілоты разам зарабілі ўжо 105 ачкоў. Jaguar, у якога па-ранейшаму 82 ачкі, апусціўся на другую пазіцыю, але пакуль што моцна апярэджвае бліжэйшага пераследніка, якім цяпер з 58 ачкамі з’яўляецца калектыў Envision Virgin Racing.

Свой наступны этап Формула Е, як адзначалася вышэй, правядзе 8 мая ў Манака. Прычым у гэтым годзе электрычныя гонкі пройдуць на той жа канфігурацыі трасы, што выкарыстоўваецца і на Гран-пры Формулы-1. Будзем спадзявацца, такой жа прыгожай, як само Княства будзе і барацьба на трасе, дзе пілоты будуць спаборнічаць паміж сабою, а не эканоміць энергію.

Другие посты блога

Все посты