Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вяртанне на кругі свая?

Вяртанне на кругі свая?

Льюіс Хэмілтан перамог на Гран Пры Партугаліі, не сустрэўшы істотнага супраціву з боку супернікаў. Ці значыць гэта, што інтрыга ў Формуле-1 памерла, толькі нарадзіўшыся?

Вяртанне на кругі свая?

Фота: formula1.com

Льюіс Хэмілтан перамог на Гран Пры Партугаліі, не сустрэўшы істотнага супраціву з боку супернікаў. Ці значыць гэта, што інтрыга ў Формуле-1 памерла, толькі нарадзіўшыся?

Сапраўды, на трасе Альгарвэ ў Парцімане Red Bull ужо не меў такой перавагі над Мерсэдэсам, якую мы бачылі на першых двух этапах гэтага сезону. Макс Ферстапен здолеў бліснуць лепшым вынікам толькі ў суботняй сесіі свабодных заездаў, а ўжо ў кваліфікацыі саступіў і Льюісу Хэмілтану, і Валтары Ботасу, якія адзначыліся лепшымі часамі ў пятніцу.

Пры гэтым выніковы пратакол кваліфікацыі ўзначаліў менавіта фінскі пілот Трохпрамянёвай Зоркі. Які з гэтай нагоды ў інтэрв’ю падкрэсліваў, што збіраецца перамагчы, а саступаць каму б там ні было не збіраецца. Што, зрэшты, мы ад Валтары чулі неаднаразова, так што і гэтым разам наўрад ці хто спужаўся.

Хоць стратэгія на ўік-энд у Ботаса была такой жа, які і ў Хэмілтана з Ферстапенам. Свой лепшы вынік у другой частцы кваліфікацыі ён паказаў на шынах сярэдняй жорсткасці, адпаведна, на іх жа і стартаваў з мэтай максімальна адцягнуць момант піт-стопу, які планаваўся адзіным. Толькі да складаных умоў яго напарнік па камандзе прыстасаваўся лепей.

На партугальскую трасу з яе слізкім асфальтам кампанія Pirelli прывезла тры самых жорсткіх тыпу гумы: C1, C2 і C3. Да таго ж зноў умяшалася надвор’е. Дажджу не было, але моцны вецер значна ўскладняў кіраванне балідамі. Дадайце трафік, і зразумееце, чаму, напрыклад, Даніэль Рыкарда не прайшоў нават у другі сегмент, тады як яго напарнік па McLaren Ланда Норыс дайшоў да фіналу і заваяваў сёмую стартавую пазіцыю.

Яшчэ і суддзі бязлітасна штрафавалі тых пілотаў, якія парушалі межы гоначнага палатна. Так што за першы стартавы шэраг Ботасу з Хэмілтанам давялося пазмагацца. А вось у гонцы не давялося…

Ну не лічыць жа спаборніцтвам абгон Валтары Льюісам на дваццатым кругу, нібы фін стаяў. Супрацьпаставіць хуткасці сяміразовага і дзейснага чэмпіёна ў Ботаса не было чаго. Як і ў Ферстапена, якога Хэмілтан абышоў аналагічным чынам – на галоўнай прамой перад першым паваротам – дзевяццю кругамі раней.

Хоць пачыналася ўсё шматспадзеўна. Спачатку на старце Макс пайшоў у атаку на Льюіса, але той адбіўся. А на рэстарце пасля аўтамабіля бяспекі (на трасу ён выехаў на трэцім кругу пасля незразумелай аварыі Кімі Райканена ў выніку яго кантакту з напарнікам па Alfa Romeo Антоніа Джавінацы на галоўнай прамой) на шостым кругу нідэрландзец ліхім манеўрам па вонкавым радыусе ў першым павароце абагнаў брытанца.

Аднак хутка Льюіс выйшаў на свой сапраўдны тэмп. Магчыма, ён здолеў на сваім Mercedes-AMG W12 E Performance вывесці шыны Medium на працоўны рэжым і доўга яго падтрымліваў, не наракаючы на павышаны знос. У выніку ён без праблем разабраўся спачатку з Ферстапенам, затым з Ботасам, і без праблем атрымаў другую перамогу ў сезоне і дзевяноста сёмую ў кар’еры.

Ну а Ферстапену з Ботасам толькі і заставалася, што гуляцца ў ралі. Бо рэальная барацьба паміж імі атрымалася толькі на трыццаць сёмым кругу пасля планавага піт-стопу Валтары, на які ён заехаў кругам пасля прыпынку ў боксах Макса (абодва, як і Хэмілтан, пераабуліся ў шыны Hard). Пілот Red Bull тады ў пятым павароце абагнаў канкурэнта з Mercedes і пачаў ад яго адрывацца.

 Да сваіх піт-стопаў жа і пасля іх абодва мелі праблемы. Спачатку Максу нават з дапамогай DRS не ўдавалася праз праблемы з пераключэннем на трэцюю перадачу выйсці на дыстанцыю рэальнай атакі. А затым ужо Валтары пачаў быў наганяць Ферстапена, але за адзінаццаць кругоў да фінішу датчык перагрэву выхлапной сістэмы яго баліда абмежаваў магутнасць, праз што фін запаволіўся на дзве секунды.

Добра што хоць праблема была кароткачасовай, і з дыстанцыі Ботас не сышоў. А паколькі яго бліжэйшы пераследнік, якім пад канец гонкі з’яўляўся напарнік Ферстапена Серхіа Перэс, быў далёка, фін змог правесці гэтак званы бясплатны піт-стоп – без страты пазіцый. Свежы камплект шын Soft даў Валтары магчымасць стаць аўтарам хутчэйшага кругу гонкі і зарабіць дадатковае ачко.

Адказаць на гэта паспрабавалі і ў Red Bull, паклікаўшы Ферстапена ў боксы на перадапошнім кругу. «Ралійны доп» у Макса заставаўся адзіны – апошні круг. На якім ён паспеў перапісаць лепшы круг на сваё імя, але – з парушэннем меж трасы ў чатырнаццатым павароце! Таму суддзі дасягненне нідэрландца анулявалі, пазбавіўшы яго і бонуснага балу, які застаўся на рахунку Ботаса.

Так што з Партугаліі Макс увёз толькі васямнаццаць ачкоў за другое месца. Праўда, Ботаса, які фінішаваў трэцім, дадатковае ачко не надта ўзрадавала – ён відавочна разлічваў перамагчы і падняцца вышэй у чэмпіянаце, дзе падняўся і так, але толькі на чацвёртую пазіцыю, якую займае з 32 ачкамі. Трэцюю, маючы 37 ачкоў, па-ранейшаму займае Норыс, які нядрэнна выступіў у Парцімане, фінішаваўшы пятым (Рыкарда, дарэчы, змог прарвацца на дзевятае месца). Ферстапен застаецца на другой пазіцыі і, на самой справе, саступае Хэмілтану, які лідзіруе, не так і шмат – у яго 61 ачко супраць 69 у брытанца.

У Кубку канструктараў становішча Red Bull, які займае другую пазіцыю, болей складанае – у яго 83 ачкі, тады як у Mercedes, які ўзначальвае табліцу, ужо 101. У McLaren, які працягвае замыкаць першую тройку, 53 ачкі.

Ці значыць гэта, што ў Формуле-1 усё вярнулася на кругі свая, і Mercedes зноў дамінуе і нікому не пакіне шанцаў на перамогу? Зусім не абавязкова. І нават вынікі партугальскага Гран Пры пра гэта сведчаць. Калі б Ферстапен не заехаў на другі піт-стоп, то на фінішы саступіў бы Хэмілтану крыху болей пяці секунд – столькі ж і нават болей у мінулыя гады Льюісу часта саступалі і Ботас, і Ніка Росберг.

Хутчэй варта казаць пра раўнавагу паміж Мерсэдэсам і Red Bull. На адных трасах у адных умовах перавагу будуць мець адны, на іншых трасах у адрозных умовах яна будзе перахадзіць да іншых.

Трэба таксама мець на ўвазе, што балід Формулы-1 – тонкі інструмент. Ён часам рэагуе нават на нязначныя змяненні вонкавых умоў. Тэмпература паветра і асфальту, моц і напрамак ветру могуць паўплываць на вынік асобнай гонкі самым нечаканым чынам.

А трас і гонак наперадзе ў гэтым годзе яшчэ шмат, таму што арганізатары чэмпіянату свету, яго каманды і Міжнародная аўтамабільная федэрацыя зацвердзілі фармат суботніх спрынтэрскіх гонак, якія будуць праводзіцца замест традыцыйных кваліфікацый.

Дакладней, кваліфікацыі захаваюцца ў любым выпадку, але перад суботнімі 100-кіламетровымі спрынтэрскімі заездамі яны будуць праводзіцца ў пятніцу, пасля 60-хвілінных ранішніх трэніровак. Ну а фінішным пратаколам кваліфікацыйных гонак будуць адпавядаць стартавыя рашоткі асноўных нядзельных гонак. Ачкі ж у іх будуць атрымліваць толькі пераможцы і прызёры – ад аднаго за трэцяе месца да трох за першае.

Ужо вызначаныя і правілы выдзялення шын камандам і карыстання імі, і правілы Закрытага парку на Гран Пры з кваліфікацыйнымі гонкамі. У гэтым годзе новы фармат будзе апрабаваны на трох этапах, два з якіх будуць еўрапейскімі, а з іх першым будзе Гран Пры Велікабрытаніі, які пройдзе 16-18 ліпеня на трасе Сільверстоўн.

Было б цікава пабачыць спрынтэрскую гонку і на Аўтадроме імя Жыля Вільнёва ў Манрэалі. Але, нажаль, другі год запар Гран Пры Канады адменены праз пандэмійныя абмежаванні. Аднак паколькі пагроза правядзенню гэтаму этапу існавала даўно, арганізатары Формулы-1 знайшлі яму замену, якой у тыя ж даты (11-13 чэрвеня) стане Гран Пры Турцыі, які зноў будзе прымаць траса ў Стамбуле.

Ну а наступны этап – Гран Пры Іспаніі – адбудзецца на трасе ў Барселоне ўжо ў бліжэйшы уік-энд. І хто на ім будзе мець перавагу, мы толькі ў нядзелю і даведаемся. Інтрыга ў Формуле-1 пакуль што жывая!

Другие посты блога

Все посты