Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/LM P1 памёр! Жыве Гіперкар?

LM P1 памёр! Жыве Гіперкар?

У мінулую суботу гонкай 6 гадзін Спа-Франкаршам свой новы сезон пачаў чэмпіянат свету па гонках на цягавітасць. Пачаў з новай топавай катэгорыяй Hypercars. Аднак рэальных канкурэнтаў завадской камандзе Toyota тут пакуль бракуе.

LM P1 памёр! Жыве Гіперкар?

Фота: fiawec.com

У мінулую суботу гонкай 6 гадзін Спа-Франкаршам свой новы сезон пачаў чэмпіянат свету па гонках на цягавітасць. Пачаў з новай топавай катэгорыяй Hypercars. Аднак рэальных канкурэнтаў завадской камандзе Toyota тут пакуль бракуе.

Увогуле, палачкай-ратавалачкай для WEC з наступнага года стане катэгорыя LMDh, куды змогуць прыходзіць і вытворцы. На стандартызаваныя шасі (пастаўляць іх будуць кампаніі Dallara, Multimatic, Ligier і Oreca) на базе тых, што выкарыстоўваюцца ў малодшай катэгорыі LM P2, са стандартызаванай жа гібрыднай сістэмай (дадатковы электраматор будзе выдаваць 50 конскіх сіл, а сукупная аддача сілавой устаноўкі складзе 500 кВт – 680 к.с.) яны змогуць ставіць уласныя рухавікі ўнутранага згарання і стылізаваць машыны пад свае серыйныя аўтамабілі.

Гэтай магчымасцю ўжо зацікавіліся ў Audi, якая яшчэ некалькі гадоў таму была прадстаўленая ў LM P1 і атрымала трынаццаць перамог ў гонцы 24 гадзіны Ле Мана ў перыяд з 2000 па 2014 год, а таксама ў Porsche. Апошняя кампанія ўчора нават аб’явіла аб дамоўленасці з амерыканскай камандай Team Penske, разам з якой яна і будзе рыхтаваць свой прататып.

Да таго ж што Audi, што Porsche гатовыя пастаўляць свае машыны прыватным камандам, а магчымасці ўдзелу ў гонках на цягавітасць на прататыпах LMDh разглядае яшчэ цэлы шэраг вытворцаў. У прыватнасці, у прэсе згадваліся і канцэрн General Motors, і Ferrari.

Так што напоўненасць стартавай рашоткі ў топавай катэгорыі ў перспектыве будзе сур’ёзнай. І шанцы на перамогу будуць ва ўсіх, бо сапраўдныя гіперкары (асноўнае іх адрозненне ад LMDh ёсць у магчымасці размяшчаць электраматор на пярэдняй восі) будуць роўныя з LMDh і па магутнасці, і па мінімальнай масе (1 030 кг).

Пакуль жа што тая ж Toyota асуджаная спаборнічаць сама з сабою. Амерыканскі вытворца спорткараў Scuderia Cameron Glickenhaus са сваім прататыпам Glickenhaus 007 Le Mans Hypercar яшчэ толькі рыхтуецца да старту, і ў Спа не прыехаў. Магчыма, там паспеюць правесці фінальныя тэсты машыны да наступнага этапу ў партугальскім Парцімане ў чэрвені, але і гэта не факт. Peugeot са сваім гібрыдным прататыпам прыйдзе ў WEC толькі ў наступным годзе, а да анансаваных планаў Коліна Колеса выставіць машыну сваёй каманды, ёю ж распрацаваную, трэба ставіцца з асцярожнасцю.

Вось і атрымалася, што на першым этапе новага – ужо дзявятага – сезону адзіным канкурэнтам японцаў была каманда Alpine ELF Matmut, якая проста даязджае свой апошні сезон, карыстаючы адзіны перароблены пад новыя тэхнічныя патрабаванні мінулагодні прататып LM P1 з маторам Gibson, які дастаўся ёй спадчынай ад каманды Rebellion, што сышла з аўтагонак. Хоць атрымалася ўсё ў яе гоншчыкаў Андрэ Нэграна, Нікаля Лап’ера і Мацьё Ваксів’ера (экіпаж №36) вельмі нядрэнна.

Пачынаўся ж уік-энд у Спа па стандартным і чаканым сцэнарыі. Дзейсныя чэмпіёны Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Хосэ Марыя Лопес на новенькай Toyota GR010-Hybrid пад сёмым стартавым нумарам заваявалі поўл. Кваліфікацыя ў чэмпіянаце свету па гонках на цягавітасць, дарэчы, цяпер мае стандартны выгляд. Лепшы час уяўляе сабою не сярэдні вынік усіх пілотаў экіпажу, як было цягам некалькіх мінулых сезонаў. Цяпер у залік ідзе проста любы хутчэйшы час, не важна, кім паказаны.

І ў выпадку з сёмым экіпажам ён склаў 2:00,747, што ў параўнанні з тэхнікай LM P1 не так ужо і павольна – розніца з лепшым часам кваліфікацыі ў Спа ў 2020-м складае каля паўтары секунды. Цікава з гэтай нагоды, што будзе ў Ле Мане, дзе ў кваліфікацыі старыя прататыпы ў былыя гады па сухой трасе праходзілі круг прыкладна за 3:20-3:15. Тэмп гіперкараў на коле Сартэ арганізатары WEC імкнуцца запаволіць да мэтавых трох з паловай хвілін.

Так ці інакш, Конвэй, Кабаяшы і Лопес, як і іх партнёры па калектыве Себасцьен Буэмі, Казукі Накаджыма і Брэндан Хартлі (восьмы экіпаж) рыхтаваліся да даволі спакойнай гонкі. Аднак выйшла ўсё крыху інакш.

Дарэчы, у Таёце былі незадаволеныя тым, што ў гіперкараў у кваліфікацыйным тэмпе атрымалася не надта вялікая розніца нават з прыдушанымі з 610 да прыкладна 540 к.с. малодшымі прататыпамі LM P2. Ці жарт гэта, калі лепшы экіпаж з гэтай катэгорыі – прадстаўнікі United Autosports USA Філіп Хансан, Фабіа Шэрэр і Феліпэ Альбукерке (нумар 22) – саступілі ўладальнікам поўлу ў абсалюце ўсяго 1,657 секунды?! І нават апярэдзіў адзін экіпаж старэйшай катэгорыі – як раз Нэграна, Лап’ера і Ваксів’ера, размясціўшыся на трэцяй стартавай пазіцыі.

А гонку Хансан, Шэрэр і Альбукерке увогуле пачалі па-баявому – пабадаліся з абедзвюма Таётамі і на кароткі момант нават узначалілі пелатон. Аднак вельмі хутка абодва экіпажа японскай каманды аднавілі статус-кво, а на доўгай дыстанцыі усё роўна саступілі машынам са старэйшай катэгорыі даволі моцна. Затое старэйшы прататып Alpine A480 Нэграна, Лап’ера і Ваксів’ера не мог дагнаць іх Oreca 07 вельмі доўга. А, забягаючы наперад, пераможцам яны прайгралі ўсяго адзін круг, а не некалькі, як бывала ў мінулыя гады. Бо для Таёты ўсё склалася зусім не гладка.

Тое, што экіпаж Alpine часам узначальваў пелатон, не бяда. Не быў бядой і вылет з трасы ў павароце Bruxelles Кабаяшы крыху меней чым за дзве гадзіны да фінішу. Але крыўдным быў, бо вызваленне сёмага прататыпу нават у рэжыме жоўтых сцягоў на ўсёй дыстанцыі заняло цэлы круг. І гэты круг Конвэй, Кабаяшы і Лопес цяпер прайгравалі Нэграну, Лап’еру і Ваксів’еру, якія на той момант лідзіравалі ў гонцы!

Зрэшты, для таётаўскай сямёркі гэта быў адзіны негатыўны момант за ўсе шэсць гадзін. Экіпаж United Autosports Конвэй, Кабаяшы і Лопес пазней дагналі і абагналі, вярнуўшыся ў першую тройку абсалютнага заліку і замкнуўшы яе на фінішы. А Буэмі, Накаджыма і Хартлі без асабістых праблем вярнулі сабе лідарства і пачалі сезон з перамогі.

Нэгран, Лап’ер і Ваксів’ер занялі ў выніку другое месца і нават фінішавалі ў адным кругу з пераможцамі, але адсталі ад іх болей чым на хвіліну. Нажаль, саставіць рэальную канкурэнцыю Таёце каманда Alpine усё ж такі не ў стане.

Звычайна болей напружаная барацьба ідзе ў катэгорыі LM P2, аднак гэтым разам экіпажу United Autosports, які і перамог, тут ніхто нічога супрацьпаставіць аказаўся не ў стане. Бліжэйшыя супернікі Хансана, Шэрэра і Альбукерке – экіпажы каманды Jota ў складзе Раберта Гансалеса, Антоніу Фелікса да Кошты і Энтані Дэвідсана (нумар 38) і Шона Гелаэля, Стофеля Вандорна і Тома Бломквіста (нумар 28), якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна – фінішавалі ў кругу ззаду.

За подыум напэўна пабароліся б экіпажы G-Drive Racing у складзе Рамана Русінава, Франка Калапінта і Ніка дэ Врыса (нумар 26) і Team WRT ў складзе Робіна Фрайнса, Фердінанда Габсбурга-Латрынгена і Шарля Мілесі (нумар 31). Аднак першыя сышлі з дыстанцыі за гадзіну і васямнаццаць хвілін праз уцечку масла, а для другіх гонка праз праблемы са счапленнем скончылася і таго раней – на чацвёртай гадзіне заезду.

Калі ўсё болей ці меней зразумела з будучыняй топавай катэгорыі серыі World Endurance Championship, то перспектывы яе ж катэгорыі кузаўной LM GTE пакуль што туманныя. Тут відавочны крызіс. Напрыклад, з прафесіянальнай катэгорыі LM GTE Pro (яна прызначаная для завадскіх каманд) сышоў калектыў Aston Martin. Арганізатары WEC зараз вырашаюць, што ўвогуле рабіць з гэтым класам, і абяцаюць сфармуляваць сваё бачанне яго будучыні бліжэй да этапу ў Ле Мане ў жніўні.

Тут яшчэ і магчымасці ўдзелу ў чэмпіянаце свету амерыканцаў з Corvette Racing пакуль што моцна абмежаваныя. І не ў апошнюю чаргу праз пандэмію з яе абмежаваннямі. А іх новы – ужо сярэднематорны – Chevrolet Corvette C8.R пакуль што ў большай ступені тэстуецца ў гоначных умовах, не прэтэндуючы на высокія пазіцыі. Вось і ў Спа Антоніа Гарсія і Олівер Гэвін (экіпаж №63) фінішавалі на чацвёртым месцы ў GTE Pro. Перамогу ж аспрэчвалі экіпажы Porsche GT Team і AF Corse Ferrari.

Дакладней, аспрэчвалі яны з большага другую і трэцюю пазіцыі, на якіх, адпаведна, па выніку фінішавалі Алесандра П’ер Гуідзі і Джэймс Калада (экіпаж №51) і Даніэль Сэра і Мігель Маліна на Ferrari 488 GTE Evo. Пры гэтым П’ер Гуідзі з Калада стартавалі чацвёртымі, і па ходу гонкі апярэдзілі не толькі партнёраў па AF Corse, але і дзевяноста першы Porsche 911 RSR-19 Джанмарыі Бруні і Рыхарда Літца, якія фінішавалі пятымі і апошнімі ў катэгорыі.

Італьянска-аўстрыйскаму дуэту, праўда, перашкодзіла сутыкненне з сёмай Таётай, у якім была пашкоджаная задняя правая шына. А вось за штрафны праезд па піт-лэйне ім няма каго вінаваціць акрамя сябе саміх – атрымалі яны яго ад дырэктара гонкі Эдуарду Фрэйташа за парушэнне меж трасы. Затое іх партнёры па камандзе Кэвін Эстрэ і Ніл Яні і стартавалі з першай пазіцыі, і фінішавалі на ёй жа, правёўшы гонку ў дамінуючым стылі.

Каманда ж AF Corse часткова адыгралася, атрымаўшы перамогу ў аматарскай катэгорыі LM GTE Am. Тут ужо дамінаваў яе восемдзесят трэці экіпаж у складзе Франсуа Перадо, Нікласа Нільсэна і Алесіа Равэры. Трыццаць трэці экіпаж TF Sport Бэна Кіцінга, Дзілана Перэйры і Фэліпэ Фрагі на Aston Martin Vantage AMR фінішаваў другім, саступіўшы больш за 44 секунды.

Ім у сваю чаргу адзін круг прайграў сорак сёмы экіпаж Cetilar Racing у складзе Раберта Лакортэ, Джорджіа Сернаджіота і Антоніа Фуока на Ferrari 488 GTE Evo, якія ў гонцы таксама не пазбеглі кантакту з адным з прататыпаў, але з катэгорыі LM P2 – з чыста жаночым экіпажам каманды Richard Mille Racing Team у складзе Таццяны Кальдэрон, Сафіі Флёрш і Бейцке Вісэр, якія сімвалічна выступаюць пад першым стартавым нумарам. Маўляў, ladies first.

У чэмпіянаце свету па гонках на цягавітасць залікаў шмат, згадваць кожны не мае сэнсу. У асноўных жа пасля палажэнне цалкам супадае з фінішным пратаколам 6 гадзін Спа. Падлічваць жа балы ў выпадку з WEC (як, дарэчы, і з ELMS) мае сэнс толькі пасля апошняга этапу, бо ў доўгіх гонках стартавыя пратаколы і склады экіпажаў могуць адрознівацца на кожным з этапаў.

Наступны з іх, як адзначалася вышэй, адбудзецца 11-13 чэрвеня ў Партугаліі на трасе ў Парцімане. Нядзельная гонка там будзе доўжыцца аж восем гадзін, так што і падзей дакладна будзе шмат.

Другие посты блога

Все посты