Плямы на Сонцы ці здзяйсненне мар?

Фота: www.formula1.com

Макс Ферстапен атрымаў перамогу на Гран Пры Манака і перахапіў у Льюіса Хэмілтана лідарства ў Формуле-1. Ці выпадкова і ці надоўга?

Усе беларусы ўжо цэлы год мараць пра здзяйсненне сваёй мары – перамены ў сваёй краіне і прыход у яе свабоды. Учарашнія падзеі з прымусовай пасадкай у Мінску самалёта кампаніі Ryanair і арыштам Рамана Пратасевіча нагадалі ўсяму свету, што беларусы ад гэтай мары не адмовіліся і не забыліся пра яе. І прадэманстравалі жывёльны страх мясцовай дыктатуры перад сваім народам.

Як і ўсе сумленныя людзі, я зычу сіл і мужнасці Раману і выражаю падтрымку яго родным і блізкім. Разам з усімі палітычнымі вязнямі ён мусіць быць вызвалены. І я перакананы, што мы разам здольныя заваяваць волю для яго і для сябе. Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Яшчэ ў перадсезонным прэв’ю я пісаў пра тое, што перамены наспелі і ў Формуле-1. Але тады я і падумаць не мог, што яны наступяць так хутка (лепей бы ў Беларусі так)! І што ўжо ў гэтым сезоне Макс Ферстапен і Red Bull з сілавымі ўстаноўкамі пакуль што яшчэ маркі Honda навяжа сапраўдную барацьбу дзейсным чэмпіёнам – Льюісу Хэмілтану і Mercedes.

Так, атрымліваецца ў аўстрыйскай каманды не ўсё. У Партугаліі і Іспаніі Срэбраныя Стрэлы перайгралі іх па тактыцы і – што нават важней – іх баліды яўна лепей карысталі патэнцыял самых жорсткіх саставаў шын Pirelli. Аднак пасля гонкі ў Барселоне я сам выказаў меркаванне, што на іншых трасах і на іншай гуме стрэліць могуць і іншыя ўдзельнікі чэмпіянату свету. І ўвесь мінулы уік-энд у Манака, дзе былі даступныя саставы ад C3 да C5 (самыя мяккія), сведчыў аб тым, што я меў рацыю.

Але здзівілі ўсіх найперш не Ферстапен і Red Bull, а абодва пілоты Ferrari! І ладна б там свабодныя заезды ў чацвер (традыцыйна для Княства) і суботу, калі і Карлас Сайнс, і Шарль Леклер нязменна былі на верхніх радках пратаколаў (Шарль нават узначаліў другі чацвярговы). Пілоты Скудэрыі былі хуткімі нават у кваліфікацыі, якая ў Манака вырашае ледзь не ўсё!

У ёй, праўда, Сайнс быў толькі чацвёртым, затое Леклер першым з прадстаўнікоў Манака заваяваў поўл на хатнім Гран Пры, які таксама стаў першым для Ferrari з Гран Пры Мексікі 2019 году. Сваю хуткасць сам Шарль тлумачыў тым, што траса на яго радзіме пасуе баліду SF21. Толькі ён аказаўся бяссільным супраць адбойнікаў уздоўж гоначнага палатна.

Не варта пры гэтым наракаць на манегаска – ён мусіў імкнуцца палепшыць уласны і лепшы на той момант вынік. Пад канец фінальнага сегменту кваліфікацыі яго час (1:10,346) мог перабіць любы з канкурэнтаў. Той жа Ферстапен, які ў выніку кваліфікаваўся другім, на апошняй хвіліне быў на хуткім кругу і быццам бы ішоў з вышэйшым тэмпам.

Але скончыць свае апошнія спробы практычна ні ў каго не атрымалася, уключаючы і самога Шарля – за 18 секунд да заканчэння часу ён прыклаў свой балід правым бокам аб бар’ер бяспекі на выхадзе з павароту «Басейн», зачапіўшы спачатку правым пярэднім колам бар'ер у самім павароце. Так, поўл застаўся за ім, але скарыстацца яго перавагай і, магчыма, стаць і першым манегаскам, хто ў родным Княстве перамог на Гран Пры Формулы-1, яму не было наканавана.

Першасны агляд пашкоджанага баліду не выявіў пашкоджанняў скрыні перадач, чаго ў Ferrari баяліся найбольш – яе замена прывяла б да страты Леклерам пяці пазіцый на стартавай рашотцы. Адсутнасць праблем з вузлом пацвердзілася і раніцай у нядзелю, але ўжо на фарміровачным кругу Шарль паведаміў пра непаладкі і вярнуўся ў боксы.

Выявіліся праблемы ўжо не з самой скрыняй, а з прывадам кола, прычым быццам бы з левага боку, а не з правага. Так ці інакш аператыўны рамонт не прадстаўляўся магчымым, і Леклер не змог стартаваць на хатнім этапе.

Аднак пытанне аб тым, хто лепей адрэагуе і першым увойдзе ў першы паварот Sainte Devote было па-ранейшаму адкрытым. Толькі склад прэтэндэнтаў крыху змяніўся, і з Ферстапенам за гэта права спаборнічаў ужо Валтары Ботас. Проста ацаніце, калі я першы раз у дачыненні да Гран Пры Манака згадваю кагосьці з пілотаў Мерсэдэса!

Рыхтаваўся ж я да іншага. Пасля суботняй трэніроўцы, у якой Льюіс Хэмілтан паказаў толькі сёмы час, я быў перакананы, што каманда вырашыць праблемы, што ўзніклі, і ў кваліфікацыі сяміразовы і дзейсны чэмпіён будзе біцца за поўл. Аднак і там Льюіс быў толькі сёмым! Хіба што потым падняўся на адну пазіцыю ў выніку сходу Леклера.

Цікава пры гэтым, што ў чацвер у Хэмілтана ўсё было быццам бы не так дрэнна: па выніках першай сесіі ён размясціўся на пятым радку, а па выніках другой – на трэцім. Хоць усё адно шмат для Манака – амаль 0,4 секунды – саступаў лідарам. Механікі Mercedes паспрабавалі выправіць становішча, але, па словах самога Льюіса, зрабілі толькі горай. Свой балід ён параўноўваў з непаваротлівым аўтобусам і аб перамозе нават не марыў. Ведалі б у камандзе пасля кваліфікацыі, што сапраўдныя праблемы іх чакаюць наперадзе…

Стартаваў Ботас, дарэчы, нядрэнна, атакаваўшы Ферстапена, аднак той рашуча перакрыў траекторыю перад фінам, лідарам увайшоў у Sainte Devote і неўзабаве стварыў камфортны адрыў у пару секунд. Шанцы на перамогу ў Валтары пры гэтым заставаліся – ужо ў чым-чым, а ў тактыцы Mercedes дужы.

Вывесці Ботаса наперад пасля піт-стопу было пасільнай задачай. Толькі, па-першае, пасля дваццаці кругоў шыны на яго балідзе знасіліся болей чым у Ферстапена (абодва стартавалі на Soft – то бок самым мяккім кампаундзе C5), а па-другое…

Гэтая гайка на правым пярэднім коле баліда W12 E Performance Валтары ужо стала мемам! Адкруціць яе ў Манака так і не атрымалася, і механікі будуць разбірацца з ёй ужо на базе каманды ў брытанскім Браклі. Яна і не дазволіла уехаць Ботасу ў гонцы далей трыццаць першага кругу, калі ён і заехаў на свой няшчасны піт-стоп.

Ён і ў Хэмілтана кругам раней быў няўдалым – Льюіс спрабаваў пераканаць свайго гоначнага інжынера Пітэра Бонінгтона, што ў яго шыны яшчэ трываюць, але той настаяў на іх змене. У выніку чэмпіён згубіў адну пазіцыю, прапусціўшы наперад пілота AlphaTauri П’ера Гаслі, і не хаваў сваё незадавальненне.

Усё, што ў яго з Мерсэдэсам атрымалася – гэта паказаць лепшы круг у гонцы пасля дадатковага піт-стопу за адзінаццаць кругоў да фінішу і дзякуючы бонуснаму балу (у дадатак да шасці за сёмае месца) часткова кампенсаваць свае страты ў чэмпіянаце. Але лідарства там – упершыню за колькі ўжо гадоў! – ён усё роўна згубіў, саступіўшы яго Ферстапену, які ў сваю чаргу ўпершыню ў кар’еры ўзначаліў асабісты залік.

Макс гонку правёў беспамылкова: спакойна перайшоў на Hard на трыццаць чацвёртым кругу, а затым гэтак жа спакойна кантраляваў адрыў ад Сайнса, атрымаўшы дванаццатую перамогу ў кар’еры, другую ў сезоне і першую ў Манака. Сайнс заняў другое месца, даказаўшы, што поспех яго напарніка ў кваліфікацыі ўсё ж такі не быў выпадковым.

Трэцім, таксама правёўшы беспамылковую гонку, фінішаваў пілот McLaren Ланда Норыс, які кваліфікаваўся пятым, а фактычна стартаваў чацвёртым. Перад стартам сезону я разважліва не скідваў яго з рахункаў, і зноў меў рацыю. Малады брытанец моцна прыбавіў у міжсезонні, і па факце з’яўляецца лідарам каманды, тады як адаптацыя ў ёй яго новага напарніка Даніэля Рыкарда зацягнулася – у Манака аўстраліец заняў толькі дванаццатае месца.

Заадно Ланда вярнуў сабе трэцюю ж пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе ў яго 56 ачкоў. Лідары, вядома, далёка – у Хэмілтана, які цяпер другі, 101 ачко, а ў Ферстапена 105. Новы лідар і ў Кубку канструктараў – там Red Bull Racing цяпер апярэджвае Mercedes. Праўда, усяго на адно ачко (149 супраць 148). McLaren з 80 ачкамі замыкае першую тройку, аднак знізу ўжо грукае Ferrari, у якой на два ачкі меней.

Падводзячы вынікі Гран Пры Манака, па якім прыйшлося сумаваць два гады (у мінулым годзе ён не адбыўся праз пандэмію), варта адзначыць не столькі сам факт непрыемнасцей у Mercedes – і на Сонцы ж плямы бываюць – колькі момант, у які яны здарыліся. Калі здавалася, што зараз калектыў Тота Вольфа з Хэмілтанам у авангардзе пачне павольна рухацца да чарговага чэмпіёнства, праблемы на яго наваліліся з усіх бакоў. Падзей на трасе падчас уік-энду хай сабе і не было шмат (іх вялікая колькасць у гонцы Формулы Е двума тыднямі раней не павінна ўводзіць у зман – там усё іншае), аднак тыя, што адбыліся, могуць мець доўгатэрміновае значэнне.

Учарашняя змена лідараў ў абодвух заліках не апошняя ў сезоне хутчэй за ўсё. Аднак яна адбылася пасля ўсяго толькі пятага этапу, пра што мы не маглі марыць яшчэ ў мінулым годзе. І хоць былы пілот Формулы-1 і каманды Red Bull Марк Уэбер пужае Ферстапена тым, што пераможаны Хэмілтан – небяспечны супернік, варта памятаць і пра тое, што пераможаны Хэмілтан яшчэ і робіцца меней псіхалагічна ўстойлівым, і яшчэ як можа памыляцца.

А калі ўлічыць, што і на наступны этап – Гран Пры Азербайджана, які пройдзе 4-6 чэрвеня – Pirelli зноў прывязе саставы C3, C4 і C5, і што пройдзе ён таксама на гарадской трасе, то для нядаўніх лідараў не выключаныя і новыя непрыемныя нечаканасці. Характар трасы, праўда, будзе зусім іншым – хуткасці ў Баку перасягаюць далёка за 300 км/г, але іншыя і Red Bull з Хондай, а цяпер і Ферстапен.

Глядзець Формулу-1 далей усё ж такі варта. Мары здзяйсняюцца!

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+13
Написать комментарий